Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на завяршэнне Міждыяцэзіяльных дзён моладзі Івянец, 20 ліпеня 2008 г. |
Дабрыня Бога, які ў Духу Святым Глыбокапаважаная моладзь! 1. Сёння, калі мы ў духоўнай лучнасці са Святым Айцом Бэнэдыктам XVI і моладдзю з усяго свету тут, у Івянцы, завяршаем наш усебеларускі форум моладзі, святы Касцёл прапануе нашай увазе Евангелле пра пшаніцу і каласоўнік. Абвяшчаючы сваім слухачам таямніцу Божага Валадарства, Езус вельмі часта прыводзіў прыклады з паўсюднага жыцця. Ён так чыніў, каб людзі маглі лепш Яго зразумець. Калі б Езус прамаўляў сёння, то, напэўна, прыводзіў бы іншыя прыклады з жыцця, але казаў бы па сутнасці тое ж самае, бо прынцыпы Валадарства Божага нязменныя. 2. У сённяшнім Евангеллі гаворыцца аб тым, як цяжка будаваць Валадарства Божае на гэтай зямлі. Пасля граху Адама зло існуе побач з дабром і з гэтым трэба лічыцца. Вы, маладыя людзі, напэўна, лепш, чым хтосьці іншы, гэта ведаеце, бо, з аднаго боку, вы імкнецеся да дабра і жыццёвых ідэалаў, з другога — бачыце, колькі зла ў гэтым свеце, зла, якое часта захапляе чалавека, вабіць і зачароўвае, прапануючы шчасце і вырашэнне ўсіх праблемаў. Усё, як у той прыказцы аб тым, што забаронены плод самы салодкі. Аднак жыццё паказвае, што не ўсё так проста, і што салодкасць ператвараецца ў горыч, з усімі гэтага наступствамі. Таму трэба навучыцца жыць у свеце, дзе так шмат зла, не паддацца спакусе і вытрываць да канца. Праз свайго Духа з дапамогай прыходзіць да нас міласэрны Бог. 3. Езус вучыць, што Валадарства Божае падобнае да чалавека, які пасеяў добрае насенне на сваім полі. Аднак уначы вораг пасеяў каласоўнік. Такім чынам, паміж пшаніцаю з’явіўся каласоўнік. Слугі хуценька прапанавалі гаспадару вырваць каласоўнік. Гаспадар не згаджаецца, бо вырываючы каласоўнік, можна вырваць і пшаніцу. Ён кажа чакаць ажно да жніва, калі пшаніца будзе аддзелена ад каласоўніка. Пшаніца пойдзе ў гумно, а каласоўнік будзе спалены. 4. Гэта евангельскае апавяданне пацвярджае факт, што на Божай ніве разам з пшаніцай расце і каласоўнік. Гэта азначае, што сярод добрых людзей у свеце жывуць і злыя людзі. Нездарма прыслоўе кажа, што ў кожным збожы ёсць і каласоўнік. Дабро і зло растуць на адной зямлі, хоць зусім адно на аднаго не падобныя. Людзі высокародныя, якія жадаюць весці святое жыццё, найбольш балесна адчуваюць той цяжар і няшчасце, якія зло прыносіць чалавеку, Касцёлу і свету. Ці мы не пытаемся: «Пане, няўжо гэта магчыма, каб пасля ўсяго, што Ты ўчыніў нам, былі на свеце людзі, якія цябе не любяць?» Але праўда штодзённага жыцця іншая. На свеце так шмат людзей, якія не толькі не любяць Бога, але нават Яго ненавідзяць. Найперш — праз сваё грэшнае жыццё; праз адказ прыняць Божы закон, маральныя і этычныя нормы; праз тое, што чалавек ставіць сябе на месца Бога; праз нездаровае імкненне да ўлады, багацця і амаральных прыемнасцяў гэтага свету; праз выбарнасць у адносінах да Евангелля і маральны рэлятывізм, які сцвярджае, што, калі ў свеце ўсё змяняецца, то і маральныя нормы таксама змяняюцца; праз агрэсіўны лібералізм; праз выключэнне паняцця граху і розніцы паміж дабром і злом; праз адказ прызнаць існаванне аб’ектыўнай і нязменнай праўды і г. д. Праз тое, што сучасны чалавек хоча мець такую рэлігію, якая выконвала б толькі тэрапеўтычныя функцыі, праводзіла б дабрачынную працу, давала б людзям такія перажыванні, якіх яны жадаюць і г. д. Такая рэлігія функцыянавала б толькі ў гарызантальным і часовым вымярэннях чалавечага жыцця. Яна не мела б вертыкальнага вымярэння, якое вядзе да Бога і да Ім абвешчаных маральных прынцыпаў. У такой рэлігіі Бог патрэбны, каб служыць чалавеку, а не наадварот: чалавек — Богу. Усё гэта ні што іншае, як «каласоўнік» у нашым жыцці, які расце сярод нас. Напэўна, мы ўсе хацелі б спытацца: «Пане, чаму ў Тваёй пшаніцы так шмат каласоўніка? Ты казаў пра святасць і справядлівасць, але дзе ж гэтыя святыя і справядлівыя? Ты прынёс у наш свет любоў і жадаеш, каб яна панавала ў ім. А свет у той самы час поўны нянавісці і насілля. Вельмі часта ў нашым свеце пераважвае аргумент сілы, замест сілы аргумента. Ты нам казаў, што мы з’яўляемся дзецьмі Божымі, а на самай справе мы вельмі часта становімся катамі нашага Бога. Ты гаварыў нам, што мы павінны быць братамі і сёстрамі, а мы нібы ваўкі адно аднаму. Ты пасеяў і сееш зерне любові, праўды і святасці, але на тваім полі не вельмі шмат пшаніцы. Ты праліў за нас сваю кроў, каб нас збавіць і ачысціць, але зямлю залівае кроў нявінна забітых ненароджаных дзяцей… Ты казаў пра чыстасць і святасць чалавечага цела, узнёсласць і напарушнасць сужэнства, а свет ператвараецца ў дом распусты і кірмаш цела. Адкуль гэты каласоўнік? Адкуль так шмат зла ў нашым свеце і вакол нас?» 5. «Вораг зрабіў гэта», — адказваеш ты. З Божага зярняці не можа вырасці нічога дрэннага. Аднак на зямлі сусвету і зямлі нашага жыцця сее не толькі Хрыстус. Сее таксама злы дух і яго супрацоўнікі, якія без перапынку сеюць зерне хлусні, нянавісці, насілля, амаральнасці і г. д. Свет і чалавек — гэта поле пастаяннай барацьбы дабра і зла. У гэтай барацьбе Бог чакае, чакае да канца, чакае ажно да жніва, чакае, каб чалавек навярнуўся, бо Ён багаты на міласэрнасць, як навучае св. Апостал Павел. Бог не мсцівы, але любячы Айцец. Велічыня Бога выражаецца ў Яго вялікадушнасці, што азначае, што Ён прабачае і дапамагае чалавеку навярнуцца. Такім чынам, Ён умацоўвае чалавека ў надзеі, у якой мы збаўленыя, як навучае Святы Айцец Бэнэдыкт XVI. Чыніць гэта Бог праз свайго Духа, які заступаецца за нас, каб мы жылі паводле волі Божай. Духу Святому мы абавязаны нашым асвячэннем, бо ён ёсць Дух, які ажыўляе. Гэтая фундаментальная характарыстыка Духа Святога закладае ў сабе ідэю жыцця, якая паходзіць ад Бога і ў Касцёле перадаецца ўсім. 6. Хрыстус прышоў у гэты свет, каб мы мелі жыццё і мелі яго ў дастатку. Тут гаворка ідзе перадусім аб жыцці ў ласцы Божай, якая патрэбная для збаўлення. Гэта заданне, якое стаіць перад кожным з нас і перад усім Касцёлам. Выканаць яго можна толькі даверыўшы сябе кіраўніцтву Духа Святога, які ў дзень Пяцідзесятніцы ўнутрана аднавіў Апосталаў і надзяліў іх моцаю адважна абвяшчаць Евангелле, як піша Папа Бэнэдыкт XVI у сваім Пасланні на XXIII Сусветны дзень моладзі. Гэты ж самы Дух Святы сёння таксама надзяляе нас сваёю моцаю, каб мы не страцілі веры перад абліччам секулярных выклікаў нашага часу, каб яе баранілі, будавалі сваё жыццё на хрысціянскіх каштоўнасцях і выконвалі місію апосталаў сучаснасці, клапоцячыся пра тое, каб Евангелле Хрыста было вядома ўсім людзям. Напэўна, не адзін з нас скажа: «Я слабы, не ведаю, ці ў мяне атрымаецца, як мяне прымуць мае равеснікі, якія часта насмяхаюцца са святасці і для якіх слова «святы» сталася нейкай пагардлівай мянушкай або ганьбаю…» Не трэба баяцца! «Не бойцеся, адчыніце дзверы Хрысту», — трыццаць гадоў таму заклікаў свет Слуга Божы Ян Павел II. А Папа Бэнэдыкт XVI, паўтараючы гэтыя словы, просіць: «Адчыніце свае сэрцы Хрысту, бо ён нічога не забірае, а толькі дае, дае сваю ласку і супакой». Таму трэба прасіць Духа Святога, каб даў нам мужнасць адкрыцца на Яго дзеянне і прывесці іншых да Хрыста, каб сучасны секулярызаваны свет пазнаў Хрыста і, жывучы Яго праўдай, прыйшоў да збаўлення. Такі Божы план, такая Божая эканомія збаўлення, што кожны павінен прымаць у ёй удзел. Асабліва моладзь, якая шукае сапраўднае шчасце. 7. Ёсць такое вельмі карыснае апавяданне. Калі Езус узнёсся на неба, Арханёл Габрыэль спытаўся ў Яго, ці ўсе людзі на зямлі ведаюць, якім коштам яны былі збаўленыя, ці ведаюць, як шмат Ён цярпеў дзеля іх? Хрыстус адказаў, што далёка не ўсе ведаюць пра гэта. «А што Ты зрабіў, каб яны ведалі?», — спытаў Арханёл. «Я паклікаў Пятра, Яна, Якуба і іншых, і наказаў ім, каб ішлі ў свет і абвяшчалі Маё Евангелле». Арханёл паглядзеў на Хрыста вельмі скептычна і сказаў: «Яны ж людзі, могуць забыцца, іх евангельскі запал можа згаснуць. У Цябе, напэўна, ёсць іншы план?» Езус яму адказаў: «Габрыэль, Я паклікаў Пятра, Яна, Якуба і іншых, і ў Мяне няма іншага плану». 8. Дарагая моладзь!Кожны з нас, усе мы таксама пакліканыя да вельмі адказнай місіі — абвяшчаць Евангелле ў сучасным свеце, быць місіянерамі, несці Добрую Навіну сучаснаму чалавеку. У Хрыста няма іншага плана. Мы ўсе павінны стаць сучаснымі Апосталамі, асабліва сучасным «Паўламі», вера якога не была тэарэтычнай, але праяўлялася ў бясконцай любові да Бога, як кажа Папа Бэнэдыкт XVI. Гэтую веру ён нёс усім народам праз абвяшчэнне Евангелля і асабістае сведчанне аб Хрысце. Няхай нашым гонарам, заданнем і абавязкам будзе асвячаць свет збаўчаю праўдаю Езуса Хрыста, у якой ён зможа вырашыць усе свае праблемы і дасягне збаўлення. Калі не мы, то хто? Калі не сёння, то калі? Амэн. |
Адноўлена 21.07.2009 17:37 |