Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас урачыстай святой Імшы з нагоды асвячэння крыжа, устаноўленага на тым месцы, дзе будзе пабудаваны касцёл у мікрараёне Лошыца ў Мінску |
Узгадваючы словы сённяшняга Евангелля, калі разважаць чыста па-чалавечаму, не вельмі хочацца іх слухаць. Сапраўды, як сучасны чалавек, які любым коштам імкнецца да поспеху і шчасця, можа адрачыся ад самаго сябе, узяць свой крыж і ісці за Езусам? І наогул, што азначаюць гэтыя словы: «адрачыся ад сябе». Кожны хоча жыць, а тут Езус гаворыць аб адрачэнні ад жыцця. Галоўная думка сённяшняга Евангелля іншая, яна больш глыбокая. Езус кажа: хто страціць сваю душу дзеля Яго, той яе ўратуе. Усё гэта азначае, што «адрачыся» на самой справе азначае «знайсці, уратаваць». Таму слова «адрачыся» не азначае адрачыся ад таго, кім мы з’яўляеся, але адрачыся ад ўсяго нядобрага, што мы зрабілі ў сваім жыцці. Каб лепей зразумець значэнне слоў сённяшняга Евангелля, звернемся да жыццёвых прыкладаў. Мы добра ведаем, што ў старажытныя часы было пабудавана шмат касцёлаў вельмі прыгожага рымскага стылю. Аднак з часам яны былі перабудаваны, асабліва ў часы, калі панаваў такі архітэктурны стыль як барока. Сцены рымскіх святыняў атынкоўваліся і дапаўняліся элементамі барока. Што неабходна зрабіць, каб вярнуць былую прыгажосць гэтым антычным касцёлам? Хоць можа і шкада, але трэба смела збіць тынкоўку, дэманціраваць барочныя фігуры і г.д. Возьмем другі прыклад. Колькі каштоўных абразоў з цягам часу было відазменена: штосьці было схавана пад фарбай, штосьці — дададзена. Каб убачыць першапачатковую прыгожасць, трэба аднавіць абраз, а значыць зняць дадаткова паложаныя фарбы. У многіх нашых старых касцёлах у часы пераследу веры, калі не было святара, вернікі самі стараліся весці рамонтныя працы. Яны часта выкарыстоўвалі алейную фарбу, каб памаляваць сцены, або срэбраны ці так званы залаты парашок, каб памаляваць нават пазалочаныя алтары. Тады здавалася, што ўсё выглядае вельмі прыгожа. Аднак з часам фарбы цямнелі, а сцены касцёлаў, алтары ці вельмі каштоўныя і нават непаўторныя фігуры страчвалі свой былы, ненадоўга адноўлены, выгляд. Сёння патрэбны вельмі добрыя спецыялісты, якія маглі б зняць гэтыя фарбы, не гаворачы ўжо пра тое, што гэтыя працы вельмі дорага каштуюць. Ткаім чынам, каб выратаваць шэдэўры, патрэбна рэстаўрацыя, архітэктурная ці мастацкая аперацыя, падобна таму, як патрэбна хірургічная аперацыя, каб выдаліць пухліну ў чалавека. Гэта азначае, што трэба адрачыся ад усяго нядобрага ці неадпаведнага, што было набыта, каб вярнуцца да першапачатковай сітуацыі. У адносінах да чалавека яна была вельмі добраю, бо сатварыў чалавека Бог. А што Ён стварыў — усё было добрае. Аднак чалавека сапсавалі яго амаральныя паводзіны. Моцаю сакрамэнту Хросту мы сталі святынямі Духа Святога. Грэх замяняе яе на памяшканне злога духа. Аднак мы можам адрачыся ад грахоўнага жыцця ў сакрамэнце пакуты, каб у нас аднавілася жыццё ласкі Божай. У хуткім часе ў краінах, дзе расце вінаград, распачнецца яго збор. У Евангеллі паводле святога Яна Апостала сказана, што Езус — гэта вінаградная лаза, а Айцец Яго — вінаградар, які кожную галінку, што не родзіць плоду, абразае, а кожную, якая родзіць плод, ачышчае. Здавалася б, навошта абразаць галінкі? Зразумела, што трэба абразаць тыя, якія не родзяць плоду. Але навошта плодныя ачышчаць? Больш таго, калі іх абразаюць, то яны, як гаворыцца, плачуць. З іх капаюць каплі падобныя на слёзы. Аднак сапраўды, калі іх не ачысціць, жыццядайныя сокі зямлі будуць піць не толькі вінградныя гронкі, але таксама і няплодныя галінкі. У выніку, вінаград не зможа вырасці добрым. Яго будзе менш і ён будзе дробны. Таму ачысціць вінаградную галінку ў пэўным сэнсе азначае адрачыся ад яе. І хоць яна плача падчас ачышчэння, гэты плач замяняецца ў радасць добрага плоду. Падобна і з чалавекам, які праходзіць праз адрачэнне ад сваіх грахоў. Тут патрэбны слёзы навяртання, каб потым наступіла радасць паяднання з Богам і бліжнімі. Нялёгка сучаснаму чалавеку адрачыся ад сваіх нядобрых прывычак і грахоў. Значна лягчэй біць ворага, чым самаго сябе. Адрачыся, сказаць «не» злу, у маральным сэнсе азначае сказаць «так» дабру. Напрыклад, па тэебачанні будзе ісці немаральны фільм. Штосьці будзе падказваць: ну што там такога, я ж не дзіця! Кажучы сваё «не», мы пацвярджем, што гэты фільм можа забрудзіць нашу душу, і гэтым самым мы кажам «так» на карысць чыстай душы. Нехта прапануе наркотыкі: Паспрабуй! Толькі дзеля таго, каб ведаў, што гэта такое. Адзін раз не зашкодзіць! Кажучы «не», мы кажам «так» здароваму ладу жыцця. Сёння ў лошыцкай парафіі Маці Божай Ружанцовай на месцы, дзе будзе пабудаваны новы касцёл, асвячаецца крыж. Езус кажа нам адрачыся ад самаго сябе, узяць свой крыж і ісці за Ім. Крыж — гэта знак нашага збаўлення. Хрысціянства звязана з крыжом, бо на крыжы Езус Хрыстус нас адкупіў. У Старым Завеце людзі складалі ахвяры Богу, каб Яго ўмаліць. Гэты час завяршыўся крыжом, які гаворыць, што паяднанне Бога з чалавекам прыйшло ад самаго Бога, па Яго ініцыятыве. Гэтая ласка прыйшла зверху і была дадзена Богам. Хоць чалавек яе і не заслужыў, яна ўвесь час прыходзіць да чалавека. Таму моц крыжа заўсёды застаецца, і крыж заўсёды актуальны. Хоць свет змяняецца, крыж застаецца, і мы павінны адрачыся ад ўсяго нядобрага ў нашым жыцці, павінны ўзяць крыж свайго жыцця і ісці за Хрыстом. Гэта адзіны шлях да збаўлення. Крыж мае вельмі вялікае сімвалічнае значэнне. Ён складаецца з дзвюх частак — вертыкальнай і гарызантальнай. Гарызантальная — гэта сам чалавек з яго слабасцямі. Вертыкальная — гэта яго адносіны з Богам. Калі няма вертыкальнай, чалавек падае на зямлю. Грахі цягнуць яго ўніз. Тут нібы спрацоўвае закон Ньютана аб зямным прыцягненні. Каб падняцца ўверх, неабходна вертыкальная частка. Гэтыя часткі сустрачаюцца адна з адною, што азначае сустрэчу волі чалавечай з воляю Божай. Гэтая сустрэча магчыма толькі тады, калі чалавек, кажучы сваё «не» злому, скажа сваё «так» Богу. Толькі тады чалавек паднімецца са сваіх грахоў, толькі тады ён адрачэцца ад самаго сябе, толькі тады зможа ісці за Хрыстом дарогаю шчасця. Няхай глыбокі сэнс сённяшняга Евангелля аб адрачэнні ад самаго сябе дапаможа нам з надзеяй глядзець на гэты крыж, каб ён сапраўды стаў для нас знакам збаўлення і надзеі, што на гэтым месцы будзе збудаваны новы касцёл, у якім чалавек будзе сустракацца з Богам, будзе казаць яму сваё «так», каб у вечнасці Бог таксама мог сказаць яму сваё «так»: Слуга добры, увайдзі ў радасць свайго Пана. Амэн. |
Адноўлена 21.07.2009 17:44 |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.