Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас Імшы у дзень біблійных ведаў (Мінск, 7.09.2008)
Усе сённяшнія чытанні, якія мы толькі што пачулі, заклікаюць да выканання закона Божага, што з’яўляецца гарантыяй шчаслівага жыцця і гарманічнага развіцця грамадства. Пры гэтым першае чытанне, узятае з кнігі прарока Эзэхіэля, і асабліва Евангелле, заклікаюць кожнага чалавека да братэрскай дапамогі таму, хто памыляецца. Яны заклікаюць перасцерагаць, а часам і дакараць таго, хто паступае нядобра, грашыць.

Напэўна, асабліва ў наш час паліткарэктнасці нялёгка сказаць бліжняму, можа, нават сябру, што ён памыляецца, штосьці робіць кепска, грашыць. Найчасцей мы стараемся не заўважаць гэтага, прайсці стараною, абмінуць «вострыя вуглы». Аднак ці так мусіць паступаць сапраўдны хрысціянін?

Услухаемся добра ў словы першага чытання. Прарок Эзэхіэль кажа, што Бог кожнага з нас прызначыў быць вартаўніком дому Ізраэля. Гэта азначае, што не толькі мы самі абавязаны захоўваць закон Божы, але разам з тым наш абавязак — асцерагчы таго, хто памыляецца. Прарок кажа, што калі мы не будзем гэтага рабіць, то на нас будзе адказнасць за духоўную смерць іншага чалавека.

Яшчэ больш радыкальныя словы скіроўвае да нас Езус Хрыстус. У сённяшнім Евангеллі Ён недвухсэнсоўна заклікае дакарыць грэшніка сам-насам. А калі той не паслухае, то дакарыць пры сведках. Калі ж і тады ён застанецца пры сваім, то трэба паведаміць пра гэта супольнасці Касцёла.

Катэхізіс Каталіцкага Касцёла таксама наказвае даваць добрыя парады грэшніку, каб прывесці яго на добры шлях.

Усё гэта азначае, што мы не можам быць абыякавымі да духоўнага жыцця іншых людзей. Калі яны памыляюцца, трэба іх паправіць. З гэтай нагоды хацелася б згадаць пра смерць Абэля. Як вядома, ён быў забіты сваім родным братам Каінам, а калі Бог спытаўся ў Каіна: «Дзе твой брат Абэль?» — той адказаў, што ён не з’яўляецца вартаўніком свайго брата.

Касцёл навучае, што ў пэўным сэнсе мы, аднак, мусім быць «вартаўнікамі» іншых людзей. Не для таго, каб толькі чакаць, што хтосьці спатыкнецца і ўпадзе, каб яго растаптаць. Гэта было б зусім не па-хрысціянску. Нельга ў воку іншага чалавека шукаць парушынку, не бачачы ў сваім бервяна.

Святы апостал Павел у сённяшнім другім чытанні  навучае, што мы нікому не мусім быць павінныя нічога, апроч узаемнай любові. Гэта азначае, што перасцерагчы грэшніка трэба з любоўю, па-братэрску. Нездарма на лацінскай мове гэтае дзеянне называецца: «correctio fraterna — братняе выпраўленне». Такім чынам, мы маем абавязак паправіць чалавека, які кепска паступае, але павінны гэта зрабіць далікатна і з любоўю да яго. Ён жа, у сваю чаргу, таксама павінен прыняць перасцярогу са зразуменнем і нават з удзячнасцю.

У сувязі з гэтым асаблівае заданне ў справе перасцярогі ад памылак належыць бацькам. Яны з’яўляюцца першымі выхавацелямі маладога пакалення і ніхто не заменіць іх у гэтым. На жаль, у сучасным свеце часта можна назіраць, як бацькі паблажліва ставяцца да дрэнных паводзінаў сваіх дзяцей. Можа, усё і распачынаецца са звычайнай непаслухмянасці, але калі яна застаецца без заўвагі, то потым паступова пераходзіць у больш сур’ёзныя праступкі, якія з часам могуць прывесці нават да злачынства. Трэба памятаць, што калі дрэўца яшчэ малое і раптам пачне расці ўбок, яго можна лёгка выпрастаць. Калі ж яно вырасце абы як, то ўжо ніколі не стане простым.

Аднойчы на судзе пракурор запатрабаваў смерці для злачынца, які забіў чалавека. Суддзя прадставіў апошняе слова абвінавачанаму. Той сказаў: «Я дарую міліцыянерам, якія мяне схапілі, дарую пракурору, які запатрабаваў для мяне смяротнага пакарання — яны толькі выконваюць свае абавязкі». Пасля, звярнуўшыся да бацькоў, асуджаны сказаў: «Але вам я не магу дараваць. Вы жылі толькі сваім жыццём, а мяне выхоўвала вуліца, і вось ён, плён гэтага выхавання».

Напэўна, падобны дакор адносіцца таксама да многіх з нас. Спачатку малады чалавек прызвычайваецца да паблажлівасці за дробныя праступкі, потым патроху пачынае крыўдзіць іншых, курыць, піць, прымаць наркотыкі, гуляць, а гэта — просты шлях да цяжкіх злачынстваў.

Вялікае заданне ў гэтай сферы стаіць і перад выхавацелямі. Іх праца сёння вельмі цяжкая і няўдзячная, аднак яна надзвычай патрэбная і адказная. Вялікая адказнасць ляжыць таксама на сродках масавай інфармацыі: на тэлебачанні, радыё, інтэрнэце, друкаванай прэсе. У справе перасцярогі тых, хто чыніць зло, не можа быць паблажлівасці. Нельга абыякава ставіцца і да ўсёдазволенасці, маральнай разбэшчанасці, размыцця этычных нормаў. Яны ўстаноўлены Богам, а таму не залежаць ад часу ці абставінаў і не могуць быць зменены.

Гэта, безумоўна, няпростае заданне, асабліва ў наш час усё больш неабмежаванага лібералізму і імкнення да абсалютнай свабоды ў паводзінах сучаснага чалавека, свабоды рабіць усё, што яму захочацца. Каб супрацьстаяць гэтаму адных толькі чалавечых намаганняў недастаткова.

У сённяшнім Евангеллі Хрыстус дае нам добрую параду. Калі мы ў згодзе будзем прасіць Бога аб чымсьці, то Ён дасць, бо тады сярод нас ёсць сам Езус. А менавіта Ён сказаў, што без Яго мы нічога не зможам зрабіць. Адных чалавечых высілкаў замала — неабходна дапамога звыш. Таму мы ўсе павінны супольна маліцца аб тым, каб нашыя старанні, скіраваныя на перасцярогу бліжняга, былі ім прынятыя са зразуменнем і дапамаглі яму.

На гэтым шляху нам на дапамогу прыходзіць рэлігійная адукацыя. У мінулы панядзелак распачаўся новы навучальны і катэхетычны год. Вельмі прыемна, што многія школьнікі, студэнты, настаўнікі і выкладчыкі распачалі яго малітваю, прыняўшы Божае благаслаўленне. І як у школе ці універсітэце немагчыма абысціся без падручнікаў, так і ў рэлігійнай адукацыі неабходна адпаведная літаратура. Сёння пры Чырвоным касцёле з нагоды новага навучальнага года і дня ведаў у дзень сталіцы нашай краіны — горада Мінска — адбываецца кніжная выстава-кірмаш рэлігійнай літаратуры. Яна прысвечана пастырскаму Году слова Божага і ўпершыню адбываецца ў Год святога апостала Паўла, які нёс слова Божае ўсім народам. Адсюль і яе назва — Дзень біблійных ведаў. Відаць, ён невыпадкова супаў з яшчэ адной важнай падзеяй — Днём славянскага пісьменства і культуры, які сёння праходзіць у Барысаве.

Вельмі важна  тое, што ў выставе-кірмашы бяруць удзел выдавецтвы розных хрысціянскіх канфесій. Перад выклікамі сучаснасці ўсе хрысціяне павінны аб’яднацца, каб даць на іх сумесны адказ. Такім адказам у нейкай ступені з’яўляецца і гэтая выстава-кірмаш, якая паклікана зрабіць свой, няхай сабе і сціплы, унёсак у справу абвяшчэння Евангелля, адраджэння хрысціянскіх традыцый і маральнага выхавання новага пакалення.

Лацінская прымаўка кажа «Scientia plusquam aurum — Веды даражэй за золата». У сённяшнім свеце ўсе імкнуцца мець як мага больш матэрыяльных дабротаў. Аднак пры гэтым трэба паклапаціцца і пра скарб, якога ні злодзей не ўкрадзе, ні моль не з’есць, ні іржа не папсуе. Гэта — духоўнае багацце, а таксама веды.

Дзякуючы арганізатарам гэтай выставы — парафіі святых Сымона і Алены і Выдавецтву «Про Хрысто», папросім Бога, каб прадстаўленая на ёй духоўная літаратура дапамагла людзям лепш пазнаць праўду Божую, якая нас вызваляе ад усялякага зла і вядзе да шчасця вечнага.
Амэн.
Адноўлена 21.07.2009 17:48
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі