«Вітай Марыя, поўная ласкі, Пан з Табою, благаслаўлёная Ты між жанчынамі» (пар. Лк 1, 28)
1. Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
Гэтымі словамі анёльскага прывітання, якое прагучала ў цішыні Назарэта больш за 2000 гадоў таму, сардэчна вітаю ўсіх вас і віншую з пачаткам трыдуума, прысвечанага дню імянінаў нашай духоўнай Маці — Марыі, Апякункі нашага архікатэдральнага касцёла, тытул якога — Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, а таксама з 40-гадзіннай адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту.
Сёння мы адзначаем імяніны Божай Маці, праслаўляем Яе імя «Марыя», якое, паводле традыцыі, Яна атрымала на чацвёрты дзень пасля свайго нараджэння. Гэтае імя ад пачатку хрысціянства з вялікай пашанай вымаўлялася побач з іменем Езуса. Імя Марыі заклікалі, просячы Яе аб дапамозе і заступніцтве.
Свята Імя Марыі найперш адзначалася ў Іспаніі. Аднак пасля перамогі караля Яна Сабескага над туркамі, якая мела месца пад Венаю 12 верасня 1683 г. (якраз 325 гадоў таму) папа Інакенцій XI распаўсюдзіў яго на ўвесь свет.
2. На свеце ёсць шмат імёнаў. Шмат іх і ў Святым Пісанні. Наважнейшае з іх — гэта імя Езуса, імя нашага адзінага Збаўцы. Нездарма св. Апостал Павел усклікае, што Бог дараваў свайму Сыну «імя па-над усялякае імя, каб на імя Езуса схілілася кожнае калена стварэнняў нябесных, зямных і падземных» (пар. Флп 2, 9).
Аднак, вымаўляючы імя Езуса, мы так ці інакш успамінаем і імя Марыі, бо Ён нарадзіўся ад Яе. Па-габрэйску «Марыя» гучыць як «Міріам». Тут трэба нагадаць, што сястра Майсея таксама мела імя Міріам. Імя «Марыя», падобна як і імя «Езус», было вельмі папулярным сярод габрэяў. Бог, аднак, пажадаў, каб гэтыя вельмі распаўсюджаныя ў тыя часы імёны былі дадзены дзвюм асобам, якія апынуліся ў цэнтры гісторыі збаўлення: Яго Сыну Езусу Хрысту, які стаўся «другім Адамам», і Марыі, якая сталася «другой Евай» і якая замест забароненага плоду дала чалавецтву благаслаўлёны плод свайго ўлоння — Езуса Хрыста.
3. На працягу вякоў людзі звяртаюцца да Марыі за дапамогай і, як кажа вялікі Яе ўшанавальнік св. Бернард, ніколі не здаралася, каб Яна пакінула таго, хто Яе на дапамогу кліча і просіць Яе апекі.
Звяртаўся да Марыі, напрыклад, і кароль Ян Сабескі, калі пад Венай бараніў хрысціянства ў Еўропе. Падчас пераследу веры нашыя продкі і мы звярталіся да Марыі, якая ў пасланнях падчас сваіх аб’яўленняў у Фаціме дала нам надзею на адраджэнне веры.
Сёння, на пачатку XXI стагоддзя, нам ізноў даводзіцца бараніць сваю веру. Не, ніхто сілай не хоча яе адабраць і ніхто не забараняе нам верыць у Бога. Наадварот, у нас усё больш і больш магчымасцяў, каб вызнаваць сваю веру. Аднак цяперашні постмадэрнісцкі час не спрыяе развіццю веры і захаванню рэлігійных практык.
У эпоху мадэрнізму сцвярджалася, што развіццё навукі зможа вырашыць усе праблемы чалавецтва. Аднак яны не былі вырашаныя. Развіццё навукі і тэхналогіі, з аднаго боку, унесла шмат добрага ў жыццё чалавека, з іншага ж — памножыла яго праблемы.
Прыхільнікі постмадэрнізму ідуць іншым шляхам. Яны абвяшчаюць поўную свабоду ад усяго. На іх думку, маральныя нормы павінны быць ліквідаваны, бо яны перашкаджаюць сучаснаму чалавеку жыць свабодна і шчасліва. Чалавек сам з’яўляецца заканадаўцам і сам ацэньвае свае паводзіны, таксама з маральнага пункту гледжання. Сучасны чалавек, калі і жадае веры, то хоча, каб яна была такой, якую ён сам сабе ўяўляе, паводле якой не чалавек павінен служыць Богу, але Бог — чалавеку, не Евангелле павінна змяняць чалавека, але чалавек — Евангелле. Усё пераварочваецца з ног на галаву…
Да чаго ўсё гэта вядзе? За адказам не трэба хадзіць далёка. Ён бачны простым вокам. Парламенты многіх краінаў ужо прынялі законы, якія пярэчаць закону Божаму. Напрыклад, законы, якія ўраўноўваюць у правах гамасексуальныя саюзы з устаноўленым Богам і традыцыйным інстытутам сям’і як адзіным і непарушным саюзам паміж мужчынам і жанчынай.
Паўсюдна гаворыцца пра магчымасць кланіравання чалавека або яго органаў, як быццам запчастак. Але ж чалавек створаны Богам па Яго вобразе і падабенстве як непаўторнае стварэнне. Неабмяжаваная свабода вядзе да амаральных паводзінаў, асабліва гэта датычыць моладзі. Расце колькасць разводаў, абортаў. Усё больш людзей хварэюць на чуму нашага часу — СНІД, які побач з наркаманіяй становіцца новым выклікам і новай праблемай сучаснасці.
Сённяшні свет, асабліва Еўропа, сама губляе свае хрысціянскія карані, з якіх вырасла. Не трэба быць вялікім спецыялістам, каб гэта даказаць. Незлічоныя касцёлы, помнікі архітэктуры, мастацтва, пісменніцтва і г. д. — найлепшыя сведкі хрысціянскіх каранёў Еўропы. Сёння чалавек сам адракаецца ад веры ў Бога і нават перашкаджае яе развіццю. Ён жадае, каб вера была толькі прыватнай справай асобы, і каб Касцёл абмежаваў сваю дзейнасць выключна сценамі храма. Але, дазвольце спытацца, ці рэклама алкаголю, табачных вырабаў, насілле на кіна- і тэлеэкранах, парнаграфія ў інтэрнэце і г. д. — гэта справа прыватная? Не. Таксама і ўстаноўлены Езусам Хрыстом і пасланы абвяшчаць Божую праўду Касцёл павінен мець права прапаведаваць Евангелле ўсюды. Нездарма св. Апостал Павел заклікае навучаць «у час і не ў час».
4. У такой складанай сітуацыі да каго мы сёння пойдзем? Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у сваім пасланні да моладзі з нагоды форума маладых у Сіднэі ў гэтым годзе сказаў, што адзіны ратунак у складаных праблемах секулярызацыі — гэта Езус Хрыстус. А да Яго нас вядзе Марыя.
У адным з касцёлаў ёсць вельмі сімвалічная манстранцыя: Марыя стаіць на зямным глобусе і трымае Гостыю. Гэта вельмі добрая «катэхеза»: сапраўды, гэта Марыя дала нам Збаўцу і да Яго вядзе.
5. Сёння, калі мы святкуем дзень імянінаў Марыі, парафіяльнае свята архікатэдральнага касцёла і 40-гадзінную адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, нам трэба з надзеяй звярнуцца да нашай духоўнай Маці. Марыя, ты выпрасіла ў свайго Сына першы цуд у Кане Галілейскай, на працягу 20-ці стагоддзяў Ты была Заступніцай чалавецтва, у час пераследу веры сталася Зоркай надзеі. Сёння, у часы рэлігійнага невуцтва, індыферэнтнасці, абыякавасці, мы звяртаемся да Цябе праз Тваё святое імя: прывядзі нас да свайго Сына; прывядзі найперш у слове Божым, якое Ты захавала ў сваім сэрцы і разважала; прывядзі ў Эўхарыстыі, каб яна сваёю моцаю перамяніла нас; прывядзі ў іншых сакрамэнтах і служэнні Касцёла; прывядзі ў служэнні бліжнім. Мы глыбока верым у Тваю дапамогу і ў тое, што праз Тваё імя Сын Твой Езус Хрыстус учыніць новы цуд перамогі над выклікамі сучаснага секулярызаванага свету, якія вядуць да спусташэння веры, учыніць цуд яе адраджэння і ўзмацнення, каб мы, жывучы Яго праўдай, баранілі хрысціянскія каштоўнасці і будавалі дом нашага жыцця на трывалым фундаменце Евангелля. Амэн.
|