Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Ардынарыя Гродзенскай дыяцэзіі біскупа Аляксандра Кашкевіча з нагоды ІІ Міждыяцэзіяльнай пілігрымкі сем'яў у Тракелі 2008 г.
Умiлаваныя ў Хрысце браты i сёстры! Вiтаю ўсiх вас у нашым дыяцэзiяльным санктуарыi ў Тракелях! Перажываем II Мiждыяцэзiяльную пілiгрымку сем’яў пад дэвiзам «Касцёл — супольнасць сем’яў». Мы сабралiся тут, каля Марыi i яе Сына, каб прасiць Пана Бога аб патрэбных ласках для нашых сем’яў. Перажываем год св. апостала Паўла, таму цэнтральнай думкай казання, у якім я нагадаю пра галоўныя элементы хрысцiянскага сужэнства, стануць словы Апостала Народаў.

Святы Павел сцвярджае, што сужэнства — гэта святая справа, бо паходзiць яно ад Бога. Сужэнская любоў паходзiць ад Бога, а усё, што Бог стварыў, з’яўляецца добрым. Кожны любіць чысцiню: чыстае адзенне, прыбраныя дамы і вулiцы. Падобна i сужэнскае каханне, як нешта вельмi добрае, павiнна быць чыстым i святым. Сужэнскае каханне патрабуе непарыўнасцi i вернасцi, а таксама адкрытасцi на дзяцей. Варта змагацца за чысцiню i святасць любові, бо яна з’яўляецца нечым вялiкiм.

«Тым жа, хто ажаніўся, — гаворыць св. Павел, — не я загадваю, але Пан: Жонка няхай не адыходзіць ад свайго мужа. Калі ж пакіне яго, няхай застанецца адна або памірыцца з мужам сваім. Муж таксама няхай не пакідае жонку» (пар. 1 Кар 7, 10–11). Апостал падкрэслiвае, што гэта не яго патрабаваннi, гэта — словы Пана Езуса. Таму чалавек не можа дыскутаваць з Богам, ён павiнен слухацца Пана Бога. Мы не можам казаць: «Касцёл занадта патрабуе, не магчыма выканаць ўсяго, што патрабуюць святары!». Навука Касцёла не з’яўляецца выдумкай святароў. Яны толькi перадаюць навуку Хрыста i не могуць нiчога дадаць, адняць цi нешта змянiць у ёй.

Паслухаем, што сказаў Пан Езус пра сужэнства: «Створца спачатку стварыў іх мужчынам і жанчынай. І сказаў: Таму пакіне мужчына бацьку і маці і злучыцца з жонкай сваёй, і абое стануць адным целам. Таму яны ўжо не двое, але адно цела. Таму няхай чалавек не раздзяляе таго, што злучыў Бог» (пар. Мц 19, 4–6). «Хто развядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з іншай, той чыніць распусту ў дачыненні да яе» (пар. Мк 10, 11).

Гэта, мае дарагiя, словы самога Бога i нiхто нiколi не можа iх змянiць. Калi верым у Хрыста, то мы павiнны прыняць Яго слова i выконваць яго. Таму звяртаюся ў гэтым месцы да ўсiх сем’яў, якiя перажываюць праблемы або крызiс. Мае ўмiлаваныя, вытрымайце ў вернасцi i еднасцi! Не дазвольце злому духу знiшчыць вялiкае дабро, якiм з’яўляецца ваша сям’я! Калi часам вам здаецца, што захаваць сям’ю вам не па сілах, прасiце Бога аб дапамозе. Малiцеся, прыступайце да святых сакрамэнтаў, і Бог падтрымае вас. Калi вытрымаеце гэтыя хвiлiны выпрабавання, то будзеце вельмi задаволены ў старасцi i ў небе.

Паслухаем далей, што кажа св. Павел: «Падпарадкоўвайцеся адзін аднаму ў боязі Хрыстовай. Мужы, любіце сваіх жонак, як і Хрыстус палюбіў Касцёл і аддаў сябе за яго. Так павінны мужы любіць сваіх жонак, як сваё цела. Хто любіць сваю жонку, любіць самога сябе. Бо ніхто ніколі не меў нянавісці да свайго цела, але корміць і даглядае яго, як і Хрыстус свой Касцёл. Няхай жа кожны з вас любіць сваю жонку, як самога сябе. А жонка няхай з пашанай адносіцца да свайго мужа» (пар. Эф 5, 21. 25. 28–29. 33).

Браты i сёстры, помніце, як у дзень вашага шлюбу вы тры разы адказвалi «Жадаю!» на пытаннi святара: «Жадаю дабравольна заключыць сужэнскi саюз з тым, у кiм бачу майго абраннiка, маю абраннiцу, жадаю пражыць у шчасцi i няшчасцi аж да смерцi, жадаю прыняць кожнае дзiця, якiм адорыць нас Бог!». А потым: «Прысягаю табе сужэнскую любоў i вернасць … не пакiну цябе аж да смерцi… Няхай дапаможа мне Бог усемагутны!». А святар малiўся: «Бог Айцец няхай захавае вас ва ўзаемнай любовi i згодзе … Будзьце шчаслiвымi як бацькi … У свеце будзьце сведкамi, што Бог з’яўляецца любоўю …» Памятайце пра гэта i захавайце назаўсёды сэрца такім, якое яно было ў дзень вашага шлюбу. «Сужэнства няхай будзе сумленным, а ложа няхай будзе беззаганным, бо распуснікаў і чужаложцаў асудзіць Бог» (пар. Гбр 13, 4).

Прыклад з жыцця. Ён і яна наведвалі сустрэчы душпастырства моладзi. Яна была далiкатнай бландзiнкай, уся, здавалася, была напоўнена ўнутраным святлом. Ён быў высокi, атлетычнага складу, з цёмнымi валасамi. Гэта была вельмi прыгожая пара. Ажанiлiся. Потым знiклi на нейкі час. Праз некалькi гадоў зноў былi ў полi зроку душпастыра, але сiтуацыя вельмi змянiлася. Яна захварэла на невылечную хваробу — дэгенерацыю нярвовай сiстэмы. Ён кожны месяц хадзiў з ёю ў амбулаторыю: прывозiў на iнвалiднай калясцы i на руках уносiў у будынак медыцынскай установы. Праз некаторы час яна магла рухаць толькi галавою. Пазней у амбулаторыю яе прывёз бацька, бо ён выехаў i больш не вярнуўся — знайшоў другую. Яна пражыла яшчэ некалькi гадоў. Мужна зносiла хваробу i трымалася Бога, аднак не магла прыняць, што той, якi казаў, што любiць, пакiнуў яе. Шмат знаёмых яго апраўдвала, пасля яе смерцi ён ўзяў шлюб у Касцёле з другой. I ўсё выглядае як бы ў парадку, але цi ён сам змог сябе апраўдаць? Цi змог забыць, як паступіў з ёю? Ён жа прысягаў: «Не пакiну цябе аж да смерцi!». Вы можаце сказаць: «Гэта яшчэ лёгкi прыклад, мы ведаем горшыя!». Напэўна, ёсць i горшыя прыклады, але мы павiнны клапацiцца, каб у нас было чуллiвае i правiльнае сумленне, каб наша сэрца не стала цвёрдым i эгаiстычным, павiнны клапацiцца, каб даваць добры прыклад моладзi.

Пiсьменнiк першых стагоддзяў Тэртуліан пiсаў: «Як жа я змагу выказаць словамi шчасце таго сужэнства, якое звязвае Касцёл, узмацняе эўхарыстычная Ахвяра, на якім благаслаўленне ставiць пячатку, анёлы абвяшчаюць, а Айцец пацвярджае? … Якое ж шчаслівае ярмо двух вернікаў, злучаных адной надзеяй, адным захаваннем вернасцi, адным служжэннем!».

Сёння можна пачуць розныя выказванні супраць непарыўнасці сужэнства, у якіх апраўдваюцца разводы.

Некаторыя кажуць, што тыя, якія жывуць без шлюбу, жывуць лепш, чым тыя, якія маюць шлюб. Сапраўды часам здараецца, што тыя, хто заключыў сакрамэнтальны шлюб, цяжарам свайго эгаізму і граху заглушылі крыніцу ласкі, якая была ім дадзена, і не карыстаюцца з Божай моцы. Трэба таксама памятаць, што злы дух болей спакушае тых, якія ў Імя Божае заключылі сужэнства, і хоча яго знішчыць, бо хоча знішчыць усё, што святое. А сужэнства, заключанае ў імя чалавечага эгаізму, без Пана Бога, не перашкаджае д’яблу, бо яно не з’яўляецца святым сужэнствам, а проста грэшным сужыццём.

Іншыя сцвярджаюць: «Важна, каб мужчына і жанчына добра жылі адно з адным, каб паміж імі была згода. Шлюб, — кажуць яны, — не прыносіць шчасця аўтаматычна. Важна, каб мы любілі адно аднаго, бюракратыя не патрэбна! У нас усё пабудавана на даверы!». Так, ласка сакрамэнту сужэнства не ламае свабоднай волі чалавека, не ўваходзіць праз сілу ў сужэнскае жыццё. З Божай ласкай трэба ўзаемадзейнічаць. Таксама трэба памятаць, што, акрамя зямнога жыцця, ёсць яшчэ вечнае жыццё пасля смерці. Той, хто адкідвае Божае благаслаўленне, адварочваецца ад Бога.

Некаторыя сцвярджаюць: «Заключыць сакрамэнтальнае сужэнства — гэта вялікая адказнасць, на такі крок мы яшчэ не гатовы і не годныя яго». Але яны лічаць сябе годнымі і гатовымі ўжо пачаць сумеснае жыццё і нават нарадзіць дзіця. Такім выказваннем яны самі сабе пярэчаць і проста падманваюць адно аднаго, бо не хочуць браць на сябе адказнаці за другога.

Іншыя ж кажуць: «Трэба паспрабаваць, ці нам будзе добра разам. Трэба праверыць, ці мы зможам назаўсёды быць разам. Нам патрэбна гарантыя, што ў нас усё будзе ў парадку». Балюча гэта чуць ад людзей старэйшых і веруючых, якія даюць згоду на грэшнае сужыццё сына ці дачкі без роспісу ў ЗАГСе і без шлюбу, і тлумачаць гэта тым, што лепш пажыць у граху і праверыць, ці змогуць быць разам, чым заключыць сужэнства, а потым разысціся. Але грэх ніколі не можа даць добрага плёну і ўратаваць будучае сужэнства ад распаду. Наадварот, грэх нішчыць дабро, прыносіць зло і цярпенне.

Такое мысленне — гэта голас эгаізму, карыслівасці, накіраванасці толькі на цялеснае жыццё, а чалавек — гэта не адно толькі цела. Чалавек з’яўляецца Божым дзіцём, на ім нельга ставіць вопыты. Жыццё заўсёды будзе патрабаваць высілкаў, ахвярнасці і прабачэння, без гэтага няма праўдзівай любові. Сужэнства з самага пачатку павінна быць заключана з поўнай адказнасцю.

Часта можна пачуць выказванні, якія апраўдваюць развод і заключэнне паўторнага сужэнства без шлюбу. Кажуць: «Мы не сышліся характарамі, таму вырашылі разысціся і заключыць лепшыя саюзы. Ксёндз, праўда, не дае другі раз шлюбу, але гэта ўжо не нашая віна, бо мы маглі б і другі раз пайсці да шлюбу». Мае дарагія! Цяжкасці, і тое, што людзі не сыходзяцца характарамі, — гэта норма жыцця. Побач з намі заўсёды будуць людзі, з якімі нам будзе цяжка, да якіх неабходна будзе прыстасоўвацца: ці на працы, ці ў суседстве, ці нават у сям’і, дзе мы раслі. Мы павінны прыстасавацца нават да самога сябе — прыняць свой знешні выгляд, здольнасці, недахопы характару. А ў сужэнстве ідзе гаворка пра чалавека, якому ты ад усяго сэрца ўрачыста абяцаў сваю любоў, што не пакінеш яго да смерці ў шчасці і ў няшчасці! А цяпер так лёгка хочаш замяніць чалавека, як быццам гэта нейкая рэч? Чалавека, які, можа, з’яўляецца бацькам ці маці твайго дзіцяці?! Сужэнства — гэта саюз мужчыны і жанчыны, заключаны ў імя Бога назаўсёды, адзначаны пячаткаю Крыві Хрыста ў Святой Камуніі, якую сужэнцы прымаюць у дзень шлюбу! Нельга так лёгка адмовіцца ад любові і адкінуць мужа ці жонку як нешта непатрэбнае. Чалавек жа можа змяніцца і праз некаторы час зразумець і ацаніць тое, чаго не разумее і не цэніць цяпер. Трэба паглядзець на ўсё сваё жыццё цэласна — ажно да старасці, да Божага Суда і вечнай хвалы ці асуджэння і не паддавацца спакусе сённяшніх негатыўных эмоцый. Сапраўды, гэтыя эмоцыі могуць назбірацца, калі сужэнцы занядбалі супольную малітву, перасталі размаўляць, абвінавачваюць адно аднаго і не хочуць прызнавацца ў сваіх памылках, адначасова перабольшваючы памылкі сужэнца.
 
Добра разумею тых, хто нясе цяжкі крыж у сужэнстве і змучаны гэтым крыжам. Але неабходна даверыцца Богу і абаперсціся на Яго моц. Чалавек ніколі не можа давяраць сабе да канца — не можа давяраць свайму розуму, тым больш давяраць сваім сённяшнім эмоцыям і пачуццям — неабходна паверыць у любоў Бога, паверыць у тое, што Яго запаведзі добрыя і карысныя для нас, узяць свой крыж і несці яго, бо ў крыжы збаўленне, хоць у ім таксама і цярпенне. Спачуваю тым мужам, у каго легкадумныя ці няверуючыя жонкі, якія не клапоцяцца пра дзяцей і дом. Спачуваю тым жонкам, у каго няверуючыя мужы, або мужы-скандалісты ці п’яніцы. Як лёгка можа тады з’явіцца ў сэрцы спакуса: «Трэба разысціся, каб дзеці мелі спакой у доме! Можа, хто іншы будзе лепш адносіцца да маіх дзяцей?» Але трэба памятаць, што дзеці могуць па-іншаму адносіцца да бацькі, не так як жонка, бо для дзяцей бацька назаўсёды застанецца бацькам — адзіным, бо бацьку ніхто не выбірае. Дзеці хочуць, каб бацька быў побач, — нават калі з ім цяжка. Для дзяцей развод заўсёды будзе вялікім стрэсам, які пакіне балючае расчараванне бацькамі і сумны адбітак на ўсё жыццё. Касцёл згаджаецца на сепарацыю ў тым выпадку, калі далейшае сумеснае жыццё будзе пагражаць стратай веры ці жыцця, але ніколі не згаджаецца на заключэнне паўторнага, несакрамэнтальнага сужэнства, пакуль жывуць муж ці жонка, якія разышліся.

Ванда Пултаўска, якая шмат гадоў працавала ў Сямейнай кансультацыі, апісвае ў сваёй кнізе «Каб сям’я была моцная Богам» прыклад змагання жанчыны за сваю сям’ю. Адам і Ева заключылі сужэнства. Пасля таго, як нарадзілася дачка, стала вядомым, што ён здраджвае жонцы з жанчынай, з якой пазнаёміўся на нейкім экзамене. Ева прыйшла ў кансультацыю з вачыма, пацямнелымі ад болю. Расплакалася і сказала, што ўчора заявіла мужу, што калі ён лічыць, што будзе шчаслівы без яе і дачкі, то можа адысці, але яна будзе за яго маліцца і чакаць яго вяртання. Ён адышоў і жыве з іншай жанчынай. Працаўніца кансультацыі не вытрымала і пайшла пагаварыць з той жанчынай. Тая ўвесь час паўтарала, што кахае Адама і не можа без яго жыць, што яна таксама мае права на шчасце. Ева цярпела, была спакойнаю, маўкліваю і ўвесь час малілася. Праз нейкі час у Кансультацыю прыйшоў Адам. Сказаў, што ён вельмі разбіты і нешчаслівы, бо любіць дзвюх жанчын — жонку і тую жанчыну, да якой адышоў, — і не ведае, што рабіць. Ванда Пултаўска сказала яму, што гэта няпраўда: ён не любіць жонку, бо здраджвае ёй, не любіць і тую другую, бо ашуквае яе, а сам ніколі не зможа быць яе законным мужам, не любіць і сваю дачку, якую пакінуў. Ён — эгаіст, любіць толькі сябе. «Ідзі да споведзі», — параіла Ванда. Адам сказаў, што ведае, што скажа яму ксёндз на споведзі. «Калі ведаеш, што скажа ксёндз, значыць, ведаеш, што неабходна рабіць!». І Адам не вытрымаў — вярнуўся да жонкі. Апоўначы пазваніла да Ванды Пултаўскай тая другая жанчына і сказала, што адбірае ў сябе жыццё, бо Ванда адабрала ў яе Адама. Ванда паехала да той жанчыны на таксі і завезла яе ў рэанімацыю, бо яна атруцілася таблеткамі. Праз некаторы час у Кансультацыю прыйшлі Адам і Ева разам. Адам, які заўсёды быў упэўнены ў сабе і любіў пагаварыць, ціха сказаў, што быў на споведзі. Тая другая жанчына, калі паправілася, выехала на Захад і больш не выйшла замуж. Грэх і нявернасць не прыносяць шчасця.

Мае дарагія, хачу яшчэ нагадаць вам, што кожнае дзіця, зачатае ў вашай сям’і, кожнае без выключэння — здаровае ці хворае — з’яўляецца дарам Бога і мае права на жыццё, мае права нарадзіцца. Нельга пазбаўляць яго жыцця ў лоне маці. Ніякія аргументы не могуць апраўдаць забойства нявіннай істоты, нават калі б урачы пераконвалі, што дзіця ў лоне маці хворае і трэба яго пазбыцца. Дзіця мае права на жыццё.

Жадаю вам, дарагія мужы і жонкі, дарагія бацькі і маці, каб гэтая малітва перад абразом Маці Божай у Тракелях узмоцніла вас, каб вы вярнуліся дамоў духоўна адноўленыя, каб ласка сакрамэнту сужэнства прынесла новы плён у вашым жыцці, каб Пан Бог вас благаславіў і напоўніў супакоем. Амэн.
Адноўлена 21.07.2009 18:14
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі