Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ў Нарачы падчас урачыстасці асвячэння помніка Яну Паўлу ІІ |
Глыбокапаважаныя браты і сёстры, вернікі парафіі святога Андрэя, апостала і госці сённяшняй урачыстасці! 1. Ад усяго сэрца вітаю вас на гэтай святой Імшы, якая цэлебруецца ў 30-ю гадавіну выбару кардынала Караля Вайтылы Папам Янам Паўлам II. Пасля гэтай Эўхарыстыі ў 18 гадзін 45 хвілін — дакладна ў той час, калі быў абраны Ян Павел ІІ — тут, у Нарачы, будзе асвечаны помнік гэтаму Вялікаму Пантыфіку. Дзякую пробашчу, вялебнаму айцу Бэрнарду Радзіку, кармэліту, за яго намаганні, каб на дарагой майму сэрцу нарачанскай зямлі была ўшанавана памяць Яна Паўла ІІ, а таксма дзяржаўнай уладзе, якая дала дазвол на ўсталяванне помніка, спонсарам за дапамогу ў рэалізацыі праекта і, канечне, будаўнічым, чыімі рукамі была ўсталявана гэтая скульптурная выява. 2. Сённяшняя ўрачыстасць нібы вяртае нас да вялікіх і пераломных гістарычных падзеяў далёкага ўжо 1978 года, які стаў годам трох Папаў. Пасля таго, як у жніўні памірае Папа Павел VI, Пантыфікам абіраецца Патрыярх Венецыі кардынал Альбіно Лючані, які ўпершыню ў гісторыі Каталіцкага Касцёла прымае падвойнае імя — Ян Павел. Выбарам імені ён жадаў паказаць, што з’яўляецца духоўным наступнікам Яна ХХІІІ, які распачаў ІІ Ватыканскі Сабор, і свайго папярэдніка Паўла VI, які завяршыў працу Сабору. Такім чынам, новы Папа падкрэсліў намер працягваць реалізацыю пастановаў II Ватыканскага Сабору. Але ўсяго праз 33 дні пасля абрання Ян Павел — «Папа ўсмешкі» — нечакана памірае. Адбываецца другі за гэты год канклаў. На трэці дзень выбараў Калегія Кардыналаў абірае Папам Кракаўскага арцыбіскупа кардынала Караля Вайтылу, які стаў першым за больш чым 400 гадоў Папам не-італьянцам. Гісторыя паказала, што Божы Провід на пасад святога Пятра паставіў адпаведнага патрэбам часу пастыра сусветнага Касцёла. 3. Падчас інаўгурацыйнай святой Імшы 22 кастрычніка новы Папа заклікаў народы свету адчыніць дзверы Хрысту, падкрэсліваючы, што толькі ў ім чалавек можа зразумець сябе і вырашыць свае праблемы. Усё гэта сведчыць пра тое, што Ян Павел II вуглавым каменем свайго пантыфікату абраў самога Хрыста, якога назваў дарогаю Касцёла. Пры гэтым сам ён хацеў быць слугою ўсіх. І сапраўды, увесь яго пантыфікат — гэта служэнне, служэнне Каталіцкаму Касцёлу, служэнне чалавеку і ўсім людзям, служэнне дзеля развіцця экуменічнага і межрэлігійнага дыялогу. У гэтым служэнні ён заўсёды абараняў маральныя каштоўнасці, не адступаў перад вострымі праблемамі сучаснсці і даваў рашучы і мужны адказ на небяспечныя выкліку часу. 4. Сёння, калі ў парафіі святога Андрэя, апостала ў Нарачы асвячаецца помнік Вялікаму Папу, нам трэба нанава ўсвядоміць веліч яго асобы. Помнік ставіцца не толькі і не столькі дзеля таго, каб ушанаваць памяць Папы, падчас патыфікату якога Беларусь атрымала свабоду веравызнання і былі арганізованы паўнавартасныя касцёльныя структуры, але каб ён як напамін пра Папу — абранніка Божага Провіду, — быў для нас і наступных пакаленняў бачным заклікам да спасціжэння і захавання ягонага вучэння. У наш час адыходу ад маральных каштоўнасцяў і нездаровага імкнення да матэрыяльных дабротаў нам трэба звярнуць на гэта пільную ўвагу і памятаць пра тое, чаму ён нас вучыў і да чаго заклікаў: перадусім адчыніць дзверы Хрысту. 5. Што гэта азначае? Найперш трэба памятаць, што ніхто за нас гэтага не зробіць. Святы Аўгустын кажа: «Ты, Божа, стварыў мяне без мяне, але не зможаш збавіць мяне без мяне». Для збаўлення патрэбны ўдзел самога чалавека. Трэба, каб Хрыстус увайшоў у сэрца чалавека і перамяніў яго. Праз сакрамант хросту мы аддалі сябе ва ўласнасць Хрысту, мы сталі хрыстовымі, а таму павінны рабіць усё для таго, каб у нашым жыцці рэалізоўваліся словы святога апостала Паўла: «ужо жыву не я, але жыве ўва мне Хрыстус» (Гал 2, 20). Ян Павел II вучыў і заклікаў, каб у нас сапраўды жыў Хрыстус, жыў сваёю ласкаю. Сёння, калі асвячаецца помнік Слугу Божаму Яну Паўлу ІІ, нам трэба зрабіць рахунак сумлення і спытацца ў сябе, ці сапраўды ў нашых сэрцах жыве Хрыстус? 6. Калі адбудоўвалася маскоўская катэдра, якая ў савецкі час была падзелена на чатыры паверхі, адзін за другім яны разбіраліся. І вось нарэшце вачам адкрылася вельмі прыгожае скляпенне. Адна вельмі ўсхваляваная жанчына падышла да мяне і сказала: «Я ўпершыню ўбачыла гэтую прыгажосць, і яна мяне зачаравала. Але пры гэтым я задаю сабе пытанне, ці я годная глядзець на яе?» Сёння мы ўпершыню ўбачым узнесены побач з касцёлам помнік Слугу Божаму Яну Паўлу II. Таму спытаемся і мы ў сябе, ці мы сапраўды годныя называцца хрысціянамі і нашчадкамі спадчыны Вялікага Папы, ці мы годныя глядзець на яго, ці нашыя сэрцы адкрытыя на Хрыста, ці мы ў Хрысце і праз Хрыста хочам пазнаць сябе і вырашыць свае праблемы, ці праз прызму Ягонага Евангелля на маральных каштоўнасцях будуем мы сваю будучыню? Да гэтага заклікае нас сённяшняя ўрачыстасць. Недастакова толькі хваліцца, вось, маўляў, у нашай парафіі, у Нарачы, усталяваны і асвячоны помнік Яну Паўлу II — і мы не горшыя за іншых. Вялікаму Пантіфіку будуюць помнікі у многіх краінах свету, ёсць нават на Кубе. Будуюць і на Беларусі. Вось і ў нас ёсць. Але гэтага, дарагія браты і сёстры, далёка не дастаткова. Трэба ў сваім жыцці імкнуцца быць падобнымі да гэтага святога чалавека і жыць паводле яго навучання, каб сапраўды Хрыстус жыў у нашых сэрцах. 7. Слуга Божы, Яне Паўле II Вялікі, молячыся аб тваім праслаўленні, мы ад усяго сэрца дзякуем табе за тваё вучэнне і сведчанне, за прыклад тваёй любові да кожнага чалавека без адрознення веравызнання і нацыянальнасці, за любоў да нашай Айчыны і нястомны айцоўскі клопат пра яе. Усё сваё жыццё будучы сумленнем свету, сваім адыходам да дому нябеснага Айца і пахаваннем ты правёў сусветныя рекалекцыі, так што многія сэрцы сапраўды адкрыліся на Хрыста. Выпрасі ў Бога ласку, каб твой помнік, які асвячаецца сёння, стаў бачным заклікам да адкрыцця нашых сэрцаў Хрысту, да духоўнага аднаўлення нашага жыцця і будавання будучыні на прынцыпах заўсёды жывога і дзейснага Евангелля, каб сапраўды ўжо жылі не мы, але жыў у нас Хрыстус, адзіны Збаўца свету ўчора, сёння і заўсёды, каб у Ім мы маглі адшукаць сэнс свайго жыцця і праз Яго прыйшлі да вечнага шчасця ў небе. Амэн. |
Адноўлена 21.07.2009 18:16 |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.