Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас святарскіх пасвечэнняў у мінскай архікатэдры (18.11.2008)

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Святкуючы 30-годдзе абрання Папам Яна Паўла II, Божы Провід дазваляе нам прыняць удзел у святарскіх пасвячэннях, якія прымаюць дыякан Віталій Маргуноў і дыякан Аляксандр Фаміных. Гэта вельмі сімвалічна, бо Ян Павел II заўсёды звяртаў вялікую ўвагу як на пакліканні, так і на духоўную фармацыю, жыццё і служэнне святароў. Ён бачыў у іх новую надзею для сучаснага зматэрыялізаванага свету, у якім пануе дух лібералізму і адмаўляюцца духоўныя каштоўнасці.

2. Корань слова святар абазначае «святы», а галоўнае заданне святара — несці святасць у свет дзеля яго духоўнага аднаўлення. Менавіта, да святасці заклікаў чалавецтва Слуга Божы Ян Павел II. Дапамогаю ў дасягненні чалавекам святасці пакліканы быць менавіта святары, якія таксама павінны імкнуцца да дасканаласці. У Вялікі Чацвер Папа у сваіх пасланнях, якія скіроўваў да святароў, уздымаў актуальныя пытанні адносна жыцця і служэння слугаў алтара і прапаноўваў ім рэцэпты вырашэння існуючых праблемаў.

3. Ян Павел ІІ, будучы Папам і духоўным лідэрам сучаснага свету, заўсёды заставаўся найперш святаром. З нагоды 50-й гадавіны свайго святарскага служэння ён напісаў вельмі цікавую кнігу «Дар і таямніца», у якой святарства акрэсліў як велізарны дар, які чалавек можа атрымаць ад Бога, і адначасова — як таямніцу.

Сапраўды, святарства — гэта таямніца. Чаму Бог выбраў мяне ці тут прысутных святароў, або гэтых дыяканаў, якія сёння атрымаюць святарскія пасвячэнні? Чаму не іншых?

Гэта не нашая справа. Бог выбірае і кліча. Ён выбірае сваіх святароў яшчэ перад іх нараджэннем. Нашая справа — адказаць на голас Хрыста, які кліча. Праблема сучаснага свету ў тым, што ў яго гомане пакліканы не чуе голасу Бога. З рана да вечара мы знаходзімся ў вадазвароце сучаснага жыцця з яго касмічнымі хуткасцямі і ніколі не маем часу задумацца. У штодзённай мітусні не маем часу стаць перад Богам і перад сабою. Здаецца, што мы нават баімся гэтага. Прачнуліся і адразу надзелі навушнікі, асабліва моладзь. Добрая музыка патрэбна. Многія такім чынам вывучаюць замежныя мовы. Аднак трэба знайсці час і для Бога, каб услухацца, што ён кажа нам. Можа ён мяне кліча, як паклікаў іншых? Можа ён чакае ад мяне словаў прарока Ісаі: «Вось я, Пане!..».

Пакліканне — гэта дар, які атрымаў пакліканы і ўся хрысціянская супольнасць. Запытаемся: хто можа дзейнічаць ад імя Хрыста? Ніхто, акрамя святара. Мы атрымліваем прафесію інжынера, лекара, настаўніка і г.д. Усё гэта вельмі важна. Пры гэтым, выконваючы нашыя прафесійныя абавязкі, мы дзейнічаем ад свайго імя. Святар, аднак, калі выконвае святарскія функцыі, дзейнічае ад імя Хрыста, in persona Christi, — як вучыць II Ватыканскі Сабор.
 
Сятар з’яўляецца дарам для парафіі, дыяцэзіі і ўсяго Касцёла. Мы добра ведаем, як цяжка супольнасці, у якой няма святара, або ён толькі час ад часу даязджае. Там, дзе ёсць святар, хрысціянская супольнсць ажывае. Працуючы ў Расіі, мне не аднойчы даводзілася бычыць такі цуд адраджэння пасля 70 гадоў пераследу, калі тры пакаленні змянілі адно другое, а людзі не бачылі святара, але веру сваю захавалі, дзякуючы малітве на святым Ружанцы і іншым простым малітвам. Складаная сітуацыя Касцёла ў Беларусі таксама тлумачыцца невялікай колькасцю святароў. Кожны вернік хоча, каб у яго мясцовасці быў святар, бо верыць, што святар, пакліканы і пастаўлены Богам, дапаможа духоўна адрадзіцца, дапаможа імкнуцца да дасканаласці.

3. Сённяшнія святарскія пасвячэнні адбываюцца падчас чарговага Сіноду біскупаў, прысвечанага Божаму слову ў жыцці і місіі Касцёла. Менавіта абвяшчэнне Божага слова з’яўляецца першым і галоўным заданнем святара. Найперш, трэба памятаць, што вера ад слухання, — як вучыць святы апостал Павел. Таму патрэбны тыя, хто будзе Божае слова абвяшчаць, гэта значыць — святары. Пры гэтым трэба падкрэсліць, што Сінод біскупаў, які праходзіць у Ватыкане, заклікае святароў, каб, абвяшчаючы Божае слова, кіраваліся не сваім меркаваннем, але думкаю Касцёла. Вельмі важна, каб нашае навучанне было не нашым асабістым, але навучаннем Касцёла, як сакрамэнту паўсюднага збаўлення.

Сённяшнія святарскія пасвячэнні адбываюцца ў Год святога апостала Паўла — Апостала паганаў, які казаў, што Божае слова заўсёды жывое і дзейснае. Ён сказаў гэта не проста так. Ёе сам пазнаў гэтую праўду. Яшчэ будучы Саўлам і пераследуючы Касцёл, па дарозе ў Дамаск ён аслеп. Гэта было неабходна, каб вачыма душы ўбачыць Хрыста, а яе вушамі пачуць Яго. Гэтае здарэнне цалкам змяніла яго жыццё. Ён ужо не жыў сам, але ў ім жыў Хрыстус. Жывучы Хрыстом і Яго Евангеллем, ён нёс Божае слова ўсім народам, становячыся Апосталам паганаў.

Святарскія пасвячэнні адбываюцца ў свята св. Евангеліста Лукі, аднаго з вучняў святога апостал Паўла. Святы Лука з’яўляецца аўтарам аднайменнага Евангелля і Апастольскіх дзеяў. Апостал Павел называе яго лекарам.

Сённяшні свет — гэта свет нэапаганаў, свет духоўна хворы. Ён патрабуе новых апосталаў і новых Евангелістаў, каб весці новую евангелізацыю ці рэевангелізацыю, каб вылечыць сучасны свет ад цяжкай хваробы духоўнага склерозу, бо свет, маючы багатыя хрысціянскія традыцыі, дабравольна адракаецца ад сваіх хрысціянскіх каранёў.

У апошнія месяцы людзі вельмі заклапочаны фінансавым крызісам, які агарнуў увесь свет. З аднаго боку — гэта вялікая бяда. З іншага — гэта яшчэ адно пацвярджэнне таго, што ў сваім жыцці неабходна абапірацца на слова Евангелля, якое кажа, што трэба шукаць духоўныя каштоўнасці, якія ні моль не з’есць, ні злодзей не ўкрадзе, якія не здэвальвуюцца.

4. Другім заданнем святара з’яўляецца асвячэнне людзей, што ажыццяўляецца праз цэлебрацыю сакрамэнтаў — бачных знакаў нябачнай ласкі Божай, неабходнай для збаўлення. Дзякуючы святару, які цэлебруе сакрамэнты, чалавек мае магчымасць асабістай сустрэчы з Езусам Хрыстом. Больш таго, у сакрамэнце Эўхарыстыі ён злучаецца з Хрыстом самым цесным чынам і прымае Яго як хлеб вечнага жыцця. Эўхарыстыя — як ежа — дае новую духоўную энергію чалавеку і гэтым самым змяняе яго, каб ён мог змяняць свет.

Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас сустрэчы з духавенствам Францыі ў верасні гэтага года адзначыў, што ніхто не можа даць большага дару, чым святар. І сапраўды, можна камусьці падарыць вельмі каштоўны падарунак, але ніхто не можа даць Хрыста. Яго дае толькі святар.

5. Трэцім заданнем святара з’яўляецца кіраванне хрысціянскай супольнасцю з мэтаю яе будавання. Аднак,  гэтае кіраванне трэба ўспрымаць найперш як служэнне. Прыкладам з’яўляецца Ян Павел II, які падчас інаўгурацыі свайго Пантыфікату прасіў у Бога ласкі, каб мог стаць слугою слугаў. Служэнне на Пасадзе святога апостала Пятра, якое працягвалася амаль 27 гадоў, пацвердзіла тое, што ён сапраўды быў слугою Касцёла і ўсіх, хто да яго звяртаўся. Ён нёс сваё служэнне даканца. Калі быў зусім слабы і шмат цярпеў, сказаў, што па прыкладу Езуса Хрыста, які не сышоў з крыжа, ён павінен даканца выканаць волю Божую.

6. Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
Да такіх ганаровых і адначасова вельмі адказных заданняў пакліканы гэтыя два нашыя сыны. Перадусім, яны павінны быць спецыялістамі ў сустрэчы чалавека з Богам, — як кажа Папа Бэнэдыкт XVI. Гэта цяжкае заданне давярае вашым рукам Касцёл, давярае ў цяжкі час дэхрысціянізацыі, давярае з надзеяй, што вы яго годна выканаеце.

З Божаю ласкай будзьце ж той крывёю, якая ажывіць духоўнае жыццё Касцёла. Будзьце яго надзеяй. Няхай праз вашу паслугу ва ўсёй паўнаце праявіцца збаўчая моц Езуса Хрыста, каб вы, прыняўшы таямніцу святарскага паклікання, і будучы сучаснымі Паўлам і Лукою сталі сапраўдным дарам Кацёлу і свету, — як да гэтага заклікае Ян Павел Вялікі. Амэн.
Адноўлена 21.07.2009 18:21
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі