Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча ў дзень успаміну ўсіх памерлых вернікаў 2008 г. |
Касцёл Узвышэння Святога Крыжа (Кальварыя) Бог стварыў чалавека не для смерці, а для жыцця. Смерць — гэта наступства граху. Аднак Уваскрашэнне Хрыста сведчыць пра тое, што смерць не мае апошняга слова ў лёсе чалавека. А сённяшняя літургія слова сцвярджае, што душы справядлівых — у руках Божых, гэта значыць, што яны жывуць вечным жыццём. Сённяшняе свята заклікае нас заглянуць смерці ў вочы. Калі мы не маем адвагі зрабіць гэтага сёння, то калі ж мы на гэта адважымся? Паводле старажытнага грэцкага падання, Дамокл называў самым шчаслівым чалавекам сіракузскага караля Дыянізія Старэйшага, які жыў у IV ст. да нараджэння Хрыстовага. Аднойчы кароль запрасіў Дамокла ў свой палац. Кароль пасадзіў яго на сваё крэсла і прыслугоўваў яму падчас абеду. Стол быў поўны ўсялякай смачнай ежай. Дамокл быў вельмі задаволены. Аднак у пэўную хвіліну кароль папрасіў яго паглядзець уверх. Дамокл падняў свае вочы і замер. Ежа стала комам у яго горле. Над ім на конскім воласе вісеў меч. Так Дыянізій паказаў Дамоклу, як жыве кароль: у дзень і ў начы над галавой караля «вісіць» меч. Аднак можна сказаць, што так у жыцці кожнага чалавека. Дамоклаў меч вісіць над кожным чалавекам і называецца ён — смерць. 2. Святы Аўгустын гаварыў, што калі нараджаецца чалавек, выказваюцца розныя гіпотэзы адносна яго будучыні. Можа, ён стане вучоным, а, можа, будзе простым чалавекам; можа, будзе доўга жыць, а, можа, яму наканаваны кароткі век; можа, будзе багатым, а, можа, бедным. Але ніхто ніколі не кажа: можа, памрэ, а, можа, не памрэ. Не кажуць так, бо смерць — гэта абсалютная праўда нашага жыцця. Даведаўшыся, што нехта захварэў на цяжкую невылечную хваробу, мы гаворым: які бедны гэты чалавек, павінен памерці, няма лекаў, якія б яму дапамаглі. Але ці не можам мы сказаць гэтага пра нас саміх: якія ж мы бедныя, у нас няма лекаў, мы павінны памерці. Хочам мы гэтага ці не, трывога смерці пераследуе нас на працягу ўсяго нашага жыцця, яна знаходзіцца ў цэнтры нашых думак і з’яўляецца найбольш моцным інстынктам чалавека. Таму чалавек нібы крычыць: не хачу смерці! 3. Хоць з гэтай праўдай згодзіцца кожны, аднак, сучасны чалавек не надта хоча яе прымаць. Чаму мы павінны думаць пра сваю смерць, калі ўсе гавораць толькі пра жыццё, і шчаслівае жыццё? Ці варта круціць нажом у ране? Ці, гаворачы пра смерць, мы не сыплем соль на гэтую рану нашага жыцця? Касцёл нагадвае нам пра смерць, бо чалавек забывае пра яе. Ён стараецца не думаць пра яе, імкнецца ашукаць сябе, што яна не існуе, або калі існуе, то яго не напаткае. Мы імкнёмся быць як мага больш багацейшымі, робім планы на будучыню, стараемся ўзяць ад жыцця ўсё, што магчыма, забываючы пра тое, што ўсё гэта трэба будзе пакінуць. У адным з новых гарадоў вырашылі не рабіць могілак, каб пахавальныя працэсіі не засмучалі людзей. Гэта была ілюзія. Адсутнасць могілак не з’яўляецца гарантам таго, што людзі не будуць паміраць. Людзі дзе жывуць, там і паміраюць. Сапраўды, мы аддаём шмат энергіі, каб толькі не думаць пра смерць, каб толькі ўтрымаць зачыненай накрыўку каструлі з кіпячай вадой. Іншыя гавораць, што ведаюць, што давядзецца памерці, але моцна над гэтым не засяроджваюцца. Лепш думаць пра жыццё, а не пра смерць. Такая пазіцыя — пазіцыя секулярызаванага чалавека. На самай справе, гэта ні што іншае, як яшчэ адзін спосаб адвесці ад сябе страх перад смерцю. 4. На працягу гісторыі чалавек ніколі не пераставаў шукаць лекаў ад смерці. Некаторыя шукаюць іх ў пэўных апавяданнях ці філасофскіх выразах. Так старагрэцкі паэт Гарацый казаў: «Увесь я не памру, бо збудаваў сабе помнік мацнейшы за бронзу». Аляксандр Пушкін пісаў: «Я памятник себе воздвиг нерукотворный, к нему не зарастет народная тропа...» Нават тыя, якія не вераць у Бога, маюць жаданне ўвекавечыць памяць аб сабе ў прысвечаных ім помніках, назвах вуліц, плошчаў і г. д. У апошнія часы з’явіўся новы псеўдалек — рэінкарнацыя. Гледзячы на ўсе гэтыя намаганні, неабходна ўзгадаць словы з Паслання да Габрэяў: «Людзям прызначана раз памерці, а пасля гэтага — суд» (пар. Гбр 9, 27). Толькі адзін раз! Дактрыну інкарнацыі нельга супаставіць з хрысціянскай верай у змёртвыхпаўстанне. Ці памятае хтосьці з нас, што рабіў у мінулым жыцці? Не, не памятае, бо тут на зямлі ў кожнага чалавека толькі адно жыццё. Рэінкаранцыя не азначае дапаўненне жыцця, але яго цярпенне. Яна нібы гаворыць чалавеку: глядзі, калі нешта зробіш благое, то народзішся ізноў, каб адкупіць сваю віну. Гэта падобна на тое, калі чалавеку, які адбыў пакаранне ў вязніцы, скажуць, што яму ізноў трэба адбыць пакаранне. 5. Касцёл нагадвае нам пра смерць не для таго, каб засмуціць, але каб мы былі да яе добра падрыхтаваныя. Дрэва ўпадзе на той бок, у які яно нахілена. Таксама і чалавек, калі ён добра падрыхтаваны да смерці, то не баіцца яе, бо трапіць у вечнае шчасце. Няма лепшай стратэгіі жыцця, як тая, калі чалавек заўсёды памятае пра тое, што трэба будзе стаць перад Панам на апошні суд. 6. Нагадваючы пра смерць, Касцёл сёння заклікае нас да малітвы за нашых памерлых. Магчыма, многія з іх знаходзяцца ў чыстцы. Яны ўжо не могуць дапамагчы сабе і чакаюць нашай дапамогі. Было б найбольшай няўдзячнасцю, калі б мы адмовіліся яе аказаць. Падчас актавы малітваў за памерлых Касцёл у нашыя рукі ўкладае білет, з дапамогаю якога мы можам увесці памерлых у неба. Гэты білет — гэта поўныя адпусты, якія мы можам ахвяраваць за іх. Благаслаўлёныя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць, — кажа Хрыстус. Праявим сёння нашую міласэрнасць у адносінах да нашых памерлых. Праз гэта мы дапаможам ім і самі заслужым міласэрнасць. Амэн. |
Адноўлена 21.07.2009 18:29 |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.