Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на XXXII Звычайную нядзелю ў мінскай архікатэдры 9 лістапада 2008 г. |
Шаноўныя браты і сёстры! 1. Кожны дзень набліжае нас да заканчэння Літургічнага года. Ужо праз два тыдні мы будзем адзначаць урачыстасць Хрыста — Валадара сусвету. Лагічна, што гэтае свята Касцёл адзначае ў апошнюю нядзелю Літургічнага года, бо ўсе мы выйшлі з Божай рукі і прызначаны вярнуцца ў Валадарства Божае. Езус Хрыстус якраз і з’яўляецца гэтым Валадаром. 2. Аднак, каб у жыцці дасягнуць нейкай мэты, неабходна прытрымлівацца вызначаных правілаў і нормаў. Таксама і ў духоўным жыцці, і ў імкненні да Валадарства Божага існуюць свае прынцыпы. Калі б нехта расказаў нам, як ён спазніўся на самалёт, цягнік ці аўтобус і не даехаў у час на важную сустрэчу, то мы б яму адказалі, што гэта вельмі дрэнна, і пажадалі б шчасця іншым разам. Аднак тое, на чым засяроджваецца ўвага ў сённяшнім Евангеллі, значна больш важнае. Тут гаворка ідзе пра гатоўнасць увайсці ў Божае Валадарства або размінуцца з ім. Галоўны момант сённяшняга евангельскага апавядання — гэта крык неразумных паннаў: Пане, пане, адчыні нам!.. Аднак гаспадар адпавядае, што не ведае іх. Ім адмоўлена ўвайсці на вяселле, якое з’яўляецца сімвалам Валадарства Божага. Усё гэта гучыць вельмі сурова і неміласэрна, асабліва для нас, людзей ужо XXI стагоддзя, калі ўсё больш гаворыцца пра дэмакратыю і роўныя правы для ўсіх. Таму нам цяжка паверыць у гэта. Аднак словы Евангелля застаюцца словамі Хрыста. 3. У цэнтры сённяшняга евангельскага апавядання — праблема прадугледжання і падрыхтоўкі. Евангелле распавядае пра дзесяць паннаў, якія выйшлі насустрач жаніху. Пяць з іх было мудрых, а пяць — неразумных. Менавіта яны не ўзялі з сабой дастаткова алівы, каб іхнія лямпы паліліся доўга. Яны не думалі пра тое, што можа здарыцца. Кажучы сучаснай мовай, яны жылі толькі сённяшнім днём і не клапаціліся пра заўтрашні. Калі б жаніх прыйшоў у час, то ніхто б не заўважыў праблемы. Аднак, як гэта часта бывае ў жыцці, жаніх спазніўся. Дзяўчыны, стомленыя доўгім чаканнем паснулі і страцілі здольнасць чування і гатоўнасці. Калі з’явіўся жаніх, то тыя, у каго лямпы свяцілі, разам з ім увайшлі на вяселле, а тых, у каго яны пагаслі, не пусцілі. 4. Уся гэтая гісторыя мае вельмі вялікае сімвалічнае значэнне. Першыя хрысціяне чакалі, што другое прышэсце Хрыста настане вельмі хутка. Аднак з часам усе зразумелі, што можа быць апазненне. Сёння ўжо ўсім зразумела, што гэта так. І людзі зноў «упадаюць у сон». Яны губляюць пачуццё неабходнасці быць падрыхтаваным на прышэсце Пана. Яны, можа, нават і вераць, што Ён прыйдзе, але не клапоцяцца пра гэта, бо не вядома, калі гэта станецца. Тут мы сутыкаемся з сучасным агнастыцызмам, гаворачы іншымі словамі — з практычным нявер’ем многіх сучасных хрысціянаў. Яны гавораць, што, можа, там, дзесьці наверсе ў небе і ёсць Бог, таму давайце забяспечымся і ў нядзелю сходзім у касцёл, аднак усяго гэтага не будзем успрымаць сур’ёзна, бо мы ж жывём у рэальным свеце, дзе Бог адыгрывае толькі чыста цырыманіяльную ролю… Сучаснаму чалавеку ўсё больш і больш здаецца, што Бог — гэта рэліквія мінулага. Ён знік з нашага поля бачання, але мы яшчэ маем прынамсі нейкую як быццам тэлефонную сувязь з Ім. Ён практычна не прысутнічае ў нашым жыцці, але, маючы на ўвазе нашае рэлігійнае мінулае, мы ўсё яшчэ маем сувязь з Ім, таму традыцыйна ездзім на фэсты, ходзім у касцёл на святы Божага Нараджэння і Пасху. Для большасці сучасных людзей Бог больш не з’яўляецца жывой Асобай, з якой можна размаўляць. Сёння Бог часта асацыіруецца з рэлігіяй як нейкай установай, якая прадстаўляе акрэслены жыццёвы шлях, у тым ліку наведванне касцёла ў нядзелю, чытанне Бібліі, захаванне Божых запаведзяў і г. д. Бог і рэлігія ўсё часцей успрымаюцца як сімвалы, якія, аднак, ужо больш не актуальныя ў нашым, поўным розных справаў, штодзённым жыцці. 5. Хоць сучасны чалавек яшчэ часам і выказвае нейкую зацікаўленасць духоўным кіраўніцтвам, некаторымі формамі справядлівасці і прыгожымі касцёламі, то адначасова ёсць вельмі многа доказаў таго, што зацікаўленасць сваім асабістым жыццём больш важная за асабістыя адносіны з Богам. Таму з усёй адказнасцю можна сказаць, што ў сучасным веруючым чалавеку вельмі шмат нявер’я. Таму і Бог адсутнічае ў сумленні і жыцці многіх вернікаў. Яны вельмі часта з’яўляюцца толькі фармальнымі вернікамі, для якіх Бог не з’яўляецца жывым і важным у гэтым рэальным свеце. Сапраўдны Бог як быццам зацямнёны. Яго месца заняў іншы бог — непатрабавальны, які адпавядае пажаданням сучаснага чалавека, дазваляе зменяць маральныя нормы і г. д. У барацьбе паміж сучаснай секулярызаванай культурай і Евангеллем здаецца, што першая перамагае. 6. Пяць неразумных паннаў з сённяшняга Евангелля — гэта вобраз сучаснага свету, наш з вамі вобраз. Гэта сучасныя выклікі, якія стаяць як перад Касцёлам, так і перад паасобнымі хрысціянамі. Адказаць на іх можна толькі чуваннем. Нам нельга спаць. Калі мы імкнёмся ў Валадарства Божае, то павінны чуваць, бо не ведаем, калі прыйдзе Пан. Лямпы нашага духоўнага жыцця заўсёды павінны гарэць. Там павінен быць алей Божай ласкі, якая неабходна нам для збаўлення. Таму Езус сёння заклікае кожнага з нас да канфрантацыі не толькі з секулярызаваным светам, але і з самімі сабою, якія падобныя да тых пяці неразумных паннаў, з нашым «я», з нашым эгаізмам. Запаленыя лямпы з’яўляюцца сімвалам нашага жадання змагацца з сабою, каб адчыніць нашыя вочы на рэальнасць сучаснага, часта амаральнага жыцця, і яго направіць. Такім чынам хрысціянін сапраўды стане соллю зямлі і святлом для свету, і прыйдзе ў Валадарства Божае. Амэн. |
Адноўлена 21.07.2009 18:33 |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.