Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч МЫ СТАНОВІМСЯ ТЫМ, ШТО СПАЖЫВАЕМ Гамілія падчас урачыстасці Божага Цела, касцёл Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы Мінск, 14 чэрвеня 2009 г. Глыбокапаважаныя браты і сёстры! 1. З гэтага ўзвышэння, якое ўсе мінчане ведаюць як Залатую Горку, пасля святой Імшы вырушыць і пройдзе па вуліцах беларускай сталіцы эўхарыстычная працэсія з нагоды святкавання ўрачыстасці Божага Цела або Найсвяцейшага Цела і Крыві Езуса Хрыста. Гэтая ўрачыстасць мае вельмі вялікую і багатую гісторыю, якая распачалася ў сярэдзіне XIII стагоддзя. У 1209 г. сястра законная святая Юліяна дэ Лежэ мела аб’яўленне, падчас якога яна ўбачыла ззяючую поўню. Ёй таксама было абвешчана, што цёмныя плямы на нябеснай суседцы — гэта знак адсутнасці спецыяльнай эўхарыстычнай урачыстасці. З таго часу святая Юліяна стала клапаціцца пра афіцыйнае ўстанаўленне Касцёлам урачыстасці Божага Цела, што і адбылося ў 1264 г. 2. Для чаго неабходна гэтае свята? Ці не дастаткова таго, што ва ўсіх касцёлах свету кожны дзень цэлебруецца велізарная колькасць святых Імшаў? Перш за ўсё, трэба падкрэсліць, што гэтая ўрачыстасць дае нам магчымасць публічна і супольна выказаць пашану Эўхарыстыі, як сакрамэнту вечнага жыцця. Езус, ідучы вуліцамі нашых гарадоў і вёсак, нібы хоча паглядзець, як мы жывём, жадае заглянуць у нашыя дамы, офісы, школы, універсітэты, фабрыкі, магазіны, стадыёны і г. д. Жадае паглядзець, ці прысутны Ён у нашым жыцці. Сённяшняе свята — гэта таксама добрая нагода лепш зразумець сакрамэнт Эўхарыстыі і паклапаціцца пра належнае яго ўшанаванне і прыняцце. Бо, як вучыць святы апостал Павел, нягоднае прыняцце гэтага сакрамэнту жыцця можа прынесці супрацьлеглы эфект. Той, хто нягодна есць Цела Хрыста і п’е Ягоную Кроў, той есць і п’е на сваё асуджэнне (пар. 1 Кар 11, 29). 3. Каб лепш зразумець таямніцу Эўхарыстыі, перш за ўсё трэба адказаць сабе на пытанне: для чаго Езус устанавіў гэты сакрамэнт? Хрыстус абяцаў застацца з намі на ўсе часы. Менавіта ў Эўхарыстыі Ён становіцца бачным і эфектыўным знакам Ягонай прысутнасці ў нас, а таксама нашай прысутнасці ў Ім. Сам Езус сказаў: «Хто есць Маё Цела і п’е Маю Кроў, застаецца ўва Мне, і Я — у ім» (пар. Ян 6, 56). Езус таксама казаў, што Ён прыйшоў, каб мы мелі жыццё, і мелі яго ва ўсёй паўнаце. Менавіта ў Эўхарыстыі Хрыстус дае нам гэтае жыццё, каб мы маглі жыць ва ўсёй паўнаце як цяпер, так і ў вечнасці: «Калі не будзеце есці Цела Сына Чалавечага і піць Крыві Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця. Хто есць Маё Цела і п’е Маю Кроў, мае жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень» (пар. Ян 6, 53–54). 4. Габрэі, якіх Езус накарміў, шукалі Яго, бо Ён паабяцаў ім хлеб жыцця вечнага. Кожны жадае жыць як мага даўжэй. Зразумела, што яўрэі прасілі ў Езуса менавіта такі хлеб. Хрыстус жа сказаў ім, што хлеб жыцця вечнага — гэта Ягонае Цела (пар. Ян 6, 51). Яўрэі, мысленне якіх было абмежавана зямнымі катэгорыямі, не маглі прыняць такой прапановы: «Як Ён можа даць нам есці Сваё Цела?» (пар. Ян 6, 52). На гэта Езус адказаў ім: «Цела Маё — сапраўдная ежа, Кроў Мая — сапраўдны напой» (пар. Ян 6, 55). Аднак яўрэі не зразумелі гэтага і аддаліліся ад Эўхарыстыі. Людзі з абмежаваным матэрыялістычным мысленнем не разумеюць сакрамэнтальнай мовы. 5. Падобная праблема існуе і сёння. Калі чалавек набліжаецца да Эўхарыстыі толькі з матэрыялістычным мысленнем, то ён не зможа зразумець гэтага дару Божай любові і атрымаць яе плады. Эўхарыстыя з’яўляецца ежай, але ў той жа час яна якасна адрозніваецца ад той, якую мы набываем у магазінах і спажываем кожны дзень. Самае вялікае адрозненне заключаецца ў словах, якія святы Аўгустын пачуў ад Езуса падчас малітвы: «Ты не пераменіш Мяне ў сябе, нават калі б даў сваё цела на спажыву. Ты будзеш пераменены ў Мяне». Нам добра вядома, што ежа, якую мы спажываем, пераменяецца ў нашае цела і дае яму энергію. Аднак эўхарыстычная ежа перамяняе нас у Хрыста. Гэта значыць, прымаючы Эўхарыстыю, мы становімся тым, што спажываем. Падобна таму як некалькі кропель фарбавальніка змяняюць колер цэлай шклянкі вады, так і эўхарыстычны Езус перамяняе нас у Сябе. 6. Чаму, аднак, многія з нас, прымаючы Эўхарыстыю, не адчуваюць такіх радыкальных змен у сваім жыцці? Можа, наступная выдуманая гісторыя дапаможа нам лепш зразумець гэтую праблему. У часы Халоднай вайны Захад і Савецкі Саюз часта абвінавачвалі адзін аднаго ў розных справах. І вось аднойчы прадстаўнікі Савецкага Саюзу і капіталістычнага Захаду прымалі ўдзел у пэўнай навукова-даследчай экспедыцыі. Вядома, што у нас найбольш распаўсюджаны чорны хлеб. На Захадзе — белы. Чорны смачнейшы, але больш цвёрды, асабліва калі счарсцвее. Белы — не такі смачны, але больш мяккі. Падчас супольнага пасілку прадстаўнік Захаду зламаў зуб, калі еў чорны хлеб. З вялікай пагардай ён назваў чорны хлеб паганым камуністычным хлебам і выкінуў яго. На што пачуў у адказ: гэта не камуністычны хлеб паганы, але гнілыя твае капіталістычныя зубы. Калі мы не адчуваем перамяняючай моцы Эўхарыстыі, гэта значыць, праблема заключаецца ў нашай скажонай веры, якая, можа, нават гніе. Таму сёння падчас гэтай святой Імшы, а асабліва падчас эўхарыстычнай працэсіі наблізімся да Эўхарыстыі з жывой верай у прысутнасць ў ёй Хрыста, і мы сапраўды адчуем Божую сілу, якая нас перамяняе. Амэн. |
Адноўлена 04.06.2010 14:36 |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.