Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч МІЛАСЭРНАСЦЬ БОЖАЯ У САКРАМЭНЦЕ АЛТАРА І СВЯТАРСТВА Гамілія ў Будславе. 2 ліпеня 2009 г. у 10.30 Эмінэнцыя, найдастойнейшы кс. Кардынал! Эксцэленцыя, вельмі шаноўны Апостальскі Нунцый! Эксцэленцыі, паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, прадстаўнікі дзяржаўнай улады, дыпламатычных місій, браты і сёстры! 1. Адам, дзе ты? Гэтыя словы мы пачулі ў першым сённяшнім чытанні. З гэтымі словамі Бог шукаў у раі Адама. Адам жа схаваўся ад Яго. На пытанне “Чаму?” Адам адказаў, што ён голы. І тады Бог спытаўся, ці часам той не з’еў з дрэва пазнання дабра і зла? Адам пачуў сябе голым пасля граху, хоць раней гэтага не адчуваў. Гэта Сёння, дзякуючы Божаму Провіду, мы знаходзімся ў Будслаўскім нацыянальным санктуарыі Божай Маці – у сэрцы Касцёла на Беларусі. Мы прыйшлі сюды з розных куткоў нашай Бацькаўшчыны, каб падзякаваць за атрыманыя праз заступніцтва Маці Божай ласкі, перапрасіць за нашу нявернасць і маліцца аб благаслаўленні на будучае. Успомнім недалёкія яшчэ часы ганенняў на Касцёл: не было святароў, рэлігійнай літаратуры, касцёлаў, семінарый, кляштараў, не было рэлігійных сродкаў масавай інфармацыі, катэхізацыя і рэлігійнае выхаванне дзяцей і моладзі было забаронена і г.д. Усё гэта азначае, што не было дзе і каму цэлебраваць Эўхарыстыю, спавядаць вернікаў, хрысціць дзяцей, благаслаўляць сужэнцаў, рыхтаваць людзей да першай споведзі і камуніі і іншых сакрамэнтаў. Як балюча ўспамінаць часы, калі вернікі павінны былі ехаць за сотні ці нават тысячы кіламетраў, каб знайсці святара і паспавядацца, узяць шлюб, пахрысціць дзяцей і нават асвяціць зямлю, каб потым пасыпаць ёю магілу памерлага. Як усё гэта было балюча і цяжка… Куды мы тады ішлі? Спяшаліся сюды, у гэтае святое месца, з просьбамі аб святарах, касцёлах, свабодзе выравызнання – аб тым, чаго не мелі. Мы ішлі сюды з моцнай верай у тое, што Марыя нас выслухае і выпрасіць у свайго Сына цуд, падобна таму, як выпрасіла яго ў Кане Галілейскай. І цуд сапраўды стаўся. Дзякуючы яму мы маем свабоду веравызнання. Гэта быў цуд Божай міласэрнасці, пра які нам трэба памятаць, асабліва сёння, падчас перэгрынацыі абраза Езуса Міласэрнага і рэліквій нашага благаслаўлёнага земляка – кс. Міхала Сапоцькі. 3. Аднак пры гэтым нельга забываць, што гэтая свабода не толькі дадзена, але і зададзена, і ёю трэба належным чынам карыстацца. Узгаданая напачатку гісторыя грахоўнага падзення чалавека паўтараецца і сёння. Слова “Адам” азначае “чалавек”. Сёння Бог пытаецца і ў кожнага з нас: чалавек, дзе ты? І сапраўды, як часта ў наш час постмадэрнізму, калі не шануюцца маральныя каштоўнасці, чалавек кажа, што Бога няма і тым самым хаваецца ад Яго, бо адчувае сябе голым. Не, не ў сэнсе фізічным. Сучасны чалавек апранаецца ўсё лепш і лепш. На жаль, ён голы духоўна. Ён не апрануты ў адзенні Божай ласкі і таму баіцца з’явіцца ва ўсёй праўдзе перад Богам. 4. У сувязі з гэтым паўстае пытанне: ці можа ён зноў апрануцца ў адзенні Божай ласкі? Ці не адрынуты ён назаўсёды? Ці мае ён шанец да паляпшэня сваіх адносінаў з Богам? Ці можа ён жыць паводле ўпісанага ў яго сэрца самім Творцам маральнага закону? На ўсе гэтыя пытанні ёсць адзін адказ: так! Успомнім евангельскую прыпавесць пра марнатраўнага сына. Нягледзячы на тое, што ён прагуляў належны яму маёнтак, яго айцец не адрокся ад яго. Наадварот, ён выйшаў на спатканне яго, адзеў яму на палец пярсцёнак, даў дарагі плашч і сандалы – як знакі сыноўскай годнасці, бо той, каторы духоўна прапаў, ажыў і вярнуўся. Таму гэтую прыпавесць можа таксама назваць і прыпавесцю пра міласэрнага айца, які чакае на сваё дзіця, каб яно вярнулася, і даруе яму ягоны грэх. Успомнім прыпавесць пра добрага пастыра, які шукае загубленую авечку і знайшоўшы яе, бярэ на плечы і прыносіць у свой статак. Успомнім словы Езуса, што на небе будзе большая радасць ад аднаго грэшніка, што зведаў навяртанне, чым ад дзевяноста дзевяці справядлівых. Усе гэтыя евангельскія прыклады нагадваюць аб тым, што бязмежны ў сваёй міласэрнасці Бог не пакідае нас адных, а заўсёды спяшаецца з дапамогай, найперш, праз паслугу Касцёла, у якой асаблівае месца займае святарскае служэнне, аб чым асаблівым чынам мы разважаем у гэтым, прысвечаным святарству годзе. 5. Дэвізам сёлетняга нашага спаткання ў Будслаўскім санктуарыі сталі словы: Міласэрнасць Божая ў сакрамэнце алтара і святарства. Езус устанавіў сакрамэнты Эўхарыстыі святарства падчас апошняй вячэры. Як з Эўхарыстыі вырастае святарства, так і святарства найперш для Эўхарыстыі. Дзякуючы сакрамэнту святарства Езус сваёю ласкаю знаходзіцца сярод нас. Ён, ведаючы, што пасля здзяйснення збаўлення павінен будзе вярнуцца ў дом свайго нябеснага Айца, заснаваў сакрамэнт святарства, каб дзякуючы яму прысутнічаць у гэтым свеце. Якая гэта вялікая ласка і бязмежная міласэрнасць – мець святара, які дзейнічае моцаю Езуса Хрыста. Бо хто іншы можа перамяніць хлеб і віно ў Яго Цела і Кроў, хто яшчэ можа адпусціць грахі? Нездарма II Ватыканскі Сабор навучае, што калі святар хрысціць, то сам Езус адпускае грэх першародны. Калі цэлебруе Эўхарыстыю, то сам Езус бяскроўна ахвяруецца за нас. Калі адпускае грахі ў сакрамэнце пакаяння, то сам Езус гэта чыніць. Такім чынам, святар сапраўды становіцца другім Хрыстом. Якія ласка, міласэрнасць і дар – прымаць ў Эўхарыстыі Цела і Кроў Езуса як хлеб жыцця вечнага! Успомнім словы Збаўцы: вашы продкі елі манну на пустыні і памерлі, а Я дам вам хлеб жыцця вечнага. Ва ўсёй разнастайнасці харчовых прадуктаў ва ўсім свеце няма такога, які мог бы гарантаваць жыццё вечнае. Нездарма Езус міласэрны падчас аб’яўленняў св. Фаусціне Кавальскай сказаў, што жыццё вечнае распачынаецца ўжо на зямлі праз святую Камунію. Вялікая міласэрнасць Бога праяўляецца ў тым, што мы маем усё больш магчымасцяў прымаць гэты хлеб, які сапраўды перамяняе нас у самога Езуса. Гэта азначае, што Эўхарыстыя нас абагаўляе, бо прымаючы яе, чалавек пераходзіць ад смерці да жыцця ў ласцы. Дзякуючы Эўхарыстыі мы становімся тым, каго прымаем, гэта значыць Хрыстовымі. А калі мы самыя перамяняемся, то і праз нас перамяняецца свет, бо свет – гэта мы, жывыя цаглінкі, з каторых ён складаецца. Нездарма Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас Сусветнага дня моладзі ў Кёльне ў 2005 г. сказаў: мы прымаем Эўхарыстыю, каб яна перамяняла нас і праз нас перамяняла свет. 6. Сучасны постмадэрнісцкі свет патрабуе кардынальных перамен. Не прызнаючы існавання абсалютнай праўды, дамагаючыся лібералізацыі маральных нормаў, адракаючыся ад хрысціянскіх каранёў, зневажаючы устаноўлены Богам традыцыйны інстытут сям’і, легалізуючы гомасэксуальныя саюзы, не шануючы Божага дару жыцця, імкнучыся да неэтычнага выкарыстання дасягненняў навукі, развязваючы збройныя канфлікты, дапускаючы сацыяльную несправядлівасць, сучасны свет знаходзіцца на краі бяздоння. Здаецца, што ён вось-вось утопіцца на бурным грахоўным моры XXI стагоддзя. Здаецца, што Езус не бачыць гэтага і, як калісьці падчас буры на Галілейскім возеры, проста спіць у чаўне нашага жыцця. Аднак Ён можа супакоіць кожную буру і таму дакарае нас, як тады апосталаў: чаго ж вы баіцеся, малой веры? Гэтую веру ўзмацняе сакрамэнт бясконцай Божай любові, якой ёсць Эўхарыстыя. Такім чынам, сапраўды, Божая міласэрнасць асаблівым чынам праяўляецца ў сакрамэнце алтара і святарства. 7. Перад будынкам Міжнароднага радыё ў Нью-Ёрку была пабудавана фігура магутнага Атланта. На сваіх плячах ён трымае зямны шар, пад цяжарам якога становіцца на калена. Атлант – гэта класічная міфічная фігура, якая нясе на сваіх плячах цяжар усяго свету. Цікава, што насупраць фігуры, праз вуліцу, знаходзіцца катэдра св. Патрыка. Гэты факт прымушае сучаснага чалавека задумацца. Атлант становіцца на калена перад Богам, які ёсць у Найсвяцейшым сакрамэнце, як быццам там шукаючы дапамогі, каб несьці цяжар свету. Такім чынам фігура Атланта як быццам вучыць, што мы можам несьці любы цяжар, калі толькі станем на калені перад Езусам ў Найсвяцейшым сакрамэнце. Марыя, Маці святароў і Эўхарыстычная нявеста, ты бачыш, колькі людзей сёння на каленях ідзе вакол алтара да твайго аблічча. Іх многія тысячы. Яны славяць твайго Сына ў Эўхарыстыі і аддаюць пашану табе, як сваёй Валадарцы. Выпрасі ў свайго Сына Езуса Хрыста ласку святарскай вернасці і новы цуд – ласку шматлікіх пакліканняў да святарства, каб усіх агарнула ласка навяртання і сучасныя людзі не былі духоўна голымі, але апранутымі ў адзенні Божай ласкі і будавалі сваю будучыню на Евангельскіх каштоўнасцях. Амэн. |
Адноўлена 22.07.2009 15:51 |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.