Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Гамілія на свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі (мінскі архікатэдральны касцёл, 8 верасня 2008 г.)
«Шчаслівая Ты, Панна Марыя, і годная ўсялякай хвалы, бо з Цябе ўзышло Сонца праўды — Хрыстус, наш Бог» 1. Глыбокапаважаныя браты і сёстры! Гэтыя словы спеву перад Евангеллем вельмі добра адлюстроўваюць нашыя думкі і пачуцці сёння, калі мы адзначаем свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. Верны народ Божы ўжо два тысячагоддзі праслаўляе Марыю за тое, што Яна стала Божай Маці і Маці нашай, а таксама па-матчынаму клапоціцца пра кожнага з нас. 2. Мой былы пробашч у Вострай Браме ў Вільні любіў казаць, што, хоць самая важная ўрачыстасць падчас літургічнага года — гэта ўрачыстасць Уваскрасення Езуса Хрыста, за якой ідзе ўрачыстасць Божага Нараджэння, аднак іх не было б, калі не было б свята Звеставання. І гэта праўда. Аднак сёння мы можам сказаць, што не было б ні Звеставання, ні Божага Нараджэння, ні Уваскрасення, калі б не было Нараджэння Марыі. Як нараджэнне кожнага чалавека з’яўляецца пачаткам яго дзейнасці, якую яму даручыў Божы Провід, таксама і Нараджэнне Панны Марыі сталася пачаткам звеставання новага часу — часу збаўлення. Нараджэнне Марыі — гэта «зорка» на небе ўсяго чалавецтва, якое пасля граху Адама жыло ў духоўнай цемры, «зорка», якая была знакам таго, што завяршаецца час чакання Збаўцы. 3. У сённяшнім другім чытанні святы Апостал Павел навучае, што кожны з нас быў пакліканы Богам да спаўнення прызначанай місіі. Гэта Божы план. Бог яго вызначае, і гэты план выконваецца. Не так, як часта бывае ў нашым жыцці, калі з дня на дзень змяняем свае планы, уносім у іх карэктывы. Божы план не зменяецца. Бог, караючы першых нашых бацькоў за іх непаслухмянасць, у сваёй міласэрнасці абяцае спаслаць ім Збаўцу, які павінен нарадзіцца з Дзевы, — як адзначае прарок Ісая. Для гэтай місіі Бог выбірае габрэйскі народ і называе яго абраным народам. У гэтым народзе ён выбірае род Давіда, з якога і нарадзіўся Збаўца. Час ад дадзенага Богам абяцання спаслаць Збаўцу да яго рэалізацыі — гэта час падрыхтоўкі да прыняцця збаўлення. Гэты час называем Старым Запаветам. Новы Запавет распачынае эру збаўлення. Нараджэнне Марыі з’яўляецца прадвесцем нараджэння Збаўцы, і таму яно з’яўляецца як быццам тою мяжою, якая аддзяляе Стары Запавет ад Новага, і адначасова — тым элементам, які іх аб’ядноўвае ў адно цэлае. 4. Касцёл на Захадзе, як і на Усходзе, вельмі ўрачыста адзначае свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, якое ўсім нам нагадвае аб нараджэнні Той, якая ў Божых планах была паклікана да такой адказнай і гістарычнай ролі — быць Маці Збаўцы. Калі Ева не згадзілася з Божай воляю, то Марыя ўчыніла інакш. Таму Яе называюць другою Еваю. Праз сваю паслухмянасць Божай волі Яна адчыніла шлях да збаўлення. Напэўна, усемагутны Бог можа збавіць чалавецтва тысячамі іншых спосабаў. Аднак, як праз чалавека грэх і смерць прыйшлі ў гэты свет, таксама і праз чалавека — праз Богачалавека — павінна было прыйсці збаўленне. Але для таго, каб Ён нарадзіўся, патрэбна была маці. Бог выбраў Марыю. Так заўсёды адбываецца ў свеце. Бог у сваіх планах выбірае, а чалавек свабодны прыняць гэты план ці не. Бог нікога не прымушае. Ён толькі прапануе. Аднак трэба памятаць, што воля Божая ў тым, каб усе ўдасканальваліся і дасягнулі збаўлення. Ева не паслухалася Бога, і ўсё чалавецтва было пакарана. Марыя прыняла Божую волю. Удзячнае за гэта чалавецтва спявае яе гімн Magnificat, бо сапраўды праз Марыю Бог учыніў і надалей чыніць вялікія справы для нас. 5. Адзначаючы свята Нараджэння Марыі трэба таксама ўспомніць і аб тым, што нараджэнне — гэта новае жыццё, якое распачынаецца зачаццем, гэта самы вялікі дар Божы, і ніхто не мае права яго адбіраць. У сувязі з гэтым, гледзячы на крызіс сучаснай сям’і і пагрозу для зачатага жыцця, сённяшняе свята мае вялікае значэнне. Гэта свята сцвяржэння жыцця. Уявім сабе, што было б, каб святыя Ганна і Яўхім пайшлі тым шляхам, якім ідуць многія сучасныя бацькі. Мы ставімся з пагардай да цара Ірада, які загадаў забіваць немаўлятак. Аднак сёння ў найлепшых медыцынскіх кабінетах урачы, якія пакліканы берагчы жыццё і якія прынеслі клятву Гіпакрата, чыняць крывавае забойства нявінных. Гэта грэх, які заклікае аб помсце да неба. Пэўны час таму памёр аргентынскі кардынал Эдуардо Піроніё, які доўгі час быў кіраўніком Папскай рады па справах свецкіх. Менавіта ён вельмі шмат зрабіў для рэалізацыі ідэі Слугі Божага Яна Паўла II арганізаваць Сусветныя дні моладзі. Гісторыя яго нараджэння вельмі павучальная. Калі яго маці, якая была цяжарная і чакала нараджэння ўжо сёмага дзіцяці, вельмі моцна захварэла, то урачы ёй сказалі: або жыццё або смерць. Паводле іх, яна магла нарадзіць дзіця. Урачы параілі ёй зрабіць аборт. Засмучаная, яна пайшла да біскупа, які сказаў: урачы пакліканы лячыць і ахоўваць здароў’е, аднак яны — толькі людзі, і трэба даверыцца Богу. Так і паступіла тая жанчына. Праз нейкі час яна шчасліва нарадзіла сына, якога назвалі Эдуардам. Потым яшчэ нарадзіла чатырнаццаць дзяцей. У гэтай сям’і было ажно дваццаць адно дзіця. А Эдуард стаў святаром, пазней — біскупам. Пасля біскупскага пасвячэння Эдуард узяў пярсцёнак таго біскупа, які параіў яго маці адмовіцца ад аборту. Як я ўжо казаў, біскуп Эдуард стаў адным з найбольш вядомых у свеце кардыналаў. У сувязі з гэтым зададзім сабе пытанне: а што было б, калі яго маці не паслухала б біскупа? Што было б, калі б у сям’і Ганны і Яўхіма было старачана дзіця, якое стала Маці Божай? Ці задумываюцца сённяшнія жанчыны, а таксама і мужчыны, на які крок яны ідуць, калі згаджаюцца на забойства ненароджанага яшчэ жыцця? Калі ў сучасным цывілізаваным і багатым свеце пануе дэмаграфічны крызіс, калі ўсё менш чутны дзіцячы смех у нашых дамах і на нашых вуліцах, калі замыкаюцца школы, бо няма дзяцей, мы павінны зрабіць рахунак сумлення і з надзеяй звярнуцца да Найсвяцейшай Панны Марыі. Марыя, наша духоўная Маці, Ты прыйшла ў гэты свет, як прыходзіць кожны чалавек. Ты была паклікана да найвышэйшага задання — даць свету Збаўцу. Кожны чалавек таксама пакліканы да выканання Божага плану, таму выпрасі для сучаснага чалавека ласку пашаны да жыцця, каб ён, будуючы цывілізацыю жыцця ў гэтым свеце, прыйшоў да жыцця вечнага ў небе і там разам з Табою праслаўляў Бога. Амэн. |
Адноўлена 22.07.2009 16:06 |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.