Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

QUIS UT DEUS

Гамілія падчас малітоўнай сустрэчы моладзі
(Івянец, 26 ліпеня 2009 г.)


    Глыбокапаважаная моладзь, удзельнікі сённяшняй урачыстасці!

1.    Евангелле, якое мы толькі што пачулі, распавядае пра цуд суцішэння буры на Галілейскім возеры. Езус знаходзіцца разам з апосталамі ў чоўне. І хоць Галілейскае возера не вельмі вялікае, аднак яго геаграфічнае палажэнне такое, што з аднаго боку гарачая пустыня, а з іншага — горы, што і з’яўляецца прычынай раптоўных ветраў і бураў. Так сталася і гэтым разам. Нечаканая бура з яе вялікімі хвалямі, здаецца, вось-вось затопіць човен. Вада ўсё мацней і мацней адкрывае сваю пашчу, каб праглынуць напалоханых апосталаў. У той жа час Хрыстус спіць спакойна, як быццам нічога не адбываецца. Апосталы будзяць Яго і нават дакараюць: Настаўнік, няўжо Цябе не турбуе, што мы гінем?

Езус устае і кажа стыхіі: супакойся! І бура адразу сціхае, так што вучні могуць спакойна плысці далей. Пасля Езус пытаецца ў іх: Чаму вы такія баязлівыя? Як жа вам не хапае веры? Мы можам толькі ўявіць, як яны тады адчувалі сябе.

2.    Апісаная ў Евангеллі бура на возеры — гэта характарыстычны вобраз нашага жыцця, якое падобна да плавання на моры. Слабы, можа ўжо не з аднойчы прабітым і потым заклееным дном, човен нашага жыцця плыве да берагоў вечнасці. Там ёсць Бог — мэта нашага жыцця.

Аднак мы плывём праз бурнае і неспакойнае мора. Як няма неба без хмараў, так і няма мора без хваляў. Жыццё чалавека — гэта дарога праз хвалі і буры, няшчасці і цярпенні. Вялікі англійскі пісьменнік Уільям Шэкспір казаў: «Няма чалавека без клопатаў і бедаў. А калі і ёсць нехта такі, то ён не чалавек». Нашыя беды — гэта фізічныя і духоўныя цярпенні. Нам часта здаецца, што мора ўзбурана, хвалі чорныя, а човен стары і ў няўпэўненых руках.

Многія ў такіх абставінах думаюць, што Бог забыўся пра човен і мора. Іншым здаецца, што Езус заснуў. Калі толькі няшчасце пастукае ў дзверы і трэба піць салёную марскую ваду, то ахапляе іх паніка і маладушнасць.

Тады мы, забываючыся, што Бог кіруе морам і нашым чоўнам, кажам:«Настаўнік, няўжо Цябе не турбуе, што мы гінем?»

3.    У марскіх хроніках можна знайсці вельмі многа прыгожых прыкладаў, як сябе весці падчас буры. Аднойчы падчас страшнай буры ў бязмежным акіяне апынуўся карабель. Усе былі вельмі змучаныя. Хвалі гулялі з жыццём маракоў. На караблі панавалі роспач і паніка. У той час, калі ўсе ўжо страцілі надзею, адзін хлопчык спакойна спаў. Маракі яго абудзілі і спыталі, як ён можа спакойна спаць падчас такой жудаснай буры? Хлопчык адказаў: чаго мне баяцца, калі мой тата з’яўляецца капітанам карабля! Гэта гісторыя нагадвае пра тое, што хлопчык меў бязмежны давер да свайго таты.

4.    Караблём нашага жыцця кіруе сам Бог. Таму трэба памятаць, што менавіта Ён, а не хто іншы, кіруе караблём, кіруе морам, вятрамі і бурамі, кіруе ўсім светам. Чаму нам тады баяцца?

Аднак і мы часта заслугоўваем на папрок Пана: Чаму вы такія баязлівыя? Як жа вам не хапае веры! Кожны чалавек павінен прайсці праз буру свайго жыцця. Няма жыцця без цяжкасцяў, без спакусаў, без выклікаў, падобна як няма мора без хваляў.

Чалавек гэта адчуваў заўсёды і адчувае ў наш час. Адчувалі гэта нашы першыя бацькі Адам і Ева, якія не здолелі супрацьстаяць спакусе злога духа нават у раі. Тады яны парушылі Творцам устаноўлены парадак і схаваліся ад Бога, бо баяліся яго, баяліся сваёй духоўнай нагаты.

Наш постмадэрнісцкі свет, не прызнаючы абсалютнай праўды, дазваляе сабе ўсё. Ён з’едліва выказваецца пра Бога, пра яго запаведзі і маральныя нормы. Ён страціў пачуццё граху і сцёр розніцу паміж сумленнасцю i хлуснёй, паміж чысцінёй і духоўным брудам, вернасцю і зменай, праўдай і няпраўдай, справядлівасцю і несправядлівасцю і г.д.

Сучасны чалавек будуе свой дом і сваё шчасце без Бога і нават насуперак яму. Будуе паводле сваіх планаў, якія нязгодныя з Божымі. Будуе з грошай і цялесных задавальненняў, становячыся тым самым нявольнікам матэрыі і грэшных суцехаў. Такое будаўніцтва становіцца праблематычным, бо гэта не будаўніцтва на скале, на моцным падмурку, але на пяску.

Сведчаннем таму з’яўляецца эканамічны і фінансавы крызіз, які нечакана ахапіў увесь свет і з якога пакуль што ніхто яшчэ не можа знайсці выхаду. Пацвярджэннем таму з’яўляюцца новыя праблемы, якіх яшчэ зусім нядаўна не было, або яны не былі так моцна выражаны. Гэта найперш праблемы СНІДу і наркаманіі, самазабойства і тэрарызму, эканамічных злачынстваў і карупцыі. Праблемы, якія прымаюць вялізны размах, — разводы, дэградацыя інстытуту сям’і як Богам устаноўленага адзінага і неразрыўнага саюза мужчыны і жанчыны, аборты, эўтаназія. Праблемы, выкліканыя неэтычным выкарыстаннем дасягненняў навукі, асабліва ў галіне генетыкі. Праблемы амаральнасці ў сродках масавай камунікацыі, кіно, тэлебачанні, радыё, Інтэрнэце, якія ўсё больш і больш авалодваюць розумам і сэрцамі маладых людзей, выхоўваючы іх без сталых маральных прынцыпаў і таму не гатовых прыняць адказнасць за будучае. Усё больш частай праблемай з’яўляюцца так званыя аднарукія бандыты — ігравыя аўтаматы, новая залежнасць нашага часу, як быццам новы наркотык.

5.    Гэтыя і іншыя праблемы сучаснага свету нагадваюць пра тое, што карабель сучаснага жыцця знаходзіцца на моцна бушуючым акіяне XXI ст. і здаецца, што ён гіне, што хвалі ўжо заліваюць яго. І напэўна, не адзн усклікае: Божа, дзе ж ты? Чаму не клапоцішся пра нас ? Ці табе абыякавы наш лёс?

На гэтыя і падобныя пытанні трэба адказаць адным сказам: а ты стараешся дапусціць Бога ў сваё сэрца, каб ён табе дапамог? Езус міласэрны ідзе да нас, благаслаўляе, заклікае да даверу Яму і ўдзелу ў сакрамэнтальным жыцці. А мы? Якімі мы з’яўляемся? Называем сябе хрысціянамі, але ці сапраўды ў паўсюдным жыцці імі з’яўляемся? Можа і ходзім у нядзелю на св. Імшу, але ці ў нашым паўсюдным жыцці прысутнічае Бог? Ці кожны дзень нашага жыцця мы прысвячаем Яму і жывём паводле ягоных запаведзяў? Можа мы нават не адрозніваемся ад няверуючых, хоць і называем сябе хрысціянамі?

Святы Міхал арханёл, калі падняўся на барацьбу са збунтаванымі анёламі, усклікнуў: Хто ж як Бог! З імем Бога ён іх перамог. І мы павінны робіць так жа, ставячы Бога на першае месца.
Напэўна, усё гэта нялёгка. Аднак Езус патрабуе Евангельскага радыкалізму. Мы павінны быць або гарачымі, або халоднымі. Езус не прымае летніх. Наша гутарка павінна быць «так-так» або «не-не». Трэцяга нам не дадзена.

Гэта сапраўды нялёгка. Але трэба памятаць, што ў нашых змаганнях за маральны лад, за ўстаноўлены Богам парадак і гармонію мы не адны. Езус сказаў, што Ён з намі ва ўсе часы. І Ён нам дапамагае праз служэнне Касцёла, які ў сакрамэнце хросту нараджае нас да новага жыцця, узмацняе ў іншых.

Сёння многія з вас прымуць сакрамэнт канфірмацыі, як сакрамэнт хрысціянскай сталасці. Івянец сёння становіцца Пяцідзесятніцай нашага часу. Падобна таму, як Святы Дух змяніў апосталаў з баязлівых на мужных вызнаўцаў Хрыста, так сёння ён змяняе і нас. Трэба толькі дазволіць Яму дзейнічаць у нашых сэрцах, а Ён іх зменіць, каб праз нас змяніць духоўнае аблічча нашай зямлі, што і з’яўляецца ўмоваю будовы шчаслівага жыцця.

6.    Шаноўная моладзь!
Касцёл і ўсё грамадства сёння з надзеяй углядаецца ў вас. Вы марыце быць шчаслівымі. Ваш лёс у вашых руках. Узмоцненыя дарамі Духа Святога, вы павінны стаць евангельскай закваскай нашага грамадства, быць соллю зямлі і святлом свету, каб захаваць яго ад маральнага сапсавання, даць яму смак хрысціянства і асвяціць яго цемру. Таму не бойцеся кінуцца ў абдымкі бязмежнай Божай міласэрнасці як адзінай надзеі сучаснага свету. Бог не памёр, не захварэў, не пайшоў на адпачынак і не спіць. Ён заўсёды дзейнічае і імкнецца дапамагчы чалавеку. Ён здольны суцішыць грахоўную буру нашага часу. Таму з дзіцячай прастатой і са словамі: «Езу, давяраю Табе» ідзіце да Яго. Пастаўце Бога на першае месца ў вашым жыцці. Вы яго дзеці, а Ён —капітан карабля вашага жыцця. Не бойцеся, бо калі Бог з намі, то каго ж нам баяцца? Будзьце ўпэўнены, Ён бяспечна правядзе вас праз усе вашыя цяжкасці, каб у ім вы мелі сапраўднае жыццё і мелі яго ў дастатку, бо хто ж як Бог, які ёсць нашым капітан. А калі Ён з намі, то хто супраць нас? Амэн.
Адноўлена 22.09.2009 14:58
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі