Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Гамілія з нагоды заканчэння перэгрынацыі абраза Езуса Міласэрнага і рэліквій благаслаўлёнага кс. Міхала Сапоцькі

Мінскі касцёл святых Сымона і Алены, 23 жніўня 2009 г.


Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Толькі што мы пачулі ўрывак з Евангелля пра марнатраўнага сына. Малодшы сын патрабуе ў свайго бацькі частку маёмасці, якая належыць яму паводле закона. Бацька згаджаецца, аднак сэрца яго занепакоена. Ён баіцца за свайго маладога сына, які зусім не мае жыццёвага вопыту. На адной з карцін прадстаўлена сцэна адыходу марнатраўнага сына з дому. Занепакоены бацька нешта кажа сыну. Маці ціха плача. Такую сцэну мы можам назіраць і ў наш час, калі дзіця пакідае дом супраць волі бацькоў.

Сталася тое, чаго баяліся бацька і маці. Сын, гаворачы сучаснай мовай, проста прагуляў сваю маёмасць і застаўся без сродкаў існавання. Наняўся працаваць пастухом свіней. Ніхто не шанаваў яго і не прыходзіў з дапамогай. Ён нават павінен быў есці струкі, якія давалі свіням. Аднак гэтая бяда стала для яго ласкай. Ён убачыў, што парабкі яго бацькі жывуць значна лепш за яго, і вырашыў вярнуцца да свайго роднага дому, вярнуцца з пакаяннем і прасіць бацьку прыняць яго працаваць парабкам.

2. Ён думаў, што назаўсёды страціў годнасць дзіцяці і не можа больш называцца сынам. Аднак бацька думаў інакш, бо гэта быў яго сын! Бо нават найгоршы сын заўсёды застаецца сынам. Бацька чакаў яго і ўвесь час углядаўся ў далячынь, ці не вяртаецца дадому.

У Эрмітажы ў Санкт-Пецярбургу знаходзіцца вельмі красамоўная карціна вяртання марнатраўнага сына. Занепакоены, з жалем на твары сын набліжаецца да бацькі. А бацька бяжыць яму насустрэч, бяжыць так хутка, што нават губляе сандаль з адной нагі.

Бацька абдымае і цалуе сына, загадвае прынесці яму найлепшую вопратку, абутак на ногі, пярсцёнак на руку. Гэта нішто іншае як знакі сыноўняй годнасці. Больш за тое, ён кажа падрыхтаваць баль. Трэба весяліцца, бо сын, які духоўна памёр, ажыў.

Таму Евангелле пра марнатраўнага сына з поўным правам можна назваць Евангеллем пра міласэрнага айца.

3. Гэта евангельская гісторыя паўтараецца ў жыцці кожнага чалавека. Яна вучыць нас, што нябесны Айцец ёсць міласэрным Айцом. Яго міласэрнасць бязмежная. Ён заўсёды нас чакае. Мы — ягоныя дзеці, нават тады, калі адыходзім ад Яго. Ён чакае, каб праз сакрамэнт пакаяння, як сакрамэнт Божай міласэрнасці, паяднаць нас з сабою і іншымі людзьмі, і праз гэта вярнуць нам належную годнасць дзяцей Божых, каб мы зноў сталі святынямі Духа Святога.

4. Сярод усіх праяўленняў Божай міласэрнасці першага месца заслугоўвае менавіта цуд адпушчэння грахоў, які Хрыстус здзяйсняе праз святара ў сакрамэнце пакаяння.

Пэўны святар распавёў наступную гісторыю. Да яго на споведзь прыйшоў  чалавек, які ўжо многія дзесяцігоддзі не быў у спавядаўся. Вельмі цяжка яму было гаварыць свае грахі, ён блытаўся, паўтараўся, увесь пакрыўся кропелькамі поту. Святар дапамагаў яму. Калі пэнітэнт завяршыў, то святар хацеў запытацца, ці шкадуе ён за свае грахі. Аднак не запытаўся. Чаму? Бо калі глянуў на гэтага чалавека, убачыў, што ён моцна трымаецца за стулу. Святар зразумеў, што чалавек усю сваю надзею склаў у рукі Езуза Міласэрнага.

Менавіта гэтага чакае ад нас Езус.

5. Яшчэ раз вельмі ўважліва паглядзім на абраз Езуса Міласэрнага, які правандраваў па ўсёй нашай архідыяцэзіі. Езус ідзе ў нашым накірунку. Гэта вельмі важная выснова. Не дастаткова сказаць, што Езус толькі чакае нас, калі мы прыйдзем да Яго. Не! Ён сам спяшаецца да нас і стукае ў дзверы нашых сэрцаў. Спяшаецца, як спяшаўся бацька з прыпавесці пра марнатраўнага сына.

Езус спяшаецца да нас і благаслаўляе нас. Ён нібы кажа: не бойцеся, адчыніце Мне дзверы, упусціце Мяне да вас, а Я дапамагу вам і вылечу хваробы вашай душы.

Езус указвае на два прамяні, якія выходзяць з Яго сэрца — чырвоны і белы. Гэта сімвалы сакрамэнтаў, якія нарадзіліся з прабітага боку Хрыста. Тут мы ізноў бачым заклік Езуса: жыць сакрамэнтальным жыццём, найперш Эўхарыстыяй і сакрамэнтам пакаяння і паяднання, як таямніцамі невыказнай Божай міласэрнасці.

І нарэшце, надпіс: Езу, давяраю Табе! Менавіта ў гэтых словах выказана пажаданне Хрыста, каб людзі ўскладалі сваю надзею найперш не на матэрыяльныя справы, не на прагрэс навукі і тэхнікі, не на прыемнасці зямнога жыцця, але на Божую міласэрнасць. Нездарма Езус кажа, што надзея сучаснага свету ў Божай міласэрнасці.

Нам трэба памятаць пра трывіяльную праўду, што наш Бог — гэта Бог, які не толькі заклікае да навяртання, але найперш з’яўляецца міласэрным.

6. Завяршаецца перэгрынацыя абраза Езуса Міласэрнага і рэліквій нашага благаслаўлёнага земляка кс. Міхала Сапоцькі, які Божым Провідам быў абраны быць спаведніком св. Фаустыны Кавальскай і такім чынам пазнаць таямніцу аб’яўленняў Езуса Міласэрнага. Мы павінны ганарыцца тым, што ён сын нашага народу, што ён нарадзіўся на нашай зямлі, тут узрастаў і ўдасканальваўся для такой адказнай місіі. Пілігрымуючы па нашай зямлі ў сваіх рэліквіях, ён благаслаўляў нас. Благаслаўлёны Міхал Сапоцька — гэта для нас дар і адначасова заданне. Калі ён змог стаць святым, давяраючыся Божай міласэрнасці, то чаму мы не можам стаць святымі?

З завяршэннем перэгрынацыі не павінна завяршыцца наша малітва да Езуса Міласэрнага. Наадварот, культ Божай міласэрнасці павінен яшчэ больш развівацца, каб сапраўды яна стала нашай надзеяй.

7. Езу Міласэрны, праз заступніцтва благаслаўлёнага кс. Міхала Сапоцькі дапамажы нам, людзям XXI стагоддзя, часу таталітарнага секулярызму і лібералізму зразумець сваю нягоднасць і кінуцца ў абдымкі Божай міласэрнасці, падобна марнатраўнаму сыну, які кінуўся ў абдымкі свайго бацькі, каб вярнуць годнасць дзяцей Божых, і, жывучы ідэяй Божай міласэрнасці, асягнууць шчасця вечнага ў небе. Амэн.
Адноўлена 22.09.2009 15:12
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі