Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія кардынала Ёахіма Майснера на заканчэнне перэгрынацыі абраза Езуса Міласэрнага

Паважаныя браты і сёстры!

Адзін з самых вялікіх скарбаў, які Слуга Божы Ян Павел ІІ перадаў усяму свету, — гэта вестка пра міласэрнага Хрыста. Польская сястра законная Фаустына Кавальская, духоўным кіраўніком якой з’яўляўся ваш зямляк кс. Міхал Сапоцька, атрымала гэтую вестку праз дзеянне Духа Святога, згодна са словам Пана: «Што кажу вам у цемры, гаварыце на святле, і што на вуха чуеце, прапаведуйце на дахах» (Мц 10, 27). Вестка пра Божую міласэрнасць пры садзейнічанні сястры Фаустыны была прадстаўлена Святому Айцу і касцёльным уладам. Папа абвясціў пра гэтую вестку з дахаў Паўсюднага Касцёла, напісаўшы энцыкліку «Divеs іn misericоrdia», прысвечаную Божай міласэрнасці, у якой даў тлумачэнне ідэі гэтага культу. «Міласэрнасць» (лац. «misericordia») — азначае мець сэрца, адктрытае для бедных і патрабуючых. Бог жа мае вялікае сэрца для кожнага з нас. Сёння Божая міласэрнасць стала для нас жыццёвым асяроддзем, якое акрэсліваецца двума словамі — Езус Хрыстус. Паспрабуем разам пазнаць і зразумець, «чым ёсць шырыня і даўжыня, вышыня і глыбіня» (пар. Эф 3, 18) гэтага жыццёвага асяроддзя.


1. Глыбіня

Калі я скірую свой позірк уніз, то ўбачу, як Пан, аперазаны палатном, трымаючы ключ у руцэ, кленчыць перада мною і кажа: «Калі не абмыю цябе, не будзеш мець удзелу са мною» (Ян 13, 8). Фундамент нашага хрысціянскага паклікання — гэта служэнне Хрыста нам. Эўхарыстыя азначае, што не мы служым Богу, але перш за ўсё Бог служыць нам. Быць хрысціянінам — гэта не заданне і не абавязак, але вялікая літасць, пакліканне і давер. «Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас» (Ян 15, 16). «Мы любім Бога, бо Ён першы палюбіў нас» (1 Ян 4, 19).

Для чалавека ганарлівага гэта вялікае прыніжэнне жыць, дзякуючы Нечай моцы, і за кожны поспех быць удзячным Некаму. Аднак жа іншай альтэрнатывы няма: «Калі не абмыю цябе, не будзеш мець удзелу са мною» (Ян 13, 8). Вялікае шчасце, што гэта менавіта так! Мы, калі падаем, трапляем на выратавальнае палатно, якое трымае Пан. Мы можам не баяцца ўпасці на гэтае палатно ўсім сваім цяжарам. Да гэтага нас заклікае сам Хрыстус, які трымае распасцёртае палатно, падобна таму, як пажарнікі трымаюць расцягнуты тэнт каля палаючага дома.

Дзе мы шукаем і дзе знаходзім Божую міласэрнасць? Ці сапраўды ў асобе нашага Пана Езуса Хрыста? Паглядзім уніз: Ён пад нашымі нагамі, Ён нясе нас і дазваляе таптаць сябе. На плячах Ён нясе Крыж — гэта мы! Тройчы падае на зямлю, пра што сведчаць трэцяя, сёмая і дзевятая стацыі Крыжовага шляху. Але крыж заўсёды застаецца на Яго плячах, да якіх нібы ўрос сваім моцным цяжарам. Вось фундамент нашага жыцця — Езус Міласэрны. Гэта Ён нясе нас і дапамагае вытрываць у любых цяжкасцях.


2. Вышыня

Скірую свой позірк уверх, убачу аблічча нашага Пана на крыжы. Паміраючы Хрыстус схіляе галаву і кажа: «Сапраўды кажу табе: сёння ж будзеш са Мною ў раі» (Лк 23, 43). На крыжы праяўляецца Божая міласэрнасць. Замест непрыязнасці Хрыста мы бачым Яго любоў да чалавека. У гэтай любові Настаўнік ратуе свайго вучня.

Позірк Хрыста, скрыты пад абалонкай крыві і поту, з’яўляецца магнітам, які на працягу ўсяго жыцця сцеражэ нас ад памылак і прыцягвае да Божай міласэрнасці. Хрыстус адчувае да нас асаблівае ўпадабанне. Толькі той, хто атрымлівае знакі гэтага ўпадабання, стане ўдзельнікам абяцання Хрыста — будзе разам з Ім. Паколькі мы не можам пазбавіцца нашай чалавечай абмежаванасці, міласэрны позірк Хрыста ніколі нас не пакідае. Наследаванне Хрыста адбываецца у полі Яго зроку. Поле зроку Хрыста — гэта месца поўнага даверу, якое вызваляе нас ад мыслення, накіраванага толькі на поспех, вызваляе ад здранцвелага страху перад няўдачамі, а таксама перад спакусай пустога акцыянізму ў хрысціянстве. Вучань, збіўшыся з вернага шляху, трапляе ў поле зроку Хрыста, дзе распачынаецца жыццё поўнае даверу і падзякі таму, на Якога ён скіроўвае свой позірк. Такім чынам, прагнучы адчуць Божую міласэрнасць, вучань кожны дзень ўздымае на малітве свае вочы да Яго.


3. Шырыня

Пагляджу перад сабою, убачу Хрыста, які ідзе мне насустрач, трымаючы ў руках Хлеб і Келіх. Ён кажа: «Калі не будзеце есці цела Сына Чалавечага і піць крыві Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця» (Ян 6, 53). Хрыстус разам з намі ўглядаецца ў наш лёс. Больш таго, Ён аддае сябе ў нашыя рукі і цярпліва чакае нас. Мы стаім перад Ім, Богам, які скрыты ў паламаным хлебе і прысутны ў пралітым віне. Перад тым, Хто настолькі наблізіўся да чалавека, што наш позірк дакрануўся Яго. «А сярод вас стаіць той, каго вы не ведаеце» (Ян 1, 26), — кажа святы Ян Хрысціцель сваім вучням. Мы павінны адказаць на гэту надзвычайную блізкасць Хрыста.

Прыемна быць разам з тым, Хто выбраў цябе, Хто любіць цябе. Цярпець жа разам з тым, Хто нас палюбіў, — гэта сапраўдная падтрымка для нас. Што яшчэ дадае нам адвагі? Гэта ўдзел у бязмернай пакоры таго, Хто стаў хлебам, які лёгка можна паламаць, і віном, якое лёгка можна праліць. Усё гэта дзеля таго, каб толькі быць побач з намі ажно да сканчэння свету. Вось яна — міласэрнасць Бога! — якая ўцелавілася і стала асобаю Езуса Хрыста.

«Для таго, каб стаць маім сябрам, трэба быць вельмі блізка да мяне», — пісаў у сваім дзённіку французскі пісьменнік Леон Блуа. Настаўнік не навязвае сябе вучню, аднак жа і не застаецца бяздзейсным. Нашае жыццё не будзе пустым, калі мы цалкам Яму даверымся. Хрысціянін, дзе жывеш Ты? У Хрысце? У Тым, Хто з’яўляецца ўцелаўлёнай Божай міласэрнасцю? «Бо ў Ім мы жывём, рухаемся і існуём» (Дз 17, 28), — кажа Апостал Павел.


Калі я скірую свой позірк уніз, то ўбачу, як Пан, аперазаны палатном, трымаючы ключ у руцэ, кленчыць перада мною і кажа: «Калі не абмыю цябе, не будзеш мець удзелу са мною» (Ян 13, 8). Гэта — Божая міласэрнасць! Там, унізе, пада мною!

Скірую свой позірк уверх, убачу аблічча нашага Пана на крыжы. Паміраючы Хрыстус схіляе галаву і кажа: «Сапраўды кажу табе: сёння ж будзеш са Мною ў раі» (Лк 23, 43). Гэта — Божая Міласэрнасць нада мною.

Пагляджу перад сабою, убачу Хрыста, які ідзе мне насустрач, трымаючы ў руках Хлеб і Келіх. Ён кажа: «Калі не будзеце есці цела Сына Чалавечага і піць крыві Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця» (Ян 6, 53). Гэта — Божая міласэрнасць перада мною. Таму разам з усім Касцёлам, які няспынна трывае на малітве, мы можам адказаць: міласэрны Божа, дзякуем Табе, што ўчыніў нас годнымі стаяць перад Табою і служыць Табе.

Кардынал Ёахім Майснер
Арцыбіскуп Кёльнскі
Адноўлена 22.09.2009 15:30
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі