Мінскі архікатэдральны касцёл, 11 кастрычніка 2009 г. 1. Сённяшняе Евангелле, хоць і было напісана 2000 гадоў таму, тым не менш з’яўляецца надзённым. Яно закранае вельмі актуальную тэму практычнага матэрыялізму, які ўсё больш і больш праяўляецца ў сучасным свеце. Здаецца, што сёння кожны чалавек толькі і думае аб тым, як хутчэй разбагацець. Імкненне да багацця становіцца дамінуючым. Гэтаму прысвячаецца вучоба, праца, іншыя намаганні. У дадзеным працэсе чалавек нярэдка імкнецца дасягнуць багацця за кошт іншых. Спрыяюць гэтаму і сучасныя працэсы глабалізацыі, якія, з аднаго боку, плённыя, аднак, калі рэалізуюцца амаральна, то вядуць да абагачэння адных за кошт іншых. А колькі так званых мафіёзных «разборак», прычынай якіх з’яўляецца нездаровае імкненне да багацця і якія сеюць няшчасце і нават смерць. Шырокае распаўсюджанне мае карупцыя і г. д.
2. У такой сітуацыі чалавек задае сабе пытанне: а як жыць? Адказ можна знайсці ў выказванні папы Яна Паўла II: без Хрыста чалавек не можа зразумець самога сябе і знайсці адказы на хвалюючыя яго пытанні. Нярэдка людзі напрыканцы свайго жыцця кажуць, што яно ў іх не ўдалося. Варта разабрацца, калі чалавек можа назваць сваё жыццё ўдалым?
Здаецца, што ў наш час кожны ведае, як стварыць удалае жыццё. Колькі ідэалогій, сістэм, метадаў, канцэпцый прапануюць шчасце і поспех. Сучасны свет захапляецца ідэяй чалавека поспеху, жыццёвае шуканне якога злучаецца з магічным словам бізнес. Некаторыя нават ужываюць словазлучэнне: бізнес і Евангелле. Праз гэта яны нібы хочуць сказаць, што ў сваёй працы выкарыстоўваюць сацыяльнае навучанне Касцёла. Сапраўдная бяда распачынаецца тады, калі чалавек пачынае думаць толькі пра матэрыяльны дастатак, не зважаючы на маральныя нормы.
3. Хто ў такой сітуацыі дапаможа? Трэба ісці да Хрыста. Хрысціянін не павінен шукаць вырашэння сваіх праблем па-за Хрыстом, бо Ён з’яўляецца яго найлепшым Настаўнікам. Хрыстус дае новы імпульс нашаму жыццю, дзякуючы якому мы можам яго фармаваць, нават тады, калі нам здаецца, што жыццё падказвае іншае рашэнне. Варта памятаць, што нашы думкі — гэта не думкі Божыя і што хрысціянства не заўсёды прымае тое, што прапануе секулярны свет.
Хрыстус кажа, што нельга служыць двум гаспадарам — Богу і мамоне. Таму і чалавек, які хоча аб’яднаць бізнес і Евангелле, павінен быць вельмі ўважлівым, бо хутка можна ўвайсці ў канфлікт з навукай Евангелля. Нездарма Хрыстус кажа: не клапаціцеся найперш пра тое, што будзеце есці і піць, але шукайце Валадарства Божага. Гэтыя словы трэба зразумець правільна. Хрыстус не кажа, каб мы жылі бедна і галадалі. Ён нават чыніў цуды, каб накарміць галодных. У гэтых словах крыецца дамінанта чалавечага жыцця: дбаючы пра матэрыяльны быт, трэба памятаць, што гэта не мэта нашага жыцця, ён павінен быць сродкам для дасягнення сапраўднай мэты — Валадарства Божага. Таму Езус кажа, што не трэба збіраць скарбаў на зямлі, якія можа моль з’есці ці злодзей украсці. Трэба клапаціцца пра Валадарства Божае, а ўсё іншае будзе дадзена.
4. Таму нам трэба ведаць: тое, што сучасны чалавек называе жыццёвым поспехам, а гэта значыць багацце — гэта толькі дадатак. Найбольш бачна гэта ў хвіліну смерці, калі нават самае вялікае багацце не можа дапамагчы. Тады пачынае дзейнічаць іншае багацце — скарб, назапашаны ў небе, аб чым распавядае сённяшняе Евангелле.
Паміж Хрыстом і багатым маладым чалавекам распачынаецца дыялог. Малады чалавек хоча ведаць, як «атрымаць у спадчыну жыццё вечнае» (пар. Мк 10, 17). Хрыстус кажа: вельмі проста — захоўвай Божы закон, а значыць жыві паводле дзесяці Божых запаведзяў. Малады чалавек адказвае, што заўсёды так чыніць.
На жаль, у сучасным свеце Дэкалог ставіцца пад пытанне і не захоўваецца. Вучань Хрыста павінен ведаць, што гэта варунак, без якога немагчыма ўвайсці ў шчасце вечнае. Тут не можа быць ніякай дыскусіі.
Аднак Езус ідзе яшчэ далей. Ён кажа маладому чалавеку: «прадай усё, што маеш, і раздай убогім. (...) Тады прыходзь і ідзі за Мною» (пар. Мк 10, 21). Тут мы бачым два патрабаванні: прадай усё і ідзі за Мною. Так Хрыстус на крыжы аддаў усё, каб паўстаць з памерлых. Гэтае сцвярджэнне Хрыста вельмі важнае. Хто не бачыць у крыжы змёртвыхпаўстання, той будзе трымаць у руцэ ўсё, што мае, і нікому не аддасць.
На авансцэну сённяшняга Евангелля выходзіць таксама апостал Пётр, які кажа, што Апосталы пакінулі ўсё і пайшлі за Хрыстом. На што Езус адказаў: той, хто пакідае ўсё дзеля Евангелля, атрымае больш ў гэтым жыцці і ў вечным. Тут ізноў мы бачым два патрабаванні: пакінуць усё і атрымаць больш. Яны вельмі моцна прамаўляюць і да сучаснага чалавека.
У адной са сваіх прытчаў Хрыстус кажа, што гаспадар прадае ўсё, каб купіць каштоўную пярліну. У гэтым заключаецца мудрасць свету, як трэба карыстацца матэрыяльнымі каштоўнасцямі, каб праз іх маральнае выкарыстанне атрымаць каштоўную пярліну жыцця вечнага.
Такім чынам, у сённяшнім Евангеллі Езус заклікае да захоўвання Божага закону і да жыцця паводле евангельскіх парадаў. У гэтым павінна заключацца мудрасць свету.
5. Нагадваючы аб тым, што адной з праблем з’яўляецца нездаровае і амаральнае імкненне да багацця, Езус не пакідае нас без надзеі. Ён кажа, што «лягчэй вярблюду прайсці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае» (Мк 10, 25). Здзіўленыя вучні пытаюць: хто ж можа збавіцца? Езус адказвае: тое, што не магчыма для чалавека, становіцца магчымым для Бога. Праўдзівы пункт гледжання на праблему заключаецца не ў тым, ці багаты можа збавіцца, але ў тым, які багаты? Езус прапануе багатым перавесці сваё багацце за мяжу. Не, не ў Швейцарыю, але ў неба.
Няхай сённяшняе Евангелле навучыць нас карыстацца матэрыяльнымі каштоўнасцямі згодна з воляй Божай. У нашым жыцці мы не павінны кіравацца шырока распаўсюджанай сёння думкай, што грошы могуць усё. Сваю надзею мы павінны мець у Богу, які сапраўды можа ўсё. Амэн.
|