Мінская архікатэдра, 20 кастрычніка 2009 г.
Круглая дата ў біскупскім служэнні Мінска-Магілёўскага арцыпастыра з’яўляецца добрай нагодай для таго, каб паразважаць над значэннем яго служэння ў супольнасці Касцёла.
Наступнікі Апосталаў (Apostolorum Successores), біскупы, па Божаму пакліканню праз дар Духа Святога, які сыходзіць на іх падчас біскупскіх пасвячэнняў, былі пастаўлены пастырамі Касцёла. Яны атрымалі заданне, каб у іерархічнай супольнасці з наступнікам Пятра і іншымі членамі Калегіі Біскупаў навучаць, асвячаць і кіраваць Касцёлам.
Тытул наступніка Апосталаў закладзены ў аснову пастырскага служэння біскупа і найбольш трапна акрэслівае яго асобу і місію ў Касцёле. Біскуп, як член Калегіі Біскупаў, якая наследуе Калегіі Апосталаў, асабліва цесна злучаны з Езусам Хрыстом, які надалей выбірае і пасылае ў свет сваіх апосталаў. Біскуп, як наступнік Апосталаў, моцай біскупскага пасвячэння і праз лучнасць у іерархічнай камуніі, з’яўляецца бачным вытокам і гарантам еднасці свайго партыкулярнага Касцёла.
У кнізе Апакаліпсіса мы чытаем, што мур новага Іерусаліма мае дванаццаць падмуркаў, на якіх знаходзяцца імёны дванаццаці Апосталаў (пар. Ап 21,14). Канстытуцыя «Lumen gentium» навучае: «Біскупы з Божай пастановы сталі наступнікамі Апосталаў, як пастыры Касцёла. Хто іх слухае, той слухае Хрыста, хто імі пагарджае, пагарджае Хрыстом і тым, хто паслаў Хрыста».
Біскуп як наступнік Апосталаў атрымлівае неабходную ласку і бярэ на сябе адказнасць за апостальскі характар Касцёла. Каб Евангелле было інтэгральным чынам захавана ва ўсёй вітальнай сіле, Апосталы прызначылі сваімі наступнікамі біскупаў, перадаючы ім місію навучання (Саб. Ват. Канст. «Dei Verbum». ККК, 77–79). Таму біскупы закліканы ва ўсе часы захоўваць і пераказваць Святое Пісанне і перадаваць традыцыю, гэта значыць абвяшчаць адзінае Евангелле і нязменную веру, захоўваючы ў поўнай вернасці навучанне Апосталаў. Адначасова яны абавязаны асвятляць святлом Евангелля новыя праблемы, якія прыносіць зменлівы гістарычны кантэкст (змены у галіне культуры, грамадскага і эканамічнага жыцця, у навуцы і тэхналогіі і інш.). Акрамя гэтага, заданнем біскупаў разам з апосталам Пятром і пад яго кіраўніцтвам, у працяг справы, распачатай папярэднікамі ў біскупстве і з місійнай дынамікай, з’яўляецца асвячэнне людзей і вядзенне іх да Бога.
Кожная супольнасць патрабуе духоўнага пастыра. Кожная супольнасць патрабуе таго, хто будзе крочыць наперадзе па незнаёмай дарозе да канца, стане, як гаворыцца ў Святым Пісанні, правадніком для сляпых, святлом для тых, хто знаходзіцца ў цемры. Патрабуе — выкарыстоўваючы біблейскі вобраз — кагосьці, хто будзе для іх як вогненны слуп у начы і як воблака на працягу дня, служачы сваёй мудрасцю цэламу народу. Супольнасць патрабуе таго, хто адзначаецца мудрасцю і разважлівасцю.
Гэтую патрэбу разумеў Майсей, які, просячы Бога аб наступніку, маліўся так: «О Пане, ад якога залежыць жыццё ўсіх істот, вызнач для кіраўніцтва народам мужа, які б ішоў і вяртаўся першым, выводзіў і прыводзіў людзей, каб супольнасць Пана не заставалася, як статак, без пастыра».
Кіраўнік павінен спаўняць пэўныя ўмовы, мець адпаведныя здольнасці, таму што як пастыр і праваднік ён выяўляе ўладу Бога — адзінага, найвышэйшага і сапраўднага Пастыра чалавецтва. Дзякуючы добра выкананым абавязкам важака авечкі не павінны адчуваць якую-небудзь нястачу: Пан — мой Пастыр, ні ў чым не буду мець нястачы, — чытаем у Святым Пісанні. Пастыр павінен адрозніць тых, якія патрабуюць больш увагі, ад тых, якія патрабуюць яе менш: «Ягняты нясе на сваёй шыі, кормячыя авечкі вядзе лагодна». Павінен быць здольным знайсці загубленых авечак, перавязаць параненых, узмацніць хворых, вартаваць тлустых і моцных (пар. Эзх 34, 14–16). Здольным да справядлівага кіраўніцтва, бо з’яўляецца толькі распарадчыкам, які выступае ад імя Бога.
Падчас святой Імшы мы дзякуем Богу за арцыпастыра, які пасля многіх дзесяцігоддзяў, калі ў Беларусі не было ніводнага біскупа, рупліва павёў статак да Хрыста. Дзякуем і за яго ахвярнае служэнне ў Расіі, а пазней, пасля вяртання, — зноў у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Звяртаемся да Бога ў 20-ю гадавіну той памятнай падзеі на плошчы Святога Пятра ў Рыме, калі тагачасны Папа, цяпер Слуга Божы Ян Павел ІІ, удзяліў біскупскае пасвячэнне нашаму сённяшняму арцыпастыру, просячы аб шматлікіх ласках у служэнні партыкулярнаму Мінска-Магілёўскаму Касцёлу, а таксама Касцёлу паўсюднаму, Адзінаму, Святому і Апостальскаму пад кіраўніцтвам Папы Рымскага Бэнэдыкта ХVI.
|