Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Магістральнага капелана кс. Яна Кош'яра на прыняцце ў Мальтыйскі Ордэн Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча
Мінская архікатэдра, 25 кастрычніка 2009 г.,

Ваша Эксцэленцыя, дастойны арцыбіскуп Мітрапаліт Тадэвуш, шаноўныя біскупы Беларусі, Ваша Высокапраасвяшчэнства Мітрапаліт Філарэт, Вашыя Правасхадзіцельствы прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, акрэдытаваныя ў Беларусі, спадар Упаўнаважаны па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў, прадстаўнікі органаў грамадскай улады Рэспублікі Беларусь і горада Мінска, браты ў святарстве, дарагія браты і сёстры!

Для мяне вялікі гонар звярнуцца да вас са словам на гэтай урачыстай Імшы ў 30-ю нядзелю звычайнага перыяду, падчас якой у наш Суверэнны Рыцарскі Мальтыйскі Ордэн будзе прыняты Яго Эксцэленцыя Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Каштоўнасці і прынцыпы, якімі кіруецца Мальтыйскі Ордэн, з’яўляюцца скарбам усяго чалавецтва. Яны знаходзяць канкрэтнае прымяненне ў гуманітарнай і духоўнай місіі, якую Ордэн здзяйсняе ўжо многія стагоддзі ў больш за сотню краінаў ва ўсіх баках свету на карысць людзей, якія знаходзяцца ў патрэбе, без адрознення паводле веравызнання, колеру скуры ці нацыянальнай прыналежнасці. Мальтыйскія рыцары імкнуцца даваць прыклад дзеля заахвочвання ўсіх хрысціянаў і людзей добрай волі: «Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 40). Менавіта любоў Хрыста нас аб’ядноўвае; менавіта Яго любоў павінна напаўняць наша жыццё і наша гуманітарнае служэнне, робячыся для нас стымулам да аднаўлення вернасці Евангеллю і да ўсё больш велікадушнага прысвячэння сябе дапамозе ўсім патрабуючым. Tuitio Fidei ed obsequium pauperum — абарона веры і пакорнае служэнне бедным — сёння гэтыя словы азначаюць наступнае: дапамагаць найбольш патрабуючым без розгаласу, у цішыні і з адзінаю мэтаю — несці міласэрнасць, дзейнічаць праз рэалізацыю культурных і карытатыўных ініцыятываў, па прыкладзе нашага заснавальніка благаслаўлёнага Герарда і ў адпаведнасці з нашым вызнаннем веры. Служэнне Мальтыйскага Ордэна набыло ўсеагульны характар у часы папы Клімента VII (1523–1534 гг.), які ў 1530 годзе пастанавіў, што Ордэн павінен заўжды займаць нейтральнае становішча ў войнах паміж хрысціянскімі народамі.

Сучасны свет перажывае адзін з парадоксаў, што выклікаюць найбольшую заклапочанасць: сённяшні эканамічны крызіс — гэта толькі надводная вяршыня айсберга, які ўтварыўся ў моры нягод дваццатага стагоддзя. Адзначым, што, з аднаго боку, мы бачым новыя і станоўчыя дасягненні ў сферы эканомікі, навукі і тэхналогіі, але, з другога боку, назіраецца нязменны рост беднасці. Падобнае развіццё падзеяў павінна прымусіць нас задумацца, бо больш чым калі-небудзь нам неабходныя сродкі, з дапамогай якіх можна пераадолець незлічоныя канфлікты паміж рознымі культурнымі, нацыянальнымі і рэлігійнымі пунктамі гледжання. Мы павінны закладваць і развіваць міжнародныя адносіны, заснаваныя на павазе да асобы і на хрысціянскіх прынцыпах суіснавання паміж людзьмі. І сёння мы пасланы дзейнічаць, каб несці падтрымку людзям, асуджаным галадаць на мяжы паміж жыццём і смерцю, а таксама там, дзе разгортваюцца канфлікты. На шчасце, Беларусі гэта не датычыцца.

Сёння нядзеля, якая на лаціне называецца dominica, Dies Domini — дзень Пана, бо гэта дзень змёртвыхпаўстання нашага Пана Езуса Хрыста. Хрыстус уваскрос! Гэтыя словы кожную нядзелю становяцца воклічам надзеі нават у найбольш змрочныя часы нашай гісторыі.

...Аднойчы ў спякотную жнівеньскую нядзелю 1968 г. з цягніка Іркуцк–Масква сышоў малады чалавек. Ён агледзеўся вакол, падышоў да газетнага кіёска і купіў карту Масквы. Хоць гэта можа падацца дзіўным, але і ў той час на адвароце карты былі пазначаны дзеючыя ў горадзе храмы. Малады чалавек знайшоў касцёл святога Людвіка, сеў на метро і паехаў туды. Ён сышоў на станцыі «Лубянка» і праз некалькі хвілін упершыню пераступіў парог аднаго з двух касцёлаў, якія на той час дзейнічалі ў Расіі (другім быў касцёл Маці Божай Лурдскай у Ленінградзе).

Пераступаючы тады парог таго маскоўскага касцёла, малады чалавек яшчэ не ўсведамляў сабе, якую ролю ў ягоным жыцці адыграе гэтая Божая святыня. У касцёле ён убачыў людзей, якія маліліся. Аднак, хоць настаў час святой Імшы, яна не пачыналася. Запытаўшыся ў людзей, чаму не пачынаецца Імша, ён даведаўся, што святар захварэў і трапіў у шпіталь, таму Імшы не будзе. Малады чалавек разгубіўся. Ён тры месяцы правёў у Краснаярску, праходзячы студэнцкую практыку на будове гідраэлектрастанцыі. Гэта значыць, тры месяцы без Імшы, без камуніі, без споведзі. Праўда, ён знайшоў касцёл у Краснаярску, але той быў зачынены. Паехаў у Іркуцк — і там тое самае. Ён думаў, што, можа, у Маскве будзе інакш, але, хоць касцёл і быў адчынены, але Імшы не было. Імшы не было, бо святар быў толькі адзін. Калі ён быў у ад’ездзе або хварэў, не было нікога, хто мог бы цэлебраваць Імшу. Тады малады чалавек паехаў у сваю родную Беларусь, каб знайсці там святара і касцёл. І яму гэта ўдалося. Тым маладым чалавекам быў наш арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Ваша Эксцэленцыя, пяць дзён таму, 20 кастрычніка гг., мінула 20 гадоў з часу Вашага біскупскага пасвячэння як Апостальскага адміністратара ў Мінску. Вы сталі першым біскупам у Беларусі за 60 гадоў. Пазней, пасля 16 гадоў служэння ў Маскве, у Расіі, якое распачалося ў красавіку 1991 г., Вы, Ваша Эксцэленцыя, вярнуліся да свайго народа, які Вас так моцна-моцна любіць.

Палій, які кожны арцыбіскуп носіць у знак сваёй лучнасці з Намеснікам Хрыста, Вы, Ваша Эксцэленцыя, атрымлівалі двойчы. Першы раз — у 2002 г. з рук папы Яна Паўла ІІ як біскуп дыяцэзіі Маці Божай у Маскве, а другі раз — у 2008 г. як пастыр партыкулярнага Мінска-Магілёўскага Касцёла з рук Святога Айца Бэнэдыкта XVI. А сёння, Ваша Эксцэленцыя, наш Суверэнны Рыцарскі Мальтыйскі Ордэн мае гонар прыняць Вас як першага рыцара з Беларусі ў нашыя шэрагі ў якасці Ганаровага Канвентуальнага Капелана.

Беларусь — гэта вялікая хрысціянская краіна, дзе жывуць католікі і праваслаўныя. Тут ёсць таксама юдэйская супольнасць і іншыя невялікія рэлігійныя групы. Няма сумнення ў тым, што пасля абвешчаных Міхаілам Гарбачовым у 1985 г. «перабудовы» і «галоснасці» і пасля падзення ў 1989 г. Берлінскага муру, што адбылося неўзабаве пасля Вашага біскупскага пасвячэння і на што рашучым чынам паўплываў Слуга Божы Ян Павел ІІ, мы перажываем на абшарах Усходняй Еўропы іншыя часы.

Гэта, безумоўна, справядліва і ў адносінах да Беларусі, якая пасля распаду Савецкага Саюза абвясціла сваю незалежнасць, але важна не толькі гэта. Беларусь стала месцам сустрэчы Усходу і Захаду, зямлёю, дзе дзве вялікія хрысціянскія Цэрквы — Каталіцкая і Праваслаўная — жывуць разам і па-братэрску супрацоўнічаюць у справе абвяшчэння Божага Валадарства, у адпаведнасці з пасланніцтвам, атрыманым ад Сына Божага Езуса Хрыста. Маючы плённую падтрымку з боку беларускай дзяржавы і ўсяго народа, яны разам мужна прымаюць выклікі, што пагрозліва паўстаюць перад Еўропаю і ўсім светам.

Вы, Ваша Эксцэленцыя, нарадзіліся тут, на беларускай зямлі, у Адэльску, у каталіцкай сям’і. Мы з Вамі вельмі добра памятаем, як цяжка было вызнаваць сваю веру ў тыя часы, зрэшты, як і перад гэтым, і пасля таго. Цэлыя тры пакаленні, як тры дні смерці нашага Пана Езуса Хрыста. Зусім мала было адчыненых касцёлаў, не хапала святароў, адсутнічала рэлігійная літаратура, дзецям забаранялі хадзіць у касцёл, вернікам чынілі перашкоды ў атрыманні вышэйшай адукацыі і г. д. Гэта быў час, калі асаблівае значэнне набылі словы Хрыста: «Калі Мяне пераследавалі, то і вас будуць пераследаваць. Калі слова Маё захавалі, то і вашае захаваюць» (Ян 15, 20).

Але і падчас дзесяцігоддзяў ваяўнічага атэізму заўсёды жыла надзея. Перадусім гэта былі словы, сказаныя Езусам апосталу Пятру: «Ты, Пётр — скала, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго» (Мц 16, 18). Гэтыя асноватворныя словы заўсёды былі, ёсць і будуць гарантыяй таго, што Касцёл Хрыстовы будзе жыць, нягледзячы ні на якія цяжкасці.

У 1917 г. гэтыя словы Хрыста знайшлі яшчэ адно пацвярджэнне ў фацімскім пасланні. Калі Расія апынулася ў самай вялікай небяспецы на працягу сваёй гісторыі, Дзева Марыя заклікала людзей да малітвы і пакаяння. Гэта была ўмова таго, як пазбегнуць небяспекі. Калі будзеце маліцца і каяцца, Расія будзе збаўлена; калі ж не, прыйдзе вялікі пераслед, пра які Панна Марыя распавяла людзям праз сціплых пастушкоў з Фацімы. Гаворачы пра будучыя цяжкасці, Марыя, тым не менш, не пакінула Расію зусім без надзеі. Яна заклікала да пабожнага ўшанавання яе Беззаганнага Сэрца, кажучы, што ўрэшце яе Беззаганнае Сэрца затрыумфуе і Расія навернецца. Ваша Эксцэленцыя, мы ўпэўнены, што перажываем гэты час у Беларусі, бо, як сказала сястра Люцыя, у святле фацімскага паслання пад словам «Расія» належыць разумець увесь свет, бо грэх не мае нацыянальнасцяў.

Каб пацвердзіць справядлівасць гэтых маіх словаў, дазволю сабе ўзгадаць пра дзве падзеі з нядаўняй гісторыі Беларусі, а менавіта пра візіт у Беларусь Дзяржаўнага Сакратара Яго Святасці кардынала Тарчызіо Бэртонэ, які адбыўся ў мінулым годзе, і пра візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Ватыкан, што праходзіў 27–28 красавіка гг., падчас якога Прэзідэнт наведаў Святога Айца Бэнэдыкта XVI і нашага Вялікага Магістра, Уладнага Князя Яго Найдастойнейшую Высокасць Фра Мэцью Фэсцінга. Разам з Вамі, Ваша Эксцэленцыя, з вамі, Вашы Эксцэленцыі, спадарыні і спадары, браты і сёстры, прысутныя тут, і з усёй Беларуссю я малюся аб тым, каб у Мінск, на гэтую зямлю, дзе сустракаюцца народы і рэлігіі, як найхутчэй прыехаў Намеснік Хрыста, Яго Святасць Бэнэдыкт XVI.

Мальтыйскі Ордэн, які не кіруецца ніякімі палітычнымі мэтамі, па сваёй сутнасці пакліканы развіваць дыялог і сяброўскае супрацоўніцтва паміж усімі народамі і дзяржавамі, а таму заўсёды рабіў, робіць і будзе далей рабіць унёсак у экуменічны дыялог паміж дзвюма Цэрквамі Беларусі. Выразам гэтага сталі таксама афіцыйныя візіты кіраўнікоў гэтых Цэркваў, нанесеныя імі ў Рыме нашаму Вялікаму Магістру. Мне вельмі памятныя як візіт Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, які адбыўся 2 красавіка 2008 г., так і візіт Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, што меў месца 18 лютага 2006 г.

Слушна і дарэчы тут будзе паразважаць аб значэнні і каштоўнасці прыналежнасці да Мальтыйскага Ордэна, які з хрысцінства нарадзіўся і жыве хрысціянствам на працягу стагоддзяў, уносячы ў яго моц веры і любові. Больш за тое, такое разважанне будзе вельмі карысным і нават неабходным, каб не зводзіць уступленне ў Ордэн новых членаў толькі да самой цырымоніі, бо ўжо сама па сабе прыналежнасць да Мальтыйскага Ордэна з’яўляецца гонарам і адрозненнем. Вялікі ўнёсак Ордэна і яго высокіх прадстаўнікоў, а менавіта Вялікага Магістра і Суверэннай Рады, а таксама ўсіх рыцараў, у справу мірнага суіснавання народаў ва ўсім свеце, быў адзначаны нават Святым Айцом Бэнэдыктам XVI падчас аўдыенцыі, удзеленай у чэрвені гэтага года Яго Найдастойнейшай Высокасці Уладнаму Князю і Вялікаму Магістру Суверэннага Рыцарскага Мальтыйскага Ордэна Фра Мэцью Фэсцінгу.

Мальтыйскі Ордэн, які адзіны мае такі ж выключны юрыдычны статус, як і Святы Пасад, на міжнароднай арэне з’яўляецца прызнаным суб’ектам права, які падтрымлівае пастаянныя дыпламатычныя зносіны з дзяржавамі. Беларусь, у сваю чаргу, без дадатковых фармальнасцяў прызнае ўсе тытулы прыналежнасці да Суверэннага Рыцарскага Мальтыйскага Ордэна.

Таму той, хто належыць да Мальтыйскага Ордэна, павінен разумець, што на яго ўскладзены абавязак, які выходзіць далёка па-за межы ганаровасці, набытай у свеце прафесій ці мастацтва. Ён мае перад Касцёлам абавязак пашаны да святых рэчаў і адданасці бедным і прыніжаным. Кожнаму з нас даручана выкананне праграмы, якую найлепш перадае лацінскі выраз нашага дэвізу: Tuitio Fidei ed obsequium pauperum — абарона веры і пакорнае служэнне бедным.

Мальтыйскі Ордэн сваімі каранямі сягае глыбока ў хрысціянскую глебу: ён узнік з мэтаю абароны веры ў тыя часы, калі сэрца хрысціянства, Палестына, знаходзілася пад пагрозаю ператварэння ў чужую зямлю, куды доступ хрысціянам мог быць назаўжды забаронены. І хоць у той час, поўны насілля, меч станавіўся апошнім сродкам абароны, няспынная дапамога пілігрымам і патрабуючым і іх ахова былі выразам вернасці першаму наказу Хрыста, які атаясамліваў сябе з беднымі і прыніжанымі: «Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 40).

Няхай жа абараняе нас святы Ян Хрысціцель, апякун нашага Ордэна, які мучаніцтвам пацвердзіў вернасць сваёй місіі. Няхай дапамагае нам святы Арханёл Міхал, чыё імя перакладаецца Quis ut Deus — «Хто ж, калі не Бог», і які з’яўляецца апекуном і заступнікам Вашай Эксцэленцыі ў Вашым біскупскім служэнні. Няхай добры і міласэрны Бог благаславіць і захавае нас усіх. Хвала Езусу Хрысту! На векі вечныя. Амэн.
 
Ваша Эксцэленцыя, найдастойнейшы Мітрапаліт Тадэвуш, вялебныя біскупы Беларусі, Ваша Высокапраасвяшчэнства Мітрапаліт Філарэт, Вашыя Правасхадзіцельствы члены дыпламатычнага корпусу ў Рэспубліцы Беларусь, спадар Упаўнаважаны па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў, прадстаўнікі органаў грамадзянскай улады Беларусі і горада Мінска, браты ў святарстве, дарагія браты і сёстры, усе прысутныя, цяпер распачынаецца абрад прыняцця.

Ён будзе праведзены Рыцарам Камандорам Суверэннага Рыцарскага Мальтыйскага Ордэна Яго Правасхадзіцельствам Паўлем Фрыдрыхам фон Фурхерам, Паслом названага Ордэна ў Рэспубліцы Беларусь. Ён здзейсніць гэта ў якасці дэлегата Яго Найдастойнейшай Высокасці Уладнага Князя і Вялікага Магістра Суверэннага Рыцарскага Мальтыйскага Ордэна Фра Мэцью Фэстынга.

Абрад будзе праходзіць на лацінскай мове — старажытнай мове Касцёла і Суверэннага Рыцарскага Мальтыйскага Ордэна — і будзе складацца з трох частак:

— першая частка: благаслаўленне рэгалій.
— другая частка: урачыстае абяцанне новапрынятага рыцара.
— трэцяя частка: уручэнне рэгалій і Крыжа.

Адноўлена 25.10.2009 16:29
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі