Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча падчас святой Імшы ў вігілію Нараджэння Пана


Мінск, архікатэдра Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, 24 снежня 2009 г.
Tрансляцыя на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё.

У апавяданні «Парабала на Раство Хрыстова» расказваецца пра чалавека, які жыў вельмі даўно і якому Божае Нараджэнне здавалася толькі нейкай выдумкай. Гэта быў вельмі добры чалавек, аднак ён ніяк не мог паверыць у таямніцу Богаўцелаўлення, хоць яго жонка і дзеці былі вельмі пабожнымі.

У вігілію Божага Нараджэння сям’я збіралася на набажэнства і запрасіла таксама яго. Ён, аднак, адмовіўся, кажучы, што ў касцёле будзе адчуваць сябе нязручна. «Я лепш застануся дома і буду чакаць вас», — адказаў гэты чалавек.

Праз нейкі час пайшоў снег. Чалавек падышоў да акна і назіраў, як у паветры кружацца сняжынкі, апускаюцца на зямлю і паступова засцілаюць яе белаю коўдрай. Ён падумаў: як добра, што пайшоў снег, таму што Божае Нараджэнне — гэта сапраўды светлая ўрачыстасць, а свята заўсёды з’яўляецца нечым радасным. Чалавек адышоў ад акна і зноў вярнуўся да чытання газеты.

Праз некалькі хвілін мужчына пачуў глухі стук у акно, затым ён раздаўся зноў. Падумаў, што, можа, нехта кідае снежкі. Падняўся з крэсла, падышоў да вакна і здзіўлена ўбачыў, што стая птушак б’ецца ў акно.

«Яны, напэўна, шукаюць цяпла», — падумаў чалавек. Успомніў пра хлеў. Адзеўся, выйшаў на падворак, адчыніў у хляве дзверы і запаліў святло. Птушкі, аднак, не паляцелі ў хлеў. «Хлеб прывядзе іх сюды», — сказаў чалавек сам сабе. Пайшоў у дом, узяў хлеб і пасыпаў заснежаную сцежку, якая вяла да хлява. Аднак птушкі не ляцелі туды. Чалавек махаў рукамі, зваў птушак — усё надарэмна. Яны лёталі ў розных накірунках, аднак толькі не ў хлеў.

«Цікава, — сказаў чалавек сам сабе, — ніяк не магу даць рады з гэтымі птушкамі. Калі б я быў птушкай, то ўвёў бы іх у цёплае месца».

У гэты момант пачалі біць касцёльныя званы. Чалавек, услухоўваючыся ў іх звон, што абвяшчаў радасную вестку Божага Нараджэння, задумаўся. Потым нечакана для самога сябе ўпаў на калені і прашаптаў: «Цяпер я разумею, Божа, навошта Ты скіраваў да мяне гэтых птушак».

Дадзенае апавяданне мае вялікае духоўнае значэнне. Птушка любіць свабоду. Для яе няма межаў. Яна лётае куды захоча і калі захоча. Яе не заўсёды можна заманіць. Таму гэтае апавяданне з’яўляецца прыгожым тлумачэннем таго, што ёсць многа шляхоў, па якіх Бог прыходзіць да чалавека.

Праз Стары Запавет, які быў даны Выбранаму Народу праз Майсея на Сінайскай гары, Бог з’яднаўся з чалавекам.

Аднак чалавек парушаў Запавет. Таму, калі прыйшла поўня часу, Бог заключыў з чалавекам Новы Запавет. Дзеля гэтага Ён сам стаў чалавекам і праліў сваю кроў, каб мы прынялі запрашэнне быць Яго сынамі і дочкамі.

Такім чынам, Езус Хрыстус стаў кульмінацыйным пунктам дзейнасці Бога на шляху да чалавека. Таму св. Ян, апостал, кажа: Слова сталася целам і пасялілася між намі, і бачылі мы славу Ягоную (пар. Ян 1, 12).

«Цяпер я разумею, Божа, чаму Ты так зрабіў!»

Гэтыя словы з «Парабалы пра Раство Хрыстова» нагадваюць пра тое, што Бог павінен быў учыніць так, як Ён учыніў: павінен быў стаць чалавекам дзеля нас і нашага збаўлення, нягледзячы на тое, што чалавек не заўсёды быў Яму верны. Таму Божае Нараджэннне ў пэўным сэнсе з’яўляецца Божым ўсведамленнем таго, што Ён хоча, каб мы былі Ягонымі, што Ён нас любіць і ніколі не пакіне. Гэта свята, праз якое Бог спадзяецца, што чалавек зверне на Яго ўвагу. Нездарма ў Пасланні да Габрэяў гаворыцца: «Шмат разоў і па-рознаму прамаўляў калісьці Бог да айцоў нашых праз прарокаў, у гэтыя апошнія дні прамовіў да нас праз Сына».

Хоць чалавецтва ўжо больш за 2000 год жыве праўдай Богаўцелаўлення і Адкуплення, аднак, падобна як і ў часы Старога Запавету, адварочваецца ад Бога і жыве нават так, як быццам Бога зусім няма. Часта мы падобны да таго чалавека з апавядання пра Божае Нараджэнне. Мы не верым у Бога, а верым, што прагрэс чалавецтва зробіць нас шчаслівымі. У той жа час мы бачым, што з прагрэсам з’яўляюцца новыя праблемы. Пра гэта сведчыць, напрыклад, вельмі небяспечнае пацяпленне клімату, дэмаграфічны спад, крызіс сям’і, наркаманія, пандэмія СНІДу, імкненне да абсалютнай свабоды без адказнасці, карупцыя, тэрарызм, лакальныя войны і г.д.

Голас званоў дапамог чалавеку з апавядання пазнаць праўду пра Богаўцелаўленне. Няхай жа Бэтлеемская зорка, магутны гімн «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі», спеў калядаў, Немаўлятка Езус у батлейцы і святочны настрой дапамогуць нам абудзіцца са сну нашага нявер’я і абыякавасці.

Таму дазволім сёння Хрысту прамовіць да нас і прыйсці ў нашыя сэрцы, каб яны абагавіліся, а нашая радасць была поўнай.

Са святам, дарагія браты і сёстры!
Радасці, шчасця, Божага благаслаўлення ўсім вам!
 

Адноўлена 24.12.2009 14:33
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі