Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча падчас святой Імшы на заканчэнне 2009 года |
Глыбокапаважаныя браты і сёстры! 1. З кожнай хвілінай мы набліжаемся да завяршэння 2009 года Пана. Ужо зусім хутка ён стане ўласнасцю гісторыі. А мы распачнём Новы 2010 год. Падчас гэтай святой Імшы, апошняй у годзе, што набліжаецца да завяршэння, мы жадаем падзякаваць Богу за ўсе дары і ласкі, якімі Ён адарыў нас, перапрасіць Яго за нашу нявернасць і папрасіць благаслаўлення на новы час. Новы год — гэта заўсёды новыя надзеі, і таму мы хочам распачаць яго ў Імя Пана. 2. Новы Год — гэта адзінае свята, якое разам адзначае ўвесь свет, веруючыя і няверучыя. Хоць у некаторых, асабліва ва ўсходніх краінах, ёсць свой каляндар, аднак і яны не цураюцца адзначаць Новы год 1 студзеня. Гэта асабліва відавочна ў наш час глабалізацыі. Новы Год — гэта таксама найстарэйшае свята на зямлі. Першыя звесткі аб яго святкаванні, якія вядомы чалавецтву, — гэта 5 тысяч гадоў таму. Старажытныя рымляне ў Новы год зрывалі галінкі са святых дрэваў і адорвалі імі адно аднаго з пажаданнямі шчаслівага Новага года. Пазней у рымлянаў з’явіўся звычай абменьвацца ў гэтае свята манетамі з выявай бога Януса. Назва першага месяца года паходзіць менавіта ад імя гэтага міфічнага бога. На лацінскай мове студзень гучыць як Januarius, на англійскай — January. Цікава, што бог Янус меў два твары: адзін твар глядзеў назад, другі — уперад. Менавіта таму бог Янус і стаў сімвалам Новага года, калі чалавек, як і мы цяпер, глядзіць назад — на адыходзячы год, з падзякай за яго, і заглядвае ўперад — у Новы год, пытаючыся ў сябе, якім ён будзе. 3. Аглядаючыся назад, мы даём ацэнку часу, які перажылі. Гэты 2009 год, які ўжо набліжаецца да завяршэння, па-рознаму будуць ацэньваць палітыкі, эканамісты, навукоўцы, спартсмены, рэлігійныя дзеячы і г.д. Аднак гэты год усім запомніцца як год жорсткага фінансавага крызісу, які закрануў і нашу краіну. Мы будзем узгадваць яго як год прыняцця Беларусі ва ўсходняе партнёрства, пашырэння кантактаў з Захадам, а асабліва з Еўрасаюзам. Для Каталіцкага Касцёла адыходзячы год быў часам значных падзей. Асаблівае духоўнае значэнне мела перэгрынацыя абраза Езуса Міласэрнага і рэліквій нашага земляка благаслаўлёнага кс. Міхала Сапоцькі па ўсіх парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Перэгрынацыя стала сапраўднымі дыяцэзіяльнымі рэкалекцыямі. Вялікае значэнне мелі канферэнцыі, прысвечаныя Божай міласэрнасці, сям’і і евангелізацыі ў сучасных абставінах секулярызму. Немагчыма не ўзгадаць і ўрачыстасці ў Будславе. Пілігрымкі з розных дыяцэзій Беларусі ў нацыянальны санктуарый не толькі прынеслі духоўны плён самім пілігрымам, але таксама сталі вельмі добрым хрысціянскім сведчаннем для многіх нашых суайчыннікаў. Вельмі важнае значэнне мелі каранацыі папскімі каронамі цудоўных абразоў Маці Божай у Тракелях і Браславе, а таксама асвячэнне першага пасля амаль 125 гадоў касцёла ў Віцебску. Кульмінацыйным пунктам 2009 года стаў візіт ad limina беларускіх біскупаў у Апостальскую Сталіцу, які адбываўся 11–17 снежня, і стаў вялікім перажываннем паўсюднасці Касцёла і лучнасці з наступнікам святога апостала Пятра — Бэнэдыктам XVI. Візіт стаў унікальнай магчымасцю распавесці пра сітуацыю Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, пра яго дасягненні і праблемы, а таксама задаць пытанні адносна актуальных пастырскіх праблем і атрымаць адказы і парады. Асабліва важным стала пасланне папы Бэнэдыкта XVI да беларускіх біскупаў, якое вызначыла накірункі пастырскай дзейнасці на бліжэйшы час. Святы Айцец падкрэсліў неабходнасць евангелізацыі і катэхізацыі. Гэтае заданне, як адзначыў, ускладзена не толькі на святароў і кансэкраваных асобаў, але таксама з’яўляецца абавязкам усіх вернікаў. У звароце да беларускіх біскупаў Папа таксама ўзгадаў візіт Прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Лукашэнкі ў Ватыкан і ўдзеленую беларускаму лідэру аўдыенцыю, што гаворыць аб развіцці дыялога паміж Беларуссю, Ватыканам і Каталіцкім Касцёлам. 3. Такім чынам, падсумоўваючы ўсе падзеі адыходзячага года, нам ёсць за што падзякаваць Богу, каб з новай надзеяй распачаць Новы год. З гэтай нагоды дазвольце прадставіць вашай увазе некаторыя прапановы. Перш за ўсё мы павінны нечаму навучыцца з адыходзячага года. Якім жа павінен быць першы ўрок? У адной кінастужцы распавядаецца пра ўжо даволі старога чалавека, які прызнаецца, што нарэшце пазнаў, што Бог ёсць, і гэты Бог — не ён сам. Вельмі патрэбная і актуальная на наш час навука. Сучасны чалавек вельмі часта жыве так, як быццам Бога няма, і нават сябе ставіць на Яго месца. Бог ёсць, і мы не з’яўляемся багамі. Па-другое, нельга браць з сабой смецце адыходзячага года. Адна жанчына пераязджала на новую кватэру. Людзям, якія перавозілі яе рэчы, яна сказала забіраць усе. Яны зразумелі яе літаральна і перавезлі ўсё. У новым памяшканні аказаліся старыя, нікому не патрэбныя рэчы: газеты, пустыя бутэлькі і г.д. Мы не можам браць ўсяго з сабой у Новы год. Таму ўважліва паглядзім, ці няма там духоўнага смецця — грахоў, дрэнных звычак або занядбанняў. І нарэшце, давяраючы сябе Нованароджанаму Пану, які ажыццявіў мару чалавецтва і збавіў яго, з надзеяй увойдзем у Новы год, увойдзем як любячыя адно аднаго браты і сёстры, каб мы маглі заўсёды жыць у святле вечна жывога і актуальнага Евангелля, як гарантыі шчасця на гэтай зямлі і ў вечнасці. Амэн. |
Адноўлена 31.12.2009 13:58 |