Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ва ўрачыстасць Хросту Пана |
Быць вернымі свайму пакліканню Мінская архікатэдра, 10 студзеня 2010 г.
Глыбокапаважаныя браты і сёстры! 1. Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Хросту Езуса Хрыста. Евангелле распавядае пра тое, як Езус прыйшоў на бераг Ярдана, дзе св. Ян хрысціў народ. Натхнёны Духам Святым, у Езусе ён пазнаў Месію і паказаў Яго людзям як баранка Божага, які бярэ на сябе грахі свету. Езус жа, у сваю чаргу, просіць Яна, каб ахрысціў Яго. Езусу не патрэбны быў хрост, бо Ён — Бог. Аднак Езус прымае хрост з рук Яна Хрысціцеля, каб пасля распачаць сваю публічную місію абвяшчэння Евангелля. Падобна і з чалавекам: спачатку ён нараджаецца фізічна — з улоння сваёй маці, затым жа духоўна — падчас хросту, які ўводзіць яго ў касцёльную супольнасць, каб ён стаў членам Касцёла, мог дзейнічаць у ім публічна і прымаць удзел у сакрамэнтах. У Хросце Езуса ўдзельнічала ўся Найсвяцейшая Тройца: Езус, які хрысціўся; Дух Святы, які паказаўся ў вобразе голуба; Бог Айцец, голас якога прамовіў з неба: Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я (пар. Лк 3, 22). Некалькі дзён таму, 6 студзеня, мы адзначалі ўрачыстасць Аб’яўлення Пана або Трох Каралёў. Гэтае свята падкрэслівала, што Сын Божы прыйшоў на зямлю да ўсіх людзей, каб іх збавіць. Сённяшняя ўрачыстасць Хросту Пана — гэта таксама Яго аб’яўленне, эпіфанія, бо дзякуючы св. Яну Хрысціцелю Езус быў аб’яўлены людзям як доўгачаканы Збаўца. 2. Мы, якія былі ахрышчаны будучы немаўлятамі, не памятаем свайго хросту. Аднак, напэўна, многія з нас прысутнічалі падчас абраду хросту іншых дзяцей. Хрост Езуса, пра які распавядае сённяшняе Евангелле, не падобны да таго хросту, які мы бачым у нашых касцёлах. Там не было плачу дзяцей. Не было заклапочаных бацькоў і хросных. Не было родных і блізкіх, галоўным заданнем якіх, як здаецца, з’яўляецца зрабіць добры здымак. Вядома, што Хрост Езуса ў Ярдане сам па сабе быў здарэннем экстраардынарным, бо стаў пачаткам Яго публічнай дзейнасці. Калі да гэтага дадаць з’яўленне голуба, у абліччы якога аб’явіўся Дух Святы, і голас Нябеснага Айца, то, здаецца, хросты, якія адбываюцца ў нашых святынях, не маюць нічога надзвычайнага. Аднак, і гэта трэба падкрэсліць асабліва, той самы Дух Святы, які сышоў на Езуса падчас Яго хросту, сыходзіць і на нас. А Бог Айцец кажа таму, хто прымае хрост: ты Мой сын умілаваны, Я ўпадабаў цябе. Чалавек быў створаны па вобразу і падабенстве Божым. Аднак праз першародны грэх ён страціў годнасць дзіцяці Божага. І толькі дзякуючы ласцы сакрамэнту хросту ён нанава ўваходзіць у сям’ю Божую, становіцца яго дзіцём. Сапраўды, дзякуючы сакрамэнту хросту мы ўваходзім у Божае жыццё праз намашчэнне Духам Святым, тым самым, які намасціў Езуса ў Галілеі. Бог Айцец, чынячы нас сваімі дзецьмі, дае нам тыя ж дары, якія Ён даў свайму Сыну падчас хросту ў Ярдане. Самыя вялікія з іх — гэта моц Духа Святога і тое, што Бог трымае нас у сваіх любячых руках. Быць у руках Божых не азначае, што нас заўсёды чакае поспех, здароўе і бяспека. Гэта фальшывае ўяўленне любячых рук Бога, якое часта прадстаўляецца нам харызматычнымі евангелістамі, што запаланілі экраны тэлевізараў, а таксама ў спартыўных і канцэртных залах: «Навярніся да Бога, і ты атрымаеш аздараўленне ад невылечнай хваробы або твае даходы падвояцца». Нам трэба памятаць, што калі мы ахрысціліся ў жыццё Езуса Хрыста, то адначасова ахрысціліся і ў Яго цярпенні, смерць і ўваскрасенне. Хрысціянін — гэта чалавек, падобны да іншых, аднак ён жыве ў гэтым свеце паводле Божага закону. Падчас хросту мы атрымалі запаленую свечку, якая сімвалізуе святло Хрыста. Таму нам трэба быць святлом свету і соллю зямлі, каб свяціць у яго цемры і захаваць яго ад маральнай сапсаванасці. 3. Каб мы маглі выканаць гэтае заданне, мы павінны быць моцныя духам. Касцёл не пакідае нас адных, каб мы разлічвалі толькі на свае слабыя чалавечыя сілы, — Ён прыходзіць з дапамогай у сакрамэнтах. Сёння, ва ўрачыстасць Хросту Пана, у мінскай архікатэдры цэлебруецца сакрамэнт канфірмацыі — сакрамэнт хрысціянскай сталасці, у якім мы атрымліваем дары Духа Святога. Касцёл хоча бачыць у нас сталых людзей, такіх, як св. Ян Хрысціцель, які не быў падобны да трысціны, якая хістаецца ад ветру, але заўсёды заставаўся верным свайму пакліканню — быць голасам Бога ў духоўнай пустыні. Сакрамэнт канфірмацыі, разам з хростам і Эўхарыстыяй, уваходзіць у сукупнасць «сакрамэнтаў хрысціянскага пасвячэння», адзінства якіх павінна быць захавана. Таму, як навучае Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, прыняцце сакрамэнту канфірмацыі неабходна для ўвянчання ласкі хросту. І сапраўды, праз сакрамэнт хрысціянскай сталасці сувязь ахрышчаных з Касцёлам удасканальваецца, яны ўмацоўваюцца моцаю Духа Святога, каб словам і чынам распаўсюджваць і бараніць хрысціянскую веру, як сапраўдныя сведкі Хрыста. 4. У сучасным духоўна параненым свеце з яго выклікамі і праблемамі гэта вельмі нялёгкае заданне. Надыходзіць час, калі мы, як Езус, будзем знаходзіцца на крыжы, пакінутыя ўсімі і нават праклятыя. Нашай «кальварыяй» можа стаць штодзённае жыццё, праца, вучоба, праблемы ў сям’і, хвароба і іншыя жыццёвыя цяжкасці і выпрабаванні. Аднак, незалежна ад таго, дзе можа быць наша «кальварыя», мы павінны дазволіць Богу заўсёды трымаць нас у Яго руках, бо Ён хоча нам дабра. Дары Духа Святога, якія мы атрымліваем, лечаць нашы духоўныя хваробы і робяць нас сапраўды свабоднымі, каб мы жылі ў праўдзе Хрыста. Таму сёння, атрымліваючы дары Духа Святога, мы павінны запытацца ў сябе: якім чынам мы можам з большай адказнасцю адносіцца да атрыманых ласкаў? Сакрамэнты хросту і канфірмацыі не дзейнічаюць аўтаматычна. Гэта не вакцынацыя супраць грыпу, якая, дарэчы, таксама не заўсёды дапамагае. Моцаю Духа Святога мы кожны дзень павінны ўзрастаць у сваім рэлігійным жыцці. У адным апавяданні расказваецца пра тое, як няня вырашыла ахрысціць даверанае яе апецы дзіця. Выпала добрая нагода: непадалёку знаходзіўся пілігрымуючы прапаведнік. Яна прывяла дзіця на раку, дзе прапаведнік хрысціў. «Ціт, ты быў ахрышчаны?» — спытаў прапаведнік. «Што гэта такое?» — прамармытаў хлапец. «Калі я ахрышчу цябе, ты будзеш здольны ўвайсці ў Божае Валадарства. Ты будзеш абмыты з тваіх цярпенняў у рацэ і станеш удзельнікам сапраўднай ракі жыцця. Ці хочаш ты гэтага?» «Так, — адказаў хлопчык, — але тады я не прыйду дадому, бо я патану». «Ты больш не будзеш такім, якім быў перад хростам, — сказаў прапаведнік. — Ты гэта зразумееш». Тады прапаведнік апусціў хлопчыка ў ваду, прамовіў формулу хросту і падняў дзіця ўверх. Вочы хлопчыка былі цёмнымі. Прапаведнік запытаўся: «Ці ты разумееш цяпер тое, чаго не разумеў да гэтага?». Падчас хросту і канфірмацыі Касцёл задае нам пытанне: «Ці ты разумееш?». Гэтае «разуменне» — гэта не што іншае, як дар і адказнасць. Заданне быць чалавекам, які «разумее», азначае ўчыніць наш хрост і канфірмацыю рэальнасцю штодзённага жыцця. Тады мы сапраўды будзем умілаванымі сынамі і дочкамі Бога, якіх Ён упадабаў. Амэн. |