Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча ў мінскай архікатэдры ў V Звычайную нядзелю, Год С


7 лютага 2010 г.


Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Евангелле, якое мы толькі што пачулі, распавядае пра цудоўны ўлоў рыбы на возеры Генэзарэт. Пётр і іншыя рыбакі ўсю ноч лавілі рыбу, аднак, нічога не злавіўшы, сталі паласкаць сеткі. Да Езуса падступаў натоўп, каб паслухаць Яго. Таму Ён увайшоў у лодку Пятра і пачаў прапаведваць з яе, каб людзям было лепш Яго чуваць. Скончыўшы, Езус сказаў Пятру выплысці на глыбіню. Пётр быў прафесіянальным рыбаком і ведаў, калі можна лавіць рыбу, а калі не. І менавіта таму кажа, што яны лавілі рыбу ўсю ноч і нічога не злавілі: аднак на Яго слова (гэта азначае на прапанову Езуса), ён выплыве на глыбіню. І стаўся цуд: яны злавілі так многа рыбы, што рваліся сеткі і нават трэба было клікаць супольнікаў на дапамогу.

2. Пётр, бачыўшы ўсё гэта, усклікнуў: адыдзі ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны. Пётр не адчуваў сябе годным знаходзіцца побач з Езусам. Ён не мог зразумець, чаму Езус знаходзіцца менавіта ў яго чаўне, у чаўне грэшнага чалавека. Больш таго, ён не мог зразумець, што Езус выкарыстоўвае яго човен, каб учыніць цуд.

Пётр не мог зразумець, што спатканне чалавека з Богам адбываецца ў рэальным жыцці, нават калі гэта жыццё грэшнае. Пётр просіць Езуса адысці, але Ён не адышоў і застаўся з Пятром. У сваім жыцці Пётр учыніў яшчэ шмат іншых грахоў. Аднак ён будзе шкадаваць за ўчыненае, каб вярнуцца на шлях узрастання да святасці.

3. У рэальным жыцці кожны чалавек жыве ў нейкай напружанасці паміж тым, што «ёсць» і што «павінна быць». Трэба ўсвядоміць сабе, што на такім шляху існуюць дзве небяспекі, дзве экстрэмальныя рэчы. Адна заключаецца ў тым, што чалавек затрымліваецца на тым, што «ёсць» і чаго ён дасягнуў, не змагаецца з цяжкасцямі, прыстасоўваецца да духу гэтага свету. Адным словам — плыве па цячэнні, жыве так, як жывуць усе іншыя, жыве філасофіяй натоўпу. Ён нават адмаўляецца думаць аб тым, «як павінна быць», і што ў яго жыцці можа быць інакш.

Другая нябяспечнасць заключаецца ў адхіленні ад таго, што «ёсць», гэта значыць ад рэальнасці, і сканцэнтраванні сваёй увагі на імкненні да жыцця ў такім свеце, які «павінен быць», — свеце створанай у марах дасканаласці. Гэта памылка тых, хто недаацэньвае рэальных акалічнасцяў жыцця.

4. З пункту гледжання сённяшняга Евангелля, акцэптацыя таго, што ёсць у рэальным жыцці, з’яўляецца яго падмуркам. Бог прысутнічае ў рэальным жыцці, у такім свеце, які існуе, у тым, які «ёсць»; а тое, як «павінна быць», існуе толькі ў ідэальным, у марах. Таму прыняты ў духу Евангелля рэалізм жыцця выключае многія прычыны да незадавальнення.

У той жа час, той, хто жыве ў свеце ідэалаў, заўсёды мае прэтэнзіі да ўсяго і да ўсіх. Бацькі, настаўнікі, выхавацелі, Бог, Касцёл, пробашч, улада, урач, хлеб, мяса, малако, тэлебачанне, радыё, інтэрнэт, камунальныя службы і г.д. не з’яўляюцца такімі, якімі павінны быць. Нішто і ніхто не з’яўляецца такім, якім павінен быць. У такой сітуацыі ўзнікае абурэнне і шматлікія прэтэнзіі да ўсяго свету і нават да Бога.

5. Зусім інакш выглядае сітуацыя чалавека, які прымае рэальнасці жыцця. Ён ведае, што трэба прыняць такіх бацькоў, урачоў, пробашчаў, якія яны ёсць, і выкарыстаць гэта ўсё для ўдасканалення сябе і тых, хто побач з намі. Няма на свеце дасканалых людзей ці супольнасцяў. Аднак з гэтага не вынікае, што ў такім свеце няма Бога і нельга стаць дасканалым.

Адзін малады чалавек вельмі добра ведаў, што азначае быць здаровым. Калі б ён звяртаў увагу на свае захапленні і маладосць, то мог бы стаць выдатным спартсменам. Аднак ён ведаў, што ніколі не выйдзе на спартыўную пляцоўку, бо быў інвалідам. Ён перажыў цяжкія гадзіны і дні мараў і бунту. Доўга не мог прыняць таго, «як ёсць», і хацеў, каб было так, «як павінна быць».

Аднак аднойчы ён зразумеў, што жыццё ў свеце «як павінна быць» з’яўляецца падманам самога сябе. Ён зразумеў, што яго светам ніколі не будзе спаборніцтва на стадыёне, аднак ім можа быць будаўніцтва мастоў паміж людзьмі. Хвароба не можа перашкодзіць яму ў гэтым. Пачаў арганізоўваць свой свет. Пачаў чытаць добрыя кнігі, вучыўся, навязаў кантакты па карэспандэнцыі з падобнымі да сябе хворымі людзьмі. Ішлі гады, ён атрымліваў усё больш і больш лістоў. Да яго пачалі прыходзіць людзі, прасілі паразмаўляць з імі, падзяліцца сваім вопытам, даць параду.

Гэта ўсё нагадвае пра тое, што калі гэты малады калека прыняў рэальнасць гэтага свету, то адкрыў у ім вялікае багацце. Ён прайшоў глыбокі крызіс веры, які абапіраўся на прэтэнзіі да Бога, што ён не зусім здаровы. Яго сэрца напоўніў Бог і Евангелле. У рэалізме свайго калецтва адкрыў прысутнасць Хрыста.

6. Так і мы не павінны толькі наракаць на цяжкасці рэальнага жыцця. Трэба памятаць, што Бог ёсць паўсюль, Ён ёсць у тым, «што ёсць», а не толькі ў тым, «што павінна быць». Наша сустрэча з Ім магчыма нават тады, калі мы разам з Пятром скажам: адыдзі ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны. Сын Божы стаўся чалавекам, прыйшоў на гэту грэшную зямлю, каб праз сваю прысутнасць ачысціць яе. Лекар патрэбны не здароваму, а хвораму. Так і Езус заўсёды ёсць з грэшнікамі, каб іх вылечыць ад хваробы граху. Гэта значыць, што мы не застаемся сам-насам. Нам трэба толькі адгукнуцца на словы Хрыста. Трэба адплысці на глыбіню нашага духоўнага жыцця, каб яно было плённым.

«Duc in altum» — «Адплыві на глыбіню». З такім заклікам да свету звярнуўся Слуга Божы Ян Павел II на пачатку трэцяга тысячагоддзя хрысціянства. Недастаткова плёскацца на мелі нашага духоўнага жыцця, але трэба адплыць на глыбіню. Можа, мы, як Пётр, не зразумеем гэтага, аднак прымаючы абставіны рэальнага, часта маральна сапсаванага свету трэба адплысці. Бо толькі тады нашае жыццё прынясе плён, за які мы атрымаем карону жыцця вечнага. Амэн.

Адноўлена 08.02.2010 16:46
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі