Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі з Люрда

Мінская архікатэдра, 11 лютага 2010 г.

Дарагія браты і сёстры, асабліва хворыя!

1. Сёння Каталіцкі Касцёл успамінае Маці Божую з Люрда. Люрд сёння вядомы ва ўсім свеце. Але так было не заўсёды. Гэтае месца стала вядомым дзякуючы аб’яўленням святой Марыі, якія адбыліся ў 1858 г. 

Як вядома, другая палова XІХ стагоддзя адзначылася невядомым да гэтага тэхнічным прагрэсам. Многія кажуць, што гэта была сапраўдная тэхнічная рэвалюцыя. Як кожная рэвалюцыя, гэты тэхнічны бум меў як пазітыўныя, так і негатыўныя наступствы. Нарастаў канфлікт паміж працоўным класам і працадаўцамі, паміж багатымі і беднымі, паміж навукай і верай. Акрэслілася тэндэнцыя лібералізму ў маральных справах. У такіх абставінах Касцёл не мог маўчаць. І тады благаслаўлёны папа Пій IX у 1854 г. абвясціў дагмат аб Беззаганным Зачацці Марыі. Ён падкрэсліў, што моцаю будучых заслугаў Хрыста Марыя, як Маці Збаўцы, была вызвалена ад першароднага граху. Абвясціўшы гэты дагмат, найвышэйшы касцёльны аўтарытэт заклікаў вернікаў да цнатлівага жыцця, імкнення да святасці, духоўнага здароўя ў свеце, які пачынаў маральна загніваць.

Праз чатыры гады каля падножжа французскіх Пірынеяў у Люрдзе малой дзяўчынцы Бэрнардэце Субіру, якая пайшла па хвораст, каб напаліць печку, з’явілася Марыя. Зачараваная відовішчам падчас аднаго з такіх аб’яўленняў, дзяўчынка запыталася ў вельмі прыгожай Панны, хто яна. Пані адказала: я — Беззаганнае Зачацце. Такім чынам само неба праз Марыю пацвердзіла праўду нашай веры пра Беззаганнае Зачацце.

Марыя падчас аб’яўленняў Бэрнардэце Субіру заклікала да малітвы, асабліва ружанцовай, да пакаяння і навяртання. Яна таксама паказала месца, дзе трэба разграбсці зямлю, каб там паказалася вада. Гэта было не што іншае, як крыніца з гаючай вадой, якая б’е да сённяшніх дзён. Так распачалася гісторыя найбольш вядомага ў свеце санктуарыя Божай Маці.

Кожны год каля 6 мільёнаў чалавек прыбывае туды з надзеяй вылечыцца ад хваробы. Найчасцей людзі шукаюць здароўя цела, але не толькі — яны таксама шукаюць здароўя душы. За мінулыя больш за 150 гадоў ад часу аб’яўленняў Божай Маці ў Люрдзе Касцёл пацвердзіў каля 80 цудаў, якія адбыліся на гэтым месцы. Людзі едуць у Люрд і вераць у цуды. Кожны год падаецца каля 6 тысяч заявак аб прызнанні цуду. Усё гэта нагадвае, што шмат людзей атрымліваюць на гэтым святым месцы Божую ласку.

2. Сённяшні ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі з Люрда — гэта таксама нагода, каб сэрцы людзей сталі больш чулымі да цярпенняў іншага чалавека. Трэба адзначыць, што хвароба на самой справе з’яўляецца часткай жыцця кожнага чалавека. Няма абсалютна здаровых людзей. Кожны хварэе: адзін больш, іншы менш — аднак хварэе. Аднак, з іншага боку, трэба сказаць, што не магчыма прызвычаіцца да хваробы. І не толькі таму, што хвароба перашкаджае і нават можа быць вельмі цяжкай, але таксама таму, што чалавек створаны для жыцця. Толькі жывы чалавек, жывы целам і душою, з’яўляецца хвалою Бога.

У той жа час вядома, што перад абліччам зла і цярпення людзі часта падаюць духам, сумняваюцца ў эфектыўнасці сваіх малітваў і пытаюцца: якой ёсць Божая воля?

На гэтае пытанне дае адказ Евангелле: Езус лячыў усялякія хваробы. Таму Хрыстус не пакідае нас у несвядомасці і ў сумненнях, бо Стварыцель, якога Ён нам аб’явіў, з’яўляецца Богам жыцця. Ён звальняе нас ад усялякага зла. Знакамі такой сілы Яго любові з’яўляюцца цудоўныя аздараўленні, якія Ён чыніць. Менавіта вяртаючы людзям здароўе душы і цела, Ён кажа, што Божае Валадарства блізка. Гэтыя аздараўленні з’яўляюцца знакамі, бо вядуць нас да Бога. Яны дапамагаюць нам зразумець, што найбольш цяжкай хваробай чалавека з’яўляецца адсутнасць у яго жыцці Бога — крыніцы праўды і любові. Толькі паяднанне з Богам можа даць сапраўднае аздараўленне і жыццё ў праўдзе і любові. Сапраўднае Божае Валадарства — гэта прысутнасць праўды і любові ў глыбіні нашых сэрцаў, гэта аздараўленне нашага «я».

Такое аздараўленне нам патрэбна, каб у хворым і патрабуючым убачыць Хрыста і аказаць яму міласэрнасць. Сённяшні свет патрабуе сучасных міласэрных самаранінаў, якія схіляюцца над хворымі і патрабуючымі. Патрэбна таксама іх штодзённая падтрымка. Штодзённае ахвярнае служэнне хворым — гэта сведчанне аб любові да чалавечага жыцця і пацвярджэнне годнасці кожнага чалавека як Божага стварэння.

Парабалу пра добрага самараніна Езус завяршае словамі, скіраванамі да слухача: ідзі і рабі тое ж і ты. Папа Бэнэдыкт XVI у сваім сёлетнім пасланні на Сусветны дзень хворага падкрэслівае, што гэтыя словы Хрыста адрасаваны таксама да нас. Яны заахвочваюць нас схіліцца над хворымі целам і душою, над тымі, каго мы сустракаем на шляхах нашага жыцця. Яны дапамагаюць нам зразумець, што з дапамогай Божай ласкі перажыванне хваробы і цярпення можа стаць школай надзеі.

Сёння з дапамогай Божай Маці мы павінны скіраваць наш позірк на Крыж, дзе паміраючы Езус свамі цярпеннямі агарнуў цярпенні ўсяго чалавецтва. У цярпеннях Хрыста, зведаных у імя любові да чалавека, мы павінны бачыць Яго найвышэйшы ўдзел у цярпеннях людзей. Таму ў любові Хрыста аж да крыжовай смерці мы павінны адшукаць збаўленчы сэнс сваіх цярпенняў і адказ на нашы пытанні адносна сэнсу цярпення. Гісторыя Касцёла ведае шмат прыкладаў, калі менавіта цярпенні хворых, ахвяраваныя ў спецыяльных інтэнцыях, выпрасілі ў Бога многія ласкі. Сёлета, калі Каталіцкі Касцёл ва ўсім свеце адзначае Год святара, Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у пасланні на Сусветны дзень хворых заклікае хворых ахвяраваць свае цярпенні ў інтэнцыі святароў, якія ў сваю чаргу з’яўляюцца «слугамі хворых», знакам і інструментам спачування Хрыста, які, дзякуючы служэнню святароў, павінен дайсці да кожнага церпячага.

Таму даверымся сёння апецы Маці Божай з Люрда, каб яна, Аздараўленне хворых, выпрасіла ў свайго Сына Езуса Хрыста ўсім нам здароўе душы і цела. Па яе просьбе Езус учыніў першы цуд у Кане Галілейскай, учыніць яго і цяпер, калі гэта будзе спрыяць нашаму збаўленню. Трэба толькі моцна верыць. Амэн.

Адноўлена 12.02.2010 14:20
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі