Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў Папяльцовую сераду |
Мінская архікатэдра, 17 лютага 2010 г. Змілуйся над намі, Пане, бо мы зграшылі (пар. Пс 51 (50), 3) 1. Глыбокапаважаныя браты і сёстры! Гэты рэфрэн рэспансарыйнага псальма вельмі добра перадае тыя пачуцці, з якімі мы сёння, у Папяльцовую сераду, распачынаем Вялікі пост — час ласкі і нашага навяртання. Адзін з былых амерыканскіх жаўнераў, які пазней стаў святаром, распавёў, як вечарам 5 чэрвеня 1944 г. перад так званым D-day — днём высадкі саюзных войскаў у Нармандыі з мэтаю вызвалення Заходняй Еўропы ад нацыстаў, пры заходзячым сонцы стаяў у доўгай чарзе, каб паспавядацца ў ваеннага капелана. Ён не ведаў, што можа здарыцца заўтра, але хацеў быць гатовым да ўсяго. Што найбольш здзівіла амерыканскага жаўнера — гэта вялікая чарга да споведзі. У ёй былі не толькі католікі, але і пратэстанты. Кожны хацеў паспавядацца перад гэтай вельмі небяспечнай вайсковай аперацыяй. З гэтай нагоды былы жаўнер узгадаў пагаворку аднаго з ваенных капеланаў: у лісінай нары няма атэістаў. Калі смерць заглядае ў вочы, людзі шукаюць ратунку ў Бога. Праўда пра сакрамэнт пакаяння становіцца жыццёвай праўдай, калі чалавек стаіць перад абліччам смерці. Аднак гэта праўда павінна стаяць перад нашымі вачыма кожны дзень, бо мы не ведаем, калі настане хвіліна нашага спаткання з Хрыстом-суддзёй. Сённяшнія чытанні вельмі яскрава нагадваюць пра гэта і заклікаюць да навяртання. Разрывайце сэрцы вашыя, а не вашае адзенне — чулі мы сёння ў першым чытанні (пар. Ёэл 2, 12). Усё гэта нагадвае пра тое, што мы павінны выкінуць грэх з нашага сэрца. Вось галоўны сэнс слоў «раздзірайце сэрцы». 2. Для сучаснага чалавека, які імкнецца да самадастатковасці і абсалютнай свабоды, гэтыя словы, напэўна, цяжка зразумець, бо для яго часта грэх не існуе. Найбольшай трагедыяй сучаснасці з’яўляецца страта пачуцця граху. Сучасны чалавек не хоча лічыць сябе вінаватым ва ўсім тым, што нядобрае ў яго жыцці. Чалавек, які харчуецца ў месцах fast food (хуткага харчавання), у сваёй нездаровай паўнаце, што ўсё больш павялічваецца, абвінавачвае менавіта пункт харчавання. Калі нехта ў рэстаране ці кафэ пралье гарачую каву сабе на калені і апячэцца, то таксама абвінавачвае ўстанову. Калі нехта памірае ад раку, які развіўся з-за курэння, то абвінавачвае вытворцу цыгарэт і хоча атрымаць мільён даляраў за нанесеную здароўю шкоду. Пра гэта сёння вельмі часта можна прачытаць у замежнай прэсе. 3. Усе вінаваты, толькі не я. Такая філасофія ў сучаснага чалавека. Гэтым у сучасным свеце тлумачыцца феномен дэвальвацыі сакрамэнту пакаяння і святой Камуніі. Пры гэтым забываецца, што Святое Пісанне навучае: той, хто нягодна есць Цела Хрыста і п’е Кроў Яго, чыніць вялікі грэх. Таму перад прыняццем святой Камуніі чалавек павінен зрабіць рахунак сумлення, і калі трэба, паспавядацца. Хтосьці скажа, што ён спавядаецца проста Богу, таму споведзь у святара яму не патрэбна. Аднак трэба заўважыць, што гэта не каталіцкае навучанне, а пратэстанцкае. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла навучае, што католік павінен прынамсі адзін раз у год спавядацца. Гэта так званая Велікодная споведзь, якая распачынаецца ў Папяльцовую сераду і працягваецца да ўрачыстасці Спаслання Духа Святога. Таму чалавек не можа лічыць сябе сапраўдным католікам, калі не прызнае Велікоднай споведзі. Адносна гэтага Касцёл прадугледжвае кары, напрыклад, адмаўляе ў пахаванні згодна з абрадам Каталіцкага Касцёла. 4. У Каталіцкім Касцёле існуе вельмі важны рытм духоўнага жыцця. Мы рэгулярна посцімся, прыступаем да сакрамэнту пакаяння, пакутуем, дзякуем Богу за атрыманыя ад Яго дары і ласкі. Кожны Адвэнт мы рыхтуемся да цэлебрацыі таямніцы Богаўцелаўлення. Таму гэта час духоўнай падрыхтоўкі шляху прыходзячаму Збаўцу. Кожны Вялікі пост мы рыхтуемся да святкавання таямніцы нашага збаўлення — смерці і Змёртвыхпаўстання Езуса Хрыста. Таму гэта час, калі мы сапраўды павінны разрываць свае сэрцы, каб выкінуць з іх грэх і праз паўстанне з духоўнай смерці вярнуцца да жыцця ў Богу. І нарэшце, кожную пятніцу мы посцімся ў памяць аб цярпеннях і крыжовай смерці Хрыста. 5. Чаму мы гэта робім? Адказ знаходзіцца ў цырымоніі пасыпання попелам галоваў вернікаў у Папяльцовую сераду. Святар, пасыпаючы нашы галовы попелам, кажа: памятай, чалавек, што ты прах і ў прах вернешся. Гэта азначае, што без Бога мы нішто. Мы злепак хімічных элементаў, вугляводаў, вады, якія каштуюць не больш аднаго даляра, калі іх раздзяліць паасобку і прадаць. У той жа час у Богу, які стварыў нас па свайму вобразу і падабенству, мы з’яўляемся бясцэнным багаццем. Так ёсць тады, калі мы адракаемся ад граху і вяртаемся да крыніцы нашай годнасці — да Бога. У гэтым і заключаецца галоўная мэта Вялікага посту: адрачыся ад усяго таго, што аддзяляе нас ад Бога. Усё зямное — гэта пыл і ў пыл вернецца. Таму ў перспектыве вечнасці ўсё зямное не з’яўляцца каштоўным, пакуль не будзе абагачана Богам і яго ласкай. Сёння ў пакоры сэрца мы прымаем попел. Чынім гэта не дзеля таго, каб паказаць, якія мы святыя, хоць на самой справе вельмі часта з’яўляемся евангельскімі фарысеямі. Мы прымаем попел, каб паказаць, што без Бога мы нішто і нічога не можа быць горшага, чым страта нашых сувязяў з Богам. Таму час Вялікага посту — гэта час пакаяння і змены нашага жыцця, каб такім чынам падрыхтавацца да цэлебрацыі таямніцы збаўчай смерці і Уваскрасення Езуса Хрыста. Гэта час, каб заглянуць у найбольш цёмныя куточкі нашага сэрца, каб іх ачысціць. Гэта час, каб праз малітву, пакуту і міласціну навярнуцца да Бога — адзінай мэты нашага жыцця. 6. Звычайна Вялікі пост — гэта другая палова зімы, калі спадаюць маразы, пакрысе надыходзіць вясна, прырода ажывае. Народная прыказка кажа: Грамніцы — здымай рукавіцы. Вялікі пост наступае значна пазней. Таму, праводзячы паралель з прыродай, трэба сказаць, што Вялікі пост — гэта час вялікай Божай ласкі, час, калі мы праводзім духоўнае ачышчэнне, каб аднавіцца і жыць новым жыццём. У наш час сталі моднымі ўсялякія рэцэпты ачышчэння арганізму, ёсць нават спецыялізаваныя санаторыі. Аднак трэба памятаць, што нам неабходна ачысціць і душу. Таму сённяшняя цырымонія пасыпання галоваў попелам нагадвае нам пра нашу грэшнасць, і мы з пакорай, у духу пакаяння прымаем гэты попел. Заклік да навяртання з’яўляецца дамінуючым у літургіі на Папяльцовую сераду. Прымаючы попел на свае галовы як знак пакаяння, нам трэба адчыніць свае сэрцы на ажыўляючую моц Духа Святога, каб Ён сапраўды нас перамяніў. У сённяшнім другім чытанні гучыць заклік святога апостала Паўла: «Паяднайцеся з Богам» (2 Кар 5, 20). Паяднацца з Богам азначае адрачыся ад граху і жыць у Божай ласцы. У гэтым і заключаецца праграма Вялікага Посту. Дзякуючы перамозе Хрыста над грахом і нашаму ўключэнню ў Хрыста праз сакрамэнт хросту мы сталіся святынямі Духа Святога. Аднак у жыцці, поўным спакусаў, мы павінны сцерагчыся, каб грэх нанава нас не апанаваў. На дзвярах магазінаў мы даволі часта бачым надпіс: перападлік. Вялікі пост — гэта найбольш адпаведны час, каб зрабіць перападлік у нашым жыцці, паглядзець, ці ўсё згодна з воляй Божай і што трэба паправіць. 7. Задумаемся добра: як мы збіраемся правесці гэты час ласкі? Ці сапраўды ён будзе часам пакаяння і навяртання, часам падрыхтоўкі да аднаўлення абяцанняў хросту падчас Пасхальнай Вігіліі? Ці, можа, стане яшчэ адным шоў, якіх так многа ў нашым жыцці, каб ашукаць сябе і бліжніх? Што пераможа: заклік нашага Збаўцы стварыць у сабе чыстае сэрца ці жаданне жыць звычайным штодзённым жыццём, філасофіяй натоўпу і плыць па цячэнні, бо так жывуць усе? Выбар належыць нам, і ад яго залежыць наша жыццё на гэтай зямлі і наша вечнасць. Амэн. |