Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў V Нядзелю Вялікага посту, Год С.


Мінская архікатэдра, 21 сакавіка 2010 г.

Хвалюючая павуціна граху

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Вялікі пост заклікае нас да духоўнай барацьбы з самым вялікім злом — з грахом. Аднак нярэдка, калі мы становімся твар у твар са спакусамі, мы пачынаем разважаць, ці сапраўды мы можам знайсці выхад з сітуацыі, у якую нас прывёў грэх. Здаецца, што грахоўныя звычкі і схільнасці так моцна трымаюць нас, што немагчыма выбраць тое, чаго мы жадаем, а менавіта — быць блізка Бога. Пра гэта добра сказаў святы апостал Павел: ведаю, чым ёсць дабро, але ў той жа час чыню зло.

Гэта вельмі нязручная і хвалюючая сітуацыя. Ці не так? Напэўна, так. І многія з гэтым згаджаюцца, бо такім ёсць штодзённае жыццё.

Аднак, нягледзячы на ўсе гэтыя цяжкасці, мы не павінны страчваць надзеі. Менавіта сённяшнія першае чытанне і Евангелле нагадваюць нам пра тое, што з Божай дапамогай мы можам збавіцца ад заблытаных грахоўных сувязяў, якія аддаляюць нас ад Бога, нават тады, калі нам здаецца, што гэта немагчыма.

2. У першым чытанні прарок Ісая распавядае аб вызваленні ізраільскага народа з егіпецкай няволі. Выбраны народ атрымаў магчымасць вярнуцца на сваю радзіму — у зямлю абяцаную. На самой справе прычынай егіпецкага рабства былі нявернасць і грэшнасць ізраільцянаў. Пасля многіх стагоддзяў прыніжэння, цяжкай працы і няволі ў чужой краіне выбраны народ нарэшце атрымаў магчымасць вярнуцца дамоў. Аднак, памятаючы ўсе цяжкасці жыцця ў няволі, ён сумняваўся ў магчымасці гэтага і не раз абураўся на Бога.

Трэба адзначыць, што цудоўнае вызваленне выбранага народу з егіпецкай няволі — гэта сімвал і перадумова новага вызвалення, вызвалення з грахоўнай няволі, а таксама пераходу да новага жыцця ў Божай ласцы, як быццам у зямлі абяцанай.

Калі мы ўважліва паразважаем над словамі сённяшняга Евангелля аб жанчыне, якую абвінавачвалі ў чужаложстве, то заўважым, што Езус аказаўся ў вельмі складанай сітуацыі. Па-першае, калі Ён не асудзіць яе, то выступіць супраць закону Майсея, у якім за такі грэх прадугледжвалася ўкаменаванне. Такім чынам Езус нагадваў бы крывадушніка, бо заўсёды абвяшчаў, што прыйшоў, каб выканаць закон Майсея, а на самой справе не выконвае яго.

Іншай цяжкасцю для Езуса з’яўляецца той факт, што Ён не цураўся грэшнікаў і быў міласэрны да іх. Такім чынам, як Ён — ажыццяўленне Божай міласэрнасці — можа асудзіць гэтую жанчыну? Ці Езус зняважыў бы закон, калі б не выканаў яго?

3. Несумненна, Езус аказаўся паміж молатам і кувалдай: перад Ім вялікая дылема. Нягледзячы на гэта, Яго выдатны адказ з’яўляецца нічым іншым, як тым, што мы павінны чакаць ад «уцелаўлёнай Мудрасці».

Калі Езус задумаўся над вырашэннем праблемы, то схіліўся і пачаў пісаць па пяску пальцам. Што Ён там пісаў? Невядома. Некаторыя вучоныя кажуць, што Езус, якога фарысеі назвалі Настаўнікам, з’яўляючыся аўтарам закону, пісаў аб прымяненні гэтага закону. Іншыя ж мяркуюць, што менавіта ў той час Езус і пісаў новы закон любові, закон аб Божай міласэрнасці.

Далей ідзе найбольш цікавая частка сённяшняга Евангелля. Езус звярнуўся да фарысеяў са словамі: «Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень». Ніхто не чакаў такога цудоўнага адказу, які вымусіў фарысеяў разысціся. Гэты адказ вырашыў складаную сітуацыю, у якой аказаўся Езус.

Адносна гэтай часткі сённяшняга Евангелля ёсць адна прыгожая байка. Пасля слоў Езуса «хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень» каля Яго праляцеў камень. Тады Езус падняў галаву і сказаў: «Мама, Я цябе прасіў, не ўмешвайся ў мае справы». Гаворка ідзе пра Марыю, якая магла прысутнічаць пры размове Езуса з фарысеямі. І, з’яўляючыся Беззаганнай, яна мела права кінуць камень у адказ на словы яе Сына.

Прапанаванае Езусам вырашэнне праблемы з’яўляецца вельмі важным з пункту гледжання захавання раўнавагі паміж законам Майсея і законам любові. Езус захоўвае жыццё жанчыны і адначасова ясна выказваецца аб Божай міласэрнасці. Больш за тое, такі адказ падтрымлівае Божую справядлівасць, бо Езус акрэслівае распусту як грэх, але адначасова прадстаўляе вельмі яскравы кірунак далейшага жыцця: «Ідзі, і адгэтуль больш не грашы».

4. Для нас павінна быць зразумелай галоўная думка сённяшніх чытанняў: Божая міласэрнасць перш за ўсё рэалізуецца ў сакрамэнце пакаяння. У ім Бог дзейнічае звышнатуральнай моцай, каб выбавіць нас з непакоячай павуціны граху, у якую мы трапляем праз узаемадзеянне са злым духам.

Усе элементы сённяшняга Евангелля — грэх, закон, віна, скруха, міласэрнасць, справядлівасць, свабода — збалансавана і дынамічна прысутнічаюць у сакрамэнце пакаяння. Гэтымі элементамі з’яўляюцца: грэшнік, які парушыў закон Божы; сумленне, якое абвінавачвае; праяўленне збаўленчай Божай міласэрнасці; прызначэнне справядлівай пакуты; акт шчырага жалю.

5. Сапраўды, грэх — гэта хвалюючая рэальнасць нашага жыцця, якая не вядзе нас да Бога, але аддаляе ад Яго і цягне ў вельмі заблытаныя і таямнічыя сеці, з якіх, здаецца, няма выйсця. Аднак выйсце ёсць. Гэта сакрамэнт пакаяння, які Езус устанавіў пасля свайго Змёртвыхпаўстання, кажучы Апосталам: каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны.

Таму сакрамэнт пакаяння з’яўляецца тымі неабходнымі лекамі, якія лечаць ад духоўнага раку, чыняць цуд уваскрашэння да жыцця ў Божай ласцы.

Неразумным, самазабойцам трэба было б назваць чалавека, які, ведаючы, што ён цяжка хворы, не прымае лекаў, або, калі тоне, не хапаецца за ратавальны круг.

Касцёл на пачатку Вялікага посту заклікаў нас усіх словамі Хрыста да навяртання. На працягу гэтага часу ён вельмі акуратна і педагагічна, асабліва праз гісторыю збаўлення з егіпецкай няволі выбранага народу, вёў і далей вядзе да сакрамэнту пакаяння, у якім мы яднаемся з Богам, Касцёлам і бліжнімі. Напэўна, нялёгка сучаснаму чалавеку, які імкнецца да незалежнасці і аўтаноміі, прызнацца ў граху. Аднак неразумна чыніць той, хто не прызнаецца ў сваёй хваробе і не ідзе да ўрача, які паставіць дыягназ і назначыць лекі.

Адзін вельмі адважны генерал стаяў збянтэжаны ў чарзе да споведзі. Людзі былі здзіўленыя гэтым. Яны спыталіся ў яго: чаму ён заўсёды адважны, а цяпер так моцна збянтэжаны? На што ён адказаў: на вайне трэба біць ворага, а на споведзі самога сябе.

Дарагія браты і сёстры! Выкарыстаем гэтыя два тыдні, якія засталіся да Вялікадня, а асабліва рэкалекцыі, каб сапраўды перамагчы саміх сябе і ў сакрамэнце пакаяння ўваскрэснуць да новага жыцця. Амэн.

Адноўлена 22.03.2010 16:54
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі