Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас святой Імшы ва ўрачыстасць Маці Божай Валадаркі Азёраў


Браслаў, 21 жніўня 2010 г.

Шчасце чалавека. Якое яно? Кожны аб ім марыць. Шчасце — у сям’і. Калі сям’я дасягае шчасця? Сёння, у першую гадавіну каранацыі абраза Маці Божай Браслаўскай, задаём пытанне аб шчасці і чакаем на яго адказу ад святой Марыі. На памяць прыходзіць сужэнства, якое ў 50-гадовы юбілей сумеснага жыцця падчас аднаўлення сужэнскіх абяцанняў зрабіла незвычайнае сведчанне перад прысутнымі ў касцёле. У дзень шлюбу яны абяцалі, што на першым месцы для іх заўсёды будзе Бог, а на другім — яны адно для аднаго. Такое пастанаўленне і следаванне яму — гэта плён малітвы, лучнасці з Найвышэйшым. Гэта знак дасягнення пэўнай вышыні, бо ў важныя хвіліны свайго жыцця гэтыя сужэнцы задумваліся: а чаго хоча Бог? Таму не здзіўляе, што ўсе 50 год, як самі адзначылі перад алтаром, яны былі шчаслівыя ў сваім сужэнстве.

Сем’і з усёй Беларусі чарговы раз прыбываюць у санктуарый Маці Божай — на гэты раз у Браслаў. Сёння мы знаходзімся тут, каб супольна падзякаваць за шчаслівыя сем’і ў Беларусі. Сем’і прыбываюць таксама каб прасіць Марыю аб святасці для сем’яў у нашай краіне. Мы жадаем маліцца і за нарачоных, якія плануюць заснаваць сужэнства. Хочам прасіць Бога, каб сужэнствы былі шчаслівымі.

Шчаслівы чалавек — радасны чалавек. Аднак радасць і задавальненне — гэта розныя паняцці. Задавальненне можна атрымаць вельмі хутка, напрыклад, смачна паеўшы, паглядзеўшы фільм, заспакоіўшы смагу. Аднак задавальненне можна атрымаць і праз грэшныя дзеянні. Толькі гэта не прынясе радасць і шчасце. Радасць — гэта плён грунтоўнай, а часта, можа, нават доўгай працы над сабой, над сваім характарам. Дякуем Богу праз Марыю Валадарку Азёраў тут, у Браславе, за сужэнствы, якія сёння перажываюць радасць як узнагароду за вернасць сужэнскім абяцанням, дадзеным пры алтары Пана ў касцёле.

У некаторых грамадствах бытуе памылковае перакананне, што ў сучасных абставінах шчасце можна дасягнуць недзе далёка, у таямнічым месцы, у іншай краіне, дзесьці за мяжой, за акіянам. Ці сапраўды гэта так? Марыя Валадарка Азёраў дапамагае нам зразумець, што сапраўднае шчасце можна знайсці у кожным месцы прабывання чалавека. Таксама і тут, на гэтай зямлі, ёсць усё неабходнае для шчасця сям’і. Неабходна толькі запрасіць у сваю сужэнскую вандроўку Марыю. Тады яна можа выпрасіць для гэтай сям’і патрэбныя ласкі нават у вельмі крытычных сітуацыях, падобна таму, як учыніла гэта для маладых на вяселлі ў Кане Галілейскай, у якіх скончылася віно. Менавіта за цудоўнае заступніцтва Маці Божай Валадаркі Азёраў і быў каранаваны ў мінулым годзе папскімі каронамі абраз, змешчаны продкамі многія дзесяцігоддзі таму ў галоўным алтары вашага парафіяльнага касцёла.

Шчаслівая сям’я — сям’я моцная ў веры. Называем яе Хатнім Касцёлам. У такой сям’і прысутнічае малітва, размовы на рэлігійныя тэмы, рэлігійная адукацыя, якая працягваецца ўсё жыццё чалавека — хрысціяніна, які павінен свядома перажываць розныя падзеі і не паддавацца чыёйсьці маніпуляцыі, якая часта мае не самыя прыстойныя намеры. У сям’і растуць дзеці і менавіта там яны даведваюцца, што нядзеля — гэта дзень Пана, а пятніца — дзень смерці на крыжы Нашага Збаўцы Езуса Хрыста. У сям’і даведваюцца аб урачыстасцях і падзеях літургічнага года. Просім Марыю Валадарку Азёраў, каб нашыя сем’і былі Хатнім Касцёлам, дзе маладое пакаленне — дзеці і моладзь — будуць уведзены ў таямніцы жыцця, смерці і ўваскрасення Нашага Збаўцы Езуса Хрыста. Просім, каб такім чынам узрастаў у святасці Паўсюдны Касцёл — супольнасць, заснаваная Хрыстом для вечнага збаўлення тых, хто праз хрост да Яго належыць.

Што ж пагражае шчасцю ў сям’і? Адна з пагрозаў — гэта прапанова грэшнага задавальнення. Ёсць сілы, якія працуюць дзеля знішчэння сям’і, хочуць адабраць шчасце, выкарыстоўваючы часам нізкія памкненні чалавека, яго схільнасці. Той, хто разбэшчвае сужэнцаў, прапаноўваючы зло і грэх як нявінную забаву, рэлакс, а на самой справе ведае яго сапраўдны змест, з’яўляецца цынікам. Дзеля пэўнай карысці цынік гатовы на ўсё — прапануе грэх, алкаголь, наркотыкі, парнаграфію, секс, насілле, несумленнасць, каб дасягнуць нейкай карысці для сябе. Просім за нашыя сужэнствы, сем’і, заручаных, каб пад апекай Маці Божай Валадаркі Азёраў яны былі моцныя духам і не схіляліся ў бок спакусаў, якія прапаноўвае сучаны свет з рэлятэвістычнымі ўяўленнямі аб маральных нормах.

Добрым шляхам да шчасця ў сям’і з’яўляецца практыка заручынаў, выпрацаваная папярэднімі пакаленнямі нашых продкаў. Малады чалавек можа атрымаць атэстат сталасці, пашпарт паўналетняга грамадзяніна, дыплом аб заканчэнні вышэйшай навучальнай установы, набыць пэўныя кваліфікацыі. Аднак не кожны можа быць здольным, падрыхтаваным да заключэння сужэнскага саюза, да прыняцця вынікаючых з яго абавязкаў, адказнасці за другую асобу і дзяцей, за карэктаванне адносін з блізкімі пасля заключэння шлюбу. Просім Маці Божую Валадарку Азёраў за нарачоных, каб яны адпаведным чынам падрыхтаваліся да такога адказнага кроку ў іх жыцці.

Сужэнцы старэйшага ўзросту — бабулі і дзядулі — могуць быць вялікім скарбам, сапраўднай каштоўнасцю для маладых сужэнцаў, асабліва для ўнукаў. Яны могуць перадаць ім свой вопыт, здабыты на працягу шматгадовага сямейнага жыцця. Гэта скарб для ўнукаў. Хоць сёння ёсць шмат магчымасцяў для перадачы чалавечай думкі, найперш гэта мас-медыя, аднак ніколі аўдыя- і відэасродкі не заменяць прысутнасці чалавека. Таму пошук маладымі людзьмі працы за мяжой, у далёкай краіне заўсёды нясе небяспеку разрыву сувязяў паміж пакаленнямі. Просім Маці Божую Валадарку Азёраў, каб кожны жыхар нашай Бацькаўшчыны імкнуўся праз працу і сумленнае выкананне абавязкаў упрыгожваць тое мейсца, дзе Бог даў яму жыцце і прызначыў рэалізаваць заданне ў адносінах да бліжніх і Яго — Стварыцеля сусвету.

Кожнае сужэнства мае сваю гару Табор. У супольным жыцці заўсёды ёсць узнёслыя хвіліны. Молім Божую Маці, каб радасці, зведаныя ў сям’і, паспрыялі духоўнаму ўзрастанню яе членаў.

Бог пажадаў, каб Абрагам склаў у ахвяру свайго адзінага сына Ісаака. Калі ж Стварыцель выпрабаваў яго паслушэнства, то загадаў пакінуць жыццё сыну. Бог кліча да асаблівага служэння некаторых людзей. Молімся праз заступніцтва Маці Божай Валадаркі Азёраў за тыя сужэнствы, дзяцей якіх Бог кліча да святарства або кансэкраванага жыцця, каб па прыкладу Абрагама бацькі велікадушна выказалі згоду на такое годнае служэнне іх дзяцей Богу.

Заданне сям’і — перадаванне жыцця. Такім чынам сужэнцы нібы супрацоўнічаюць з Богам у справе працягу стварэння свету. Просім Марыю, нашу Маці, каб сужэнцы адказна падыходзілі да гэтага задання, вызначанага ім Богам, каб яны былі адкрыты на кожнае жыццё, зачатае імі з ласкі Божай. Няхай шчодра перадаюць жыццё і такім чынам прычыняюцца да ўзрастання членаў Касцёла і грамадства, у якім жывуць, якому служаць і з працы членаў якога карыстаюцца. Няхай адмовяцца ад усялякіх грэшных сродкаў, якія прапаноўвае цывілізацыя смерці ў інтымных адносінах паміж сужэнцамі. Просім праз заступніцтва Маці Божай, каб кожнае новае жыццё было жаданым, каб бацькі да канца стаялі на варце абароны кожнага наступнага жыцця. Існуе мноства прыкладаў у гісторыі Касцёла з жыцця святых сужэнцаў, узнесеных да хвалы алтара. Цешыць, што многія з іх жылі не так даўно.

Сужэнства мае таксама сваю Галгофу. Гэта цярпенні блізкіх, хваробы, залежнасці, асаблівасці характару. Просім Марыю, каб кожны з сужэнцаў з годнасцю нёс свой крыж. Просім аб ласцы вытрываласці для сужэнстваў, якія перажываюць няплоднасць, часовую або сталую. Просім Бога, каб, шануючы Яго запаведзі, не імкнуліся любым коштам мець патомства, напрыклад, праз in vitro (штучнае запладненне). Просім аб ласцы пакорнага прыняцця волі Стварыцеля адносна іх сужэнства і задання ў свеце, Касцёле, супольнасці. Марыя Валадарка Азёраў, наша Маці, маліся за нас. Амэн.

Адноўлена 21.08.2010 12:58
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі