Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія арцыбіскупа Кандрусевіча падчас душпастырскай сустрэчы святароў, кансэкраваных асобаў і катэхетаў ў Радашковічах

2 верасня 2010 г.

Адплысці на глыбіню

Глыбокапаважаныя прысутныя святары, законнікі і законніцы, катэхеты!

Распачынаецца новы пастырскі год і з ім новыя пастырскія заданні, якія стаяць перад намі. У сённяшнім першым чытанні, узятым з другога паслання да Карынцянаў, св. апостал Павел заклікае да таго, каб мы зразумелі, што такое сапраўдная мудрасць, і імкнуліся да яе. Можа, сучаснаму чалавеку нялёгка зразумець словы апостала язычнікаў, які сцвярджае, што мудрасць гэтага свету з’яўляецца глупствам у Бога.

Гэтыя словы трэба зразумець належным чынам. Безумоўна, Бог жадае, каб чалавек развіваўся інтэлектуальна, імкнуўся да мудрасці. Пан даў чалавеку дар розуму і загадаў, каб ён авалодаў зямлёю.

Гэта азначае, што чалавек павінен пазнаваць законы прыроды і выкарыстоўваць іх для сябе.

Бог таксама адарыў чалавека свабоднай воляй. І тут, у адносінах да выкарыстання дасягненняў чалавечага розуму, могуць узнікнуць праблемы. І яны сапраўды ўзнікаюць, калі чалавек выкарыстоўвае іх не ў адпаведнасці з этычнымі нормамі. Тады, сапраўды, чалавечая мудрасць становіцца глупствам у вачах Бога. Так, напрыклад, неабдуманае і спрэчнае ў дачыненні да правоў прыроды асушэнне пінскіх балотаў знішчыла лёгкія Еўропы. Разгорванне цаліны без лесапасадак у Казахстане выялавіла вельмі ўраджайную зямлю. Будаўніцтва магутных гідраэлектрастанцый змяніла мікраклімат, затапіла населеныя пункты, знішчыла рыбу. Ядзерныя даследаванні не толькі прывялі да новага тыпу выпрацоўкі энергіі, але і да атамнай бомбы. Развіццё генетыкі дапамагае ў лячэнні многіх хваробаў, але немаральнае выкарыстоўванне яе дасягненняў можа быць скіравана супраць самага вялікага Божага дару, якім з’яўляецца жыццё. Гэту літанію можна працягваць доўга. Яна толькі пацвярджае праўдзівасць слоў св. апостала Паўла, што разумнае ў вачах чалавека становіцца глупствам у вачах Бога.

І сапраўды, што з’яўляецца мудрасцю сучаснага свету? Імкненне да багацця і пошук задавальненняў для свайго цела.  

У наш час надзвычайнага прагрэсу навукі і тэхнікі, а таксама калі галоўнай мэтай жыцця з’яўляецца багацце і прыемнасці, трэба вучыць людзей, каб карысталіся навуковымі дасягненнямі паводле маральных нормаў і Божага закону, а не думалі, што дасягненні могуць вырашыць усе праблемы. Нельга пакладаць сваю надзею выключна на іх. Трэба вучыць, што сапраўдным багаццем з’яўляецца духоўнае, якога ні моль не з’есць, ні злодзей не ўкрадзе. Гэта выклік нашага часу, на які нам усім, святарам, кансэкраваным асобам і катэхетам трэба адказаць.

Іншая вельмі важная думка сённяшняга Божага слова — гэта Евангелле пра цудоўны ўлоў рыбы. Пётр са сваімі сябрамі лавіў рыбу ўсю ноч і нічога не злавіў. Ён быў вопытным рыбаком і добра ведаў, што рыба не бярэ і ўлову не будзе. Аднак, паслухаўшы парады Езуса, адплыў на глыбіню і яшчэ раз закінуў сеці. І стаўся цуд, яны злавілі вялікае мноства рыбы.

У нашай душпастырскай працы мы часта падобны да Пятра і яго сяброў. Працуем і працуем, а вынікаў не бачна. У такой сітуацыі трэба запытацца ў саміх сябе, дзе на самой справе мы знаходзімся? Можа, на мелі і баімся адплысці на глыбіню. Можа, так спакайней. Усе мы добра ведаем, што плысці на мелі спадручней, не трэба баяцца, што можна ўтануць. Аднак вялікая рыба не плавае на мелі. Яна знаходзіцца на глыбіні. І каб яе злавіць, трэба выплыць на глыбіню. Іншай рады няма.

Таксама і ў нашай пастырскай дзейнасці. Мы часта працуем па інерцыі, не шукаем новых шляхоў, як дайсці да сучаснага чалавека. Змяняецца свет і змяняюцца людзі. Новае маладое пакаленне выхавана на мас-медыя, яно больш успрымае дэманстратыўны шлях навучання і пазнання ведаў і г.д. Метады і спосабы падыходу да чалавека і перадавання праўды веры змяняюцца, і трэба карыстацца гэтымі навінкамі.

Дзякуй Богу, у нас усё больш рэлігійнай і катэхетычнай літаратуры і больш магчымасцяў для катэхізацыі. Аднак, на жаль, многія жывуць учарашнім днём. Сёння трэба шукаць вернікаў і трэба ім несці праўду Евангелля, а не сядзець і чакаць, што, можа, нехта да мяне прыйдзе. Вада сама пад камень не пацячэ. Трэба паварушыць яго. Таму трэба не баяцца адплысці на глыбіню, гэта азначае не баяцца ісці да людзей, шукаць іх і выкарыстоўваць усе магчымасці і сродкі для катэхізацыі. Трэба таксама самім пастаянна ўдасканальвацца. «Qui non progredit — regredit», што азначае «Хто не ідзе наперад, той адступае назад». Нам не дазволена перад абліччам сучасных выклікаў таптацца на месцы, бо ў такім выпадку цягнік жыцця адыдзе без нас. А ў ім людзі, якія чакаюць духоўнай дапамогі.

У гэтым нялёгкім і вельмі складаным працэсе перадавання веры трэба не толькі адплысці на глыбіню, але слухаць Хрыста. Пётр сказаў Езусу: мы ўсю ноч лавілі і нічога не злавілі, аднак на тваё, гэта азначае, на слова Хрыста, яшчэ раз закіну сеці. А што нам кажа Хрыстус? Ідзіце і навучайце ўсе народы, а Я буду з вамі да канца часу.

Таму, нягледзячы на ўсе складанасці і цяжкасці, на адсутнасць хуткага выніку і неразуменне сучаснага свету, нават на высмейванне Бога і рэлігіі, нам трэба падпарадкавацца волі Хрыста.

Таму, дарагія святары, кансэкраваныя асобы і свецкія катэхеты, на парозе новага пастырскага года не бойцеся адплысці на глыбіню сваіх пастырскіх заданняў і, услухоўваючыся ў голас Хрыста, не бойцеся яшчэ і яшчэ раз закінуць сеці, ізноў і ізноў абвяшчаць праўды нашай веры, бо як кропля точыць камень, так і праўда Божая раней ці пазней учыніць цуд жыцця паводле Божага закону. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі