Гамілія арцыбіскупа Кандрусевіча на XXIII Звычайную нядзелю, Год С |
5 верасня 2010 г., мінская архікатэдра. Глыбокапаважаныя браты і сёстры! 1. Хто не нясе крыжа свайго і не ідзе за Мною, не можа быць Маім вучнем. Гэтыя словы сённяшняга Евангелля, напэўна, напаўняюць многіх страхам, бо нагадваюць пра крыж, які для многіх з’яўляецца знакам цярпенняў, хоць у святле збаўленчай мукі Езуса Хрыста гэта знак надзеі і збаўлення. Адметнасцю вялікіх лідэраў заўсёды было чаканне чагосьці надзвычайнага ад сваіх паслядоўнікаў. Так Гарыбальдзі, змагар за вызваленне Італіі, дзеля свабоды свайго народа пайшоў на голад і смерць, каб здабыць свабоду. Уінстан Чэрчыль, англійскі прэм’ер часоў Другой сусветнай вайны, казаў сваім суайчыннікам, што ён не можа ім даць нічога акрамя крыві, поту, цяжкай працы і слёз у іх барацьбе з ворагамі нацыі. Езус жадае ад сваіх паслядоўнікаў, каб яны неслі крыж. І сапраўды, апосталы, як вучні Хрыста і Яго паслядоўнікі, аддалі сваё жыццё за Езуса. Яны былі ўкрыжаваны або забіты, з іх жыўцом здзіралі скуру або каменавалі і г.д. 2. Чаканні Езуса адносна сваіх паслядоўнікаў сапраўды выглядаюць экстрэмальнымі. Яны як быццам пацвярджаюць, што хрысціянства — гэта не рэлігія нядзельнага ранку, калі не трэба спяшацца да працы, калі можна даўжэй паспаць, калі вакол усё спакойна. На самой справе, паводле навучання Хрыста, хрысціянства павінна быць сталым пошукам, нават голадам па Богу. Таму хрысціянства скаланае падмуркі нашага спакойнага жыцця, пераварочвае з ног на галаву нашы прыярытэты і нават чыніць нас чужымі ў гэтым свеце. Таму не адзін, слухаючы сённяшняе Евангелле, спытаецца: што за сябра мы маем у Езусе Хрысце, калі Ён выступае супраць нашых звычаяў? Аднак, з іншага боку, трэба памятаць, што Езус жадае, каб мы былі «гарачымі» або «халоднымі», каб мы жылі паводле прынцыпу: «так — так, не — не». Гэта азначае, што Ён жадае ад нас евангельскага радыкалізму. Таму ў сённяшнім Евангеллі Ён заклікае разабрацца з нашымі прыярытэтамі і не баяцца заплаціць цану быцця хрысціянінам. 3. Найбольш вядомы сярод журналістаў афарызм на ангельскай мове гучыць так: «Іf it bleeds, it leads». Цяжка перакласці ў рыфму, аднак можна сказаць, што сучаснага чытача найбольш цікавяць сенсацыі. Тады часопіс мае поспех. Праўда ці не — гэта іншае пытанне, але сучасны свет шукае сенсацый, шукае чагосьці «печанага», і сучасныя мас-медыя стараюцца іх падаць. Гэта іх праца. А як з намі? Што з’яўляецца маім ці тваім, дарагі брат і сястра, прыярытэтам? Жыццё паводле сваіх замілаванняў, маральны лібералізм і рэлятывізм, паліткарэктнасць у справах этыкі? А можа, сапраўднае евангельскае сведчанне? Сёння ніхто не патрабуе ад нас аддаць сваё жыццё і праліць кроў за веру, як гэта было яшчэ зусім нядаўна. Аднак Касцёл жадае, каб мы былі сапраўднымі, а не папяровымі хрысціянамі. Якія не баяцца несці крыж свайго жыцця, не баяцца адказаць на выклікі сучаснасці згодна з навучаннем Евангелля і перад абліччам цяжкасцяў або нават моды не хаваюць сваёй галавы ў пясок, як гэта чыніць страус. Усё гэта патрабуе ахвяры, патрабуе нясення крыжа штодзённага жыцця, патрабуе быць салдатам арміі Хрыста. Наш Збаўца мадэль свайго вучня і паслядоўніка ўзяў з вайсковай практыкі. Быць салдатам азначае быць гатовым да барацьбы, нават рызыкуючы сваім жыццём. Іншымі словамі, хрысціянства — гэта не жыццё ў вакууме, а пастаянная барацьба з сіламі зла. Таму хрысціянін павінен быць гатовы да духоўнай барацьбы за Хрыста. А гэта каштуе. І каштуе вялікіх высілкаў. На жаль, у сучасным свеце многія з нас на самой справе з’яўляюцца параднымі хрысціянамі, якія хоць і носяць уніформу хрысціяніна, але не хочуць змагацца за Хрыста і Яго Валадарства. Калі трэба дзейнічаць або выказацца адносна пытанняў маральнасці, яны абапіраюцца на перадумовы і домыслы, замест таго, каб абапірацца на Божыя абяцанні. Рэлігія, якая не патрабуе высілкаў, нічога не варта. А імкненне да абсалютнай свабоды без адказнасці вядзе да знявольвання, бо чалавек, думаючы, што ён свабодны, на самой справе паддаецца панаванню зла. 4. Адзін вельмі багаты чалавек доўга думаў над тым, што ён мог бы пакінуць нашчадкам. І нарэшце вырашыў пабудаваць касцёл. Пры гэтым ён нікому не паказаў праект і планіроўку святыні, а дазволіў людзям увайсці ў яго толькі падчас асвячэння. Усё было зроблена выдатна. Аднак нехта заўважыў, што ў касцёле няма лямпаў, і ў Божым доме будзе цёмна. Тады той чалавек сказаў, што кожны парафіянін атрымае сваю лямпу і калі прыйдзе ў касцёл, то на тым месцы, дзе сядзе, зможа падключыцца да спецыяльнай разеткі ў лаўцы, каб яго асвяціць. Калі, аднак, нехта не прыйдзе, то частка касцёла не будзе асветлена. Гэты аповед вельмі сімвалічны. Мы праз практыку евангельскага радыкалізму, праз імкненне быць вучнямі Хрыста і нясенне крыжа свайго жыцця павінны быць святлом свету і соллю зямлі, каб свяціць у цемры сучаснасці і захаваць яе ад маральнага сапсавання. Амэн. |
Адноўлена 03.09.2010 13:29 |