Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прывітальнае слова арцыбіскупа Кандрусевіча перад св. Імшой з нагоды 150-годдзя асвячэння касцёла Святой Тройцы ў Радашковічах

3 верасня 2010 г.

Ваша Эксцэленцыя, глыбокапаважаны біскуп Антоні Дзям’янка, паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, вернікі!

З нагоды таго, што сёння ў Мінску распачынаецца Міжнародны ўсходне-еўрапейскі сімпозіум даследчыкаў Новага Запавету я павінен вярнуцца ў сталіцу. Таму, раздзяляючы разам з вамі радасць Юбілею 150-годдзя асвячэння касцёла Святой Тройцы ў Радашковічах, дазвольце шчыра павіншаваць вас з гэтым святам і звярнуцца да вас з наступным словам.

Вось і настаў кульмінацыйны момант святкавання юбілею касцёла ў Радашковічах. Учора ўпершыню у вашай парафіі адбылася душпастырская сустрэча з удзелам катэхетаў. Гэтай сустрэчай мы распачалі новы пастырскі год. Той факт, што яна адбылася ў вашай парафіі нагадвае як пра яе духоўную, так і арганізацыйную сталасць. З гэтай нагоды ад усяго сэрца хацеў бы падзякаваць усім святарам, якія тут працавалі, асабліва кс. пробашчу Валянціну Станкевічу, а таксама ўсёй парафіі за арганізацыю гэтых урачыстасцяў і за праведзеныя ў касцёле рамонтныя працы.

Сёння, адзначаючы юбілей 150-годдзя радашковіцкага касцёла, мы ўспамінаем яго багатую і адначасова трагічную гісторыю. Пабудаваны паўтара стагоддзі таму, ён стаў месцам спаткання чалавека з Богам. Тут атрымалі сакрамэнт хросту вашы дзяды і прадзеды. Тут святар благаславіў іх сужэнствы. Тут яны духоўна аднаўляліся ў сакрамэнце пакаяння. Тут карміліся хлебам жыцця вечнага — Эўхарыстыяй. Адсюль пасля заканчэння зямнога жыцця накіроўваліся ў месца вечнага спачынку. Усё адбывалася паводле традыцыйнай практыкі Касцёла.

Ваша парафія павінна ганарыцца і тым, што менавіта ў радашковіцкім касцёле быў ахрышчаны класік беларускай літаратуры Янка Купала.

Аднак прышлі цяжкія часы выпрабаванняў. У 1944 г. касцёл быў канфіскаваны і стаў часткай керамічнай фабрыкі. Ніхто не супярэчыць таму, што нам патрэбны фабрыкі. Аднак дом малітвы павінен быць домам малітвы. Ён для гэтага пабудаваны. Абліваліся крывёй сэрцы вернікаў, якія не мелі свайго касцёла. Трэба было ездзіць у Краснае, або ў іншае месца, каб праз паслугу святара спаткацца з Богам.

Бязмежны ў сваёй міласэрнасці Бог, аднак, выслухаў просьбы вернікаў. У выніку сацыяльна-палітычных змен 90-х гадоў мінулага ХХ стагоддзя касцёл быў перададзены вернікам. З Божага Провіду мне непасрэдна давялося быць удзельнікам таго працэсу. Нялёгка было прабіць сцяну супрацьстаяння. І сёння я хацеў бы падзякаваць вернікам, якія мужна змагаліся за вяртанне святыні. Няхай добры Бог благаславіць жывых удзельнікаў тых падзей, а памерлых прыме ў сваё Валадарства. Хачу выказаць асаблівую падзяку і кс. прэлату Эдмунду Даўгіловічу-Навіцкаму, які ў тыя часы вельмі шмат зрабіў ў справе вяртання касцёла. Мы тады разам абівалі парогі розных дзяржаўных устаноў і дырэктара фабрыкі. Першую святую Імшу на другім паверсе касцёла я, яшчэ як біскуп-намінант, цэлебраваў 15 жніўня 1989 г. А потым прыйшло свята Божага Нараджэння 1989 г. Я добра памятаю, як па металёвых сходах мы падымаліся на другі паверх. Рэха крокаў па сходах разносілася па ўсім будынку. Яно абвяшчала, што скончыўся час чакання і прыйшоў час, калі ў яго сценах ізноў будзе гучаць слова Божае, будзе цэлебравацца Эўхарыстыя і іншыя сакрамэнты, а ў табэрнакулі будзе біцца Сэрца Езуса. У маіх вушах да сённяшняга дня гучыць магутны голас вернікаў, якія спявалі: Бог нараджаецца, моц — трухлее.

Гісторыя гэтага касцёла, як і гісторыя многіх іншых святынь на нашай зямлі, яшчэ раз паказвае, што Хрыстус сапраўды ёсць яе Валадаром. Ён піша проста па яе крывых лініях і ставіць апошнюю кропку над «і».

Сёння касцёл Святой Тройцы ў Радашковічах уступае ў новы перыяд сваёй дзейнасці, уступае ў вельмі складаны час секулярызму і адыходу ад веры; у час, калі хрысціяне губляюць свае карані або нават адракаюцца ад іх. Гэта час новага досведу. Падчас пераследу жывы Касцёл, які быў сфармаваны ў сценах гэтай святыні, вытрываў і не адрокся ад веры. Сёння, у час свабоды веравызнання і адначасова ў час вельмі небяспечных выклікаў сэкулярызму, вера павінна быць яшчэ мацнейшай, бо тады яе забаранялі, а сёння чалавек сам выбірае і нярэдка адказваецца ад яе.

Сімвалічна, што сённяшняе святкаванне юбілею радашковіцкага касцёла адзначана сакрамэнтам канфірмацыі — сакрамэнтам хрысціянскай сталасці.

З гэтай нагоды ў такую ўрачыстую хвіліну звяртаюся да вас словамі Вялікага Папы — Слугі Божага Яна Паўла II: Не бойцеся, адчыніце дзверы Хрысту, бо толькі ў Ім чалавек пазнае самога сябе. Звяртаюся словамі папы Бэнэдыкта XVI: Адчыніце дзверы Хрысту, бо Ён нічога не забірае, а толькі дае.

Прымаючы сакрамэнт бежмавання, адчыніце свае сэрцы і душы на дзеянне Святога Духа, няхай Ён сваімі дарамі ўзмоцніць вас, каб вы мужна вызнавалі нашу хрысціянскую веру і баранілі яе перад націскам сучасных выклікаў. Няхай Дух Святы вядзе вас сваім шляхам у новы час, каб, спаткаўшы Бога ў гэтай святыні, вы жылі Ягонай праўдай і былі сведкамі збаўчай моцы Евангелля і дасягнулі шчасця вечнага ў Валадарстве ў Тройцы адзінага Бога, чаго ад усяго сэрца ўсім вам жадаю і на гэты шлях благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога.

Адноўлена 03.09.2010 17:15
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску