Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Казанне біскупа Кашкевіча на святкаванні 280-годдзя каранавання Жыровіцкай Іконы Маці Божай у Слоніме

Слонім, 19 верасня 2010 г.

Жыровіцкая Заступніца — Маці Еднасці, маліся за нас!

Найдастойнейшы прадстаўнік Святога Айца Бэнэдыкта XVI Апостальскі Нунцый у Беларусі, арцыбіскуп Марцін Відавіч!
Дастойныя браты біскупы!
Паважанае духавенства двух абрадаў Каталіцкага Касцёла!
Шаноўныя прадстаўнікі ўлады!
Дарагія ў Хрысце браты і сёстры!

1. Роўна 280 гадоў таму, 19 верасня 1730 г., на свята Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі паводле юліянскага календара адбылася каранацыя Жыровіцкай Іконы Багародзіцы папскімі каронамі.

На той час былі вядомы тры выявы Жыровіцкай Іконы Маці Божай, якія праславіліся цудамі: першая — каменная, якая цудоўным чынам з’явілася ў XV стагоддзі і знаходзілася ў Жыровічах; другая — ікона-фрэска з базыльянскага храма святых мучанікаў Сяргея і Вакха ў Рыме; і трэцяя —мастацкая копія рымскай іконы-фрэскі, напісаная на палатне.

Гэтая трэцяя ікона была даслана з Рыма ў Жыровічы і каранавана папскімі каронамі. Пасля доўгай і складанай гісторыі цяпер яна ўшаноўваецца ў гэтым касцёле святога Андрэя ў Слоніме.

Жыровіцкая ікона праславілася шматлікімі ласкамі, якія атрымлівалі верныя хрысціяне, што прасілі заступніцтва Маці Божай у розных сітуацыях свайго жыцця. Рэха гэтых ласк і цудаў дайшло ажно да Рыма, дзе рашэнне «ўскласці на галаву Богадзіцяці Ісуса і Багародзіцы Дзевы ў г. Жыровіцах у храме  айцоў Ордэна св. Васіля, Кіеўскага дыяцэза, залатыя кароны» было прынята ў 1726 годзе, у час Пантыфікату папы Бэнэдыкта ХІII (29 мая 1724 г. — 21 лютага 1730 г.). Але сама каранацыя мела месца ўжо падчас Пантыфікату яго наступніка — папы Клімента XII (12 ліпеня 1730 г. — 6 лютага 1740 г.).

Гэта была першая каранацыя папскімі каронамі абраза Маці Божай, што адбылася на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

2. На працягу стагоддзяў перад гэтай цудатворнай іконай маліліся грэка-католікі, рыма-католікі, праваслаўныя. Жыровіцкая Заступніца стала сапраўды Маці Еднасці хрысціянаў. І гэтая пабожная традыцыя працягваецца і жыве і ў нашыя дні.

Гэта сапраўды вельмі радасны факт, што перад гэтай каранаванай іконай можам і сёння маліцца разам — вернікі розных традыцый, усходняй і заходняй.

У спеве Акафісту, які вернікі спяваюць перад Жыровіцкай Іконай Маці Божай, паўтараецца рэфрэн: «Радуйся, ласкавая Уладарка нашая і міласэрная Заступніца»! Гэты спеў нагадвае нам, што Маці Хрыста ёсць і нашай Маці. Яна — Маці і Міласэрная Заступніца. Яна з’яўляецца Уладаркай нашых сэрцаў і заахвочвае нас, каб мы жылі паводле запаведзяў яе Сына і нашага Збаўцы Езуса Хрыста.

У Евангеллі, якое мы пачулі падчас гэтай літургіі паводле ўсходняга, грэчаскага абраду, ёсць словы, што адносяцца да Найсвяцейшай Панны Марыі: «Шчаслівыя, хто слухае і захоўвае слова Божае» (Лк 11, 28).

Сёння, ушаноўваючы Багародзіцу, трэба з верай прыняць гэтыя словы, бо яны звернуты да кожнага хрысціяніна. Трэба, каб мы слухалі слова Божае і захоўвалі яго. Светлым прыкладам радаснага прыняцця і вернага захавання слова Божага заўжды застаецца для нас Маці Божая — Найсвяцейшая Панна Марыя.

3. Касцёл у Беларусі і ўсё нашае грамадства вельмі патрабуе, каб хрысціяне слухалі слова Божае, былі яму паслухмянымі і верна захоўвалі яго.

Таму сёння перад каранаванай Жыровіцкай Іконай Маці Божай мы хочам маліцца, каб слова Божае было сапраўдным святлом для нашага жыцця. Каб жыццё нашых сем’яў, жыццё моладзі і старэйшага пакалення ў нашай краіне было прасветлена словам Божым.     

Гэта патрэбна нам, патрэбна ўсёй Еўропе. Бо заўжды ёсць патрэба вялікіх сведкаў веры, як нагадвае нам Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у гэтыя дні падчас апостальскага падарожжа ў Вялікабрытанію.

Радуемся, што тут разам з намі моляцца пілігрымы з Расіі, Украіны, Польшчы і Літвы. Разам з імі молімся, каб праз заступніцтва Маці Божай мы маглі быць вернымі Евангеллю яе Сына Езуса Хрыста.

Жыровіцкая Заступніца — Маці Еднасці, маліся за нас!

Адноўлена 27.09.2010 16:42
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі