Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на свята свв. апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша |
Быць руплівымі хрысціянамі і не баяцца цяжкасцяў 1. Cёння Каталіцкі Касцёл адзначае свята свв. Сымона і Юды Тадэвуша, апосталаў. З Евангелля і Святога Пісання мы ведаем, што Езус Хрыстус паклікаў іх быць Ягонымі вучнямі, ведаем і тое, што св. Юда Тадэвуш напісаў сваё пасланне. Святы Сымон быў адным са сваякоў сям’і Збаўцы. Ён нарадзіўся ў Кане Галілейскай, дзе Езус па просьбе Марыі ўчыніў першы цуд. За руплівасць у хрысціянскім жыцці і ў абвяшчэнні Евангелля св. Сымона сталі называць Зелотам. Імя Тадэвуш на грэчаскай мове гучыць як Юда. На арамейскай мове яно азначае фізічна моцнага чалавека з добрым сэрцам. Святы Юда Тадэвуш пакінуў сваё кароткае пасланне, у якім ён бароніць чысціню веры і заклікае да захавання добрага імя хрысціяніна. Святы Сымон абвяшчаў Евангелле ў паўночнай Афрыцы, Егіпце і на тэрыторыі сучаснай Абхазіі. Там знаходзіцца грот, дзе ён жыў, там жа пабудаваны вядомы ва ўсім свеце цэнтр праваслаўнай духоўнасці — Новы Афон. Святы Юда Тадэвуш абвяшчаў слова Божае ў Арменіі. Евангелічныя шляхі гэтых Апосталаў сышліся ў Персіі, дзе яны загінулі мучаніцкай смерцю. Персідскі цар адносіўся да іх з вялікай пашанай, бо менавіта яны паказалі сваю моц над дзвюма дзікімі тыграмі, што тэрарызавалі гэту зямлю. Сам кароль і 60 тысяч персаў сталі хрысціянамі. Аднак у іншых месцах персідскага царства язычнікі патрабавалі, каб яны пакланяліся богу сонца і яму складалі ахвяры. Яны адмовіліся гэта ўчыніць і загінулі як мучанікі. Святы Сымон па традыцыі лічыцца апекуном дрывасекаў і лясных работнікаў. Святы Юда Тадэвуш з’яўляецца апекуном у цяжкіх, безнадзейных справах. Хоць у хрысціяніна не павінна быць безнадзейных сітуацый, бо сваю надзею ён заўсёды павінен мець у Хрысце. Аднак людзі звяртаюцца да св. Юды Тадэвуша ў такіх сітуацыях, калі здаецца, што ўжо ўсе магчымасці выкарыстаны. І гэтаму ёсць сваё тлумачэнне. Імя Юды Тадэвуша шмат у каго асацыіруецца з іменем Юды Іскарыёта, які выдаў Езуса Хрыста. Менавіта таму св. Юда Тадэвуш у традыцыі лічыцца нейкім антыподам Юды Іскарыёта і таму часта называецца «святым апошняга паратунку». 2. Чаму мы сёння можам навучыцца ў гэтых святых? Думаю, можна вылучыць пяць пунктаў, на якія варта звярнуць нашу ўвагу. Па-першае, яны, як і ўсе іншыя апосталы, пакінулі ўсё і пайшлі за Езусам. Адсюль узнікае пытанне: ці мы, сучасныя людзі, можам без аглядкі пайсці за Езусам? А можа, нас вабіць гэты свет, яго багацці і прыемнасці больш за навучанне Хрыста? Па-другое, св. Сымон быў тым, хто прысутнічаў у Кане Галілейскай пры першым цудзе Езуса. Сёння таксама, хоць і мінула больш за 2000 гадоў, здзяйсняюцца цуды. Таму мы павінны ведаць, што і ў наш час дзейнічае Дух Святы, і Ён не заўсёды чыніць так, як падабаецца нам, бо нашыя думкі — не Божыя думкі, а Божыя думкі — не нашыя думкі. Таму нам нельга настолькі заглыбляцца ў справы нашага свету, каб не распазнаваць спраў звышнатуральных. Святы Сымон распазнаў цуд у Кане Галілейскай, які змяніў яго жыццё. Мы таксама павінны распазнаваць цуды, якія Бог здзяйсняе ў нашым жыцці і асяроддзі. Па-трэцяе, св. Юда Тадэвуш бараніў евангельскія каштоўнасці і праўды Евангелля. А што можна сказаць пра нас, асабліва сёння, калі назіраецца адыход ад хрысціянскіх каштоўнасцяў? Калі мы ўсё больш паддаёмся ўплыву маральнага рэлятывізму; калі размываюцца маральныя каштоўнасці; калі цнатлівае жыццё больш не шануецца і нават высмейваецца; калі імкненне да багацця любым коштам, непашана Божага дару жыцця, жаданне амаральных забаваў, а таксама тэндэнцыя да абсалютнай свабоды чыніць усё, што захочам, усё больш авалодваюць светам? Гэта не што іншае, як сучасныя богі, якім мы даём дазвол авалодаць намі. Ці гэта сапраўдная свабода? Ці тады чалавек па-сапраўднаму адчувае сябе створаным на вобраз і падабенства Божае? Ці мы, веруючыя, застаёмся імі ў паўсядзённым жыцці? Ці заўсёды мы верныя Божаму праву, прынцыпам нашай веры і навучанню Касцёла? Ці ўмеем мы так прымаць новыя ідэі, каб не страціць сваёй веры? Па-чацвёртае, сённяшнія святыя гатовы дапамагаць нам перад тронам Божай ласкі. Ці прыбягаем мы да іх у нашых патрэбах і ў штодзённым жыцці? Можа, больш разлічваем на свае чалавечыя сілы? Па-пятае, сённяшнія святыя прысвяцілі сваё жыццё абвяшчэнню Евангелля. А мы ці спяшаемся сваім хрысціянскім сведчаннем, добрымі справамі і малітвай несці святло Евангелля ў сучасны свет, які патрабуе новай евангелізацыі? 3. Не вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і паслаў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб ваш плён трываў, — сказаў Езус сваім апосталам. Ён выбраў св. Сымона руплівага і св. Юду Тадэвуша сваімі апосталамі, і яны да канца выканалі сваё заданне. Сёння Бог таксама кліча новых апосталаў. Паклікаў сённяшняга юбіляра кс. біскупа Антонія Дзям’янку, які ў гэты дзень адзначае 30-годдзе святарскага пасвячэння. У тыя вельмі цяжкія часы пераследу веры ён пачуў голас Пана, які яго клікаў, падобна, як яго ў свой час пачуў св. Сымон. Убачыўшы цуд у Кане Галілейскай, св. апостал Сымон пакінуў усё і пайшоў за Хрыстом. Біскуп Антоні верыў, што станецца цуд свабоды веравызнання, і гэтая вера дапамагла яму рэалізаваць пакліканне, каб стаць распарадчыкам Божай ласкі, каб абвяшчаць Евангелле, цэлебраваць сакрамэнты, праз служэнне людзям будаваць касцёльную супольнасць спачатку як святар, а цяпер у поўні святарства як біскуп. Паклікаў Хрыстус і мяне да свайго святарства, паклікаў, можа, калі я нават і не спадзяваўся, бо сталася гэта падчас малітвы ў Вострай Браме ў Вільні. Напэўна, сталася гэта таксама дзякуючы заступніцтву майго святога апекуна. Тады было вельмі цяжка. Справа здавалася нават безнадзейнай. Не было святароў, адпаведна, вернікі не мелі належнай пастырскай паслугі. Але Бог мае свае планы. Ён выбраў мяне, выбраў біскупа Антонія, выбраў і выбірае іншых. Потым праз поўню святарства ўчыніў мяне біскупам, каб разам са святарамі, кансэкраванымі асобамі і вернікамі адраджаць і ўмацоўваць Касцёл спачатку ў Беларусі, потым у Расіі, і цяпер ізноў на сваёй Радзіме. Сёння разам з біскупам Антоніем Дзям’янкам мы дзякуем за ласку паклікання, апеку і дапамогу. Дзякуем Богу, Божай Маці і апекунам сённяшняга дня — св. Сымону і св. Юду Тадэвушу. Працуючы на карысць Валадарства Божага, мы патрабуем вашай дапамогі, найперш малітвы. 4. Сучасны чалавек пасля многіх дзесяцігоддзяў ганенняў і пад уплывам працэсаў секулярызацыі страціў веру і не ведае, дзе знайсці гэты найкаштоўнейшы скарб. Часам здаецца, што ён знаходзіцца ў безвыходнай сітуацыі. Няхай жа наша супольная малітва да Бога праз заступніцтва св. Сымона і св. Юды Тадэвуша дапаможа чалавеку нашага часу знайсці страчаную веру і перамагчы ўсе цяжкасці, каб ён будаваў шчаслівае жыццё на гэтай зямлі і прыйшоў да шчасця вечнага ў Валадарстве Божым. Амэн. |