Гамілія арцыбіскупа Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Рыме з удзелам беларускіх студэнтаў |
7 лістапада 2010 г. Бог ёсць Богам жывых, а не памерлых Глыбокапаважаныя студэнты! 1. Сённяшняе Евангелле прадстаўляе нашай увазе гэтыя словы. Варта нагадаць, што з кожным днём мы набліжаемся да завяршэння літургічнага года. Ужо праз два тыдні мы будзем адзначаць урачыстасць Хрыста, Валадара сусвету. І тут ёсць свая логіка. Касцёл увесь час вядзе нас да Валадарства Божага, і апошняя нядзеля літургічнага года якраз і з’яўляецца сімвалам гэтага Валадарства. 2. У гэтым годзе ўрачыстасць Хрыста, Валадара сусвету, у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі будзе адзначана святкаваннем 100-гадовага юбілею мінскага касцёла св. Сымона і св. Алены 21 лістапада. Гэтую святыню больш ведаюць як Чырвоцы касцёл. Слова «чырвоны» трэба зразумець у яго сапраўдным значэнні — прыгожы, бо заданнем Касцёла з’яўляецца тое, каб весці чалавека да духоўнай прыгажосці і Валадарства Божага. Урачыстасцям 100-годдзя гэтага касцёла, які ўпісаўся ў архітэктуру і гісторыю хрысціянства Мінска, будзе папярэднічаць спецыяльны трыдуум, які прыпадзе на 18–20 лістапада. Трыдуум распачнецца міжрэлігійнай малітвай 18 лістапада. Гэтая малітва праводзіцца з мэтай нагадаць аб неабходнасці супольна з іншымі веравызнаннямі бараніць духоўныя каштоўнасці. Акрамя гэтага, яна стане своеасаблівай падрыхтоўкай да ўспаміну 25-годдзя Міжрэлігійнай сустрэчы ў Асізі, якая адбылася ў 1986 г. 3. З Евангелля і кахэхізіса мы ведаем, што ў Валадарства Божае не ўвойдзе нічога нячыстага ці, кажучы евангельскай мовай, духоўна памерлага. Таму ў Валадарстве Божым Бог будзе Богам жывых, Богам тых, хто будзе сузіраць Яго тварам у твар. Менавіта такім чынам нам трэба зразумець словы сённяшняга Евангелля, што Бог ёсць Богам жывых, а не памерлых. Мы цяпер перажываем актаву малітваў за памерлых. Молімся за нашых памерлых і ў Вечным Горадзе — Рыме, бо і тут ёсць могілкі, і тут людзі завяршаюць сваё зямное жыццё, каб перайсці ў вечнасць. У святле праўды Уваскрасення Езуса Хрыста мы верым, што нашыя памерлыя жывуць. Многія з іх, напэўна, знаходзяцца ў вечнай радасці. Іншыя ўтвараюць Касцёл церпячы, дзе душы чыстцовыя чакаюць, калі ім будзе дазволена ўвайсці ў радасць шчасця вечнага. Самі сабе яны не могуць дапамагчы, толькі мы, жывыя, якія ўтвараем Касцёл пілігрымуючы, дзякуючы адпустам можам дапамагчы ім хутчэй далучыцца да Касцёла трыўмфуючага. Гэта наш абавязак, і да гэтага нас заклікае любоў да нашых блізкіх. Святы апостал Павел навучае, што вечнае шчасце — гэта такое месца, аб якім вуха не чула і якое вока не бачыла, бо там будзем сузіраць Бога тварам у твар. Адна маленькая дзяўчынка ішла разам са сваім татам вечарам. Неба было зорнае. Тады дзяўчынка сказала: «Тата, калі неба звонку такое прыгожае, якое ж яно павінна быць прыгожым унутры!». 4. Молячыся за нашых блізкіх памерлых, якія, калі і знаходзяцца ў чыстцы, аднак з’яўляюцца жывымі ў Бога, мы павінны памятаць і аб сабе. Мы жывыя целам. А як з нашай душой? Ці жывая яна? Ці квітнее яна прыгажосцю Божай ласкі? Мы ўдзячныя Богу за магчымасць вучыцца за мяжой студэнтам з Беларусі, у тым ліку і ў каталіцкіх універсітэтах. Аднак, як паказвае практыка сучаснага жыцця, вучыцца — гэта яшчэ далёка не ўсё. На вялікі жаль, у сучасным свеце ёсць шмат адукаваных людзей з вялікімі тэалагічнымі ведамі, аднак у той жа час няверуючых. Накіроўваючы вас у Рым, у сталіцу каталіцызму, Каталіцкі Касцёл у Беларусі мае надзею ў будучыні мець не толькі добра падрыхтаваных спецыялістаў у той ці іншай галіне — тэалогіі, права, сацыяльнага вучэння і г.д. — але і людзей, моцных вераю. Аб гэтым трэба памятаць у наш час вялікага крызісу веры і хрысціянскага сведчання. Яшчэ папа Павел VI казаў, што сучасны свет больш верыць сведкам, чым настаўнікам, а калі і верыць ім, то таму, што яны з’яўляюцца сведкамі таго, чаму вучаць. Праблема не новая. Яе ўздымаў яшчэ Езус Хрыстус, калі разважаў пра фарысеяў і кніжнікаў. Актуальнасць прабемы падкрэсліваў Ян Павел II, калі нагадваў пра неабходнасць новай евангелізацыі. З мэтай яе ажыццяўлення папа Бэнэдыкт XVI заснаваў новую Папскую раду па справах новай евангелізацыі. Яна патрэбна ва ўсім свеце, і яшчэ больш патрэбна ў Беларусі. Па-першае, мы ўсё яшчэ перажываем наступствы атэістычнага рэжыму, які імкнуўся ператварыць нашу краіну ў духоўную пустыню. Мы з’яўляемся нашчадкамі таго доўгага перыяду пераследу веры, наступствы якога яшчэ доўга будуць адчувацца як у жыцці паасобных людзей, так і ўсяго грамадства. Па-другое, працэсы секулярызацыі, якім падвяргаецца сучасны ліберальны свет, усё больш і больш даюць пра сябе знаць і ў нашай краіне. Гэта як наркотык. Духоўна слабы чалавек, у якога шмат праблем, не мае сіл адмовіцца ад яго. Падобна чалавек паддаецца ўплыву секулярызму, калі не мае моцнага духоўнага падмурку. Ён выбірае найбольш лёгкі шлях і плыве па цячэнню, замест таго, каб плыць супраць яго. Такім чынам чалавек не ўдасканальваецца, а дэградуе і памірае духоўна. 5. Ты стварыў мяне, Божа, без мяне, але не можаш збавіць мяне без майго ўдзелу. Гэтыя словы св. Аўгустына ў святле сённяшняга Евангелля няхай дапамогуць вам, дарагія студэнты, «грызучы граніт навукі», пазнаючы філасофскія і тэалагічныя праўды і радуючыся маладосці жыцця ў Вечным Горадзе Рыме, памятаць пра тое, што трэба заўсёды заставацца жывымі духоўна, каб тут, на зямлі, будаваць цывілізацыю жыцця і ў будучыні дасягнуць жыцця вечнага ў Валадарстве Божым. Амэн. |
Адноўлена 08.11.2010 15:50 |