23 судзеня 2011 г., мінская архікатэдра
Час споўніўся, Божае валадарства блізка, навяртайцеся і верце ў Евангелле
Дарагія браты і сёстры! 1. Гэта першыя словы, з якімі Езус звярнуўся да сваіх слухачоў.
Калі мы будзем уважліва чытаць Евангелле, то нярэдка сустрэнем слова «час». Аднак, каб належным чынам зразумець яго сапраўднае значэнне, трэба прынамсі прачытаць Евангелле на грэчаскай мове, што на самой справе вельмі складана, бо мы амаль што не вывучаем класічных моў.
У старажытных грэкаў былі два словы для акрэслення часу. Першае, «хронас», — датычыць храналагічнай паслядоўнасці або мінулага часу і мае колькасны характар. Другое, «кайрас», — няўлоўнае імгненне ўдачы, якое наступае нечакана і мае якасны характар. Калі «хронас» — гэта стары, каляндарны час, то «кайрас» — заўсёды новы. Сутнасць «кайраса» ў тым, як мы выкарыстоўваем час, а не колькі часу мы трацім на тую ці іншую справу. На сучаснай мове спасылку на «кайрас» мы можам знайсці ў пытанні: «Вы добра правялі час?» Тут гутарка ідзе не пра тое, колькі храналагічнага часу было патрачана, але мы пытаемся аб якасці гэтага часу. Таму «кайрас» звяртае ўвагу на той спрыяльны час, калі трэба дзейнічаць, каб дасягнуць поспеху.
Евангельскі «кайрас» азначае поўню часу, якая якасна змяняе нашае жыццё. «Кайрас» ёсць тады, калі Бог урываецца ў руціну нашага жыцця і гаворыць нам вельмі моцна і ясна, так, што мы ўжо больш не можам заставацца такімі, якімі былі да гэтага. «Кайрас» уносіць новую ідэю. Карыкатурыст выражае ідэю з дапамогай малюнка. Тэолаг такі момант называе Аб’яўленнем. Таму «кайрас» звязаны з Божым Аб’яўленнем.
2. «Кайрас» — гэта ключавое слова ў Новым Запавеце. Калі Езус распачаў сваю збаўчую місію, то Ён прыйшоў у Галілею і навучаў, што час ужо споўніўся, «пакайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае!» У гэтым сказе слова «час» на грэчаскай мове гучыць не «хронас», а «кайрас», бо гэта быў асаблівы час прыйсця Збаўцы, час рашучы, Божы час. Усё жыццё Езуса было напоўнена момантамі «кайраса».
Узгадаем, як начальнік мытнікаў Закхей улез на дрэва, каб толькі ўбачыць Езуса, бо быў нізкага росту. Іх позіркі сустрэліся, і Езус выказаў пажаданне ісці ў яго дом. Закхей згадзіўся. Гэта быў «кайрас», момант у яго жыцці. Езус пачуў крык сляпога і вярнуў яму зрок. Гэта таксама быў «кайрас» — момант.
Хворая жанчына дакранулася толькі да адзення Езуса і была аздароўлена. Гэта таксама быў «кайрас».
На самой справе Езус меў вельмі многа такіх момантаў. Сённяшняе Евангелле акурат і распавядае пра такі «кайрас», момант.
І што тады ўчыніў Езус? Ён паклікаў сваіх вучняў. Гэта быў вельмі важны і значны момант для іх. Гэта не было толькі чарговае «цік-так» гадзінніка, але момант, які кардынальна змяніў іх жыццё, як галілейскіх рыбакоў, на жыццё тых, якія пакінулі ўсё і пайшлі за Езусам, каб быць Яго апосталамі.
Пакліканне апосталаў сведчыць пра тое, што хрысціянства распачалося як рэлігія людзей працы. Не, гэта не Евангелле паводле Карла Маркса. Гэта Евангелле паводле Мацвея, якое мы сёння пачулі. Езус узяў галілейскіх рыбакоў у свае вучні, абяцаючы ім, што яны стануць лаўцамі душаў людзей.
Мы ўсе, хто верыць у Езуса Хрыста і лічыць сябе Яго вучнямі, не пакліканы да нейкай унікальнай прафесіі, якая чыніць нас здольнымі зрабіць нават святы Грааль — паводле легенды, келіх, з якога піў Хрыстус падчас Апошняй Вячэры. Не, мы пакліканы ісці за Хрыстом. Ён, а не наша праца, заробак і пошук прыемнасцяў, з’яўляецца нашым Богам. Мы можам і павінны сумленна выконваць нашу працу, нават ёю захапляцца, але ніколі не заключаць з ёй «сужэнства». Паглядзім навокал: на будоўлях Мінска няма святаў — будаўнічыя працуюць увесь час. Але ці так Бог наказаў? Ці гэта вырашыць усе праблемы? Заўсёды, калі нас змушаюць або мы маем спакусу стаць працаголікамі, нам трэба ўспомніць гісторыю паклікання апосталаў — гэты «кайрас», момант у іх жыцці, ад якога яны ніколі не адмовіліся.
3. Сёння ў святле Евангелля мы павінны спытаць сябе: а калі ў нашым жыцці быў такі «кайрас», момант, які сапраўды змяніў наша жыццё?
На самой справе такіх момантаў у нашым жыцці шмат, трэба толькі мець вочы, каб іх убачыць, мець вушы, каб іх пачуць, мець сэрца, каб іх адчуць. «Кайрас» — гэта асабісты момант, і яго трэба перажываць самому. Ён можа падбадзёрыць чалавека, калі здаецца, што ўжо нічога не можа змяніцца. Ён можа вярнуць страчаную веру, надзею і любоў. Ён можа натхніць на новыя справы.
Напэўна такім «кайрасам» для кожнага з нас быў сакрамэнт хросту. Такім момантам з’яўляецца і споведзь, як праяўленне Божай міласэрнасці, якая ўваскрашае нас да новага жыцця. Такім момантам з’яўляецца выбар жыццёвага шляху — заснаваць сям’ю ці стаць святаром, законнікам ці законніцай.
4. Атрымаўшы ласку «кайрасу» нам трэба заставацца вернымі яму. Падказкай таму, як гэта ўчыніць, з’яўляецца сённяшняе другое чытанне з Першага паслання св. апостала Паўла да Карынцянаў, дзе апостал язычнікаў прызывае карынцянскіх хрысціян да паяднання і аднадумства (пар. 1 Кар 1, 10). Хрысціяне Карынты паходзілі з розных культур, мелі розных настаўнікаў, належалі да розных пакаленняў і паходзілі з розных сацыяльных класаў. Аднак усе яны мелі адну агульную рэч — былі аб’яднаныя адным дрэвам і адной вадой. Што ж гэта за дрэва і што ж гэта за вада? Дрэва крыжа і вада хросту!
Усіх хрысціян яднае святы крыж і святы хрост. І таму яны павінны быць верныя ім. Верныя абяцанням хросту, які быў найбольш значным «кайрасас» у іх жыцці. Верныя крыжу, праз які Езус нас збавіў. Крыж на Галгоце стаў рашучым «кайрасам», момантам у гісторыі чалавецтва. Таму пры кожных абставінах нашага жыцця мы павінны заставацца Хрысціянамі з вялікай літары. Мы павінны бараніць нашу веру і жыць паводле яе. Гэта асабліва важна ў наш час ліберальнай рэвалюцыі ў маральным жыцці сучаснага чалавека. Сёння мы з’яўляемся сведкамі не толькі дэвальвацыі маральных каштоўнасцяў, але нават абсалютнага адмаўлення ад іх. Святы знак хрысціянства — крыж, які баранілі старэйшыя пакаленні і за які аддавалі сваё жыццё, — у Еўропе, што вырасла з хрысціянства і мае хрысціянскія карані, ганьбіццца і нават забараняецца. Гэта не што іншае, як новы пераслед хрысціянства, бо яно, нагадваючы пра этычныя нормы, перашкаджае іншым імкнуцца да свабоды ад Бога, замест таго, каб жыць свабодай дзяцей Божых.
5. Адзін з найбольш вядомых амерыканскіх канькабежцаў Дэн Джонсан знаходзіўся ў вялікай дэпрэсіі пасля таго, як два разы ўпаў на Алімпійскіх гульнях 1986 г. Аднак трэнер падбадзёрваў яго, каб ён трэніраваўся, бо верыў, што спартсмен зможа стаць алімпійскім чэмпіёнам. І вось перад чарговымі Алімпійскімі гульнямі ў 1990 г. Джонсан устанавіў новы сусветны рэкорд на 500 метраў. Ён быў упэўнены, што залаты алімпійскі медаль у яго кішэні. Аднак зноў падзенне. Гэта была сапраўдная трагедыя спартсмена. Аднак трэнер не згаджаўся з гэтым і заахвочваў трэніравацца. На Алімпійскіх гульнях 1994 г. ён праігрывае на дыстанцыі 500 м. Аднак трэнер яго падбадзёрваў, кажучы: 500 метраў за табой, а перад табой 1000 м. І ён становіцца Алімпійскім чэмпіёнам на гэтай дыстанцыі, хоць яна не было яго любімай. Гэта быў яго «кайрас», момант, бо ён слухаў свайго трэнера, пакінуў мінулае за сабой і імкнуўся наперад.
Таксама і мы можам заставацца інертнымі, задаволенымі тым, што ўжо дасягнулі, і не імкнуцца наперад. Тады, як галілейскія рыбакі, мы будзем жыць у духоўнай цемры да той пары, пакуль не пачуем голас Бога, які кліча змяніць напрамак нашага жыцця. Езус Хрыстус паклікаў сваіх вучняў, каб праз іх змяніць свет. Яны пайшлі за Ім, і з гэтага моманту жыццё стала іншым.
Праз свой «кайрас» Езус паклікаў нас, каб і мы змянялі свет, будуючы яго на хрысціянскіх каштоўнасцях. Будзем годнымі гэтага ўзнёслага паклікання, як былі годнымі апосталы. Амэн.
|