Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ва ўспамін Маці Божай з Лурд |
1. Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае ўспамін Маці Божай з Лурд. Усё распачалося з аб’яўленняў Найсвяцейшай Панны ў Лурдзе ў 1858 г. У Масабьельскім гроце на паўночным склоне Пірэнеяў Марыя 18 разоў аб’явілася 14-гадовай дзяўчынцы Бэрнардэце Субіру. Бэрнардэта была настолькі зачаравана прыгажосцю жанчыны, якая ёй аб’явілася, што спытала яе, хто яна такая. У адказ пачула: я — Беззаганнае Зачацце. 2. Як вядома, за чатыры гады да гэтага, у 1854 г., папа Пій IX абвясціў дагмат аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі. Зазвычай Касцёл абвяшчае той ці іншы дагмат як адказ на выклікі часу. Якім быў той час? Што найбольш тады турбавала чалавека? Гэта быў час бурнага развіцця навукі і тэхнікі, які прывёў да тэхнічнай рэвалюцыі з яе пазітыўнымі і негатыўнымі наступствамі. Пазітыўныя — гэта развіццё прамысловасці. Негатыўныя — з’яўленне беднага рабочага класу, бо даходы ад развіцця эканомікі асядалі ў кішэнях фабрыкантаў. Усё гэта вяло да абагачэння адных і абяднення іншых. Наступствам усяго гэтага стала маральнае падзенне чалавека, чаму таксама садзейнічалі новыя ліберальныя тэндэнцыі таго часу і марксісцкая філасофія, якая адхіляла веру ў Бога, называючы яе «опіўмам для народа». Словам, перад Касцёлам стаяла заданне паказаць ідэал, якім была Беззаганна Зачатая Марыя. 3. Аб’яўленні Марыі ў Лурдзе толькі пацвердзілі гэты дагмат каталіцкай веры і спрыялі моцнаму развіццю яе культу. Гэта было вельмі добра бачна нават у Расійскай імперыі. Пасля царскага Талеранцыйнага акта (1905 г.), паводле якога Каталіцкі Касцёл, як і іншыя веравызнанні, атрымаў больш правоў, пачалася будова новых святыняў. Вялікая колькасць з іх была прысвечана Беззаганнаму Зачаццю Марыі. І гэта адбывалася ў Расіі, дзе галоўнай канфесіяй з’яўляецца Праваслаўная Царква, якая не прызнае праўды аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі. Усё гэта кажа пра тое, наколькі своечасовым быў як гэты дагмат, так і аб’яўленні Маці Божай у Лурдзе. 4. Падчас аб’яўленняў Марыя заклікала Бэрнардэту Субіру піць ваду з крыніцы, якая знаходзілася непадалёку, і ўмывацца гэтай вадою. З той пары лурдская вада лічыцца лячэбнай і менавіта ў Лурдзе найбольш адбываецца цудаў выздараўлення. Гэта самы вядомы ў свеце марыйны санктуарый, куды штогод пілігрымуе каля 5 мільёнаў вернікаў. Мне давялося некалькі разоў сустрэцца з рэктарам лурдскага санктуарыя. Ён распавядаў, што кожны год амаль 6 мільёнаў пілігрымаў прыбывае ў Лурд. За ўвесь час існавання лурдскага санктуарыя каля 6800 чалавек засведчыла, што ў Лурдзе яны атрымалі аздараўленне ад невылечных хваробаў. У той жа час Касцёл прызнаў толькі 67 цудаў. Аднак сам факт, што туды едзе шмат людзей і многія лічаць, што менавіта там яны атрымалі ласку выздараўлення, сведчыць сам за сябе. 5. Пасланне, якое мы можам узяць з сённяшняга ўспаміну, — гэта надзея, якую Бог жадае хворым і тым, хто перажывае нейкія цяжкасці. Падобна таму, як маці клапоціцца пра здароўе і дастатак дзіцяці, так і Марыя сёння дае нам новую надзею, указваючы на свайго Сына як Таго, хто перамяняе і лечыць. Гэта вельмі добра бачна ў сённяшнім Евангеллі пра вяселле ў Кане Галілейскай, дзе Езус перамяніў ваду ў віно. Менавіта там Марыя сказала слугам: зрабіце ўсё, што скажа вам Езус. І сёння Касцёл пераказвае нам гэтыя словы Марыі як гарантыю таго, што ўсё будзе добра, калі слухаць Езуса. Гэтыя словы Марыі — апошнія, запісаныя ў Святым Пісанні. Гэта азначае, што яны з’яўляюцца яе тэстамэнтам. Звычайна дзеці памятаюць пра тэстамент сваіх бацькоў. Таксама і мы павінны памятаць пра тэстамент нашай духоўнай Маці — Марыі, і быць паслухмянымі яе Сыну. 6. Ва ўспамін Маці Божай з Лурд Каталіцкі Касцёл адзначае Сусветны дзень хворага. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у спецыяльным пасланні на гэты дзень заахвочвае з любоўю прысвячаць сябе служэнню хворым і ў іх тварах заўважаць Аблічча Хрыста, які вучыць нас сэнсу цярпення і які збавіў нас на дрэве Крыжа. Сёння мы асаблівым чынам молімся ў інтэнцыях хворых, бо кожны хоча быць здаровым. Аднак трэба памятаць, што ёсць не толькі хваробы цела, але і душы, і іх неабходна лячыць. Хварэюць паасобныя людзі, хварэюць і цэлыя грамадствы. З маральнага пункту гледжання, хворым з’яўляецца ўвесь сучасны свет, які імкнецца толькі да багацця і прыемнасцяў і не прымае духоўных каштоўнасцяў. Ёсць толькі адзін лекар такіх хваробаў — Езус Хрыстус. Рэцэптам аздараўлення з’яўляецца тэстамэнт Марыі: чыніць усё так, як скажа Езус. А Ён кажа: навяртайцеся і верце ў Евангелле. Такім чынам, у духоўнай цемры сучаснага свету Беззаганна Зачатая Марыя з’яўляецца для нас светачам, прыкладам для наследавання, Маці добрай рады. Даверым сябе сёння Марыі — Божай Маці з Лурд. Часам, асабліва на малітве, яна можа прамовіць да нас і даць добрую параду, даць яе ў адпаведным месцы і ў адпаведны час, каб вылечыць нас ад хваробы цела і душы і ўзмацніць нашу веру, надзею і любоў. Амэн. |