Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў Папяльцовую сераду |
На парозе часу навяртання Глыбокапаважаныя браты і сёстры! 1. Папяльцовая серада, якой мы распачынаем Вялікі пост — час навяртання — у вернікаў найчасцей асацыіруецца з абрадам пасыпання галоў попелам. Ужо для старажытных хрысціян гэты абрад азначаў знак пакаяння, вызнання віны і навяртання. Гэтаму знаку спадарожнічаюць словы святара: «Памятай, што ты — прах, і ў прах вернешся». Гэта не што іншае, як рэха слоў, якія Адам пачуў ад Бога пасля таго, як зграшыў і праз гэта парушыў сяброўскія адносіны са Стварыцелем. Ён, жадаючы быць, як Бог (бо гэта яму абяцаў сатана), павінен быў зразумець, што на самой справе не з’яўляецца Богам і падуладны смерці. 2. Бог стварыў чалавека свабодным. Аднак чалавечая свабода вымяраецца адказнасцю, і чалавек павінен адказваць за свае ўчынкі. Тое, што сталася пасля граху Адама, — нішто іншае, як наступства безадказнай свабоды чалавека. Словы «памятай, што ты — прах, і ў прах вернешся» таксама нагадваюць пра тое, што чалавек не пануе над маральным законам, а з’яўляецца яго слугой і выканаўцам, і таму не мае права ўстанаўліваць, што маральна добрае, а што — злое. Гэта прэрагатыва Бога і нікога іншага: ні самога чалавека, ні заканадаўчай улады (што нярэдка можна ўбачыць у наш час, калі парламенты многіх краін свету прымаюць законы, нязгодныя з Божым правам). Словы «памятай, што ты — прах, і ў прах вернешся» пацвярджаюць тое, што чалавек не з’яўляецца загадчыкам свайго жыцця, бо не можа затрымаць пры сабе тое, што мае, назаўсёды. Калісьці павінен будзе ўсё пакінуць і стаць перад Найвышэйшым — сапраўдным Панам, Суддзёй і Богам. Гэтыя словы сёння мы павінны аднесці да саміх сябе. Яны як быццам пераносяць нас у пачатак гісторыі чалавецтва і паказваюць маральны ўзровень, з якога чалавек распачынае праз сябе самога запланаванае жыццё. Таму яны павінны стаць зыходным пунктам велікапосных разважанняў пра нас саміх, каб дайсці да збаўчай праўды Вялікай пятніцы і Уваскрасення. Таму сёння, беручы пад увагу вельмі багатую сімволіку пасыпання галоў попелам, трэба прачытаць яе ў кантэксце нашага навяртання: пазнаць, кім на самой справе з’яўляецца чалавек і якім яго хоча бачыць Бог. 3. «Вось цяпер час спрыяльны, вось цяпер дзень збаўлення» (пар. 2 Кар 6, 2). Гэтыя словы св. апостала Паўла з другога сённяшняга чытання заклікаюць да разважання над нашым жыццём, над тым, ці адпавядае яно задуме Божай. Попел — гэта знак пакаяння. Аднак усе пакутныя практыкі маюць значэнне толькі тады, калі з’яўляюцца вонкавым выражэннем унутранай перамены. Іначай не дапаможа нават тона попелу, высыпанага на галаву чалавека. Нездарма ў першым чытанні прарок Ёэль кажа: разрывайце сэрцы вашыя, а не адзенні, і навярніцеся да Бога (пар. Ёэл 2, 13). Апостал Мацвей у сённяшнім Евангеллі перасцерагае не выконваць пабожных учынкаў напаказ (пар. Мц 6, 1). Не ў гэтым сэнс навяртання, бо сапраўднае навяртанне — гэта вяртанне чалавека на Божы шлях, гэта вяртанне да крыніцы дабра і праўды, якія пульсуюць у глыбіні чалавечага сумлення. Пры гэтым трэба памятаць, што навяртанне — гэта не аднаразовая акцыя, а працэс сталага вяртання да Бога. Навяртанне — гэта не нейкая прышчэпка, як, напрыклад, ад грыпу ці іншай хваробы, і не духоўная гігіена. Навяртанне — гэта калі чалавек адварочваецца не толькі ад грахоў, але таксама і ад атаясамлівання са светам, які, жывучы сваімі праблемамі і маючы свае планы, не патрабуе Бога. Таму сучасны свет усё часцей кажа пра смерць Бога. Гэта не новая думка. Яшчэ ідэёлаг нацызму Фрыдрых Ніцшэ ў другой палове XIX стагоддзя абвясціў смерць Бога. Яго месца павінен быў заняць суперчалавек. Добра ведаем, што з гэтага выйшла. Таму мы не можам паўтараць памылак мінулага і другі раз наступаць на тыя ж самыя граблі. Стартавым пунктам навяртання павінен стаць сумленны погляд на нас саміх. Трэба стаць перад духоўным люстэркам, якое не ашукае і скажа ўсю праўду пра нас. 4. Таму няхай настрой Папяльцовай серады і належным чынам зразуметы абрад пасыпання галоў попелам заахвоцяць нас да сумленнай працы над сабой, над пазнаннем саміх сябе і над нашым навяртаннем у Вялікім посце, які распачынаецца. Колькі разоў мы пераможам свае слабасці, столькі разоў пераможа ў нас дабро, гэта азначае, што пераможа Бог, які нанова ўчыніць нас святынямі Святога Духа, здольнымі перамагчы ўсе цяжкасці і крочыць шляхам збаўлення. Амэн. |
Адноўлена 09.03.2011 18:01 |