Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з нагоды беатыфікацыі папы Яна Паўла II |
Базыліка Святой Марыі Вялікай, Рым, 1 мая 2011 г. Вашы Эксцэленцыі, глыбокапаважаныя святары, браты і сёстры, пілігрымы і ўсе прысутныя на гэтай Эўхарыстыі! 1. У сённяшні, асаблівы як для Паўсюднага Касцёла, так і для Касцёла ў Беларусі, дзень беатыфікацыі Вялікага Пантыфіка Яна Паўла II Божы Провід дазваляе нам цэлебраваць Эўхарыстыю ў славутай рымскай базыліцы Святой Марыі Вялікай (Santa Maria Maggiore). Сёння мы сабраліся ў капліцы Божай Маці Збаўлення Рымскага Народу (Salus populi romani) гэтай святыні, каб падзякаваць Богу за вынясенне да хвалы алтара Бэнэдыктам XVI свайго папярэдніка папы Вайтылы. Сёння ажыццявілася тое, аб чым сабраныя на плошчы Св. Пятра вернікі ў дзень яго пахавання 8 красавіка 2005 г. прасілі словамі: «Santo subito» («Святы ўжо цяпер»). І сапраўды праз 6 гадоў пасля смерці Яна Паўла II Касцёл вуснамі папы Бэнэдыкта XVI афіцыйна абвясціў яго благаслаўлёным. Знамянальна, што Бог паклікаў яго да сябе ў вігілію ўстаноўленага ім самім свята Божай Міласэрнасці, 2 красавіка 2005 г., і сёння, у гэтае ж свята, адбылася яго беатыфікацыя. Тым самым Касцёл пацвердзіў словы Бэнэдыкта XVI, тады яшчэ кардынала Ёзафа Ратцынгера, дэкана Калегіі кардыналаў, які падчас пахавання Яна Паўла II сказаў, што памерлы Папа благаслаўляе нас з акна дома Нябеснага Айца. Трэба таксама падкрэсліць і той выключны факт, што сённяшняя беатыфікацыя — гэта першая ў гісторыі Каталіцкага Касцёла беатыфікацыя, калі Папа наступнік вынес да хвалы алтара свайго папярэдніка. 2. Беатыфікацыя — гэта першы этап на шляху да кананізацыі, ці абвяшчэння кагосьці святым. Аднак яна ўжо пацвярджае святасць чалавека. Таму сёння ў нас афіцыйна з’явіўся яшчэ адзін нябесны заступнік — благаслаўлёны Ян Павел II, праз заступніцтва якога мы можам звяртацца з нашымі просьбамі і падзякамі да Бога. 3. Католікі Беларусі вельмі чакалі праслаўлення Яна Паўла II і рыхтаваліся да гэтай падзеі. Сведчаннем гэтаму з’яўляюцца малітвы ў нашых парафіях і супольнасцях у гэтай інтэнцыі. У многіх касцёлах, у тым ліку і ў мінскай архікатэдры, дзякуючы спадарожнікаваму тэлебачанню вернікі непасрэдна сталі сведкамі сённяшняй гістарычнай падзеі. Да гэтага таксама трэба далічыць шматлікіх пілігрымаў з Беларусі, якія сталі непасрэднымі ўдзельнікамі беатыфікацыі. Белтэлерадыёкампанія таксама прысвяціла шмат часу сённяшняй падзеі і заўтра, 2 мая, на першым канале з 9.05 да 10.30 пакажа відэазапіс беатыфікацыі. Усё гэта выразныя знакі любові да Вялікага Пантыфіка і ўдзячнасці яму. І гэта трэба падкрэсліць асабліва. Ян Павел II быў знакавай фігурай свайго часу. Успомнім першыя словы яго Пантыфікату: Не бойцеся, адчыніце дзверы Хрысту. Гэтым самым 33 гады таму ён прароча сказаў, што шлях да вырашэння ўсіх праблем — гэта прысутнасць Збаўцы ў сэрцы чалавека. Падчас Пантыфікату Яна Паўла II адбыліся гістарычныя змены ў свеце, у тым ліку ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, народы якой атрымалі незалежнасць і свабоду веравызнання. У гэтым працэсе ключавую ролю адыграў Ян Павел II. 4. Католікі Беларусі і краін былога Савецкага Саюза бязмежна ўдзячныя папу Вайтыле за яго барацьбу і клопат аб свабодзе веравызнання і аб ўстанаўленні ў іх іерархічных структур. Мне асабіста давялося шмат разоў сустракацца з папам Янам Паўлам II. Я добра ведаю, з якой любоўю ён адносіўся да вернікаў былога Савецкага Саюза, як падкрэсліваў значэнне сведчання мучанікаў і сведкаў веры, як радаваўся адраджэнню Касцёла і веры і як сумаваў з прычыны цяжкасцяў. Апошні раз жывым я сустракаўся з ім 8 сакавіка 2005 г. у рымскай клініцы Джэмэллі (Policlinico Gemelli). Калі ён убачыў мяне, то першае, аб чым спытаў, гэта як ідуць справы ў Маскве. Цяжка хворы, ён памятаў аб верніках Расіі. Упэўнены, што калі б там у той час з’явіўся біскуп з Беларусі, то ён пацікавіўся б, як ідуць справы ў Беларусі. У гэтых словах выражаны яго клопат як пра Паўсюдны Касцёл, так і пра мясцовыя Касцёлы. 5. Пантыфікат Яна Паўла II, падчас якога ён працягваў ажыццяўленне навучання Другога Ватыканскага Сабору, стаў якасна новым і адкрытым на свет і іншыя веравызнанні. Ён сустракаўся з веруючымі і няверуючымі, з дарослымі і дзецьмі, з вучонымі і простымі людзьмі, са здаровымі і хворымі, з прадстаўнікамі розных палітычных поглядаў, свету культуры, мастацтва, спорту і г.д. Ян Павел II упісаўся ў гісторыю Касцёла і сучаснага свету як Вялікі пастыр і тэолаг, які не ўхіляўся ад адказу на самыя актуальныя праблемы сучаснасці і таму яго заслужана называлі голасам сумлення нашага часу. Свет ведае яго як аптыміста, які даверыў сваё служэнне Марыі і які з надзеяй, нават насуперак надзеі, верыў у Божы Провід. Ён прадстае перад намі як прыхільнік экуменічнага і межрэлігійнага дыялога, а таксама супрацоўніцтва з іншымі веравызнаннямі з мэтай супольнага адказу на выклікі сучаснасці і абароны духоўных каштоўнасцяў. Ён вядомы як дыпламат і міратворца, як паэт і спартсмен, як знаўца мастацтва і чалавек тонкага гумару, як уважлівы размоўца, які выслухоўваў кожнага. І так можна працягваць доўга. Божы Провід даверыў яму гістарычную місію ўвесці Касцёл у новае трэцяе тысячагоддзе. І ён, як сучасны Майсей, вельмі паспяхова выканаў гэтае заданне. Падрыхтоўка да вялікага юбілею 2000-годдзя хрысціянства паводле Апостальскага паслання папы Яна Паўла II «Tertio millennio adveniente» («Надыходзячае новае тысячагоддзе»), яго непасрэднае святкаванне і пастырскі напрамак на новы час, вызначаны ў Апостальскім пасланні «Novo millennio ineunte» («Уступаючы ў новае тысячагоддзе»), на самой справе сталі вельмі глыбокай і шырокай пастырскай праграмай. Дзякуючы гэтаму Касцёл зрабіў рахунак сумлення, прайшоў працэс ачышчэння і ўвайшоў у новы час сваёй дзейнасці падрыхтаваным да пастырства ў абставінах нарастаючага секулярызму, агрэсіўнага лібералізму і маральнага рэлятывізму, здольным паспяхова адказваць на выклікі сучаснасці. Папа Ян Павел II падрыхтаваў Касцёл, каб у новай рэчаіснасці не плёскаўся на мелі, а выплыў на глыбіню (пар. Лк 5, 4) з мэтай плённага ўлову — эфектыўнага пастырства — у новых абставінах. Гэтым самым ён прадставіў праект маральнага аднаўлення сучаснага свету. 6. Благаслаўлёны Ян Павел II, сёння католікі ўсяго свету і Беларусі выказваюць табе сваю глыбокую пашану і ўдзячнасць. Ты быў абраны на пасад наступніка св. апостала Пятра ў адпаведны час гісторыі свету і Касцёла, які ты выкарыстаў належным чынам. Ты так хацеў наведаць нашу Айчыну з пастырскім візітам. Не атрымалася. Мы верым, што сёння, прабываючы ў нябеснай хвале, ты разам з намі, з радасцямі, сумненнямі і праблемамі нашага Касцёла і грамадства. Сёння табе — нашаму новаму нябеснаму апекуну — ніхто і нішто не можа забараніць гэтага. Разважаючы над праблемамі сучаснасці, сёння мы разумеем, што праграма твайго Пантыфікату: не баяцца і адкрыць дзверы Хрысту — павінна стаць праграмай вырашэння праблем і адраджэння свету і нашай Бацькаўшчыны. Бо толькі праз міласэрнага Хрыста, з Ім і ў Ім, праз заступніцтва Маці Божай Міласэрнай мы зможам перамагчы ўсе цяжкасці і будаваць будучыню на хрысціянскіх каштоўнасцях. Благаслаўлёны Ян Павел II, міласціва глянь на нас і благаславі нас з дому Нябеснага Айца, каб мы не баяліся адкрыць дзверы сваіх сэрцаў Хрысту, які, як навучае Бэнэдыкт XVI, нічога не забірае, а толькі дае (пар. por. http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/homilies/2005/documents/hf _ben-xvi_hom_20050424_inizio-pontificato_it.html), дае сваю ласку, каб мы маглі будаваць цывілізацыю жыцця, любові, міру і справядлівасці і дасягнулі вечнага шчасця ў небе. А ты, Марыя, — «Salus populi romani» («Збаўленне рымскага народу») — праз заступніцтва благаслаўлёнага Ян Паўла II стань «Збаўленнем беларускага народу». Амэн. |
Адноўлена 02.05.2011 13:11 |