Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча ў XVIII Звычайную нядзелю, Год А |
Брэст, 31 ліпеня 2011 г. 1. Цуд размнажэння хлеба і рыбы, пра які нагадвае сённяшняе Евангелле, з’яўляецца адным з фундаментальных, якія здзейсніў Езус. Абвяшчэнне Хрыстом Валадарства Божага было настолькі моцным і сенсацыйным, што натоўпы людзей прыходзілі паслухаць Яго. Так было і на гэты раз, калі Ён прапаведаваў на пустынным месцы, дзе не было магчымасці знайсці чаго паесці. Апосталы, якім магло здавацца, што Езус не прадугледжваў наступстваў сваіх дзеянняў, падкрэслілі гэтую праблему, бо сапраўды на пустыні не было дастаткова хлеба для вялікага натоўпу людзей. У той жа час можа здавацца, што Езус не быў зацікаўлены вырашэннем праблемы. Замест таго, каб нешта ўчыніць, Ён кажа апосталам накарміць людзей. Іх адказ зразумелы: як мы можам накарміць вялікую колькасць людзей пяццю буханкамі хлеба і дзвюма рыбамі? Але Езус не здаецца. Ён кажа падаць Яму хлеб, благаслаўляе яго, ламае і дае вучням, каб раздавалі людзям. У выніку, усе наеліся і яшчэ засталося дванаццаць кашоў кавалкаў. 2. Такім чынам, сённяшняе Евангелле паказвае кантрастную сітуацыю паміж немагчымасцю апосталам самастойна вырашыць праблему і лёгкасцю яе вырашэння разам з Езусам. Мы не павінны хапацца за гэтую гісторыю як за яшчэ адзін цуд Езуса Хрыста, здзейснены Ім вельмі даўно, каб пацвердзіць Яго боскасць. На самой справе евангельскае пасланне ідзе значна глыбей і далей: яно нагадвае пра няздольнасць чалавека вырашаць сур’ёзныя праблемы без Божай дапамогі. У выніку чалавек нярэдка спыняе свае намаганні і не робіць нешта важнае, замест таго, каб звярнуцца па дапамогу да Бога. Як часта мы можам пачуць, што пасля непаспяховай спробы нешта зрабіць, хтосьці нам кажа: я ж табе казаў, што з гэтага нічога не выйдзе! 3. Гэтая думка вядзе нас да вельмі важнай высновы: чым больш мы разважаем над Божымі шляхамі ў нашым жыцці, тым больш разумеем, што Бог давярае нам і хоча, каб мы былі свабоднымі і адказнымі, якія не сядзяць і не чакаюць, што нехта іншы вырашыць іх праблемы. У той жа час зразумела, што вялікая колькасць гэтых праблем перавышае нашыя магчымасці, асабліва калі наша матывацыя грунтуецца на амбіцыях і ганарлівасці, а не на дабры іншых. Кажучы літаральна, на самой справе мы маем толькі «пяць хлябоў і дзве рыбы». Гэта азначае, што нашы рэсурсы вельмі сціплыя. І ў той жа час Евангелле вучыць, што яны ўзрастаюць вельмі моцна, калі мы звяртаемся па дапамогу да Бога. 4. Калі малады Давід збіраўся ваяваць з гігантам Галіятам, то гэта нагадвала самазабойства. Аднак, як чытаем у Бібліі, Бог дапамог яму і ён учыніў тое, што з чалавечага погляду здавалася немагчымым. Святое Пісанне паказвае, што шлях караля Саўла з мячом ад пачатку быў асуджаны на непаспяховасць. Новы шлях Давіда са стропам і каменем кардынальна змяніў сітуацыю. Песімістычны Саўл мог думаць толькі па-старому, а аптымістычны і веруючы Давід знайшоў лепшае і больш эфектыўнае вырашэнне праблемы як перамагчы гіганта Галіята. 5. Аўтэнтычная вера і сапраўдная святасць не павінны ўяўляцца асцярожнымі і абарончымі перад выклікамі жыцця. Наадварот, сапраўдная вера ўзбуджае ўяўленне і чыніць асобу крэатыўнай і інавацыйнай у змаганнях з праблемамі. Сённяшняе Евангелле пацвярджае жаданне Бога зрабіць нас больш пазітыўнымі і поўнымі надзеі. Калі Езус «паблагаславіў і паламаў» хлеб, Ён папярэдзіў Эўхарыстыю, якая нам дапамагае ў вырашэнні нашых праблем. 6. Актуальнымі застаюцца і словы Хрыста: вы дайце ім есці. Яны заклікаюць да дабрачыннасці як знаку праяўлення любові да бліжняга па прыкладу любові Бога да чалавека. Пры гэтым дабрачыннасць павінна мець евангелізацыйны аспект і несці ў сучасны свет Добрую Навіну. Далей, гэтыя словы адносяцца да задання Касцёла духоўна карміць вернікаў. А каб гэта здзяйсняць, павінны быць асобы, пакліканыя і ўстаноўленыя Хрыстом для выканання гэтага задання, гэта значыць — святары. Езус працягвае сваю збаўчую місію ў свеце праз святароў. Без святароў справа збаўлення застанецца ляжаць, як дэпазіт у банку, і мы не зможам з яго карыстацца. У той жа час ласка збаўлення павінна дайсці да чалавека. І гэта магчыма праз святара. Таму нам усім неабходна маліцца аб святарскіх пакліканнях, каб у нас было дастаткова тых, што навучае праўдам Божым, цэлебруе сакрамэнты, асвячае і, служачы людзям у любові, імі кіруе. Бог заўсёды дзейнічае праз чалавека і ў Яго ёсць толькі нашы рукі і ногі. Таму, вырашаючы нашы праблемы, не будзем баяцца карыстацца Божай дапамогай, не будзем баяцца кінуцца ў абдымкі Божай Міласэрнасці, не будзем баяцца даверыцца Яму, бо нават калі ўсе нас пакінуць, Ён не пакіне. Амэн. |