Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас V Нацыянальнай пілігрымкі сем’яў |
15 кастрычніка 2011 г., мінская архікатэдра Глыбокапаважаныя браты і сёстры, паважаныя сем’і! 1. Сёння Каталіцкі Касцёл успамінае св. Тэрэзу Авільскую, якую называюць таксама Тэрэзай Вялікай. Яна жыла ў XVI стагоддзі ў Іспаніі, была кармэлітанкай і нават рэфармавала свой закон, хоць гэта не было лёгка. Святая Тэрэза напісала шмат кніг, у якіх знаходзіцца плён яе глыбокага духоўнага жыцця, за што і была прызнана доктарам Касцёла. Між іншым, яна навучае, што калі Бог дзейнічае ў чалавеку, то ён з Божай дапамогай перамагчы ўсе цяжкасці. 2. Гэтыя словы святой Тэрэзы вельмі добра падыходзяць да падзеі, якая сёння адбываецца ў мінскай архікатэдры, а менавіта чарговай, ужо V Нацыянальнай пілігрымцы сем’яў пад дэвізам «Сям’я — праца і святкаванне». Каталіцкі Касцёл у Беларусі, «чытаючы» знакі часу, адным з якіх з’яўляецца крызіс сучаснай сям’і, імкнецца дапамагчы сем’ям вырашыць яго. А каб гэта ўчыніць, трэба прыслухацца да навучання святой Тэрэзы Авільскай, а менавіта трэба дазволіць Богу дзейнічаць у чалавеку. 3. Калі ў сэрцы няма Бога, то ўсё дазволена. Гэта тая філасофія, якой вельмі часта кіруецца сучасны чалавек. Ён лічыць, што Божы закон абмяжоўвае свабоду і не дае магчымасці праявіць сябе да канца. Аднак, як паказвае штодзённае жыццё, такое меркаванне з’яўляецца памылковым. Бо, калі няма Бога, то Яго месца займае нехта або нешта іншае. Адным з гэтых іншых, з’яўляецца неабмяжаванае імкненне да свабоды чыніць усё, што хочацца. І тады чалавек забывае, што сям’я — гэта Богам створаны адзіны і непарушны саюз мужчыны і жанчыны з мэтай узаемнай дапамогі і нараджэння патомства. Незахаванне гэтага асноўнага прынцыпу вядзе да крызісу, які перажывае сучасная сям’я. Палова сем’яў разведзены, у выніку чаго церпяць не толькі самі сужэнцы, але і іх дзеці, якія пры жывых бацьках застаюцца як быццам сіротамі. Хто іх тады выхоўвае? Тата з мамай ці вуліца? На самой справе ў сучасных сем’ях дзяцей выхоўваюць не бацькі, а мас-медыя. Фаст-фуды — пункты хуткага харачавання — і прафесійная дзейнасць абодвух бацькоў знішчылі паняцце кухоннага стала, за якім збіралася ўся сям’я. Нават калі ў сям’і бацькі і дзеці разам спажываюць пасілак, то пасля яго хуценька разбягаюцца па сваіх кутках. Бацька глядзіць тэлевізар, маці мые посуд, а дзеці сядзяць у Інтэрнэце. Многія бацькі нават задаволены тым, што дзеці занятыя Інтэрнэтам, не клапоцячыся пра выхаванне, якое пры гэтым атрымліваюць. Наступнай праблемай з’яўляецца рэлігійнае выхаванне дзяцей. Нярэдка сучасныя бацькі яго аддаюць Касцёлу. Маўляў, Касцёл паклапоціцца пра ўсё, бо сёння свабода веравызнання, арганізавана нармальная катэхізацыя і дзеці будуць падрыхтаваныя да першай споведзі і камуніі. З аднаго боку гэта так. Аднак з іншага — сям’я павінна быць хатнім Касцёлам. Калі дзеці не будуць бачыць бацькоў, якія моляцца, прымаюць удзел у святой Імшы і прыступаюць да сакрамэнтаў, то нічога не дапаможа. Старая лацінская прымаўка кажа «Verba movunt, sed exempla trahunt. — Словы адпіхваюць, а прыклады прыцягваюць». Гэтага прыкладу, ці, кажучы сучаснай мовай, сведчанняў у наш час вельмі мала, або нават зусім няма. А якой праблемай з’яўляецца захаванне самага вялікага Божага дару, якім ёсць дар жыцця! Мы часта з жахам паўтараем, колькі людзей загінула падчас разнастайных войнаў. Даследаванні паказваюць, што ў 250 розных войнах і ўзброеных канфліктах ХХ стагоддзя загінула каля 110 мільёнаў чалавек (пар. http://ria.ru/infografika/20071002/81981001.html). У той жа час ад абортаў загінула каля аднаго мільярда чалавек (пар. http://niedziela.pl/artykul_w_niedzieli.php?doc=ed200847&nr=44). Штогод у свеце выконваюцца каля 52 мільёнаў абортаў (пар. http://www.okiem.pl/cnota/aborcja.htm). Вядома, што шкада кожнага жыцця, нават жыцця аднаго чалавека, аднак факты з’яўляюцца ўпартай справай і найбольш красамоўнымі. Кроў нявінных дзяцей льецца ракой у найлепшых медыцынскіх кабінетах і льецца з дазволу бацькоў. Гэта не што іншае, як самагенацыд народу. 4. Асобнай справай, на якую звяртае ўвагу сённяшні форум, з’яўляецца праца і святкаванне. Святое Пісанне дае нам шмат прыкладаў працы. Хрысціянства, развіваючы навучанне Старога Запавету і прымаючы пад увагу тое, што Сын Божы, стаўся чалавекам, большую частку свайго жыцця прысвяціў фізічнай працы, а таксама выходзячы з ўсяго кантэксту Евангелля, учыніла сапраўдную рэвалюцыю разумення сэнсу чалавечай працы. «Падмуркам ацэнкі чалавечай працы не з’яўляецца сама праца, але той факт, што яе выконвае чалавечая асоба», — навучаў благаслаўлёны Ян Павел II у энцыкліцы «Laborem exercens» — «Выконваючы працу» (пар. LE 6). У ёй Папа таксама навучае, што праца стварае фундаментальнае вымярэнне быцця чалавека на зямлі (пар. LE 1). Cвяты апостал Павел навучае, што той, хто не хоча працаваць, няхай і не есць (пар. 2 Фес 3, 10). Гэта зразумела, бо чалавек жыве з працы. Дзякуючы фізічнай і інтэлектуальнай працы ўзнікаюць гарады, фабрыкі, дарогі, машыны, мы маем хлеб і г.д. На працу трэба глядзець не як на зняволенне, але як на шлях жыцця і дасканаласці. Нездарма падчас Эўхарыстыі святар, ахвяруючы хлеб і віно, кажа: «Благаслаўлёны Ты, Пане Божа сусвету, бо дзякуючы Тваёй дабрыні, мы атрымалі хлеб — плод зямлі і працы рук людскіх — Табе яго ахвяруем, каб стаўся для нас хлебам жыцця». У сучасным свеце развіваюцца працэсы працоўнай міграцыі. Падвержана ім і Беларусь. Многія бацькі ці маці выязджаюць за мяжу, каб там працаваць. Сям’я становіцца няпоўнай, бо няма аднаго з бацькоў, што негатыўна ўплывае на выхаванне дзяцей. Працэсы працоўнай міграцыі нярэдка вядуць і да развалу сям’і з усімі наступствамі. Таму трэба вельмі асцярожна падыходзіць да працэсаў працоўнай міграцыі, бо сям’я, яе цэласнасць і выхаванне дзяцей павінна займаць галоўнае месца. У сучасным свеце мы ўсё часцей бачым маладых людзей, якія не ўмеюць і не хочуць працаваць. Чаму так? Найчасцей таму, што аб гэтым у свой час не паклапаціліся бацькі. Нярэдка можна пачуць наступныя словы: мы ўсё жыццё цяжка працавалі, няхай тады нашы дзеці адпачнуць. Гэтым самым яны робяць сваім дзецям мядзвежую паслугу і выхоўваюць іх так званымі мамчынымі сыночкамі, якія толькі і чакаюць, што нехта за іх зробіць працу. Таму бацькі у працэсе выхавання дзяцей павінны з малых гадоў прывучаць іх да працы згодна з іх магчымасцямі і здольнасцямі. Нездарма Ян Павел II казаў, што праца з’яўляецца падмуркам фармацыі сямейнага жыцця, якое з’яўляецца натуральным правам і пакліканнем чалавека (пар. LE 10). Наступнай, вельмі важнай і актуальнай, справай з’яўляецца святкаванне, якое ў сучаснай секулярнай культуры прымае ўсё больш свецкі сэнс. Бацькі клапоцяцца, каб дзеці адпачылі: вязуць іх на курорты, у кіно і тэатры, на заняткі ў розныя кружкі, на стадыёны, на прыроду і г.д. Усё гэта не благія справы, аднак пры гэтым забываюць пра сапраўднае хрысціянскае святкаванне нядзелі. Вельмі небяспечнымі з’яўляюцца сучасныя гіпермаркеты. Там ёсць усё: не толькі магазіны, але і залы для гульняў, кіно, рэстараны і г.д. Там можна правесці ўвесь дзень. Калі пытаешся, чаму не былі ў нядзелю на святой Імшы, то ў такім выпадку адказваюць, што не мелі часу, калі вярнуліся дамоў, то ўжо было позна. Святкаванне нядзелі павінна насіць хрысціянскі характар. Трэба адпачываць не толькі целам, але і душой. Для гэтага і існуе абавязак прыняць удзел у нядзельнай і святочнай святой Імшы. Прымаць удзел трэба разам усёй сям’ёй. Бо толькі тады дзеці будуць бачыць добры прыклад старэйшых і ведаць, што нядзеля — гэта Dies Dominica ці Дзень Пана. Дзень прысвечаны Богу. Штодня мы не заўсёды маем час задумацца аб духоўным жыцці і вечнасці. Нядзелю таксама трэба выкарыстаць і для размовы з дзецьмі, як яны вучацца, чым цікавяцца, да чаго імкнуцца. Такім чынам, святкаванне нядзелі павінна аб’ядноўваць сям’ю, рабіць яе моцнай. Кажучы пра выхаванне маладога пакалення, трэба памятаць аб тым, што малае тонкае дрэўца яшчэ можна выпрастаць, а калі вырасце, то ўжо нічога не ўдасца зрабіць. 5. Узгаданыя вышэй паталогіі вядуць да маральнага абнішчэння грамадства і негатыўна ўплываюць на выхаванне маладога пакалення. У выніку чаго пашыраецца алкагалізм, распаўсюджваецца наркаманія і СНІД, расце злачыннасць і г.д. У выніку — чалавек і грамадства маральна атрафіруюцца. Сям’я, хоць самая малая клетка грамадства, аднак самая галоўная. Ад таго, якой будзе сям’я, залежыць, якім будзе грамадства. 6. Касцёл не можа спакойна глядзець на праблемы сучаснай сям’і і, кіруючыся прынцыпамі сацыяльнага навучання і маральнага закону, імкнецца да іх вырашэння. 1–5 кастрычніка 2011 г. ў Кракаве/Лагеўнікаў у Польшчы адбываўся II Сусветны кангрэс Божай Міласэрнасці на тэму «Божая міласэрнасць — крыніца надзеі». Калі сучасны свет і асабліва сям’я знаходзіцца ў глыбокім крызісе, паратункам застаеца Божая Міласэрнасць. Як рака забірае з сабой усё і нясе ў мора, таксама і Божая любоў абдымае ўсё, каб занесці ў бязмежны акіян Божай Міласэрнасці, якая з’яўляецца самай важнай уласцівасцю Бога. Таму ў сучаснай вельмі складанай сітуацыі сям’і яе неабходна даручыць Божай Міласэрнасці. Каб лепш гэта зрабіць, хачу прапанаваць вам, дарагія сем’і, Праграму евангелізацыі сям’і. Добра ведаем, што новая евангелізацыя з’яўляецца галоўным заданнем Касцёла ў наш час. Яна павінна таксама ахапіць і семі’і. Давяраючы сем’і Божай Міласэрнасці, неабходна імкнуцца да таго, каб у іх дзейнічаў Бог, які дапаможа перамагчы ўсе цяжкасці. Не трэба баяцца тэрміну Праграма евангелізацыі сям’і. Яна павінна складацца з вельмі простых, аднак сутнасных рэчаў, якія чыняцца сумесна. Менавіта сумесная малітва, сумесны ўдзел у святой Імшы ў нядзелю і свята, сумесная праца, сумесны адпачынак і г.д. Усё гэта толькі аб’яднае і ўмацуе сям’ю. Калі ўсё гэта будзе чыніцца ў імя Бога, то Ён будзе сярод членаў сям’і, яе аб’яднае і ўмацуе. Тады, як навучае святая Тэрэза Авільская, усе праблемы будуць паспяхова вырашаны і сям’я стане радасцю і надзеяй яе членаў, грамадства і ўсяго свету. Амэн. |
Адноўлена 13.10.2011 15:27 |