Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія арцыбіскупа Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды асвячэння табліцы з малітвай «Ойча наш» ў Іерусаліме


Кляштар Pater noster, 25 кастрычніка 2011 г.

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

Вашы Эксцэленцыі, святары, кансэкраваныя асобы, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, пілігрымы, браты і сёстры.

1. Сёння асвячаецца табліца з малітвай «Ойча наш» на беларускай мове. Ужо сама назва малітвы ўказвае на яе выключны характар, бо апосталаў гэтай малітве навучыў сам Збаўца. Першыя хрысціяне лічылі «Ойча наш» маці ўсіх малітваў і адносіліся да яе з вялікай пашанай, бо бачылі ў ёй квінтэсенцыю ўсяго Евангелля. Гэта малітва з’яўляецца сімвалічным акном, праз якое можна сузіраць Бога. У ёй мы знаходзім адказ на просьбу вучняў Хрыста: «Пане, навучы нас маліцца».

2. Малітва «Ойча наш» складаецца з дзвюх частак. У першай мы ўсхваляем Бога і абвяшчаем веліч Ягонага Валадарства. У другой — нашыя просьбы датычаць зямных справаў чалавека.

«Ойча наш» — першыя словы гэтай малітвы. У іх крыецца праўда пра айцоўства Бога. Езус аб’яўляе нам Бога, які ёсць нашым Айцом, а гэта значыць блізкім кожнаму чалавеку. Бог нібы схіляецца над кожным чалавекам, працягвае да яго руку і запрашае да сяброўства. Гэтым самым нівеліруецца існуючае ў Старым Запавеце паняцце пра Бога далёкага, суровага і караючага. Езус аб’яўляе нам Бога як міласэрнага Айца.

Гэтыя словы таксама нагадваюць пра супольны характар малітвы «Ойча наш», бо мы не кажам «Ойча мой», але «Ойча наш». Гэта азначае, што ўсе, хто моліцца гэтай малітвай, павінны адчуваць сябе братамі і сёстрамі.

3. Словы «каторы ёсць у небе» паказваюць Божы парадокс. З аднаго боку, Бог нам блізкі, а з іншага — далёкі, бо знаходзіцца ў небе. Гэты парадокс нагадвае пра тое, што Богу належыць адпаведная хвала і таксама боязь, гэта значыць захоўванне Яго закону, бо Пан Бог, хоць і міласэрны, але і справядлівы.

4. Словы «свяціся імя Тваё» азначаюць, што Бог — святы, і мы сваім жыццём павінны ўказваць на Яго, бо хвала Бога — гэта духоўна жывы чалавек. Бог патрабуе нашай ноты ў канцэрце Ягонай славы. Хрыстусу быў патрэбен Сымон Кірынэец, каб дапамог Яму несці крыж; была патрэбна Вераніка, каб выцерла Яму твар; былі патрэбны апосталы для абвяшчэння Яго Евангелля.

5. Словы «прыйдзі валадарства Тваё» азначаюць просьбу, каб Бог панаваў у свеце і ў жыцці чалавека. Гэтае панаванне выяўляецца ў прагненні дабра, любові, справядлівасці і прыгажосці для чалавека і ўсяго стварэння. Божае Валадарства не знаходзіцца ні справа, ні злева, ні наперадзе, ні за намі, але ў нас. Яно пераменяе чалавека і дае яму надзею.

6. Словы «будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі» азначаюць адданне Богу самога сябе, пошук Ягонай волі, наследаванне Хрыста.

На гэтым завяршаецца першая частка малітвы «Ойча наш» і распачынаецца другая, у якой мы просім Бога за сябе і за нашае жыццё.

7. Словы «хлеба нашага штодзённага дай нам сёння» азначаюць тое, што мы звяртаемся да Бога з просьбай дапамагчы нам у штодзённым жыцці, у тым, што патрэбна для жыцця. Мы просім аб ежы, памяшканні, адзенні, працы і г.д.

Просячы аб штодзённым хлебе, мы выказваем давер Богу, просім на сёння, але верым, што дасць яго і ў будучыні. Гэтым самым абсалютна давяраем Богу, што Ён ніколі нас не пакіне адных са сваімі праблемамі. Тут мы таксама бачым супольны характар малітвы, бо мы не молімся «дай мне», але «дай нам». Такім чынам малітвай «Ойча наш» мы ахопліваем усіх, хто знаходзіцца ў патрэбе.

8. Далей у малітве «Ойча наш» мы молімся: «і адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым». Гэтыя словы маюць вялікае значэнне. Менавіта таму, што мы павінны не толькі прасіць Бога аб адпушчэнні нашых грахоў, але адначасова прымаем на сябе новыя абавязкі прабачэння тым, хто вінаваты перад намі. Гэта не што іншае, як абавязак любіць бліжніх. Так Езус навучае, што мы павінны быць такімі, якім ёсць наш нябесны Айцец, які прабачае грахі і слабасці.

Гэтымі словамі Езус таксама ставіць умову адпушчэння грахоў Богам: калі мы прабачаем бліжнім, то і Бог прабачае нам. Тут Бог нібы кажа нам: Я люблю цябе і прабачаю табе. Хачу, каб і ты Мяне любіў і быў Маім дзіцём. Аднак у той жа час Я не чакаю ад цябе такой самай любові, бо ты не можаш любіць Мяне так, як Я люблю цябе. Твая любоў недасканалая, бо ты — толькі чалавек. Таму любі другога чалавека і прабачай яму. Гэтым ты пакажаш, што любіш Мяне і што Я з’яўляюся тваім Айцом. Любячы другога і прабачаючы яму, ты Мне пакажаш, што прымаеш Маё прабачэнне і Маю любоў.

9. Наступныя словы малітвы гучаць: «і не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога». Імі мы звяртаемся да Бога з просьбай аб дапамозе, каб мы маглі трываць у лучнасці з Ім. Спакуса кожны дзень паўстае перад намі і імкнецца адцягнуць нас ад Бога. Спакуса граху, як часам здаецца, вядзе нібыта да лягчэйшага жыцця, бо мы можам рабіць усё, што хочам. Ці можам мы ўласнымі сіламі перамагчы грэх? Не, бо нездарма Езус кажа: без Мяне нічога не зможаце зрабіць.

Але мы не адны. Бог ёсць з намі, і ў малітве «Ойча наш» мы не просім Яго, каб зніклі спакусы. Але просім аб дапамозе падчас спакусаў. Спакуса — гэта  выпрабаванне нашай веры і любові да Бога. Нават сам Езус павінен быў прайсці праз такое выпрабаванне. Ён таксама баяўся смерці, але згаджаўся з Божай воляй.

Спакуса дазваляе нам убачыць нашу слабасць і духоўную хваробу. Дзякуючы спакусе мы можам прасіць Бога, каб дапамог вылечыцца з духоўнай хваробы і ўмацаваць веру.

10. Такім чынам, малітва «Ойча наш» вучыць нас, што мы павінны праслаўляць Бог як нашага Айца, які ідзе побач з намі і трымае нас за руку, каб не дазволіць нам загінуць. Няхай жа табліца з гэтай малітвай дапамагае ўсім, хто будзе маліцца каля яе, ісці шляхам Евангелля, удасканальвацца ў цнотах і ўзрастаць у веры, якая патрэбна для збаўлення, а таксама няхай праслаўляе беларускую культуру і нашу Бацькаўшчыну. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі