Гамілія арцыбіскупа Кандрусевіча на ўрачыстасць Пана Нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, Год А |
Глыбокапаважаныя браты і сёстры! 1. Завяршаецца літургічны год. Ужо праз тыдзень распачнецца Адвэнт — час чакання свята Нараджэння Хрыста Збаўцы. Сёння, у апошнюю нядзелю літургічнага года, Касцёл адзначае ўрачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету. Гэта натуральна, бо на працягу ўсяго літургічнага года Касцёл вядзе нас праз удзел у таямніцах Хрыста шляхам збаўлення, і мэтай гэтага шляху з’яўляецца Валадарства Божае. Сённяшняя ўрачыстасць дапамагае нам заглянуць у будучыню, калі Езус ізноў прыйдзе ў хвале. Гэтае свята было ўстаноўлена папам Піем XI у 1925 г. Пасля літургічнай рэформы Другога Ватыканскага Сабору яно адзначаецца ў апошнюю нядзелю літургічнага года. Пій XI устанаўліваў гэтае свята ў скаладаны час: зусім нядаўна завяршылася I Сусветная вайна, у Расіі панаваў камунізм і атэізм, пазначаны невядомым дагэтага пераследам веры, у Германіі ўздымалі галовы фашысты, ва ўсім свеце пачаў праяўляцца секулярызм. Гэта быў якраз той час, калі свету трэба было паказаць іншага Валадара, Валадарства якога ніколі не скончыцца, — Хрыста, Валадара сусвету. Валадара, які павінен панаваць у сэрцах, думках, волі і целах людзей. 2. Сённяшнія чытанні канцэнтруюцца вакол сцэны Апошняга Суда, калі Хрыстус прыйдзе другі раз у хвале і з моцаю, каб судзіць жывых і памерлых. У першым чытанні прарок Эзэхіэль нагадвае пра тое, што сам Бог будзе суддзёй. Евангелле дапаўняе гэтую думку канкрэтнасцю суда. Яно прадстаўляе Хрыста, як таго, які прыйшоў да людзей у вобразе патрабуючага чалавека: галоднага, прагнучага, голага, падарожнага, хворага, які знаходзіўся ў вязніцы. Тыя, хто яму дапамог, увойдуць у Валадарства Божае. Тыя ж, хто адмовіўся дапамагчы, пойдуць на вечнае пакаранне. У другім чытанні св. апостал Павел навучае, што ў Хрысце ўсе будуць ажыўлены, гэта азначае — уваскрэснуць. Тыя, хто быў з Ім злучаны, уваскрэснуць да жыцця вечнага і ўвойдуць у Валадарства Божае. 3. Ад пачатку гісторыі чалавецтва кароль прадстаўляўся тым, хто меў уладу на зямлі. У нашым выпадку, узгадваючы Хрыста як Валадара Сусвету, мы сутыкаемся з чымсьці кардынальна іншым. Езус не прыйшоў валадарыць на гэтай зямлі, але служыць усім, нават сваім ворагам. Падчас сваёй мукі Ён паказаў, што з’яўляецца Валадаром, і памёр на крыжы з надпісам «Кароль Юдэйскі». Хрыстус на дрэве крыжа — гэта вельмі добры прыклад пераможанага, зняважанага, пакінутага ўсімі, памерлага, як злачынца. Адзін з укрыжаваных разам з Ім распазнаў у Ім Валадара і прасіў аб месцы ў Яго Валадарстве. Што Езус яму і паабяцаў. У сённяшнім свеце, пазначаным дэмакратычнымі тэндэнцыямі, слова «валадар» ці «кароль» не ўспрымаецца добра. Сучасны свет лепш прымае слова «лідар». Мы часта ўспамінаем аб свецкіх ці духоўных лідарах і нярэдка самі імкнёмся імі быць. Езус, ведаючы прыроду свецкіх валадароў, якія імкнуцца да ўлады, супрацьстаўляе сябе ім. Ён прадстаўляе сябе як таго, хто служыць іншым Валадарам, і кажа сваім паслядоўнікам быць такімі ж. І сёння, калі мы адзначаем урачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету, мы не адзначаем свята валадара, які толькі і жадаў, каб яму служылі, але такога Валадара, які жадаў аддаць сваё жыццё за чалавецтва. 4. У сваім навучанні Езус заклікаў шукаць Божае Валадарства, якое не з гэтага свету. Гэта азначае, што на першым месцы мы павінны ставіць Бога і Яму як Валадару падпарадкоўвацца. Хрыстус, хоць і памёр гэтаксама, як памірае кожны чалавек, у тым ліку і кароль, аднак памёр з той мэтай, каб збавіць чалавецтва, а не каб такім чынам завяршыць зямное жыццё. Яго смерць — гэта не вынік прайгранай бітвы, але слаўная перамога над злом, грахом і смерцю. Гэтым самым Хрыстус радыкальна змяніў канцэпцыю валадарства. Ён сам гаворыць пра сваю каралеўскую ўладу, якая была дадзена Яму на зямлі і на небе. 5. Сёння вербісты адзначаюць 20-годдзе свайго служэння ў Беларусі. Менавіта тут, на постсавецкай прасторы, яны распачалі рэалізацыю свайго місійнага паклікання. Вербісты — гэта манаская супольнасць Божага слова, якая рэалізуе місійны запавет Хрыста: ідзіце і навучайце ўсе народы. За апошнія два дзесяцігоддзі было зроблена вельмі многа. У Баранавічах паўстала парафія Маці Божай Фацімскай, быў пабудаваны прыгожы касцёл. Акрамя гэтага, быў пабудаваны Місійны дом Святой Тройцы, у якім размяшчаецца Катэхетычны каледж імя Зыгмунта Лазінскага і рэдакцыя часопіса «Дыялог», які выдаецца вербістамі. Тут абываюцца рэкалекцыі, пастырскія сустрэчы, а таксама сустрэчы розных малітоўных і фармацыйных груп. Такім чынам, Баранавічы вельмі моцна зрасліся з манаскім ордэнам вербістаў. У сваёй апостальскай дзейнасці вербісты не абмежаваліся толькі Баранавічамі. Працуючы ў іншых парафіях каля Баранавіч, яны адсюль накіраваліся працаваць і на Усход. Сёння манаскія супольнасці вербістаў паспяхова працуюць у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Іркуцку і ў многіх іншых гарадах. Трэба ўзгадаць і тое, што першым каталіцкім біскупам у Іркуцку быў прызначаны член манаскай супольнасці вербістаў з Баранавіч а. Ежы Мазур. Падобна таму, як тут у Баранавічах ён пабудаваў касцёл і Місійны дом, так і ў Расіі ў Іркуцку ён пабудаваў катэдру і курыю, а таксама касцёлы ў многіх гарадах Іркуцкай дыяцэзіі, пры гэтым вельмі моцна развіў катэхізацыю і дабрачыннасць. 6. Дваццаць гадоў у гісторыі Касцёла — гэта няшмат. Але калі браць ва ўвагу адраджэнне Касцёла ў Беларусі пасля трох пакаленняў ганенняў, то гэта вельмі многа, бо трэба было нанава адраджаць Касцёл і яго дзейнасць. Галоўным заданнем вербістаў з’яўляецца абвяшчэнне Божага слова. Гэтае заданне арганічна ўліваецца ў заданне ўсяго Касцёла, бо вера — ад слухання, а каб слухаць, найперш трэба абвяшчаць. Гэта зразумела. Праблема абвяшчэння Божага слова заўсёды была вельмі актуальнай і такой застаецца і ў наш час, пазначаны выклікамі секулярызму, дабравольнага адыходу ад Бога і спіхвання рэлігіі на перыферыю жыцця. Нездарма апошні Сінод Біскупаў, якія адбыўся ў Ватыкане у 2008 г., быў прысвечаны праблеме Божага слова ў жыцці і місіі Касцёла, а наступны, які пройдзе ў будучым годзе, будзе прысвечаны тэме новай евангелізацыі. Менавіта абвяшчэнне слова Божага патрабуе ў наш час новай энергіі і новых метадаў. Таму вопыт і патэнцыял вербістаў яшчэ далёка не выкарастаны. Мы ўсе знаходзімся на шляху да Валадарства Божага, Валадаром якога з’яўляецца Хрыстус. У гэты святочны і юбілейны дзень жадаю вербістам і далей быць бадзёрымі і крэатыўнамі ў выкананні гэтай адказнай місіі, каб дзякуючы вашама служэнню як мага больш людзей магло асягнуць вечнае шчасце ў Божым Валадарстве. 7. Адна гісторыя кажа пра тое, як маленькая дзяўчынка разам з татам ішла па мосце. Тата ёй сказаў: «Трымай мяне за руку, каб не ўпасці ў раку». На гэта дзяўчынка адказала: «Не, трымай ты мяне за руку». «У чым розніца?» — спытаўся тата. Дзяўчынка адказала: «Калі я буду трымаць цябе за руку і нешта здарыцца, то я магу яе адпусціць. А калі ты будзеш мяне трымаць, то я ведаю, што ты не дазволіш, каб мая рука адпусціла тваю». Дарагія браты і сёстры! Дазволім Хрысту Валадару трымаць нас за руку, каб мы не загінулі, пераходзячы праз мост нашага жыцця, у акіяне выклікаў сучаснасці і шчасліва дайшлі да мэты нашага жыцця — да вечнага шчасця ў Валадарстве Божым. Няхай на гэтым шляху дапамагае нам служэнне вербістаў, тых, якія абвяшчаюць слова Божае. Амэн. |
Адноўлена 21.11.2011 10:43 |