Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія арцыбіскупа Кандрусевіча падчас Імшы Вячэры Пана


СВЯТАРСТВА З ЭЎХАРЫСТЫІ І ДЛЯ ЭЎХАРЫСТЫІ

Вялікі чацвер, 5 красавіка 2012 г., мінская архікатэдра

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Сёння св. Імшой успаміну Апошняй Вячэры Каталіцкі Касцёл распачынае Пасхальны Трыдуум, падчас якога мы разважаем над таямніцай нашага збаўлення. Менавіта таму ён займае першае месца сярод усіх набажэнстваў літургічнага года.

Сённяшняе Евангелле вядзе нас у вячэрнік, у тое месца, дзе Хрыстус устанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі і сакрамэнт святарства. Гэтыя два сакрамэнты неразрыўна звязаны паміж сабой.

Хрыстус, ведаючы, што пасля здзяйснення справы збаўлення чалавецтва Ён павінен будзе вярнуцца ў дом свайго нябеснага Айца, устанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі, каб у постацях хлеба і віна застацца з намі. Для таго ж, каб Эўхарыстыя была прысутнай сярод нас, Ён устанавіў сакрамэнт святарства, дзякучы якому святар дзейнічае ад імя і моцаю Збаўцы.

2. Усё гэта Езус учыніў падчас Апошняй Вячэры. Для ўстанаўлення Эўхарыстыі Ён выкарыстаў хлеб і віно — галоўныя і найбольш даступныя прадукты харчавання ў Палестыне. Хрыстус пакінуў нам Эўхарыстыю як хлеб жыцця вечнага, які Ён паабяцаў даць людзям. Гэтым хлебам з’яўляецца Яго Цела ў постацях хлеба і віна. Такім чынам, у Эўхарыстыі Езус корміць нас сваім Целам. Гэта духоўны хлеб; хлеб анёлаў.

Падчас выйсця з егіпецкай няволі Бог карміў выбраны народ маннай з неба. Дзякуючы ёй ізраільцяне змаглі выжыць і шчасліва дайсці да абяцанай зямлі.

Мы ўсе знаходзімся ў падарожжы да нябеснага Ерузалема. Каб дасягнуць яго, неабходна мець духоўныя сілы. Іх мы атрымліваем у Эўхарыстыі. Сам Збаўца кажа, што ізраільцяне, хоць і елі манну з неба, аднак памерлі. Эўхарыстыя ж з’яўляецца такім хлебам, які гарантуе жыццё вечнае. Езус кажа, што той, хто есць Ягонае Цела і п’е Ягоную Кроў, будзе жыць вечна, нават калі памрэ. Такім чынам, Эўхарыстыя з’яўляецца хлебам жыцця вечнага. А хто ж не хоча жыць вечна? Мы ўсе хочам. Таму сёння асаблівым чынам павінны дзякаваць Езусу за ўстанаўленне сакрамэнту Эўхарыстыі, дзякаваць за Яго словы падчас Апошняй Вячэры: бярыце і ешце з гэтага ўсе, бо гэта ёсць Цела Маё; бярыце і піце з гэтага ўсе, бо гэта ёсць келіх Крыві Маёй.

3. Эўхарыстыя можа быць прысутнай сярод нас толькі дзякуючы святару. Няма на свеце чалавека, які б мог замяніць яго ў гэтым. Ніхто іншы, акрамя святара, не можа сказаць словаў, якія пераменяць хлеб і віно ў Цела і Кроў Хрыста: гэта Маё Цела, гэта Мая Кроў...

Аб гэтым паклапаціўся сам Збаўца, які адразу пасля ўстанаўлення Эўхарыстыі звярнуўся да сваіх вучняў са словамі: гэта чыніце на маю памяць. Яго вучні — апосталы. А іх наступнікі — біскупы і святары — ужо больш за дзве тысячы гадоў выконваюць гэту місію, каб карміць людзей хлебам жыцця вечнага.

Такім чынам, мы бачым, што святарства сапраўды паходзіць ад Эўхарыстыі, і яно перш за ўсё для Эўхарыстыі.

4. У гэтым крыецца бязмежная любоў Бога да чалавека. Найперш яна праяўляецца ў Эўхарыстыі. Устанаўліваючы Эўхарыстыю, Езус некрывавым спосабам увекавечыў сваю крыжовую смерць, якая з’яўляецца вяршыняй любові Бога да чалавека. На крыжы Езус аддаў сваё жыццё дзеля збаўлення свету. І сёння ў Эўхарыстыі Ён некрывавым чынам паўтарае гэты акт бязмежнай любові і міласэрнасці.

Бязмежная любоў Бога да чалавека праяўляецца і праз сакрамэнт святарства і служэння святара, без якога няма Эўхарыстыі. Адной з самых вялікіх праблем Касцёла ў Беларусі з’яўляецца вялікі недахоп месцаў культу — касцёлаў. Аднак жа якая вялікая бяда, калі ёсць касцёл і няма святара. Нават самы прыгожы і велічны касцёл без святара, а гэта значыць без Эўхарыстыі, становіцца пустым і халодным; ён становіцца проста музеем, які распавядае пра мінулае, але без сучаснасці і будучыні.

Эўхарыстыя ж — гэта дынаміка, бо, дзякуючы святару, сярод нас ёсць жывы і прысутны Езус, Ягоная крыжовая ахвяра і Змёртвыхпаўстанне. Такім чынам, Касцёл без святарства і без Эўхарыстыі не з’яўляецца ў поўнай меры Касцёлам як сакрамэнтам паўсюднага збаўлення. Тут пацвярджаецца старое правіла: Касцёл цэлебруе Эўхарыстыю, а Эўхарыстыя будуе Касцёл. Аднак усё гэта адбываецца дзякуючы служэнню святара.

5. Усведамляючы значэнне Эўхарыстыі як хлеба вечнага жыцця і будаўніка Касцёла, а таксама незаменнае значэнне святарства, падзякуем Богу за ўстанаўленне гэтых сакрамэнтаў. Узнясём у дзень святара нашы малітвы за слугаў алтара і аб пакліканнях да святарства, каб Касцёл у Беларусі сапраўды быў дынамічным сакрамэнтам паўсюднага збаўлення, які корміць сваіх вернікаў хлебам жыцця вечнага і вядзе іх да нябеснага Ерузалема.

Таму сённяшні дзень — гэта дзень радасці і ўдзячнасці Богу, бо Езус заўсёды з намі.

6. Аднак над гэтым пачуццём радасці згушчаюцца хмары і з’яўляецца цень крыжа. Пасля Апошняй Вячэры Езус быў здраджаны сваім вучнем, арыштаваны і кінуты ў вязніцу. Гэта вельмі добра сімвалізуе сённяшняя літургія, калі пасля святой Імшы Найсвяцейшы Сакрамэнт пераносіцца ў цямніцу. Не пакінем Яго аднаго, пабудзем з Ім, падзякуем Яму за бязмежную любоў. Няхай ніколі ў наш адрас не прагучаць словы, якімі Ён дакараў вучняў за тое, што паснулі падчас Яго малітвы ў Гетсіманскім садзе і не трывалі з Ім. Гэта будзе знак удзячнасці за ўстанаўленне сакрамэнтаў Эўхарыстыі і святарства, знак удзячнасці за іх адраджэнне на нашай зямлі, знак новай надзеі. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі