Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на адкрыццё Міжнароднага каталіцкага фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnificat»

9 верасня 2012 г., Мінск

«Хвалі, душа мая, Пана»

1. Гэты рэфрэн рэспансарыйнага псальма вельмі добра перадае думку сённяшняга Евангелля аб цудзе аздараўлення глуханямога.

Мы ведаем, наколькі няшчасны чалавек, які не чуе і не можа размаўляць. Ён не можа словамі перадаць свае думкі, не можа камунікаваць з іншымі з дапамогай мовы, не чуе галасоў іншых людзей, птушак і г.д.

Вось такога няшчаснага прыносяць да Езуса з просьбай ускласці на яго рукі. Хрыстус дакрануўся да вушэй і языка хворага і сказаў: «Эффата», што азначае: «Адкрыйся», і той пачаў чуць і гаварыць. Людзі, нягледзячы на забарону Езуса, распавядалі аб гэтым і радаваліся.

2. Адна гісторыя апавядае пра малога хлопчыка, які вечарам маліўся, просячы Божай дапамогі для таты, мамы, бабулі і нават бабулінай кошкі. Потым ён сказаў: «А цяпер, Божа, што магу ўчыніць для Цябе?»

Гэтае пытанне з’яўляецца фндаментальным у адносінах чалавека з Богам. Мы прызвычаіліся, што толькі просім чагосьці ў Бога. Але ці дзякуем Яму і ці хочам Яму зрабіць штосьці добрае?

З гэтай нагоды варта прыгадаць словы амерыканскага прэзыдэнта Джона Кенэдзі, які казаў: «Не пытайся, што Амерыка зрабіла для цябе, але пытайся, што ты зрабіў для Амэрыкі».
 
3. Якім чынам мы можам ўчыніць дабро Богу? Вельмі проста. Езус кажа: «Усё, што вы зрабілі аднаму з гэтых найменшых, вы Мне зрабілі». Таму Бог вельмі прыхільна глядзць на дапамогу чалавеку, які знахозіцца ў патрэбе. Гэтая патрэба можа быць матэрыяльнай, духоўнай, выхаваўчай і г.д. У дапамозе іншым знаходзіцца адказ на пытанне, якое задаў малы хлопчык. Папа Грыгорый Вялікі пісаў: «Накармі галоднага, бо інакш ты яго заб’еш». Святы Пётр Клав’ер казаў: «Мы павінны гаварыць да патрабуючых найперш рукамі, а толькі потым языком».

Ключавым словам сённяшняга Евангелля з’яўляецца слова: «Эффата» — «Адкрыйся». Гэта адзінае слова, якое Езус прамовіў у сённяшнім Евангеллі, і менавіта яно павінна стаць часткай нашага штодзённага слоўніка, каб дапамагаць тым, якія знаходзяцца як у матэрыяльнай, так і ў духоўнай патрэбе.

4. Гэтай святой Імшой адкрываецца чарговы, ужо восьмы Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnificat», які стаў ужо традцыйным і геаграфія якога пашыраецца з кожным годам. Фестываль пакліканы несці хрысціянскія каштоўнасці ў сучасны секулярызаваны свет. Ён павінен дапамагчы сучаснаму чалавеку, ужываючы словы сённяшняга Евангелля, адкрыцца на Бога і Ягоную праўду.

Святы Айцец Бэнэдыкт XVI кажа, што калі чалавек не дае іншым Бога, то ён мала дае. Што даюць сучасныя медыя чалавеку? Што мы бачым на экранах тэлевізараў і кінатэатраў? Чым напоўнены інтэрнэт? Найчасцей сучасныя свецкія медыя шукаюць сенсацыі. Іх праграмы становяцца таварам, яны іх хочуць прадаць, і па большай цане. Такім чынам, культура ператварылася ў бізнес, і вельмі прыбытковы. Медыя запоўнены гвалтам, тэрорам, інтрыгамі, амаральнасцю і г.д. У той жа час мы забываемся, што ў сучасным свеце менавіта яны становяцца галоўным выхаваўцам чалавека, асабліва моладзі. Медыя не толькі інфармуюць, але і фармуюць чалавека, і яны аказываюць вельмі вялікі ўплыў на яго. Як часта мы абсалютна верым у тое, што паказалі па тэлевізары, сказалі па радыё, што знаходзім у інтэрнэце. Пры гэтым неабходна памятаць і аб тым, што некалькі разоў паўтораная няпраўда ў свядомасці людзей становіцца праўдай.

5. У такой складанай сітуацыі хрысціянскія медыя, кіно і тэлебачанне павінны быць супрацьвагай секулярным і ліберальным медыя. Іх заданнем ёсць несці Бога людзям. Яны павінны адкрыць чалавека на Божае слова, каб потым ён мог яго несці іншым. Сёння так шмат глухіх на Евангелле і так шмат такіх, якія лянуюцца яго абвяшчаць іншым. Вядома, што Бог міласэрны і заўсёды прабачае. Чалавек можа прабачыць, а можа і не прабачыць. У той жа час прырода ніколі не прабачае. Гэта мы вельмі добра бачым на прыкладзе экалагічнай сітуацыі ў свеце, якая ўсё больш пагаршаецца. Але ёсць яшчэ і экалогія чалавека. Чалавечая прырода, сапсаваная першародным грахом, ільне да зла. Чалавек ведае, што такое дабро, аднак у той жа час чыніць зло. І калі медыя не будуць выхоўваць яго да чынення дабра, да адкрыцця на Бога і Ягоную праўду, то ён будзе ўсё далей адыходзіць ад Бога і Яго закону і яго чалавечая прырода будзе весці да таго, аб чым нагадвае лацінская прыказка: «Homo homini lupus est» — «Чалавек чалавеку воўк», у той час як паводле Евангелля ён павінен быць братам.

6. «А цяпер, Божа, што магу ўчыніць для Цябе?» Адказ на гэтае пастаўленае маленькім хлопчыкам пытанне вельмі лёгкі. Неабходна праз прыклад свайго жыцця і хрысціянскае сведчанне даваць Бога іншым. Гэта таксама першаснае заданне хрысціянскіх медыя, якія павінны несці праўду Евангелля іншым. Напэўна, гэта нялёгкая справа. У гэтым сэнсе нам неабходна памятаць словы аднаго законніка, які казаў, што калі Хрыстус мог учыніць цуд у імгненне вока, то нам для гэтага патрэбна шмат часу. Таму трэба цярпліва імкнуцца да сваёй мэты.

7. Хрысціянскія медыя, якія прадстаўлены на гэтым фестывалі, памятайце аб сваёй адказнасці перад Богам і людзьмі, да якіх вы ідзяце. Памятайце, што вашым заданнем з’яўляецца не толькі інфармаваць, але і фармаваць чалавека. Памятайце, што вы з’яўляецеся галоўнай амбонай у сучасным свеце для абвяшчэння Божага слова. Памятайце, што вы пакліканы абвяшчаць праўду Евангелля.

Адна гісторыя распавядае, як нейкі рэжысёр адправіўся ў пустыню на здымкі новага фільма. Для працы ён наняў мясцовых людзей. Аднойчы адзін з іх сказаў, што заўтра будзе дождж. Ніхто яму не паверыў, але дождж пачаўся. Пазней ён сказаў, што заўтра будзе ўраган. І так сталася. Калі надыйшоў дзень галоўных здымак, рэжысёр спытаўся ў яго, якое заўтра будзе надвор’е. Чалавек адказаў, што не ведае. «Чаму не ведаеш, калі раней ведаў?» — спытаў рэжысёр. «Таму, што маё радыё сапсавалася», — адказаў чалавек. Ён ведаў аб надвор’і з радыё.

Сучасны чалавек шмат ведаў аб хрысціянстве можа пачарпнуць з хрысціянскіх медыя. Няхай жа яны ніколі не будуць сапсаванымі, але заўсёды застаюцца праўдзівымі, каб дапамагаць чалавеку адкрыцца на Бога і Яго праўду і такім чынам весці яго шляхам збаўлення. Амэн.

 

Адноўлена 09.09.2012 19:34
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі