Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча ва ўcпамін св Агаты, панны і мучаніцы


Мінская архікатэдра, 5 лютага 2013 г.

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Сёння Каталіцкі Касцёл успамінае адну з найбольш папулярных святых —Агату, якая жыла ў Катаніі (сённяшняя паўднёвая Італія) у III стагоддзі і за вернасць Хрысту аддала сваё жыццё.

Выхаваная ў знатнай і багатай сям’і, яна ў юнацкім узросце 15 гадоў адчула пакліканне да пасвячэння Хрысту і стала кансэкраванай дзевай. У тыя часы кансэкраваныя дзевы прадстаўлялі сабой цалкам непадобны да існуючага ў язычніцкім і маральна сапсаваным свеце таго часу стыль жыцця.

Каля 250–251 гг. у Катанію прыбыў рымскі праконсул Квінцыян з мэтай прымусіць усіх хрысціян публічна адмовіцца ад сваёй веры. Убачыўшы Агату, праконсул упадабаў яе. Аднак, калі даведаўся, што яна кансэкраваная асоба, то загадаў, каб яна пакланялася бажкам. Пасля таго, як яна станоўча адмовілася, праконсул аддаў яе пад апеку куртызанцы Афрадызіі, каб яна яе сапсавала. Аднак гэты план не ўдаўся, і праконсул распачаў судовы працэс супраць Агаты.

Апісанні яе мучаніцтва сведчаць аб тым, што святая Агата была добрым знаўцам дыялектыкі і рыторыкі. Так, на пытанне аб сваёй сям’і Агата адказала, што з’яўляецца свабоднай і паходзіць са шляхетнага роду. Тады праконсул спытаўся ў яе, чаму яна вядзе стыль жыцця нявольніцы. На гэта святая адказала, што найвышэйшая высакароднасць — быць нявольнікам Хрыста. У апісанні мучаніцтва святой Агаты знаходзяцца і наступныя словы: «Я вызнаю Хрыста вуснамі і сэрцам і не перастану гэтага чыніць».

У вязніцы яна была падвергнута жорсткім катаванням. Ёй нават адрэзалі грудзі. Пасля гэтага Агаце з’явіўся святы Пётр, каб умацаваць яе ў веры і загаіць раны. Разгневаны праконсул загадаў паставіць яе на бітае шкло і гарачыя вуглі. Аднак нечакана наступіў землятрус, і яе каты загінулі ў велізарнай яме. Тады праконсул загадаў спаліць Агату жывой. Паводле традыцыі, агонь, аднак, не спаліў яе вэлюм, які стаў адной з найбольш каштоўных рэліквій.

У першую гадавіну смерці святой Агаты нечакана адбылося вывяржэнне вулкана Этна. Вогненная лава пагражала заліць Катанію. Тады людзі з вэлюмам святой Агаты выйшлі насустрач вогненным патокам, і яны затрымаліся. Пасля гэтага культ ушанавання святой Агаты пачаў вельмі хутка распаўсюджвацца.

Святая Агата з’яўляецца апякункай Катаніі. Кожны год з 3 па 5 лютага там адбываюцца вялікія ўрачыстасці. У г. Сеговія ў Іспаніі існуе традыцыя, паводле якой 5 лютага жыхары выбіраюць «губернатаршу», а мужчыны ў той дзень выконваюць хатнія працы.

Святая Агата ахоўвае ад пажараў. Яна таксама з’яўляецца апякункай тых, хто адлівае званы, бо падчас пажару калісьці білі ў званы. Святая Агата таксама з’яўляецца апякункай кормячых маці.

2. Гэта ўсё, што кажа нам гісторыя пра святую Агату. А якія высновы мы, людзі ўжо трэцяга тысячагоддзя, можам зрабіць для сябе, гледзячы на прыклад жыцця святой Агаты і звязаныя з ёю традыцыі?

Мы ўсе ведаем, якой бядой з’яўляецца пажар, які нішчыць усё. Нягледзячы на выкарыстоўванне найноўшых супрацьпажарных тэхналогій, пажары, аднак, здараюцца, і нярэдка. У іх і ў наш час гінуць людзі.

Але ёсць яшчэ і іншы від пажару — пажар душы, калі грэх паліць душу чалавека і ён гіне духоўна, страчвае духоўнае жыццё. Гэта адна з самых актуальных праблем сучаснага свету, калі чалавек страціў пачуццё граху. У выніку ён гарыць. Таму сёння, праслаўляючы Бога, праз заступніцтва святой Агаты нам неабходна прасіць Яго, каб сцярог нас не толькі ад фізічнага пажару, але і ад духоўнага.

Наступнай высновай павінна стаць пытанне аб нашай веры. Ці можам мы разам са святой Агатай сказаць, што наша свабода і высакароднасць заключаюцца ў зняволенні Хрыстом? Ці можам мы паўтарыць яе словы: «Я вызнаю Хрыста словамі і сэрцам і не перастану гэта чыніць»? У наш час яны з’яўляюцца заклікам да моцнай веры, якая выражаецца ў малітве і сведчанні, што вельмі важна цяпер, у Год веры, які мы перажываем.

Святая Агата не запляміла свайго сумлення і не адраклася ад веры. Сваю вернасць Хрысту пацвердзіла мучаніцкай смерцю. Хвала Богу, у наш час ніхто не чыніць нас мучанікамі за веру. Аднак мы часта адракаемся ад Бога і ад веры ў Яго або стараемся верыць не паводле Евангеля і навучання Касцёла, а паводле свайго ўпадабання, змяняючы маральныя нормы. Гэта ні што іншае, як здрада хрысціянству і сапраўднае адмаўленне ад веры.

3. Сёння асвячаецца вада і хлеб святой Агаты. Вадой гасяць пажар. Вада таксама з’яўляецца сімвалам жыцця. Хлеб — гэта сімвал дастатку. Нездарма кажуць, што хлеб — усяму галава.

Папулярнасць святой Агаты і яе заступніцтва настолькі вялікія, што існуе нямала пагаворак: «хлеб і вада святой Агаты беражэ ад агню хаты» або «дзе Агата, там бяспечна хата».

Сёння звяртаемся да цябе, святая Агата, барані нас ад усялякага зла, асабліва ад пажару —  матэрыяльнага і духоўнага, каб фізічны агонь не прынёс нам шкоды, а агонь граху не спаліў нашай душы і каб мы не страцілі дару жыцця, як біялагічнага, так і духоўнага. Выпрасі ў Бога ласку дастатку, матэрыяльнага і духоўнага, каб мы былі моцныя нашай верай, без якой няма збаўлення. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі