Гамілія біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі падчас Імшы Хрызмы |
У Вялікі чацвер Імшой Вячэры Пана распачынаецца Святы Пасхальны Трыдуум. Раніцай біскупы ў сваіх катэдрах разам з прэзбітэрамі дыяцэзіі канцэлебруюць Імшу Хрызму. Ліст Кангрэгацыі Божага Культу «Paschalis Solemnitas» гаворыць аб гэтым так: «Імша Хрызма, якую біскуп канцэлебруе са сваім прэзбітэрыем, і падчас якой кансэкруе святое хрызма і благаслаўляе іншы алей, з’яўляецца праяўленнем еднасці прэзбітэраў са сваім біскупам у адным і тым жа святарстве і паслузе Хрыста. На гэту святую Імшу павінны быць запрошаныя прэзбітэры з розных бакоў дыяцэзіі, каб канцэлебравалі з біскупам як сведкі і супрацоўнікі ў асвячэнні хрызма і як памочнікі і дарадцы ў штодзённым служэнні» (гл. 35). Сардэчна вітаю ўсіх святароў, ксяндза канцлера, які адзначае ў гэтыя дні 80-годдзе жыцця, ксяндза рэктара, ксяндзоў прэлатаў, канонікаў, дэканаў, пробашчаў, вікарыяў, айцоў, выкладчыкаў і выхавацеляў духоўнай семінарыі, студэнтаў люблінскага і варшаўскага ўніверсітэтаў. Малюся за тых таксама, хто шукае сваё месца, і за тых, якія адышлі ад святарскай місіі. Просім аб Божым благаслаўленні для дыяканаў і клерыкаў нашай семінарыі. Малітоўна лучымся з біскупам Казімірам і святарамі, якія ў гэты час у Гомелі, за 400 км ад нас, сабраныя пры алтары Пана, цэлебруюць Імшу Хрызму ва ўсходняй частцы нашай дыяцэзіі. На святой Імшы вітаю прысутных кансэкраваных і свецкіх асобаў, якія моляцца разам з намі за святароў. Імша Хрызма сваёй назвай і абрадам кансэкрацыі і благаслаўлення алеяў нагадвае аб прароцкім і святарскім намашчэнні Езуса, а таксама пра наша святарскае намашчэнне ў дзень пасвячэння ў прэзбітэры. На біблейскай мове святое Божае намашчэнне азначае самога Духа Святога. «Намашчэнне, якое вы атрымалі ад Яго, у вас жыве, і вы не патрабуеце, каб хтосьці вучыў вас. …Паколькі само намашчэнне вучыць вас усяму» (1 Ян 2, 27), што азначае — Дух Святы сам нас усяму навучыць. Мы былі ўзброеныя моцай Духа падчас святарскага пасвячэння. Гэта нябачная дапамога Божага Духа, моцай якога мы ўдзяляем сакрамэнты, асабліва калі цэлебруем Эўхарыстыю. Таму перад самай кансэкрацыяй, у эпіклезе, прызываем Яго Боскую моц, гаворачы словы: «Таму просім Цябе, Пане, каб Дух Святы асвяціў гэтыя дары, каб сталіся яны Целам і Крывёю Пана нашага, Езуса Хрыста…» Без прызыву гэтай надзвычайнай моцы не станецца Божы цуд перамянення. З пункту гледжання права, святая Імша будзе несапраўднай. Гэта дзень, у які святар аднаўляе прысягу. Святарства з’яўляецца саюзам жыцця і любові з Уваскрослым Хрыстом. Хрыстус укладае ў нашыя рукі сваю Божую моц, прысутная Яго моц і ў нашых словах. Хрыстус лучыцца з нашым жыццём і з нашым бытам. «Ужо не я жыву, але жыве ўва мне Хрыстус» (Гал 2, 20). Sacerdosbaptizat — Chrystusbaptizat. Sacerdosfungit — Chrystusfungit. У думках вяртаемся ў той дзень, калі ласка сакрамэнту святарскага пасвячэння стала нашым удзелам. У гэты Год веры асаблівым чынам дзякуем Духу Святому за ласку святарства і хочам аднавіць перад народам Божым абяцанні, якія калісьці ўсе мы давалі: Ці хочаце вы мацней з’яднацца з Панам Езусам і стаць больш падобнымі да Яго? …Ці хочаце адрачыся саміх сябе і верна выконваць святарскае пасланніцтва,.. святы абавязак навучання,.. пабожна і з вераю несці збаўленчыя таямніцы? Адчуваем, што самастойна нямногае можам зрабіць. Але з Божай дапамогай можам выканаць усё. «Бо для Бога няма нічога немагчымага» (Лк 1, 37). Святы Ян Марыя Віянэй часта паўтараў: «Добры святар — гэта найкаштоўнейшы скарб, які можа даць добры Бог парафіі, і адзін з найважнейшых скарбаў Божай міласэрнасці». Святы Павел нагадвае: Хрыстус першы «палюбіў мяне і аддаў сябе за мяне» (пар. Гал 2, 20). Таму мае права і чакаць ад нас гэтага, каб мы аддалі Яму ўсё сваё жыццё, усяго сябе, усё, што атрымалі і чым з’яўляемся. Гэта адна з таямніцаў святарскага жыцця і шчасця. Хто аддасць Богу толькі частку сваёй душы, на цярпенні прызначае сваё сэрца. Такая таямніца Божага дзеяння ў нас. Дзякуем Богу ў Вялікі чацвер як за дар святарства, так і за Эўхарыстыю, якія паміж сабой цесна спалучаныя. Хрыстус сказаў падчас Апошняй Вячэры: «Чыніце гэта на Маю памяць» (Лк 22, 19). Эўхарыстыя — гэта сакрамэнт любові, а мы, святары, павінны быць слугамі сакрамэнту любові, які з’яўляецца апісаннем і падсумаваннем усёй веры Касцёла і цэнтрам яго жыцця і дзейнасці. Эўхарыстычная прысутнасць Пана Езуса сярод людзей указвае на дзіўны намер Божай любові, які з’яўляецца дарам усёй Найсвяцейшай Тройцы. Паводле адгартацыі «Sakramentum Caritatis», сакрамэнт любові — гэта субстанцыйная перамена хлеба і віна ў Цела і Кроў Хрыста, што павінна прыносіць нам духоўную перамену, падобную да расшчаплення атамаў, і якая вядзе да «перамены рэальнасці, канчатковай мэтай якой будзе перамена ўсяго свету, аж да стану, калі Бог будзе ўсім ва ўсіх» («Sakramentum Caritatis», 11). Гэта праўда дапамагае нам нанова адкрыць сэнс і значэнне цэлібату, а ўсё служэнне святара «ніколі не павінна выносіць на першы план іх (нас) саміх альбо іх (нашых) меркаванняў» (SC, 23). Эўхарыстыя павінна нас насцярожыць да граху, асабліва таму, што сучаснасць «ідзе ў накірунку зацірання граху» (SC, 23). Таму заўважальная моцная лучнасць паміж усімі сакрамэнтамі, і перш за ўсё Найсвяцейшым Сакрамэнтам і сакрамэнтам пакаяння. Аб гэтым святары павінны нагадваць на катэхезах і ў гаміліях, каб вернікі лепей разумелі патрэбу карыстацца з сакрамэнту споведзі. З гэтага пункту гледжання разведзеныя сужэнствы павінны браць пад увагу патрабаванні катэхізіса, калі хочуць прыступаць да святой Камуніі. Святары павіны імкнуцца да таго, каб удзел у Эўхарыстыі «быў дзейсны, поўны і плённы для ўсяго Божага народа» (SC, 47). Тое ж датычыць і прыняцця святой Камуніі падчас Імшы. Паслухаць святую Імшу па радыё альбо паглядзець па тэлебачанні не вызваляе здаровых людзей ад абавязку асабістага ўдзелу. Хворым і састарэлым, таксама інвалідам мы павінны забяспечваць частае прыняцце святой Камуніі. Памятка anamnesis — гэта не толькі паўтарэнне жэстаў Езуса, але адначасова паўтарэнне Яго словаў. І таму мы запрошаны прапаведаваць Добрую Навіну — як верныя Сведкі Пана — у вёсках, аграгарадках, пасёлках і гарадах нашай дыяцэзіі, дзе ёсць наш евангельскі «край зямлі» (пар. Дз 1, 8). Да руплівасці на Божай ніве заахвочвае нас і 75-я гадавіна кананізацыі св. Андрэя Баболі, які нёс біблейскія веды жыхарам Палесся і тут праліў сваю мучаніцкую кроў. Аж такім такім чынам ён даў сведчанне любові да Хрыста і праўдзівасці сваіх перакананняў, якія абвяшчаў вуснамі, а пацвердзіў мучаніцтвам. Няхай прадметам нашага рахунку сумлення будзе і тое, як мы карыстаемся Святым Пісаннем: ці маю ў бібліятэцы добрыя каментарыі Святога Пісання? Колькі часу на працягу тыдня прысвячаю чытанню Святога Пісання? Ці карыстаюся акрамя брэвіярыя і лекцыянарыя іншымі біблейскімі крыніцамі? Ці карыстаюся пры падрыхтоўцы гамілій біблійнымі апрацоўкамі, літургічнымі календарамі, тлумачэннямі тэкстаў імшальных чытанняў з каталіцкіх часопісаў? Важна задумацца і над іншымі пытаннямі. Наколькі я выкарыстоўваю ў нядзельных гаміліях змест тэксту Святога Пісання? Ці раблю кароткія каментары да чытанняў у звычайныя дні? Ці ведаю тэксты чытанняў перад пачаткам літургіі? Каму давяраю імшальныя чытанні ў нядзелі? Трэба паглядзець і на нашыя душпастырскія рэаліі. Колькі сем’яў у маёй парафіі мае Святое Пісанне? Колькі асоб рэгулярна чытае Біблію? Ці адбываюцца ў парафіі малітоўныя сустрэчы і біблійныя дыскусіі? Ці прапаноўваюцца ў парафіі пазалітургічныя формы душпастырскіх сустрэч? Праца ў Касцёле патрабуе пастаяннага пасілку Божым словам, каб кожнае наша дзеянне можна было назваць «пакланеннем Айцу ў духу і праўдзе» (Ян 4, 23–24). Дарагія браты ў святарстве! На надыходзячыя велікодныя святы жадаю вам поўні пасхальных дароў і радасці, выразам якой з’яўляецца вокліч «Хрыстус Уваскрос!» і «Аллелюя!». Таксама выразам веры ва ўваскрасенне Езуса Хрыста з’яўляецца пасхальны спеў, які гучыць падчас Пасхальнай вігіліі: «Узрадуйцеся ўжо, хоры Анёлаў у небе, узрадуйцеся, Божыя слугі! Няхай званы абвяшчаюць збаўленне, бо на карысць вялікага Валадара перамога. Узрадуйся, Касцёле, наша Маці!» Радуйцеся, браты, бо Езус Хрыстус, адзіны Збаўца Свету — учора, сёння і на векі — уваскрос. Аллелюя! |
Адноўлена 28.03.2013 12:02 |