Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы і 20-годдзе адбудовы капліцы ў Стараельні

25 мая 2013 г.

Сёння, калі адзначаем парафіяльную ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, дзякуем Богу за каплічку, збудаваную на месцы парафіяльнага касцёла, спаленага партызанамі падчас Другой сусветнай вайны.

Парафія ў Стараельні мае глыбокія карані і сягае 1450 года, калі ў гэтай мясцовасці быў збудаваны першы драўляны касцёл за сродкі Міхала Кіргайлы. Пасля пажару 1729 года касцёл быў адбудаваны стараннем і за кошт кс. Жэброўскага. У католікаў касцёл быў забраны ў 1866 годзе, але з 1921 года зноў выкарыстоўваўся як каталіцкая святыня. 

Дынамічна развівалася рэлігійнае жыццё тут у міжваенны перыяд. Між іншым, тут працаваў кароткі час, але інтэнсіўна, кс. Вацлаў Пянткоўскі, пазней шматгадовы Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі, які падрыхтаваў мяне і многіх іншых юнакоў да святарскага служэння падчас ночы атэізму. Парафія ваша, як і абсалютная большасць парафій гэтага рэгіёну, у ваенныя гады і затым пасляваенныя дзесяцігоддзі дзяржаўнага атэізму панесла вялікія страты. Вера знішчалася, а найперш знішчалі духавенства (кс. Федаровіча — пробашча парафіі), спалілі касцёл, гаспадарчыя будынкі прыстасавалі да іншых мэтаў. Жыхары парафіі падчас вайны трапілі і ў Сібір, і на прымусовыя працы ў Германію, Эстонію. Прымалі ўдзел у руху супраціву, былі на розных франтах, у баях дайшлі да Берліна, удзельнічалі ў бітве пад Монтэ Касіна і там таксама склалі свае галовы (Міхал Чабоцька).

Цяжкімі для веры былі пасляваенныя дзесяцігоддзі без святыні і святара. Нягледзячы на бездарожжа, адсутнасць транспарту вернікі наведвалі суседні касцёл у Дварцы, а пасля закрыцця падчас «хрушчоўскай адлігі» — у Навагрудку і Дзятлаве. З пачаткам часоў перабудовы выношвалі мару аднавіць на месцы, намоленым продкамі, святыню. І ў тыя часы, калі многія ў краіне, выкарыстоўваючы новыя магчымасці, арганізавалі сабе лепшае жыццё, вы — жыхары Стараельні, Еленкі, Карыцы, Кажухоўцаў, Круцілавіч, Ятры, Кузьмічаў — пад кіраўніцтвам Яна Турчэніка падчас гіперінфляцыі аддалі свае шматгадовыя зберажэнні за цяжкую працу ў калгасе на будматэрыялы, каб паўстала капліца на мурах касцёла і пры магілах святароў, якія тут неслі вашым продкам святло веры і праслаўлялі Найсвяцейшую Тройцу, у гонар якой названа ваша парафія. Самі вы таксама працавалі пры будове. На вас здзейсніліся словы, якія часта паўтараў біскуп Юзаф Гавліна: «Справа не ў тым, як лепш уладкавацца ў жыцці, але пытанне ў тым, дзеля чаго жыць». Большасць з тых, хто ўдзельнічаў у адбудове ужо адышлі па ўзнагароду да Пана. Некаторыя не змаглі прыйсці па традыцыі на парафіяльную ўрачыстасць, каб супольна памаліцца, бо на тэрыторыі паўсталі дзве іншыя капліцы — адбудаваны касцёл св. Тэрэзы ў Лапушне і драўляная капліца ў Данілавічах.

Сёння мы схіляемся над найвялікшай таямніцай нашай веры — таямніцай Бога ў Тройцы Адзінага. Бог, якога шукала чалавецтва, прадставіўся нам у гісторыі як адзін у Тройцы Асобаў: як Бог Айцец, Бог Сын і Бог Дух Святы. Аб’явіўся нам як супольнасць Асобаў, якая дае сябе чалавецтву. Гэтую найпрыгажэйшую таямніцу веры найлепей прадставіў Езус Хрыстус. Прадставіў нам Айца, паказаў сябе як Божага Сына, прадказаў дзеянне Святога Духа ў Касцёле, які заснаваў. Розныя Боскія Асобы прадстаўляюцца ў свеце праз розныя дзеянні. На падставе Божага Аб’яўлення Богу Айцу мы прыпісваем справу стварэння свету, Божаму Сыну — справу адкуплення, Духу Святому — справу асвячэння. Але, гаворачы так, мы памятаем, што ўсе дзеянні Бога адносна свету і чалавека — гэта дзеянне ўсёй Найсвяцейшай Тройцы.

Удзельнічаючы ў святой Імшы падзякі Богу за дар святыні, паразважаем аб яе значэнні ў нашым жыцці. Святыня — гэта тое месца, дзе мы становімся перад Богам, дзе лучымся з Ім у супольнасці. У старажытнасці гэта былі месцы ў гарах. Так было з ахвярай Абрагама на гары Морыя, а на гары Сінай быў Майсей. Першую святыню ў гісторыі габрэяў пабудаваў Саламон. Там ён скіраваў да Бога прыгожую малітву, запісаную ў кнізе Валадарстваў (Вал. 8, 22–53). Потым святыня знішчалася шмат разоў, але адбудоўвалася. Пан Езус таксама ўваходзіў у святыню. Там Яго згубілі бацькі, потым Ён прыходзіў туды на Пасху і там навучаў. Згодна з прадказаннем Хрыста, святыня была разбурана рымскім палкаводцам Веспазіянам, і яе не адбудавалі да сённяшняга дня. Але замест іўдзейскай святыні вернікі пачалі будаваць святыні хрысціянскія. Рознай велічыні, формы, з розных матэрыялаў. І, як многія народы, вы таксама адбудавалі святыню, ахвяравалі Богу асаблівае месца да малітвы і ўтрымліваеце яго ўжо амаль 600 год. Святыня з’яўляецца месцам, дзе слухаем Божае слова і ўдзельнічаем у цэлебрацыі Эўхарыстыі. Святыня — месца, дзе асабліва адчуваем Божую міласэрнасць у сакрамэнце пакаяння і намашчэння хворых. Святыня — месца, дзе атрымліваем больш моцы да жыцця.

Цешцеся са сваёй святыні і любіце касцёл. Няхай сюды з ахвотай ідзе народ. Няхай тут перад Панам вам будзе добра. Каб тут вы аднаўлялі моц і сілу да жыцця, каб тут знаходзілі страчаную надзею, каб паглыблялі сваю веру. Каб адсюль выходзілі з адноўленай любоўю, каб вярталіся перамененыя, каб святыня рабіла вас лепшымі. Каб тут вы вучыліся радавацца Панам Богам і вучыліся з Ім вырашаць усе справы. Будзем таксама рупліва рыхтавацца да адыходу з гэтага дому, бо, як прамінуць гэтыя зямныя святыні, так і ўвесь свет калісьці праміне, таму што Езус прадказаў канец свету. Толькі адзіны свет не праміне — Божы свет, нябесны, неба, дом нашага пастаяннага пражывання. А мы ў зямных святынях рыхтуемся да ўваходу ў святыню нябеснага Ерузалема, які таксама называем святыняй. Няхай Божая хвала ўзрастае тут праз усе дні вашага жыцця і наступных пакаленняў.     

Адноўлена 25.05.2013 19:16
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі