2 чэрвеня 2013 г., Пінск
Сёння мы сабраліся ў незвычайны паход. Гэта не мітынг, не дэманстрацыя. Адзін раз у год — сёння, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Пана, якую звычайна называем Божым Целам, супольнасць Эўхарыстычнага стала перафармоўваецца і знаходзіць працяг і дапаўненне у супольнасці вандроўнага народа, вобразам якога ёсць працэсія.
Успамінаючы запавет Збаўцы з Апошняй Вячэры, мы выканалі найперш асноўны наказ Хрыста — «бярыце і ешце» — і, узмоцненыя Божым хлебам на жыццё вечнае, выходзім на вуліцы. І гэты факт мае асаблівае адценне і водбліск.
Сёння вуліцай нашага горада у манстранцыі мы пранясём Эўхарыстычнага Хрыста і ідзём за Ім у працэсіі. Бог праўдзівы не толькі крочыць вуліцамі ў манстранцыі, але і ў нас.
Мы носьбіты Хрыста — Хрыстафороі Яго жыцця і Яго любові — дзякуючы таму, што спажылі хлеб Божы з алтара Пана. Касцёл праяўляецца у народзе як стол, на якім ляжыць заўсёды хлеб, прызначаны для ўсіх, каб служыць пасілкам і падмацаваннем на час падарожжа. Ён дапамагае нам перамагчы сваю слабасць, знеахвочванне, апатыю, дадае сілы да дзеяння, да рашучасці, да таго, каб ісці Божай дарогай, канчатковай мэтай якой з’яўляецца дом нябеснага Айца, у якім ёсць памяшканне, прызначанае для кожнага з нас.
Паразважаем сёння над шляхам, які вызначыў нам Божы Провід прайсці. Яго заканчэнне прадугледжана Богам шчаслівым для нас. Але ад нас залежыць, ці дасягнём мы гэтую мэту. Каб пераадолець доўгую і цяжкую дарогу з зямнога, часовага дому да дому Айца Нябеснага, нам неабходна Божая, надпрыродная сіла, нам патрэбна пачуццё супольнасці і адзінства, патрэбна дапамога Бога і іншага чалавека, з якім жывём у нашым штодзённым жыцці.
Сімвал дапамагае лепей зразумець сутнасць таго, што перажываем, што для нас мае вельмі вялікую вартасць. Айцы Касцёла ў эўхарыстычным хлебе бачаць сімвал Касцёла. Як зерне пшаніцы, сабранае ў полі, складае адзін хлеб, так і мы сабраны з розных асяроддзяў, каб утварыць адно Цела Хрыста.
Вядома кожнаму, што мэта хлеба – насыціць голад. Наша мэта як Хрыстовага Цела – даць свету жыццё Хрыста. Касцёл для народа – стол, на якім ляжыць хлеб, прызначаны для ўсіх. У Касцеле дапаўняецца і працягваецца місія Таго, які сказаў аб сабе: «Я Хлеб жывы, які зышоў з неба, хто спажывае гэты хлеб, будзе жыць вечна» (пар. Ян 6,51). Вось чаму сёння такая велічная працэсія ў гонар Хрыста ў Эўхарыстыі.
Выконваючы гэтую місію, Касцёл выходзіць да народа, у свет з хлебам у руцэ. Ва ўрачыстасць Божага Цела яскрава выражаюцца адносіны Касцёла да свету. Не толькі для сябе мы, хрысціяне, хочам захаваць такую святасць, але ўказаць гэта тым, хто страціў яе, і тым, хто ў пошуках праўды.
Працэсія Божага Цела — гэта не відовішча, не маніфестацыя, а рука Касцёла, выцягнутая да кожнага, запрашэнне, скіраванае да кожнага чалавека. Хрыстус, а за Ім Касцёл, добра ведае, што без хлеба немагчыма пражыць. Хлеб патрэбны свету, каб жыць і расці, каб узнаўляць жыццё. Гэта адносіцца не толькі да часовага жыцця, але і да звышпрыроднага. Таму акрэсліваюць Эўхарыстыю як Хлеб анёлаў, нябесны Хлеб.
Езус у працэсіі крочыць вуліцамі вёсак, пасёлкаў, гарадоў і сталіцамі дзяржаў. Такім чынам працэсія вызначае нашыя адносіны і нашу місію адносна свету (грамадства). Мы павінны быць такімі добрымі, як хлеб, – так гаварыў брат Альбэрт, каб з гэтай дабрыні кожны мог узяць і адламаць сваю частку, узмацніцца ў добрым і расці ў добрым. У нас павінна быць столькі дабрыні, каб хапіла яе для ўсіх.
Толькі адзін раз у год Хрыстус пакідае свае святыні і выходзіць да людзей. Разам з намі праходзіць вуліцамі гарадоў, сёл, мястэчак, пасёлкаў. Праходзіць вуліцамі, якія штодзённа бурляць жыццём, праходзіць між шматпавярховых дамоў, прадпрыемстваў, устаноў, магазінаў, праходзіць між палёў.
Гэта вобраз вандроўнага народа, які дарогамі зямнога жыцця ідзе да дому Нябеснага Айца, у якім ёсць шмат памяшканняў (пар. Ян 14, 2).
Гэтая сустрэча двух светаў, таго святочнага, незвычайнага, і таго штодзённага, звычайнага, прыпамінае нам аб неабходнасці імкнуцца да святасці штодзённа. Мы павінны так сябе паводзіць, як быццам бы Хрыстус быў заўсёды з намі і пасярод нас. Мы верым, што Ён стаўся адным з нас, чалавекам, каб асвяціць усе бакі жыцця і побыту і ўсяго чалавека.
У гонар Эўхарыстычнага Хрыста складзена і выконваецца многа песень. Вось адна з іх. Ідзе, ідзе сапраўды Бог — так спяваем у эухарыстычнай песні. Ідзе пасярод нас, з намі, ідзе ў нас. Ён стаў Богам з намі каб стацца Богам у нас. Таму дазваляе сябе спажываць. І ў гэтым выражаецца найпаўнейшы спосаб лучнасці і любові, які перавышае ўсе чалавечыя меры і ўяўленні.
Эўхарыстыя – гэта бачны выраз адзінства. Гэта вобраз жыцця кожнай супольнасці — сям’і, сужэнства, манаскай супольнасці, супольнасці свецкіх асоб, этнічнай, прафесійнай, грамадскай, народнай, міжнароднай.
Чалавеку сумна жыць у адзіноце. Эўхарыстыя лучыць нас у супольнасці. Яна гэтыя супольнасці творыць, будуе як супольнасці жыцця і любові. Супольнасць існуе там, дзе людзі ажыўлены сувязямі жыцця і любові. У іншым выпадку існуе толькі выпадковы збор.
Натуральная сям’я існуе дзякуючы супольнай повязі крыві.
Эўхарыстыя як сакрамэнт любові асаблівым спосабам лучыць, творыць сакрамэнт шлюбу. Сакрамэнт шлюбу вырастае з эўхарыстычнага корня. Вырастае з Эўхарыстыі і вядзе да яе. Чалавечая любоў павінна ўзірацца ў любоў Езуса да чалавека. У лісце да сем’яў благаслаўлёны Ян Павел ІІ пісаў: «Эўхарыстыя — гэта дзіўны сакрамэнт. Хрыстус пакінуў там нам сябе самога як спажыву і напой, як крыніцу збаўчай моцы. Застаўся, каб мы мелі моц. І мелі яе ў поўні. Гэтае жыццё ў Ім з’яўляецца для нас дарам Духа Святога, і яно для вас, дарагія сужэнцы, бацькі і сем’і. Бо Хрыстус устанавіў Эўхарыстыю на сямейны спосаб, падчас Апошняй Вячэры. Так, як вы сустракаецеся падчас пасілкаў, і тады вы блізкія асобы, так і Хрыстус з вамі блізкі. Ён Эмануэль — Бог з намі, калі вы набліжаецеся да эўхарыстычнага стала. Бывае так часамі, як у Эмаўсе, калі пазнаём Яго па ламанні хлеба. Бывае так, што Ён доўга стаіць перад дзвярыма і стукае, каб Яму адчынілі, каб мог увайсці і вячэраць з вамі. Яго Апошняя Вячэра і сказаныя словы маюць асаблівую моц і мудрасць ахвяры Крыжа. Няма іншай моцы і мудрасці, якімі мы маглі б быць збаўленыя і праз якія мы маглі б спрычыніцца да збаўлення іншых. Няма іншай моцы, праз якую б і вы, бацькі, маглі выхаваць вашых дзяцей альбо ў адпаведны момант пачалі выхоўваць сябе. Такая выхаваўчая моц Эўхарыстыі пацвердзілася на працягу пакаленняў і стагоддзямі».
Існуюць розныя супольнасці людзей. Але супольнасць у рэлігійным сэнсе існуе толькі там, дзе людзі злучаны супольнасцю звышпрыроднага жыцця, дзе ўсе члены жывуць тым самым жыцём і ажыўленыя тым самым духам. Наш сённяшні ўдзел у Эўхарыстыі нас асабліва абавязвае. Гэта гучны заклік Езуса, які нас тут сабраў. Любіць Хрыста хрысціянін вучыцца з дзяцінства, дапамагаюць яму у гэтым бацькі, родныя і выхаваўцы. Мы таксама ў свеце праяўляем любоў Хрыста. У святле Эўхарыстыі мы бачым свет у іншым вымярэнні, больш рэальна, у перспектыве любові. Дзякуючы таму бачым яго больш праўдзіва і па-божаму. Такога погляду трэба прытрымлівацца штодзённа.
Эўхарыстыя дапамагае нам у розныя моманты жыцця, калі вера наша паддадзена выпрабаванням. Звычайным вокам не адрозніш штодзённнага хлеба ад Эўхарыстыі. Эўхарыстыя — гэта хлеб, пераменены праз любоў, кансэкраваны.
Мы ідзём у працэсіі, якая многія гады тут праходзіла, якою ішлі нашы продкі. Адарацыя Эўхарыстыі і просьбы да Езуса скіраваныя на тое, каб і нам дадаў веры.
Ёсць шмат сімвалаў Эўхарыстыі. Многія рэчы складваюцца для таго, каб працэсія была ўрачыстай — харугвы, фэрэтроны-алтарыкі, святочнае адзенне, музыка і спеў. Але гэта ўсё служыць аднаму — паказаць, колькі любові ёсць у гэтай крышынцы хлеба, любові, якая з’яўляецца жыццём і дае жыццё, дае пакліканне для кожнага чалавечага існавання. Без яе жыццё пустое, змарнаванае.
Калі б у эўхарыстычнай працэсіі не было кансэкраванай гостыі, то было б гэта толькі відовішчам без сэнсу. Толькі Божы Хлеб надае ўсяму сэнс, бо любоў пацвярджае сэнс чалавечага існавання, Касцёла ў цэлым і яго паасобных членаў. Калі жыццё хрысціяніна не перапоўнена любоўю, тады яно проста балючая памылка.
Няхай свядомасць прысутнасці Эўхарыстычнага Хрыста распасціраецца на нашу штодзённасць. Няхай Хрыстус, які пасярод нас жыве, нас асвячае, перамяняе, як быццам кансэкруе ўсе хвіліны жыцця, перамяняе сваёй любоўю і дае нам сілы, каб быць добрым хлебам для братоў. Моцай гэтага хлеба становімся ўсё больш падобнымі да Хрыста, які зыходзіць з нябёс як жывы Хлеб, каб у нас жыць і праз нас збаўляць, бо толькі той, хто спажывае той Хлеб, жыць будзе вечна (пар. Ян 6, 51). Такое пажаданне, дарагія, кірую да вас, святары як слугі Эўхарыстыі, кансэкраваныя асобы, якія штодзённа размаўляеце з Эўхарыстычным Хрыстом у манаскіх капліцах падчас супольных малітваў і адарацыі, выхаваўцаў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў нашым горадзе і навучэнцаў, якія ў сценах гэтай установы праходзіце фармацыю, вас, дарагія дзеткі, моладзь, каб Эўхарыстыя дапамагала вам узрастаць у мудрасці, вас, сужэнцы і бацькі — ўзорна выканаць місію саўдзелу са Стварыцелем у працягу творчага акту ў свеце, будучы адкрытымі на кожнае новае жыццё пад сэрцам жанчыны-маці, вас, асобы восені жыцця, каб з надзеяй крочыць наперад і маліцца за малодшае пакаленне, даючы прыклад сталасці ў веры нават падчас хваробы, пакінутасці і іншых нязручнасцяў нашага пілігрымавання па дарогах жыцця зямнога да Хрыста.
|