Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі ў санктуарыі Маці Божай Каралевы Палесся ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста

30 мая 2013 г., Лагішын

Мы знаходзімся ў санктуарыі Маці Божай Каралевы Палесся. Многія стагоддзі ў гэтай мясцовасці знаходзілася каталіцкая святыня. Нават падчас пераследу веруючых святыня, пабудаваная сто гадоў таму пад кіраўніцтвам тагачаснага пінскага пробашча кс. Станіслава Вуйціка, не была зачынена. Усе гэтыя гады вернікі атрымлівалі тут духоўную падтрымку. Тут рэгулярна цэлебравалася св. Імша. Святары, як слугі Эўхарыстыі, шчодра раздавалі Найсвяцейшы Сакрамэнт — духоўны пасілак для пілігрымаў у дарозе – вернікам лагішынскай парафіі і навакольных парафій (Ахова, Парэчча, Целяханы, Пагост Загародскі), якія па розных прычынах страцілі і святыню, і душпастыра.   

Евангелле гаворыць нам аб цудоўным памнажэнні хлеба. Ад Езуса чуем словы, скіраваныя да вучняў: «Вы дайце ім есці».  Гэты наказ чутны таксама і сёння ў Касцёле. Гэта наш абавязак і пастаянны клопат, каб у Божага народа не было нястачы ў хлебе. Бо той, хто будзе спажываць той хлеб, будзе жыць вечна.

Сабраныя на Эўхарыстыі тут, у санктуарыі Каралевы Палесся, мы ўсвядамляем сабе гэты звычай. На гэта адказвае нам Хрыстус: «Колькі разоў спажываеце гэты хлеб або п’яце келіх, абвяшчаеце смерць Пана, аж прыйдзе» — Гэта тлумачэнне слоў, сказаных Езусам у Вячэрніку: чыніце гэта на Маю памяць. Памяць — гэта ключ да зразумення Эўхарыстыі. Чаго датычыць гэта памяць? Смерці Пана, але не толькі. Езус сказаў — на памяць пра Мяне. Эўхарыстыя ўспамінае ўсю Яго таямніцу. Як іўдзейская Пасха была ўспамінам усёй гісторыі Збаўлення і яе найважнейшых момантаў, так і Эўхарыстыя  з’яўляецца ўспамінам збаўлення, здзейсненага Езусам Хрыстом, найвышэйшым пунктам якога былі Смерць і Змёртвыхпаўстанне. Кожны народ мае свае памятныя рэчы. Божы народ мае жывую памяць. Што гэта азначае? Успамін біблійны — зіккарон — дазваляе перажываць рэальнасць. Гэта успамін і сапраўднае дзеянне.

Для Эўхарыстыі збаўленне і смерць Хрыста не жывуць вечна ў нашай памяці, але яны рэальна прысутныя. Гэта той самы Езус, хоць і схаваны, але які быў на Кальварыі, які паўстаў з мёртвых і які гаворыць сёння да нас: дакраніцеся да Мяне, гэта Я (пар. Лк 24, 34).

 У другім чытанні на сённяшнюю урачыстасць св. Павел дапамагае адказаць на пытанне, што азначае гэты звычай, навучае, што Эўхарыстыя — гэта памяць пра тое, што Пан прысутны сярод нас. Гэта моцная сувязь, якая лучыць нас з Ім і сведчыць пра тое, што Ён — наш сучаснік і чыніць нас людзьмі сучаснымі, прысутнымі пры Яго смерці і змёртвыхпаўстанні. Ён такі ж сябра для нас, якім быў з нашымі продкамі і якім будзе з будучым пакаленнем, якому мы перадаём веру, крочачы ў эўхарыстычнай працэсіі вуліцамі пасёлка.

Евангелле, якое прадстаўляе памнажэнне хлеба, адказвае на пытанне, што азначае гэты звычай. Езус у пустыні памнажае хлеб і раздае яго натоўпу праз пасрэдніцтва апосталаў, каб тыя, хто слухаў Яго словы, не стаміліся ў дарозе. У выніку ўсе елі і насыціліся. Часта пустыняй з’яўляецца жыццё чалавека, якое мы праходзім, каб дайсці да зямлі абяцанай. З’яўляецца пустыняй з нагоды частай апатыі, якая надыходзіць, адсутнасці радасці і суму. А гэта ад таго, што наш выбар няўпэўнены і накірунак выбраны невыразны. Знеахвочваемся, паддаёмся спакусе і робім сабе залатога ідала. Ізраэлітам, якія вандравалі па пустыні, Бог пасылаў манну. Нам Бог дае Эўхарыстыю — гэта спажытак пілігрымаў, якія вандруюць па бездарожжы ў свеце, у накірунку да вечнай Айчыны. І дзякуем Богу за святароў, якія працавалі ў гэтай святыні, слугаў Эўхарыстыі: у міжваенны час — кс. Ян Зея, кс. Станіслава Рыжка, кард. Казіміра Свёнтка, кс. Міраслава Жлабінскага і цяпер кс. Тадэвуша Шэшко. Яны неслі і нясуць той духоўны пасілак, які дапамагае пераадольваць розныя жыццёвыя цяжкасці.

У Старым Запавеце чытаем, што прарок Ілля, уцякаючы ад Ізабэлі, прыйшоў у пустыню. Змучаны і без сіл, лёг пад цень куста і сказаў Богу, што абавязкаў, накладзеных на яго, не зможа ўжо выканаць. Прасіў, каб Пан забраў у яго жыццё. Пасля заснуў. Але анёл абудзіў яго і даў яму спечаны хлеб, кажучы: устань, еш, бо перад табой доўгая дарога. Ён з’еў яго і той моцай ішоў сорак дзён праз пустыню да Божай гары Гарэб. Мы таксама часам бываем знясіленыя, таксама нам хочацца сказаць: досыць, я не даю рады. Касцёл, аднак, на працягу года гаворыць: еш і ідзі. Хто спажывае той хлеб, мае жыццё вечнае, а Пан уваскрасіць яго ў апошні дзень. Таму, ўглядаючыся ў бель Гостыі, хочам аддаць Езусу Хрысту, схаванаму ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, нашыя праслаўленне і пашану.

Чалавек, каб жыць, патрабуе ежы. У нас асноўная ежа — хлеб. Езус сказаў, што аб хлебе штодзённым трэба і маліцца штодзённа ў малітве, якой сам нас навучыў. У пустыні Ён размножыў хлябы, каб насыціць голад натоўпу, які прыйшоў Яго паслухаць. Хлеб неабходны, каб падтрымаць жыццё. Але Езус таксама сказаў, што не адным хлебам жыве чалавек (пар. Мц 4, 4). Гэта быў адказ на словы спакусіцеля, каб каменні перамяніліся ў хлеб. Не адзін сучасны чалавек можа сказаць гэта іншымі словамі: дай нам хлеб, а мы паверым у Цябе. Так, хлеб з’яўляецца першай патрэбай чалавека. Мы бачым рэчаіснасць, што не толькі за хлеб ідзе суперніцтва, але і за грошы, за матэрыяльныя даброты, за прыемнасці. Адкуль вытокі сямейных трагедый, крадзяжоў, прастытуцыя, забойствы, разбой. Часта — хоць не заўсёды з-за недахопу хлеба. А калі запэўніць народам дабрабыт, ці усё зменіцца? У турмах, іншых пенітэнцыярных установах няма недахопу ў хлебе, аднак няма там шчаслівых людзей. Таксама сярод багатых людзей няма недахопу ў людзях сквапных, распусніках, забойцах і самагубцах.

Чаму сум і безвыходнасць прыходзяць часта туды, дзе дастатак хлеба? Чаму сярод зорак тэле- і кінаэкранаў, артыстаў тэатраў ёсць тыя, якія азмрочваюць шчасце ўласнага таленту сваімі беспрыкладнымі паводзінамі? Ці хлеб мае тую Божую сілу, каб вылечыць усялякія няшчасці і зрабіць кожнага чалавека шчаслівым? Ці акрамя хлеба чалавеку не патрэбныя такія вартасці, як высакародства, згода, братэрства? Яны патрабуюць маральнасці і найперш любові. Таму Езус сказаў: не адным хлебам жыве чалавек, але кожным словам, якое выходзіць з Божых вуснаў.

Нам патрэбна ежа для душы, а ёй з’яўляецца Эўхарыстыя. Аб гэтым нагадвае нам Евангелле. Гэта ведалі і нашыя продкі, якія наведвалі святыню нават тады, калі гэта было не толькі не модна, але перакрэслівала кар’ерны рост на дзяржаўнай пасадзе. Разумелі, што апрача матэрыяльнага забеспячэння патрэба ёсць у духоўнай ежы. Апрача тэхнічнага развіцця, мадэрнізацыі, патрэба ёсць у развіцці духа, якому спрыяе і які развівае Эўхарыстыя. Не адным хлебам жыве чалавек. Нам і сёння вельмі патрэбны тыя вартасці, якія кіруюць нас да Бога, да поўні ўсебаковага развіцця, на свет праўды, якая ўсё праясняе, тое, што ў нашым жыці было цёмным, няясным.

«Наш Пан, Хлеб нябесны, між намі жыве» — гэтай песняй аддаём пашану Эўхарыстыі, просячы Езуса, каб нас – звычайных спажыўцоў хлеба – перамяніў у анёлаў. І каб святыня надалей для наступных пакаленняў была знакам Божай прысутнасці ў крышынцы хлеба для пілігрымаў у дарозе да шчаслівай вечнасці.

Адноўлена 31.05.2013 12:44
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі