Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Ляхавічах

7 чэрвеня 2013 г.

Парафіяльная супольнасць і шматлікія пілігрымы сабраліся тут сёння, каб асаблівым чынам паразважаць аб любові Бога да чалавека. Велічны касцёл быў збудаваны ў гэтым месцы ў цэнтры вашага горада з чырвонай цэглы каля дваццаці гадоў таму. Тады вы пасля беспаспяховых намаганняў вярнуць мураваны будынак старога касцёла, сцены якога былі намолены многімі пакаленнямі продкаў і які падчас ночы атэізму выкарыстоўваўся і выкарыстоўваецца пад будынак раённага шпіталя, вырашылі збудаваць святыню ў гэтым месцы. Святыня не толькі збірае Божы народ, але таксама ў яе сценах мы вучымся лепш славіць Бога і больш адказна служыць іншым людзям.

Урачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса нагадвае нам праўду, што Бог — гэта Любоў, што Ён усіх нас любіць, і гэтая любоў асабліва праявілася ў Сэрцы Пана Езуса.

Мы ўсе хочам, каб нас любілі, шукаем любові, хочам, каб нас атачалі добразычлівыя, сардэчныя людзі, якія заўсёды падтрымлівалі б нас, абаранялі. Такія людзі нас радуюць.

Але ў жыцці бывае па-рознаму. Ёсць і такія асобы, але часта прыходзяць і расчараванні. Часамі нас падводзяць блізкія, крыўдзяць, а такія ўдары вельмі баляць. І штодзённае жыццё нас інфармуе, што ў сэрцы чалавека мы трацім месца.

Таму нас абнадзейвае тое, што ў Божым Сэрцы мы ніколі не трацім месца, бо Бог ніколі не падводзіць і ўсё чыніць з любоўю. Нам у гэта цяжка часам паверыць, асабліва калі прыходзяць хваробы, няшчасці, перажыванні. Сёння, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, мы павінны аднавіць надзею ў тое, што ў нашым жыцці ўсё праходзіць у Божай атмасферы.

Біблійныя тэксты паказваюць нам Божую любоў. Бог Ізраэля пераконваў не толькі аб яго выбранні, але і аб выключнай любові да яго. «Пан выбраў вас, і падабаецеся Яму не таму, што па колькасці перавышаеце ўсе народы, бо з усіх народаў вы найменшы, але таму, што Пан палюбіў вас» (пар. Дрг пр. 7,7-8а).

Бог аб’яўляў і нагадваў, што Ён любячы Айцец.

У псальме чытаем: «Ён прабачае табе ўсе твае правіны і лечыць усе твае немачы, Ён жыццё твае выбаўляе ад загубы, Ён вянчае цябе ласкай» (пар. Пс 103, 3-4). Такія словы нас суцяшаюць, кажучы, што Бог прабачае нам правіны, ратуе нас ад згубы і адорвае ласкай і міласэрнасцю. «Міласэрны наш Пан і ласкавы, не хуткі да гневу і вельмі лагодны. Не вядзе спрэчкі да канца і не палае гневам праз вякі. Не паступае з намі паводле грахоў нашых і паводле правін нашых нам не адплачвае» (пар. Пс. 103.8-10).

Як гэта важна, калі нас любіць Пан Бог. Вядома, што калі б Бог нас не любіў, то нас не было б. Магло б нас не быць і свет бы існаваў, але мы існуём. Чаму? Бо Бог нас палюбіў. З любові нас стварыў і на працягу зямнога жыцця аказвае нам сваю міласэрнасць.

Часамі мы не распазнаём любові і нам здаецца, што Бог разгневаўся на нас, што чагосьці нам не дараваў, мае прэтэнзіі да нас альбо ўвогуле абыякавы на тое, з чым звяртаемся да Яго, і глухі на нашыя малітвы.

Калі такія думкі наведваюць нас, то памятайма, што Бог думае не толькі аб сучаснай сітуацыі, але і аб будучыні, і болей ведае, і не заўсёды нашыя пажаданні хоча выканаць паводле нашага плану, але спаўняе іх паводле Божага Провіду, паводле сваёй мудрасці.

Як цяжка было апосталам паверыць таму, чаму іх вучыў Езус. Калі прыйшла мука, смерць на крыжы, тады Езус гаварыў аб любячым Айцу. І напэўна, апосталы мелі цяжкасці, каб паверыць. Бо калі гэта настала, то Божы Сын прамовіў з крыжа: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?» (пар. Мц 27,46; Мк 15,34). Гэта было вялікім выпрабаваннем веры для вучняў, якім абвяшчаў праўду аб тым, што Бог – гэта любоў. Таксама і ў нашыя часы праходзім выпрабаванні веры. Мы таксама маем розныя цяжкасці з перакананнем, што Бог сапраўды любячы Айцец. Некаторых так палохае зло, якое распаўсюджана ў свеце, што гэта перашкаджае прыняць праўду аб тым, што Бог ёсць Любоў.

Часамі перажываем здарэнні, якія для нас з’яўляюцца выпрабаваннем у  веры. Мы молімся сёння, каб мелі перакананне, што Бог любіць нас, што б ні здарылася ў нашым жыцці. Нават калі і захварэеш, памятай, што Бог любіць цябе. Калі стаім над магілай блізкай асобы – памятай, што Бог любіць цябе. Калі былі дзецьмі, Бог любіў кожнага. І калі ўжо дарослая асоба, нават у час восені жыцця Бог заўсёды такі ж, Бог — гэта Любоў. І на такую любоў трэба адказаць любоўю да Бога і да людзей.

Святы Аўгустын навучаў, што дасканала любіць Бога той, хто любіць Яго без меры – не з надзеі на вечную ўзнагароду і не з боязі перад пякельным пакараннем. Мы павінны любіць Бога ўсім сэрцам, таму што Ён бясконца добры і бясконца варты любові. Ані цярпенні, ані пераследы, ані пагарда, ані жыццё, ані смерць не павінны нас адводзіць ад любові да Бога.        

Святы Ян Віянэй навучаў, што любоў паказвае на Бога бясконца дасканалага і абавязвае аддаць Яму сэрца. І гэтая цнота ніколі нас, нават у небе, не пакіне.

Ці мы маем гэтую мілую і прыгожую цноту, якая чыніць, што паступаем шляхетна і любім Бога не толькі са страху перад пеклам альбо надзеі на неба, але перадусім таму, што Ён бясконцы ў сваіх дасканаласцях?

Мы павінны горача захацець мець такую цноту і прасіць, каб яна нам заўсёды спадарожнічала. Яна нам так патрэбна нават у зямным жыцці, каб мы задумаліся, ці яе маем і якія сродкі трэба выкарыстаць, каб яе мець.

Калі Бога не любім, то тады вельмі нешчаслівыя. Чалавек таму і створаны, каб любіць Бога. Бо толькі ў самім Богу знойдзе шчасце. Хаця б і валодалі ўсім светам, але калі Бога не любім, то будзем незадаволеныя.

Гэта можна лепей зразумець, калі паглядзець на некаторых людзей, якія жывуць без Божай любові. Калі прыгледзецца да некаторых асобаў, якія не прымаюць Святыя Сакрамэнты і не моляцца, то ўбачым у некаторых з іх, якое сумнае жыццё, як людзі праклінаюць сябе, накладваюць рукі на сябе альбо паміраюць сумныя.

Сквапны ніколі не будзе задаволены — і незалежна, мае ён шмат альбо мала, п’яніцу не ашчаслівіць шклянка гарэлкі, хаця ў ёй шукае пацехі. Пышны ніколі не будзе мець спакою, бо баіцца, што будзе пагарджаны, помслівы нават уначы не можа заснуць, бо пастаянна думае аб тым, як помсціць свайму ворагу. І яшчэ прыгледзьцеся да чалавека нячыстага, які ўсё сваё шчасце бачыць толькі ў раскошах цела - траціць добрае імя, траціць маёмасць, здароўе, траціць і душу, а ніколі не зазнае спакою.

Марыя Бонанатэ ў кнізе «Евангелле паводле жанчыны» апісвае, якім чынам Дон Чэцці, святар з Турына, які вядзе душпастырства сярод праблемнай моладзі вуліцы, звярнуў яе ўвагу на любоў. Ён падарыў на сярэбраны юбілей сужэнству дзверы. І сказаў, што яны дапамогуць ім, каб дзверы іх дома былі адчынены, каб прыняць таго, хто завітае да іх. І дадаў, што ў сям’і, у якой на свет прыходзяць дзеці, яны вучацца весці барацьбу, якая іх чакае. Дзелячыся з імі жыццём, праз службу, згоду, справядлівасць. І пастаяннае «тэлефанаванне» да Пана Бога.

І ў такую прыгожую урачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса трэба нам нанова паверыць, што Бог з’яўляецца нашым міласэрным Айцом і што любоў Бога праявілася ў Езусе Хрысце, асабліва ў Яго Сэрцы. Ён сказаў: «Прыйдзіце да Мяне ўсе, якія абцяжараныя і змучаныя, і Я супакою вас. Вазьміце Маё ярмо і вучыцеся ад Мяне. Бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце супакой для вашых душаў» (пар. Мц 11,28-29).

Прыхінаймася да Езуса ў нашых цяжкасцях, да Яго Божага Сэрца, якое любіць нас, і тады, напэўна, навучымся быць ціхімі і пакорнымі сэрцам. І такім чынам мы будзем адказваць на любоў Бога, якою Ён нас ахінае. Таму няхай пасля сённяшняга спаткання наша сэрца загарыцца большай любоўю да блізкіх асоб, да людзей, з якімі сустракаемся, а найперш да Пана Бога.

Адноўлена 07.06.2013 08:57
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі