Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас удзялення сакрамэнту канфірмацыі ў Ганцавічах

8 чэрвеня 2013 г, успамін Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі

Мы сабраліся ў святыні ў вашым горадзе, які ў гэтым цэнтры вобласці вы пабудавалі каля 20 гадоў таму, калі настала такая магчымасць узнавіць яе пасля працяглага пераследу веры, якую зазнаў народ на гэтай зямлі. Да гэтага часу пасля закрыцця святыні ў вашай парафіі цэлыя пакаленні не шкадавалі часу, сродкаў і намаганняў, у пошуках веры наведваючы святыні, якія засталіся ў мясцовасцях не такіх блізкіх — як Мядзведзічы (20 км), Баранавічы (70 км), Нясвіж (60 км), Лагішын (60 км). Вашы продкі перадалі вам веру, любоў да Бога і да бліжняга, да Хрыста і Касцёла, які Ён заснаваў і супольнасцю якога мы з’яўляемся праз прыняцце сакрамэнту хросту і асабліва ўмацоўваем лучнасць з Ім праз сакрамэнт канфірмацыі. Сёння праз маю паслугу група вернікаў, адпаведна падрыхтаваная пробашчам парафіі, прыме сакрамэнт Духа Святога і стане рыцарамі Хрыста ў Касцёле, прымаючы абавязак з большай адвагай, ахвярнасцю ўдзельнічаць у жыцці Касцёла і адказваць за яго развіццё і місію ў сучасным свеце.

Кім з’яўляецца для нас Касцёл, адказнасць за які прымаеце вы, дарагія кандыдаты да канфірмацыі? Мы адвеку вучымся любіць не толькі Хрыста, Яго Маці Марыю, але і Касцёл. Вось словы Яна Паўла ІІ, у час Пантыфікату якога быў збудаваны і ваш парафіяльны касцёл. Ён навучаў падчас адведвання Горкі кляшторнай: гэта месца, дзе народ збіраецца стагоддзямі, каб даць сведчанне веры і прыхільнасці да супольнасці Хрыстовага Касцёла, і прыходзіў сюды, каб папрасіць Марыю аб дапамозе ў барацьбе, каб быць вернымі Богу, Крыжу, Евангеллю, Святому Касцёлу і яго пастырам. Ля падножжа Марыі верна трывалі пры Касцёле, калі быў пераследаваны, калі змушаны быў цярпець і маўчаць. Заўсёды казалі «так» Касцёлу, і такая хрысціянская пастава была вялікім актам любові да яго. Касцёл — гэта наша духоўная маці. Яму ўдзячныя за тое, што называемся дзецьмі Божымі і сапраўды імі з’яўляемся (1Ян 3, 1).

Ля падножжа Марыі вучымся Касцёлу, які Хрыстус даверыў Апосталам і ўсім нам. Таямніца Марыі непарыўна звязана з таямніцай Касцёла ад хвіліны Беззаганнага Зачацця, Адведзін, Бэтлеема, Назарэта ажно да Кальварыі. Марыя з Апосталамі была на малітве ў Вячэрніку, чакаючы пасля Унебаўшэсця Сына спаўнення абяцання. Марыя з Апосталамі трывала на малітве ў Вячэрніку, які публічна абвясціў нараджэнне Касцёла, а пазней пільна вартаваў развіццё першай хрысціянскай супольнасці (4.06.97 Чэнстахова). Ёсць тыя, хто гаворыць: Бог – так, Хрыстус – так, але Касцёл – не. Ані Хрыста ад Касцёла, ані Касцёла ад Хрыста нельга аддзяліць, таму што Касцёл – гэта жывы Хрыстус, які дзейнічае ў моцы Духа Святога. Вера ў Хрыста мае на ўвазе таксама веру ў адзін, святы і апостальскі Касцёл. Як вінаградная галінка не можа існаваць па-за вінаградным кустом, так паасобны член Касцёла не можа жыць па-за Касцёлам, жывы арганізм якога св. Павел называе целам Хрыста (пар. 1 Кар 12, 27). Адварочваючыся ад Касцёла, адварочваешся ад Хрыста, а ў выніку адварочваешся ад збаўлення, якое табе ахвяроўваецца.

Касцёл – рэчаіснасць боска-чалавечая. Ён з’яўляецца Касцёлам святых і грэшнікаў. На ўзор Хрыста вядзе людзей да дабра, да праўды, да вечнага жыцця, да святасці. Навучае і прабачае моцай самога Хрыста. Адначасова ён – Касцёл людзей слабых і грэшнікаў, які нясе на сабе плямы чалавечых абмежаванасцяў і слабасцяў. Гледзячы на Касцёл, мы бачым рэальнасць адначасова звышпрыродную і недасканалую, чалавечую. Хрыстус прыйшоў збавіць не справядлівых, але грэшнікаў, прыйшоў як лекар Божы не да тых, якія здаровыя, але якія адчуваюць сябе дрэнна (пар. Мц 9, 12).

Кардынал Ратцынгер навучаў: для мяне менавіта не святая святасць Касцёла дае суцяшэнне, бо ці не павінны былі б мы пасці духам перад святасцю, якая ўвогуле не ведала, што такое грэх і недасканаласць. Хто з нас зможа сказаць, што не патрабуе, каб яго падтрымалі і дапамаглі падняцца (Служыць праўдзе, с.260).

Любоў да Хрыста – гэта любоў да Касцёла, да ўсёй праўды аб Касцёле, любоў да Маці. Як любім маму, старэнькую, згорбленую, хворую, пакрытую маршчынамі, але тую, якая мае адзінае і непаўторнае сэрца маці. А сталая любоў не можа быць сляпою. Яна дасканалая тады, калі любіць іншага чалавека такім, якім ён ёсць, якім хочам яго бачыць.

Дарагія, вы сёння атрымаеце дары Духа Святога, якія дапамогуць вам узорна выканаць задачы, якія будзеце мець у Касцёле. Кожны з вас сёння – рыцар Хрыста. Якія гэта дары і што яны вам даюць?

  1. Дар мудрасці чыніць, што чалавек сузірае Бога і разважае над Божымі справамі (пар. Эф 1, 17). Гэта ў пэўным значэнне кантэмпляцыя крыніцы, першага пачатку, якім з’яўляецца Бог. Сузіранне Бога як першай Прычыны не застаецца без уплыву на ўчынкі. Плён, наступства такога сузірання – гэта пошук рады ў Яго, якім чынам у сучасных умовах жыць.
  2. Дар розуму ачышчае розум чалавека, каб лепей мог зразумець Божае пасланне, з большай раскошай і замілаваннем мог прыняць яго. Гэты дар з’яўляецца інтэлектуальным святлом ласкі, дзякуючы якому чалавек пранікае ў вечны закон і ім кіруецца ў жыцці (пар. Мц 11, 25, Эф 1, 18).
  3. Дар рады чыніць, што чалавекам кіруе Бог, Дух Святы схіляе і натхняе чалавека да таго, што мае чыніць у канкрэтных жыццёвых сітуацыях згодна з Божым намерам (пар. Пс 16, 7-9).
  4. Дар мужнасці ёсць асаблівым дарам, у якім Дух Святы прыходзіць з дапамогай тады, калі чалавек слабы, умацоўваючы яго волю і чынячы, што той становіцца вытрыманым у добрых справах, нязменным у здабыванні цнотаў і пастаянным у пастанове быць святым (пар. Рым 8.26.35-37, Эф.6, 16).
  5. Дар умеласці святы Тамаш акрэсліў як “дар, асаблівасцю якога ёсць трапнасць ацэнкі адносна стварэнняў”. Хто не мае правільнай ацэнкі стварэнняў, думае, што ў іх заключаецца вечнае шчасце, прымаючы іх за адзіную сапраўдную мэту, і такім чынам трапляе ў грэх і губляе сапраўдныя каштоўнасці.
  6. Дар пабожнасці ўзбуджае ў чалавеку глыбокую пашану і праслаўленне Бога. Вядзе да дзеянняў у накірунку павелічэння Яго хвалы, да нястомнага ахвяравання сябе Яму (пар. Рым 12, Цім 2, 121П 2, 5).
  7. Дар боязі Божай. Гэта такі стан, які Дух Святы дае душы, каб падтрымаць у яе належную пашану да велічы Пана і таксама залежнасць і падданасць Божай волі, вызваляючы яе ад усяго, што Богу падабацца не можа. Гэта не страх перад Богам, але пастава (стан) любові, які праяўляецца ў непрыняцці ўсяго таго, што магло б садзейнічаць абразе Бога альбо адыходу ад Яго. Боязь Божая з’яўляецца мерай мудрасці і пабожнасці.


Марыя пры Спасланні Духа Святога прысутнічала ў Вячэрніку. Сёння вы, дарагія кандыдаты, атрымоўваеце гэтыя дары ва ўспамін Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі. Яна вартаўнік нашай веры. Вартаўнік – гэта той, хто на варце, хто бароніць перад злом, хто сцеражэ давераныя каштоўнасці. Марыя ад пачатку – узор і вартаўнік веры вучняў яе Сына. Яна бароніць нас перад ворагам. Дапамагае нам захаваць і развіваць той скарб, імя якому вера.

Яна нас не падвяла. Дапамагла захаваць скарб веры вашым продкам і вам. Яна не дазволіла, каб была атэістычнай ваша мясцовасць. Да яе звяртаемся, каб і ў нашыя часы дапамагла нам захаваць скарб веры. А Папа нагадвае нам, што вера – гэта дар і заданне. Што гэта ласка, але і плён нашага высілку, і важна не толькі тое, у што мы верым, але і каму мы верым. Праўды веры павінны быць прыняты ўсе. Інтэгральна, а не выбраныя праўды, якія нам падабаюцца. У веры вельмі важным з’яўляецца наша асабістая сувязь з Хрыстом, якая выражаецца ў глыбокай рэфлексіі і асабістай малітве. Вера засноўваецца на захаванні Божых запаведзяў, гэта значыць на аказванні Богу паслухмянасці. І Марыя для нас узор практыкавання і перажывання веры.

Просім, каб з гэтага месца мы выйшлі адноўленымі, каб маглі сведчыць аб веры ў штодзённым жыцці, пацвярджаючы словы св. Пятра: “Ты Хрыстус, Сын Бога жывога” (Мц 16, 16). Каб у веры мы былі падобнымі да Апосталаў, як навучаў св. Павел: у любові узаемнай будзьце добразычлівымі. У аказванні пашаны адзін аднаго апярэджвайце. Не апускайцеся ў руплівасці. Майце палымяны дух. Выконвайце служэнне Пана. Весяліцеся надзеяй. У нягодах будзьце цярплівымі, у малітве – трывалыя (пар. Рым 12, 10-12).


Адноўлена 08.06.2013 17:26
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі