Святая Імша ўначы 5-6 ліпеня 2013 г.
Умацуй нашу веру, Марыя
«Адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне?» (Лк 1, 43)
Глыбокапаважаныя браты і сёстры, прыхільнікі Божай Маці Будслаўскай, удзельнікі Юбілейных урачыстасцяў!
1. Гэтыя словы сённяшняга Евангелля мы разам са святой Альжбетай паўтараем сёння падчас Юбілею 400-годдзя прыбыцця цудатворнага абраза Маці Божай у Будслаў. Удзячныя Марыі за яе апеку і атрыманую свабоду веравызнання, мы паўтараем іх у Юбілей 1700-годдзя Міланскага эдыкту, які даў свабоду хрысціянскай рэлігіі і які адзначаецца сёлета. Паўтараем іх у год 1150-годдзя ўвядзення апосталамі славян і апекунамі Еўропы, святымі Кірылам і Мятодам, славянскага пісьменства, якое стала рэвалюцыяй у галіне абвяшчэння Евангелля сярод славянскіх народаў. Паўтараем іх у год 1025-годдзя хрышчэння Русі. Паўтараем іх у Год веры. Паўтараем з глыбокай удзячнасцю Богу за ласку, якой Ён адарыў і працягвае адорваць наш народ. Паўтараем з надзеяй, што праз Марыю Бог учыніць новы цуд перамены нашых сэрцаў, каб яны былі моцныя верай, надзеяй і любоўю.
2. Сёння мы сваімі думкамі пераносімся ў далёкі 1613 г., калі падораны ў 1598 г. Святым Айцом Кліментам VIII мінскаму ваяводзе Яну Пацу абраз Маці Божай быў ахвяраваны касцёлу ў Будславе і перанесены з касцёла святога Станіслава ў Даўгінаве на гэтае святое месца. Менавіта ў памяць аб той ужо далёкай гістарычнай падзеі сёння з Даўгінава копія абраза Маці Божай Будслаўскай на руках была перанесена пілігрымамі ў Будслаў.
Такім чынам, Марыя ў копіі гэтага цудатворнага абраза паўтарыла здзейснены 400 гадоў таму шлях. Яна паўтарыла гэты шлях, каб ізноў прыгадаць нам значэнне сцэны адведзінаў святой Альжбеты, якая чакала нараджэння папярэдніка Езуса Хрыста – святога Яна Хрысціцеля.
3. Альжбета з радасцю вітае ў сваім доме Марыю, якая на гэтае прывітанне адказвае словамі свайго славутага гімну “Magnificat” – “Велічае душа мая Пана, бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны”.
Падобна Альжбеце і мы павінны прывітаць Марыю яе словамі: “Адкуль гэта нам, што Маці нашага Пана прыйшла да нас, прыйшла на нашу зямлю?” Яна ў цудатворным абразе прыйшла ў Будслаў чатыры стагоддзі таму, яна была з намі ў цяжкія гады ганенняў на Касцёл, яна і сёння ёсць з намі, каб мы маглі выказаць ёй нашы радасці і смуткі.
Разам з Марыяй мы павінны сёння спяваць наш беларускі гімн “Magnificat”, бо сапраўды вялікія рэчы ўчыніў і чыніць нам Бог. І мы найперш павінны Яму дзякаваць за гэта. Задумаемся толькі: хто яшчэ 25 гадоў таму мог падумаць, што Касцёл у нашай краіне будзе дзейнічаць свабодна, што мы атрымаем свабоду веравызнання, што на такім высокім узроўні будзе арганізаваны і з удзелам папскага легата Яго Эмінэнцыі кардынала Жана-Луі Тарана, які ўзначаліць галоўную святую Імшу, будуць святкавацца юбілейныя будслаўскія ўрачыстасці? Гэтага не было нават у нашых марах. Бог, аднак, паказаў, што Ён умее пісаць проста на пакручастых лініях гісторыі і што Ён ставіць апошнюю кропку над “і”.
4. Спяваючы наш “Magnificat”, мы найперш павінны дзякаваць Богу і Маці Божай.
Ёсць некалькі версій фільма “Вайна і мір”. У адной з іх ёсць сцэна, калі фельдмаршал Кутузаў разам са сваімі афіцэрамі разважае над планам бітвы з французамі. У гэты час у пакой уваходзіць кур’ер і перадае яму канверт з данясеннем з фронту. Кутузаў яго адкрывае, чытае, потым ідзе да іконы Маці Божай, моліцца і тады ўрачыстым голасам кажа: “Мае афіцэры, няма патрэбы апрацоўваць план бітвы, мы перамаглі!”
Задумаемся толькі над тым, што адбылося тады. Стаўка была вельмі высокая – перамога або паражэнне. З данясення з фронту Кутузаў ведаў, што яны перамаглі, аднак, перш чым абвясціць аб гэтым, ён пайшоў да іконы Маці Божай, каб памаліцца і падзякаваць за перамогу. Гэта прыклад кожнаму з нас. Мы найчасцей просім Бога, каб нас выслухаў і дапамог. Але ці памятаем аб тым, што трэба і дзякаваць? А мы, сапраўды, маем за што дзякаваць і праслаўляць Бога.
5. Адведзіны Марыяй святой Альжбеты – гэта не толькі спатканне дзвюх благаслаўлёных жанчын. Гэта таксама спатканне ненароджаных яшчэ Езуса і святога Яна Хрысціцеля. Евангелле распавядае, што калі Альжбета пачула прывітанне Марыі, то ў яе ўлонні ўзварухнулася дзіцятка, а яна сама напоўнілася Духам Святым. Гэта знак таго, што папярэднік Езуса святы Ян Хрысціцель быў выбаўлены ад першароднага граху. У выніку спаткання Марыі і Альжбеты пачала дзейнічаць Божая ласка. Такім чынам, візіт Марыі ў святой Альжбеты – гэта візіт Езуса ў святога Яна Хрысціцеля. Тут Марыя выступае ў ролі пасрэдніцы Божай ласкі і апостала веры.
Адведзіны Марыі працягваюцца. 400 гадоў таму Марыя наведала нас, каб застацца з намі назаўсёды. На працягу апошніх дзевяці месяцаў копія цудоўнага абраза Маці Божай Будслаўскай наведала ўсе беларускія дыяцэзіі. Гэтая перэгрынацыя стала агульнабеларускімі рэкалекцыямі ў праграме падрыхтоўкі да Юбілею, які сёння адзначаем. Марыя ёсць з намі, каб весці нас да спаткання з Богам. У выніку гэтага спаткання, таксама як і тады, падчас адведзінаў Марыяй святой Альжбеты, дзейнічае Божая ласка. Марыя нясе нам, як калісьці Альжбеце, Хрыста, у якім мы маем збаўленне.
Колькі людзей сёння сабралася тут? Дзясяткі тысяч. Для чаго яны прыйшлі сюды? Каб спаткацца з Марыяй і праз яе спаткацца з яе Сынам, нашым Збаўцам Езусам Хрыстом. Колькі соцень і дзясяткаў кіламетраў прайшлі пілігрымы, мужна зносячы цяжкасці свайго шляху, каб прыйсці сюды са сваімі інтэнцыямі! Колькі споведзяў, падчас якіх Божая ласка ачышчае душу чалавека! Колькі асабістай і супольнай малітвы, якая яднае з Богам і з іншымі! Колькі сустрэч сяброў, знаёмых і незнаёмых людзей! І ўсё гэта пад яе апекай!
6. Марыя прымае ўсіх. Яна адорвае ўсіх і кожнага паасобку сваёй радасцю, якая найперш выплывае са спаткання з яе Сынам, дзякуючы чаму мы атрымліваем дар веры, без якой няма збаўлення.
Сучасны свет перажывае глыбокі крызіс веры. У многіх традыцыйна хрысціянскіх народаў вера аслабла, многія ад яе нават адмовіліся і жывуць так, як быццам Бога зусім няма. У выніку ўсё часцей праяўляецца крызіс маральнасці, уседазволенасць, агрэсіўны секулярызм і нават пераслед хрысціянства. Фальшывыя сучасныя прарокі глушаць дух веры, пераконваюць, што шчасце можна дасягнуць без Бога, топчуць святасць. Сучасны рацыяналізм вядзе да абсалютызацыі чалавека, які такім чынам становіцца аракулам зменлівай праўды і свабоднага трактавання Божага закону. Вялікай небяспекай з’яўляецца рэлігійная абыякавасць хрысціян, што вядзе да развіцця неаязычніцтва. Імкненне да абсалютнай свабоды без адказнасці і захавання Божага чыніць людзей свабоднымі да такой ступені, што ніхто не клапоціцца аб іншым чалавеку. Свет адмаўляецца ад традыцыйнай, Богам створанай мадэлі сям’і і разбурае сямейныя каштоўнасці. Абясцэньваецца Божы дар жыцця і ім нават маніпулюецца праз нязгоднае з маральнымі нормамі выкарыстоўванне дасягненняў навукі, асабліва ў галіне генетыкі. Пануе дух матэрыялізму і спажывецтва. Праяўляецца сацыяльная несправядлівасць, карупцыя, тэрарызм. Існуюць праблемы з захаваннем правоў чалавека і г.д. Усё гэта пасягае на годнасць чалавечай асобы як Божага стварэння і вядзе да духоўнага зняволення, якое з’яўляецца самым вялікім няшчасцем. Народ гіне, калі дэмаралізуецца яго дух, і наадварот, расце, калі яго дух ачышчаецца.
У сувязі з гэтым Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падкрэслівае, што сучасны свет знаходзіцца як быццам у духоўнай пустыні. Папа Францішак у сваёй першай энцыкліцы “Lumen fidei” – “Святло веры”, апублікаванай 5 ліпеня 2013 г., падкрэслівае, што сучасны свет не жадае прыняць святла веры, бо лічыць, што можа абыйсціся без яе, і такім чынам для яго святло веры – гэта толькі ілюзорнае святло. Б’юць трывогу і іншыя веравызнанні. Мы ізноў наступаем на тыя ж самыя граблі, бо дарога без Бога вядзе ў сляпы завулак. Таму галоўным заданнем Касцёла ёсць нанова разбудзіць веру, паказаць яе прыгажосць, аднавіць і ўмацаваць, каб сучасны чалавек на яе прынцыпах будаваў сваё жыццё. Гэта можна ўчыніць толькі праз асабістае спатканне чалавека з Езусам Хрыстом. А да Хрыста вядзе нас Марыя. Нездарма лацінская прыказка кажа: „Ad Jesum per Mariam” – “да Езуса праз Марыю”.
7. У цяжкія часы ганенняў на Касцёл мы імкнуліся сюды, у славуты Будслаў, імкнуліся да Марыі, верачы, што яна выпрасіць у свайго Сына ласку свабоды веравызнання, якая ёсць падмуркам кожнай іншай свабоды. І так сталася. Сёння мы знаходзімся тут, каб дзякаваць Богу за гэты дар свабоды і прасіць Яго ласкі і сілы мудра і адказна яе выкарыстаць, перадусім для адраджэння і ўмацавання нашай веры, а таксама для будавання новага чалавека і грамадства на яе прынцыпах. Атрыманы дар свабоды веравызнання – гэта таксама і заданне.
Сёння, у час адыходу ад веры, мы ізноў спяшаемся да цябе, Марыя, верачы, што ты, як наша духоўная Маці, нас не пакінеш адных падчас новых выпрабаванняў, калі ўзважваюцца лёс хрысціянства і нашы лёсы.
8. У стараннях адказаць на выклікі часу дапамагае нам таксама і святая Тэрэза ад Дзіцятка Езус і Найсвяцейшага Аблічча, рэліквіі якой наведваюць Беларусь і сёння знаходзяцца сярод нас. Менавіта гэтая юная святая, якую называюць таксама Малой Тэрэзай, служэннем іншым і малітвай, асабліва ў інтэнцыі місій, а таксама любоўю да Касцёла, сваімі духоўнымі разважаннямі і тэалагічнымі думкамі, запісанымі ў аўтабіяграфічнай кнізе “Гісторыя адной душы”, сталася Вялікай у Божым Валадарстве. Галоўным элементам яе разважанняў стаў так званы “Малы шлях да святасці”. Так яна называла дарогу да святасці, у якой імкнулася праз простыя, нават дзіцячыя, акты любові да Бога ісці шляхам дасканаласці. Яе імкненне быць у сэрцы Касцёла – гэта таксама заклік для нас, людзей ужо трэцяга тысячагоддзя, быць з Касцёлам, жыць у адпаведнасці з яго навучаннем і даверыцца Марыі.
Аднойчы, калі святая Тэрэза, будучы вельмі хворай, усклікнула: “Марыя, Марыя!”, то нечакана ўбачыла, што фігурка Маці Божай, якая знаходзілася ў яе пакоі, усміхнулася, і яна адчула сябе здаровай.
Разважаючы над постаццю святой Тэрэзы і сузіраючы яе прыклад дзіцячага даверу Богу, можна сказаць, што сучасны свет памірае з-за таго, што яму не хапае дзяцінства. Менавіта супраць яго паўбогі секулярызму нацэлілі свае пушкі.
9. Марыя, наша Маці і Валадарка, мы моцна верым, што ты вядзеш нас да Езуса, як вяла людзей на працягу ўсёй гісторыі хрысціянства, як вяла святую Тэрэзу і іншых святых. Ты вядзеш нас да свайго Сына, які заўсёды дапамагае. Усё, аднак, залежыць ад нас саміх. Залежыць ад таго, прымем мы гэтую дапамогу ці ад яе адвернемся; будзем вырашаць нашы справы з Божай дапамогай і давяраючы Яму ці толькі разлічваючы на свае сілы без аднясення да Бога. Гэта асабліва важна ў наш час, калі ў турбулентнасцях сучасных секулярных тэндэнцый чалавек згубіўся, знаходзіцца на скрыжаванні дарог і не ведае, па якой з іх ісці, або трапіў ва ўзбуранае мора, калі здаецца, што хвалі затопяць човен, у якім ён знаходзіцца.
Аднойчы вайсковы патрульны карабель выйшаў у мора. Была ноч, і надвор’е псавалася з кожнай хвілінай. Праз пэўны час дзяжурны матрос паведаміў капітана, што на іх курсе знаходзіцца святло. Капітан адразу зразумеў, што гэта карабель, які плыве насустрач. Такая сітуацыя пагражала іх сутыкненнем і цяжкай катастрофай з чалавечымі ахвярамі. Капітан адразу даў каманду гэтаму караблю павярнуць направа. Аднак адтуль прыйшоў сігнал: “Не я, але ты павінен павярнуць”. Капітан быў вельмі незадаволены і перадаў: “Я капітан вайсковага карабля і загадваю павярнуць направа”. У адказ было атрымана наступнае паведамленне: “Ты карабель, а я марскі ліхтар, таму калі не хочаш разбіцца, то павярні направа”. Капітан зразумеў, што наперадзе быў не карабель, але берагавыя скалы, аб якія яго карабель мог разбіцца.
10. У сучасным моры бязвер’я і вельмі небяспечных выклікаў часу мы таксама часта імкнёмся да духоўнага зняволення, а хвалі ўзбуранага акіяну секулярызму нясуць на скалы, аб якія можам разбіцца. У такіх абставінах нам трэба шукаць духоўнага ліхтару, якім з’яўляецца Марыя. Нездарма Марыю называюць Зоркай мора. Святы Айцец Францішак адразу пасля свайго абрання Папам наведаў базыліку Маці Божай Вялікай (Santa Maria Maggiore) у Рыме, дзе перад цудатворным абразом Маці Божай “Salus Popoli Romani” – “Збаўленне рымскага народу” — заверыў Марыі сваё служэнне Пятра нашага часу. Сёння і мы завяраем сваё жыццё і лёс нашай краіны Марыі – Маці Божай Будслаўскай і з даверам звяртаемся да яе: Марыя, будзь збаўленнем нашага народу. Перад намі стаіць вельмі адказнае заданне – не адмовіцца ад веры нашых бацькоў, якія за яе аддавалі сваё жыццё; захаваць веру і перадаць маладому пакаленню, як будучыні Касцёла, свету і нашай Бацькаўшчыны. У гэтым змаганні мы не адны, дапамогай нам з'яўляецца Марыя – Маці нашай веры. У сцэне адведзінаў Альжбеты Марыя прадстае перад намі як апостал веры, бо Яна прынесла ёй Езуса. Таму сёння, у гэтую ўрачыстую хвіліну будслаўскага юбілею, звяртаемся да Цябе, Марыя – зорка новай евангелізацыі і шлях да Езуса: выпрасі нам у свайго Сына ласку быць не толькі мужнымі вызнаўцамі веры і яе абаронцамі, але таксама яе апосталамі ў сучасным секулярызаваным свеце, каб мы заўсёды памяталі аб нашай хрысціянскай годнасці і адказнасці за веру ў гэты гістарычны час яе выпрабаванняў. Дапамажы нам стаць светачамі веры, як заклікае папа Францішак у энцыкліцы “Lumen fidei” – “Святло веры”, каб ёй асвяціць сучасны свет, які без яе знаходзіцца ў духоўнай цемры. Бо калі гэтага не зробім мы, то хто іншы? Калі не сёння, то калі? І няхай нам у гэтым дапаможа Будслаўская Мадонна. Амэн.
|